Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне з выбраннем новаму Папе Рымскаму Льву XIV. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Сардэчна віншую Вас з выбраннем на пасаду Прадстаяцеля Рымска-каталіцкай царквы і Кіраўніка Святога Прастола. Бескарыслівае і стараннае служэнне Богу і людзям, адданасць высокім духоўным ідэалам вывелі Вас на якасна новы этап Вашай місіі — вельмі адказны і звязаны з надзеямі мільёнаў усіх вернікаў, — гаворыцца ў віншаванні. — Мне прыемна адзначыць, што апошнім часам адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам характарызуюцца станоўчай дынамікай, а наша бачанне шляхоў вырашэння надзённых праблем сучаснага свету супадае».
«Перакананы, што хуткі прыезд пасла Беларусі ў Ватыкан і адкрыццё пасольства пры Святым Прастоле нададуць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву ў духу даверу і ўзаемаразумення», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Буду вельмі рады бачыць Вас на нашай гасціннай зямлі, дзе хрысціянства здаўна з’яўляецца важным элементам грамадскага жыцця і культуры беларусаў. Жадаю Вам, Ваша Святасць, моцнага здароўя, сіл, натхнення ў Вашым пастырскім служэнні, а таксама мужнасці і поспехаў ва ўмацаванні міру і развіцці міжрэлігійнага дыялогу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.