Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам — Днём ратавальніка, перадае БелТА.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам — Днём ратавальніка. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Сёння мы аддаём даніну павагі людзям, якія ўступаюць у барацьбу са стыхіямі і любымі надзвычайнымі сітуацыямі, праяўляючы самаахвярнасць і рашучасць. Ваша смеласць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу заслужылі самую глыбокую павагу і прызнанне ў грамадстве, — гаворыцца ў віншаванні. — Штодзённа рызыкуючы сабой, захоўваючы жыццё і здароўе людзей, а таксама маёмасць, беларускія ратавальнікі з’яўляюцца сапраўдным прыкладам служэння Айчыне. У экстрэмальных умовах вы дзейнічаеце прафесійна і ўпэўнена, праяўляючы адвагу і гонар».
Словы шчырай падзякі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў ветэранам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, дзякуючы якім закладзены фундамент цяперашніх поспехаў ведамства. «Асаблівая ўдзячнасць за навучанне насельніцтва правілам паводзін і бяспекі, выхаванне новых пакаленняў ратавальнікаў і патрыётаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён падзякаваў усім за стойкасць, цярпенне, адданасць справе і жаданне дапамагаць кожнаму, хто апынуўся ў бядзе. «Няхай вашы намаганні будуць ацэнены па заслугах, а штодзённая карпатлівая праца прыносіць новыя поспехі і магчымасці для развіцця. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, міру і дабра вам і вашым блізкім», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.