«Мы на першым месцы ў гэтым вялізным Еўразійскім рэгіёне па паездках расіян»
Беларускі лідар цёпла вітаў кіраўніка Рэспублікі Алтай у Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Алтай — далёкі, але вельмі цікавы край. «Добра ведаю геаграфічна, гістарычна ваш край. Ні разу, праўда, не быў, хоць Прэзідэнт Расіі мяне некалькі разоў запрашаў. Кажа: „Давай з’ездзім, пакажу табе прыгажосць“. У Расіі прыгажосцяў такіх велізарная колькасць. Паўднёвая частка Сібіры — вельмі цікавы край. І турыстычны напрамак вельмі цікавіць нашых людзей, — канстатаваў беларускі лідар. — Узаемна мы маглі б і турыстам, якія бываюць на Алтаі, аказваць тут турыстычныя паслугі».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што расіяне ўсё часцей выбіраюць беларускі напрамак для турыстычных паездак. «Мы на першым месцы ў гэтым вялізным Еўразійскім рэгіёне па паездках расіян. Мы вельмі рады гэтаму. Рады не толькі эканамічна, што там грошы (расіяне ж бедныя не прыязджаюць, яны — багатыя). Мы рады, што расіяне ўбачылі нарэшце, што перашкод у Беларусі ніякіх няма. Мова адна, бар’ераў ніякіх няма, прыязджаюць сюды як дадому. А беларусы, натуральна, сустракаюць расіян з вялікай павагай. Не важна, якой расіянін нацыянальнасці. Расіянін — гэта свой чалавек. Гэта наша палітыка, у гэтым вы можаце быць упэўнены», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такой прынцыповай пазіцыі Беларусь прытрымліваецца нават у гэтыя складаныя часы, калі ідзе спецыяльная ваенная аперацыя. «Тут размовы розныя вакол... Але я сказаў адназначна, што мы не здраднікі. Мы ніколі сваім братам не здрадзім. І як бы ні было складана і цяжка, мы заўсёды будзем побач, — заявіў беларускі лідар. — Калі нешта зможам зрабіць, мы зробім. У тым ліку і для вашага, здавалася б, геаграфічна далёкага краю. Калі вы нешта цікавае ў Беларусі знойдзеце, вы скажыце».
«Калі нешта можам зрабіць, мы заўсёды гатовыя гэта зрабіць»
Кіраўнік дзяржавы запэўніў Андрэя Турчака ў гатоўнасці беларускага боку развіваць супрацоўніцтва па тых кірунках, якія будуць цікавыя Рэспубліцы Алтай. Прэзідэнт заявіў, што беларускі бок заўсёды будзе гатовы дапамагчы ў сельскай гаспадарцы і ў машынабудаўнічай сферы.
Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што Андрэй Турчак, які раней на працягу шэрагу гадоў узначальваў суседнюю з Беларуссю Пскоўскую вобласць, добра ведае магчымасці нашай краіны, непасрэдна ўдзельнічаў у развіцці супрацоўніцтва з беларускімі рэгіёнамі.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што днямі на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым якраз гаварыў аб неабходнасці адрадзіць савецкі вопыт, калі за Беларуссю была замацавана свая зона адказнасці па забеспячэнні шэрагу расійскіх рэгіёнаў і гарадоў.
«Ленінград, Калінінградская вобласць, Маскоўскі рэгіён у савецкія часы, не кажучы пра Бранскую, Смаленскую і Пскоўскую вобласці, — гэта была наша зона адказнасці. Мы гатовыя да гэтага вярнуцца і больш сур’ёзна ўзяць на сябе груз супрацоўніцтва, — заўважыў Прэзідэнт. — Натуральна, Масква — велізарны мегаполіс. Тут бы нам не надарвацца, я баюся ўжо гаварыць. Але ў нас нядрэнныя адносіны з Масквой у тым ліку. А гэтыя рэгіёны (суседнія з Беларуссю. — „Зв.“) — гэта нашы рэгіёны. Я яшчэ раз гавару, вы памятаеце па сваёй былой губернатарскай службе ў Пскоўскай вобласці, што мы заўсёды адкрытыя былі. Больш за тое, я гавару: суседзяў не выбіраюць».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды супрацоўнічала з суседнімі рэгіёнамі. Бакі дапамагалі адзін аднаму тэхнікай, палівам у перыяд уборачнай: «Добрыя адносіны. Таму вопыт у вас ёсць. Калі нешта можам зрабіць, мы заўсёды гатовыя гэта зрабіць». Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Андрэю Турчаку за прыезд у Беларусь. «Для нас гэта вельмі важна. Вы — чалавек вельмі вядомы, палітычна ў тым ліку. Для мяне вельмі прыемна з вамі сустрэцца», — канстатаваў ён.
Андрэй Турчак нагадаў, што ў чэрвені 2015 года, калі ён прыязджаў у Беларусь будучы на пасадзе губернатара Пскоўскай вобласці, яны ўжо сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. «Вы прыязджайце ў любой якасці. Мы вас добра ведаем. Вы Беларусь таксама добра ведаеце. Вы заўсёды для нас госць жаданы», — адказаў беларускі лідар.
«Пазнаёміліся з цэлым шэрагам вашых прадпрыемстваў, якія маюць адны з найлепшых у свеце кампетэнцыі»
У сваю чаргу кіраўнік Рэспублікі Алтай Андрэй Турчак падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы. «Для мяне вялікі гонар сёння мець такую асабістую сустрэчу. Не ў фармаце, калі мы ў круглай зале сустракаемся, а практычна сам-насам, каб абмеркаваць перспектывы нашага ўзаемадзеяння», — звярнуў увагу ён.
Андрэй Турчак, дарэчы, ураджэнец Санкт-Пецярбурга. «Як ленінградзец памятаю, калі ў 2009 годзе заступаў на пасаду губернатара памежнай Пскоўскай вобласці, бацька мне нагадаў такую прыказку: „Пскавічы ды віцебскія — усе людзі піцерскія“. Вось такая ў савецкі час была... Вядома, мы асуджаны (у добрым разуменні гэтага слова) на ўзаемадзеянне, — заявіў кіраўнік Рэспублікі Алтай. — Я памятаю, як вы дапамагалі мне, яшчэ тады маладому губернатару. І Косінец Аляксандр Мікалаевіч тады працаваў яшчэ ў якасці губернатара Віцебскай вобласці. Шмат было сумесных праектаў. Нягледзячы на тысячы кіламетраў, якія нас цяпер падзяляюць, насамрэч гэта ўсё вельмі блізка — на адлегласці выцягнутай рукі».

Кіраўнік Рэспублікі Алтай расказаў, што 28 кастрычніка дэлегацыя правяла ў Беларусі вельмі насычаны дзень: «Пазнаёміліся з цэлым шэрагам вашых прадпрыемстваў, якія маюць, я лічу, адны з найлепшых у свеце кампетэнцыі. Гэта і „Белмедпрэпараты“, і „Амкадор“, вядомы сваёй тэхнікай, і кампанія па вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў (уключаючы грамадзянскі кірунак і вытворчасць узбраення і ваеннай тэхнікі). Для мяне гэта было вельмі карысна».
Лічбы і факты
У студзені—жніўні 2026 года тавараабарот Беларусі і Рэспублікі Алтай дасягнуў 0,8 мільёна долараў (50 % да ўзроўню студзеня—жніўня 2025 года), экспарт — 0,7 мільёна долараў (46 %), імпарт — 0,1 мільёна долараў (83,8 %). Сальда дадатнае — 0,6 мільёна долараў.
Аснову нашага экспарту склалі ялавічына свежая або астуджаная, тара з паперы і кардону, каніфоль, смаляныя кіслоты, іх вытворныя, металаканструкцыі алюмініевыя, апаратура рэнтгенаўская, інструменты музычныя клавішныя, зборныя будаўнічыя канструкцыі, цэнтрыфугі, абсталяванне і прылады для фільтравання вадкасцяў або газаў, перадатачныя механізмы машын, абсталявання і транспартных сродкаў, правады ізаляваныя, кабелі.
Імпартаваліся макаронныя вырабы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
«Кампетэнцыі, якія напрацаваныя гадамі ў Беларусі, могуць быць нам вельмі карыснымі»
У размове з журналістамі кіраўнік Рэспублікі Алтай Андрэй Турчак расказаў, што бакі дамовіліся прапрацаваць магчымасць арганізацыі прамых авіязносін паміж Мінскам і Горна-Алтайскам. У Рэспубліцы Алтай збіраюцца падабраць зямельны ўчастак на тэрыторыі курортнай зоны пад будаўніцтва там беларускага санаторыя.
Андрэй Турчак адзначыў, што Рэспубліку Алтай і Беларусь раздзяляюць некалькі тысяч кіламетраў: «У сучасных умовах гэта адлегласць выцягнутай рукі. І першая, самая галоўная дамоўленасць — гэта тое, што абодва бакі прапрацуюць магчымасць прамых авіязносін паміж Мінскам і Горна-Алтайскам. Аэрапорт Горна-Алтайска актыўна развіваецца. У мінулы год мы прынялі больш за 500 тысяч пасажыраў. Сёлета, я думаю, мы пераадолеем планку ў 550 тысяч, а да 2030 года мы павінны даць 1,3 мільёна пасажыраў».

Летась аэрапорт Горна-Алтайска атрымаў статус міжнароднага, цяпер ідзе дынамічнае будаўніцтва новага тэрмінала, і ў канцы наступнага года ён будзе здадзены. «Плюс — даўжэе ўзлётна-пасадачная паласа на 500 метраў, што дазволіць прымаць барты самай высокай грузападымальнасці. Таму з Аляксандрам Рыгоравічам дамовіліся, што гэта першы крок, які мы зробім для таго, каб гэтыя тысячы кіламетраў ператварыліся ў пяць гадзін максімум, — паведаміў ён. — І для развіцця нашых гандлёва-эканамічных сувязяў, і для развіцця турыстычных абменаў. Цікавасць у тым, каб 1100 беларусаў (якія наведалі Рэспубліку Алтай. — „Зв.“) за 2025 год ператварыліся хаця б у 15 тысяч па выніках наступнага 2027-га. І каб зваротны турыстычны паток з Рэспублікі Алтай быў сюды».
Кіраўнік Рэспублікі Алтай падкрэсліў, што ў Беларусі добра развіта санаторна-курортная галіна: «Мы дамовіліся аб тым, што наш бок падбярэ адпаведныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва санаторыя на тэрыторыі нашай горнай рэспублікі з улікам нашых і вашых кампетэнцый. Наша кампетэнцыя заключаецца ў развіцці галіны маралагадоўлі, перапрацоўцы пантавай прадукцыі і вытворчасці БАДаў і канцэнтратаў для аздараўлення і даўгалецця, што цяпер з’яўляецца вельмі папулярным». Андрэй Турчак удакладніў, што памер зямельнага ўчастка складае 8 гектараў. Асабліва каштоўная зямля, якая знаходзіцца ў курортнай зоне — у Чэмальскім раёне.
Ён дадаў, што 70 % насельніцтва Рэспублікі Алтай пражывае ў сельскай мясцовасці. «І тыя кампетэнцыі, якія ў сферы АПК напрацаваныя гадамі ў Беларусі, могуць быць нам вельмі карыснымі. У нас існуе пляцоўка аграпарка „АМЗА“, на якой мы прапанавалі беларускаму боку рэалізаваць праект па стварэнні аграагрэгатара», — расказаў кіраўнік Рэспублікі Алтай.
Андрэй Турчак акцэнтаваў увагу на тым, што пагалоўе маралаў на тэрыторыі Рэспублікі Алтай з’яўляецца самым буйным у Расіі і сёння дасягае 52 тысячы галоў. Нядаўна Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узгадніў перадачу ва ўласнасць рэспубліцы 15 тысяч гектараў асабліва каштоўных сельгасзямель, з якіх 3 тысячы — гэта маральнік (гадавальнік для ўтрымання маралаў) Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта. «На базе гэтага маральніка (3 тысячы гектараў) мы плануем разам з беларускім бокам якраз і развіваць кірунак перапрацоўкі пантаў», — заявіў ён.
Кіраўнік расійскага рэгіёна таксама звярнуў увагу, што на тэрыторыі Рэспублікі Алтай растуць тысячы відаў траў, каля двухсот з іх сустракаюцца толькі на Алтаі. «Гэта яшчэ адзін з кірункаў нашага супрацоўніцтва для вытворчасці БАДаў, харчовых дабавак і лекаў, — адзначыў Андрэй Турчак. — Учора ў нас была змястоўная сустрэча з холдынгам „Белмедпрэпараты“, з якім мы дамовіліся гэты кірунак развіваць. Аляксандр Рыгоравіч сёння на сустрэчы гэту сумесную ініцыятыву падтрымаў».
Рэзюмуючы сказанае, расійскі госць адзначыў, што тавараабарот Беларусі і Рэспублікі Алтай знаходзіцца на невысокім узроўні, аднак выказаў упэўненасць: «Грошы прыйдуць. Важна, што абодва бакі гатовыя дзяліцца сваімі кампетэнцыямі. Мы для гэтага і прыехалі, каб з’явіліся канкрэтныя лічбы. І пасля сённяшняй сустрэчы з Прэзідэнтам мы ўпэўненыя, што гэтыя лічбы не прымусяць сябе доўга чакаць».