Top.Mail.Ru

Лукашэнка павіншаваў з Днём Перамогі лідараў і народы замежных краін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў замежных лідараў з Днём Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае БелТА.



Віншавальныя пасланні накіраваны Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву, Прэзідэнту Арменіі Ваагну Хачатурану, Прэзідэнту Грузіі Міхаілу Кавелашвілі, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву і першаму Прэзідэнту гэтай краіны Нурсултану Назарбаеву, Прэзідэнту Кыргызстана Садыру Жапараву, Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону, Прэзідэнту Туркменістана Сердару Бердымухамедаву і Нацыянальнаму лідару туркменскага народа, Старшыні Халк Маслахаты Гурбангулы Бердымухамедаву, Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву, прэм’ер-міністру Славакіі Роберту Фіца, а таксама народам Малдовы і Украіны.

Звяртаючыся да лідараў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свяшчэнная дата 9 мая навечна ўпісана ў лёсы савецкіх народаў і праз дзесяцігоддзі веліч подзвігу герояў Айчыны не гасне.

«Памяць аб тых, хто цаной неверагодных намаганняў і ўласнага жыцця падарыў нам свабоду, з’яўляецца маральным компасам і перасцярогай ад паўтарэння трагедый мінулага», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі выказаў перакананне, што дружба народаў, якая вытрымала суровыя выпрабаванні ваеннай пары, і сёння застаецца непахіснай асновай для ўмацавання добрасуседскіх адносін і пашырэння ўсебаковага супрацоўніцтва.

У пасланні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: «У год 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны мы асабліва востра ўсведамляем сапраўдную цану Перамогі і веліч подзвігу салдат і працаўнікоў тылу. Іх нязломныя стойкасць і самаадданасць назаўсёды вызначылі лёс нашых братэрскіх народаў і ўсяго чалавецтва, падаравалі будучым пакаленням права на свабоду і стваральную працу. Памяць аб тых суровых гадах з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай і гістарычнай спадчыны Беларусі і Расіі, служыць трывалай асновай узаемнага даверу і сапраўднага саюзніцтва. Менавіта таму лічу, што Саюзная дзяржава прызначана быць у авангардзе працэсаў, нацэленых на пераадоленне цяперашняга глабальнага крызісу бяспекі на планеце».

Віншуючы народ Украіны з Днём Вялікай Перамогі, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Беларусы і ўкраінцы стаялі побач у страшных выпрабаваннях, разам перажывалі боль страт і радасць доўгачаканай вясны 1945 года. Сёння вельмі важна перадаць нашчадкам праўду аб сумеснай барацьбе з нацызмам, якая стала праяўленнем бязмежнай сілы і адзінства. У Беларусі памятаюць украінскіх герояў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля вызвалення беларускай зямлі. Любыя спробы перапісаць гісторыю і пасеяць недавер паміж нашымі народамі асуджаны на правал».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў украінскім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны здароўя і даўгалецця, а жыхарам Украіны — хутчэйшага ўстанаўлення міру і згоды.

У віншаванні Прэзідэнту і народу Грузіі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі свята шануюць памяць аб ураджэнцах Грузіі, якія плячо ў плячо з сынамі Сінявокай змагаліся супраць нацызму і ўнеслі значны ўклад у вызваленне беларускай зямлі. «Упэўнены, што запаветы і каштоўнасці нашых бацькоў і дзядоў, якія ахвяравалі жыццём дзеля свабоды наступных пакаленняў, будуць і далей надзейнай асновай беларуска-грузінскай дружбы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У віншаванні народу Малдовы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свята Дзень Перамогі ўвасабляе ў сабе агульную памяць і бязмерную ўдзячнасць пакаленню пераможцаў, якія выстаялі цаной незлічоных ахвяр у самай крывавай за ўсю гісторыю чалавецтва вайне, здабылі нам права на жыццё і незалежнасць. «У гэтым годзе мы адзначаем 82-годдзе з дня вызвалення Беларусі і Малдовы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Перакананы, традыцыі братэрскай дружбы і ўзаемадапамогі, загартаваныя ў тое суровае ліхалецце, не дазволяць забыць пра бессмяротны подзвіг герояў і дапусціць фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў віншаванне прэм’ер-міністру Славакіі Роберту Фіца і жыхарам гэтай краіны, адзначыўшы вялікі самаадданы подзвіг байцоў Чырвонай арміі і славацкіх паўстанцаў, якія змагаліся за вызваленне Еўропы ад фашызму. «Павага да гэтых падзей — прыклад грамадзянскай мужнасці і непахіснай прыхільнасці гістарычнай праўдзе. Памяць, якая навечна захавана ўдзячнымі нашчадкамі ў манументах Славіна і Банска-Бістрыцы, Брэсцкай крэпасці і Хатыні, аб’ядноўвае нашы народы ў спрадвечным імкненні да міру і ўзаемаразумення, — гаворыцца ў віншаванні. — Агульная Вялікая Перамога — каштоўны здабытак, які нагадвае сённяшняму пакаленню пра цану свабоды і чалавечай годнасці, пра тое, што сапраўдная бяспека можа быць толькі тады, калі яна ўлічвае інтарэсы кожнай краіны».

Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў з Днём Перамогі прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, кіраўнікоў міжнародных і рэгіянальных арганізацый.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю