Top.Mail.Ru

«Дрэнна працаваць тут немагчыма»

У святочны дзень — рабочыя пытанні


«Свята правядзём тут», — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам і вышэйшым службовым асобам, якія сустракалі яго ў Жыткавічах у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта ў гэтым горадзе Гомельскай вобласці кіраўнік дзяржавы працаваў у святочны дзень. Як патлумачыў беларускі лідар, іншага часу не будзе, а тэм для размовы сабралася нямала. 

У цэнтры ўвагі — прамысловасць. Аляксандр Лукашэнка наведаў ЗАТ «Сатурн-1», дзе развіваюць вытворчасць вузлоў, агрэгатаў і іншых камплектуючых для чыгуначнага рухомага саставу. Прадпрыемства было заснавана ў 1991 годзе. Тут таксама вырабляюць прадукцыю для гарнаруднай, нафтаздабыўной і будаўнічай галін. Выконваецца поўны цыкл апрацоўкі і вырабу складаных металавырабаў і металаканструкцый. Таксама кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода. На прадпрыемстве рэалізоўваецца інвестпраект па выпуску шасцерневых помпаў, дэталяў і вузлоў да дызельных рухавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Адно з найважнейшых месцаў у дзейнасці прадпрыемства займае авіяцыйная тэматыка. З прадпрыемствам, якое сёння ўваходзіць у склад холдынга «Мінскі маторны завод», супрацоўнічаюць каля 10 авіяцыйных вытворчасцяў і кампаній Беларусі і Расіі, набываючы камплектуючыя і запчасткі. 


«Дурніцы не будзе. Грошы кропкава будзем укладваць»

Але Прэзідэнт глядзіць шырэй, і размова ў Жыткавічах у некаторых пытаннях стала працягам размовы аб развіцці ўсяго Гомельскага рэгіёна, якую пачалі напярэдадні ў Мазыры. Аляксандр Лукашэнка не стаў заслухоўваць даклады, а наўпрост спытаў у старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко: што дрэнна ў рэгіёне, у чым яшчэ трэба дадаць. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў вобласці ёсць зрухі, але моцна кідаецца ў вочы, што не ўсюды разараныя палі. Асабліва гэта важна для Палесся. «Вільготны час, калі ідзе пасяўная... Дзесьці каля канала не ўлезлі, кінулі, не адсеялі гэты кавалак зямлі. І атрымліваецца, да канала не падысці тады, калі вам хочацца, і паступова зарастае хмызняком. І гэтыя палі меліярацыйныя зарастаюць хмызняком», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў савецкі час трацілі шмат сродкаў, каб меліяраваць Палессе. Гэта выклікала і нямала крытыкі, казалі пра тое, што меліярацыяй спахабілі прыроду. «Нічога мы на Палессі не спахабілі. Мы не ператварылі Палессе, зарослае лесам і балотамі, у асушаны край. А ў гэтых краях палескіх, дзе толькі можна, атрымалі палі для сельскагаспадарчай вытворчасці. І стварылі там калгасы, саўгасы. Сёння на гэтай базе акуратна іх мадэрнізавалі і ствараем сучасную сельскую гаспадарку», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Цяпер на гэтых палях прымяняюцца новыя тэхналогіі ў раслінаводстве, для жывёлагадоўлі ствараюцца сучасныя комплексы. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў развіцці Палесся ўжо многае прайшлі, але наперадзе шмат работы. Таму з’явілася новая праграма асваення Палесся. «Асаблівасць такая, што дурніцы не будзе. Грошы кропкава будзем укладваць. Перш за ўсё, у зямлю. Дарогі, масты, урадлівасць глеб — гэта наша праца. Астатняе павінны рабіць на месцах. — заявіў Прэзідэнт. — У нас ёсць усё для таго, каб тыя меліяраваныя палі, у якія калісьці мільярды рублёў савецкіх ўклалі, прывесці ў добры стан».



Жыткавічы — крайні раён. Але не край

Для дасягненняў гэтых мэтаў, у тым ліку, прынятая і праграма па меліярацыі, на рэалізацыю якой гэтак жа ўкладваецца нямала сродкаў. Прэзідэнт заклікаў дзейнічаць разумна. «Тыя палі, якія сёння для раслінаводства прыстасаваныя, трэба прывесці ў парадак. Асабліва тут. Не забывай, што Жыткавічы — твой крайні раён, але не край», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы кіраўніку вобласці. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не можа назваць Жыткавічы закінутым месцам. Галоўнае, зрабіў акцэнт ён, каб гэта не было зроблена для паказухі. Сам горад беларускі лідар назваў добрым, перспектыўным. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер на Палессі будуюцца аграгарадкі, да іх будуюцца дарогі, ствараецца неабходная інфраструктура — тэрыторыя развіваецца і будзе развівацца далей. Тут хочуць жыць людзі, таму, звярнуў увагу беларускі лідар, трэба стварыць умовы, каб тут пакінуць людзей — даць ім працу і годны заробак. 

«Самае страшнае — калі людзі ёсць, а працы няма. Вось гэта страшна. А калі працы шмат, а людзей нібыта не хапае, — гэта жыць можна. Заплаці добра чалавеку, ён зробіць 3-4 нормы, якія мы сёння маем, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба рабіць нестандартныя крокі для таго, каб забяспечыць харчаваннем і адзеннем людзей. Без гэтага краіны быць не можа» 

«Я на вас у Жыткавічах, у Петрыкаве вельмі спадзяюся. Тут такія зямныя людзі, разумеюць, што рабіць, вочы гараць. Але ў Жыткавічах дрэнна працаваць немагчыма», — заўважыў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ад гэтага краю трэба ўзяць усё. 

«Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у нармальны стан»

Звяртаючыся да губернатара Івана Крупко, Прэзідэнт заўважыў, што ў Гомельскай вобласці ўжо бачныя поспехі, але наперадзе яшчэ шмат работы. 

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт, што для кіраўніка вобласці не павінна быць «сваіх» або «чужых» прадпрыемстваў. Нават прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці — гэта адказнасць старшыні аблвыканкама. Прэзідэнт даручыў Івану Крупко дэталёва разабрацца ў сітуацыі на БМЗ, «Гомсельмашы», у шкляной прамысловасці рэгіёна. Што тычыцца шкляной кампаніі, то кіраўнік дзяржавы даў асобнае даручэнне памочніку Прэзідэнта — інспектару па Гомельскай вобласці Руслану Пархамовічу разабрацца ў тым, што адбываецца.

«Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у нармальны стан. Гэта два флангі Беларусі: Віцебская — на поўначы, Гомельская — на поўдні. Іх трэба прывесці ў парадак», — паставіў задачу беларускі лідар. І нагадаў, што трэба паскарацца.



«Усё трэба выкарыстоўваць, каб захаваць тэхніку»

Прэзідэнт зрабіў акцэнт і на адказнае стаўленне да сельскагаспадарчай тэхнікі. Актуальна гэта не толькі для Гомельскай вобласці, а і для ўсёй краіны. Ён заўважыў, што сёння назіраецца прасяданне паставак айчыннай тэхнікі на расійскі рынак, але ёсць магчымасць паставіць больш тэхнікі на рынак унутраны. Толькі з умовай, што ў сельгаспрадпрыемствах ёсць людзі, якія будуць на гэтай тэхніцы працаваць і яе абслугоўваць. У некаторых выпадках для выканання гэтай умовы можна прыцягваць спецыялістаў з прамысловасці. Не вельмі папулярны, але неабходны крок. 

«Крый Божа, калі пасля зімы выявім тэхніку за плотам, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Патрэбны парадак. Усё трэба выкарыстоўваць, каб захаваць тэхніку». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сельскагаспадарчая тэхніка павінна быць у поўным парадку, як і, напрыклад, ваенная тэхніка, каб у любы момант магла выконваць свае задачы. «І трэба закруціць патэнцыял старшыняў райвыканкамаў. Без іх нічога не зробім. І гэта можна зрабіць, не хапае толькі дысцыпліны», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Прэзідэнт пазначыў яшчэ шэраг задач для вытворцаў сельгастэхнікі. Адна з іх — якасць: «Калі вы сёння не можаце прадаць тэхніку ў такой колькасці — папрацуйце над якасцю. Зрабіце менш, каб гэта быў камбайн, каб ён (кіраўнік гаспадаркі — Зв.) узяў яго і ніколі не меў да яго прэтэнзій». 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта элементарныя рэчы, але выпускаць іх нельга. «Стратэгія добра, але сёння патрэбна тактыка, каб мы маглі прадаць прадукцыю», — заявіў Прэзідэнт, кажучы аб задачы па нарошчванні экспарту, і нагадаў, што нельга забываць аб рынках далёкай дугі. 

«Настаў час канкрэтных спраў», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Дадзім грошы толькі на тое, каб заўтра зарабіць новыя грошы»

Што датычыцца непасрэдна дзейнасці ЗАТ «Сатурн-1» у Жыткавічах, то перш за ўсё Прэзідэнт пацікавіўся, чаму знізіліся аб’ёмы вытворчасці. Дырэктар завода Міхаіл Саскевіч адказаў, што на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Ён растлумачыў, што іх прадукцыя актыўна прадавалася для патрэб чыгунак Расіі і Беларусі. Але патрэбы рынку змяніліся, паўстаў попыт на камплектуючыя і дэталі для цыстэрнаў, і завод асвоіў новы для сябе від прадукцыі. Па гэтай прычыне аб’ёмы вытворчасці знізіліся, але з’явіліся перспектывы. Міхаіл Саскевіч канкрэтызаваў, што цяпер заключаюцца дагаворы на пастаўкі ў 2026 годзе і нават ідзе пашырэнне геаграфіі — за кошт Казахстана. «Гэта значыць перспектыва попыту на тваю прадукцыю праглядаецца?» — удакладніў Прэзідэнт і атрымаў станоўчы адказ. Ён заўважыў, што чыгуначныя перавозкі і ўсё, што з імі звязана, адназначна будуць развівацца. «Наш рынак велізарны — Расія, Казахстан. Гэты рынак заўсёды будзе запатрабаваны. Такая велізарная прастора без чыгунак быць не можа», — сказаў ён.

Асобна беларускі лідар арыентуе на цеснае ўзаемадзеянне паміж айчыннымі прадпрыемствамі галіны. Асабліва гэта тычыцца Беларускай чыгункі. «Такія прадпрыемствы нам патрэбныя цяпер -маленькае, невялікае прадпрыемства, яно хутка перабудоўваецца і гэтак далей», — заўважыў Прэзідэнт.

Падобным прадпрыемствам кіраўнік дзяржавы абяцаў падтрымку і садзейнічанне з боку дзяржавы. «Ты чалавек дасведчаны, бачыш перспектыву — рабі. Трэба нешта — будзем дапамагаць. Калі гэта выгадна для краіны, то мы дапаможам. Я скажу так: грошай лішніх няма. Гэта факт. Але ў нас няма нармальных перспектыўных праектаў пад тыя грошы, якія мы можам выдаткаваць. Таму карыстайся гэтым момантам. Ніхто грошы проста так нікому не дасць. Дадзім грошы толькі пад тое, каб заўтра зарабіць новыя грошы, — сказаў Прэзідэнт. — Дурніцу пара заканчваць. Не трэба „Бацька дапаможа, Бацька выцягне!“. Выцягне. Але вось так „на дурніцу“ мы нічога рабіць не будзем», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Маторны завод будзем развіваць. Патрэбна перспектыва»

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прыехаў на Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод, каб паглядзець, што тут зроблена, бо патрэбна перспектыва. Кіраўніку дзяржавы прадставілі лінейку прадукцыі, у якой выкарыстоўваюцца камплектуючыя, што вырабляюцца на заводзе ў Жыткавічах. Гэта рухавікі, дызель-генератары, кампрэсарнае абсталяванне. У лінейцы прадукцыі і помпавыя ўстаноўкі, якія могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, для арганізацыі паліву ў сельскай гаспадарцы. «Гэта вялікая будучыня. Столькі вады сыходзіць у Чорнае мора. А ў нас з’яўляюцца сёння засушлівыя раёны. Нам гэта вельмі трэба», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту паказалі розныя дэталі, патрэбныя для маторабудавання. Сярод іх і матацыклетны рухавік у разборы, які выкарыстоўваецца на Мотавелазаводзе ў Мінску. Цяпер вядзецца праца над тым, каб усе алюмініевыя дэталі цалкам адліваць у Беларусі, і ў цэлым вырабляць уласны рухавік. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся, што трэба зрабіць свой, каб «сэрца матацыкла было беларускае». Але папярэдзіў — працаваць ён павінен нармальна. «Калі будзе перспектыва, будзем дапамагаць у гэтых праектах. Асабліва па тэхналагічным абсталяванні», — сказаў беларускі лідар. І нагадаў — сачыць за якасцю прадукцыі. 

Дарэчы, на заводзе працуюць не толькі новыя, сучасныя станкі, але іх папярэднікі — станкі старэйшага пакалення. Іх прывялі ў парадак, і яны таксама запатрабаваныя, асабліва сярод ветэранаў вытворчасці. Прэзідэнт такі падыход ацаніў і пахваліў.

«Маторны завод будзем развіваць. Гэта не справа -машынабудаўнічая краіна, мы вырабляем усе машыны — ад легкавой да БЕЛАЗа, а начынне, рухавікі, часам шукаем па ўсім свеце. Трэба сваё вырабляць. Чапляцца за тых, у каго тэхналогіі ёсць, і развіваць сваё», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што акрамя прамысловасці, трэба навесці парадак і ў сельскай гаспадарцы, што актуальна для шэрагу заводаў Гомельскай вобласці. «Трэба падцягнуць вытворчасць. Тым больш у сельскай гаспадарцы. Усё ў нас ёсць у сельскай гаспадарцы. І прадукцыя патрэбна будзе. Гэта не тое, што ў яго з гэтым жалезам — усе вырабляюць гэтыя рухавікі, паспрабуй канкурыраваць... А людзей карміць у свеце трэба будзе. І гатовыя сёння плаціць, аддаваць апошняе, але каб людзі былі накормленыя. Таму гэта нельга страціць», — сказаў Прэзідэнт. 

Нармальнае свята. Не трэба забываць тое, што было

У рабочай камандзіроўцы не забылі і пра свята. Прэзідэнт заўважыў, што гэта добрае свята, ад якога не варта адмаўляцца. «Ёсць у нас працэнтаў 30 людзей, якія з павагай ставяцца да гэтага свята. Мы рэвалюцый не хочам больш, але ёсць людзі, якія да гэтага свята добра ставяцца. Ну і хай будзе ў іх гэтае свята. Мы памятаем, было такое свята. Не трэба забываць тое, што было. Не трэба раніць людзей, якія сёння на пенсіі і сыходзяць з гэтага жыцця. Няхай яны ведаюць, што мы годныя прадаўжальнікі іх спраў. Нармальнае гэта свята, мы яго асучаснілі», — сказаў ён. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, няма нічога дрэннага, каб да гэтага свята рабіць краіне важныя падарункі, напрыклад, адкрыць абноўлены мост у Мазыры. 

«Таму са святам! Здароўя, шчасця. Астатняе купім», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Жыткавічы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю