Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях дзяржаўных праграм узбраення і дзяржаўнага абароннага заказу

«Без аснашчэння войскаў сучасным узбраеннем вырашаць задачы абароны немагчыма»


Тэму мерапрыемства, якое адбылося ў Палацы Незалежнасці, абазначыў Аляксандр Лукашэнка: «Абараназдольнасць нашай дзяржавы і перш за ўсё развіццё ваенна-прамысловага комплексу на будучую пяцігодку». На парадку дня — узровень аснашчанасці арміі па выніках Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021 — 2025 гады, задачы на бягучую пяцігодку. 

«Зброю трэба набываць, ствараць тую, якая нам будзе патрэбна»

Прэзідэнт нагадаў, што ў пачатку гэтага года Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю па яго даручэнні правяраў гатоўнасць і здольнасць войскаў рэагаваць на любыя агрэсіўныя дзеянні супраць Беларусі. «Калі проста гаварыць (я ўжо гэта падкрэсліваў), мяне цікавіла, як будуць дзейнічаць нашы Узброеныя Сілы, найперш наша армія, у выпадку агрэсіі супраць Беларусі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна — што будзем рабіць?»

Для абмеркавання на нарадзе, па словах беларускага лідара, вынесена не менш важная тэма: узровень тэхнічнай аснашчанасці нашай арміі па выніках выканання Дзяржаўнай праграмы ўзбраення мінулай пяцігодкі (2021 — 2025 гады), а таксама задачы ў гэтай галіне на будучую.

«Без аснашчэння войскаў сучасным узбраеннем вырашаць задачы абароны немагчыма, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але пры гэтым хачу заўважыць: мы не павінны кідацца на ўсе віды ўзбраення, якія мы бачым у сучасных канфліктах або вы дзесьці ў часопісе прачыталі, або вам хтосьці сказаў. Па-першае, мы павінны мець тую зброю, якой мы зможам сёння скарыстацца, з якой мы ўмеем абыходзіцца, нашы перш за ўсё афіцэры. Па-другое, трэба ўлічваць тэатр ваенных дзеянняў, будучых дзеянняў — тэрыторыю Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што наша краіна — гэта не пустыня і нават не ўкраінскія стэпы. «Таму зброю трэба набываць, ствараць тую, якая нам будзе патрэбна, — акцэнтаваў увагу ён. — Але пры гэтым яшчэ раз паўтару: без фундаментальнай зброі, якой павінен валодаць салдат, мы ніякую вайну не выйграем».

Аб гэтым, па словах Прэзідэнта, сведчаць апошнія канфлікты. «Дапусцім, апошні канфлікт, узброенае сутыкненне Ізраіля і Ірана і Злучаных Штатаў Амерыкі што паказала? — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Ну, бамбілі, закідвалі бомбамі і ракетамі. І што, перамаглі? Не. Без наземнай аперацыі нікуды. А ў наземнай аперацыі — гэта салдат навучаны, афіцэры і тая зброя, якая патрэбна для вядзення бою на зямлі». 


«Меры, якія мы прымаем, дазваляюць падтрымліваць узбраенне, ваенную тэхніку ў боегатовым стане»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што асноўны акцэнт у папярэдняй праграме быў зроблены на ўмацаванні баяздольнасці Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. 

«У воінскія часці пастаўлены і эксплуатуюцца новыя самалёты, верталёты, сродкі супрацьпаветранай абароны, — канкрэтызаваў ён. — Акрамя таго, для павышэння мабільнасці механізаваныя падраздзяленні атрымалі сучасныя браніраваныя машыны, у тым ліку беларускай вытворчасці. Палепшана экіпіроўка ваеннаслужачых, у тым ліку за кошт выкарыстання сучаснай індывідуальнай бронеабароны і оптыкі. Таксама ўсё мы можам вырабіць у Беларусі».

Істотная ўвага, як канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, удзелена пастаўкам новых сродкаў сувязі. «Як паказвае вопыт, гэта таксама найважнейшы кампанент, які сёння вызначае многае, а часам усё, у сучасным баі, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — У бліжэйшы час на ўзровень сродкаў сувязі мы паглядзім. Дарэчы, усё, аб чым я гавару, вырабляецца ў Беларусі. Усё».

Прэзідэнт лічыць важным, што выкананне праграмы дазволіла за пяць гадоў павысіць удзельную вагу сучасных узораў ва Узброеных Сілах амаль да паловы — 45 %. Доля ўзораў, якія штогод абнаўляюцца, па яго словах, павялічвалася да 2 %.

«Можна канстатаваць, што меры, якія мы прымаем, дазваляюць падтрымліваць узбраенне, ваенную тэхніку ў боегатовым стане», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Па словах Прэзідэнта, урадам падрыхтаваны праекты чарговай Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2026 — 2030 гады і дзяржаўнага абароннага заказу на гэты перыяд. 

«Мы павінны сёння, абмеркаваўшы праект праграмы, прыняць рашэнне, — адзначыў Прэзідэнт. — Калі мы прымаем рашэнне, я падпішу гэту праграму».

Аднак найперш кіраўнік дзяржавы хацеў пачуць, як вайскоўцы, у інтарэсах якіх усё робіцца, ацэньваюць гэтыя дакументы ў плане ўмацавання абараназдольнасці нашай дзяржавы. «Як у гэтых дакументах адлюстраваны пытанні аснашчэння войскаў сучаснымі сродкамі з улікам існуючых і новых ваенных пагроз, а таксама вынікаў праведзенай праверкі?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. 

Акрамя таго, Прэзідэнт удакладніў, ці ўлічаны ў праграме прапановы іншых сілавых ведамстваў, а таксама распрацоўцы якога ўзбраення аддадзены перавагі для павышэння баявога патэнцыялу войскаў.

«Пры гэтым усе павінны разумець, што эфектыўнасць сродкаў, якія выдзяляюцца, павінна быць максімальнай», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Даслоўна

«У першачарговым парадку распрацоўваем, вырабляем тое, што на самой справе будзе неабходна» 

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый ПАНТУС, нарада ў кіраўніка дзяржавы была прысвечана разгляду Дзяржаўнай праграмы ўзбраення да канца 2030 года і дзяржаўнага абароннага заказу на 2026 год. «Па ўсіх гэтых кірунках адбылася вельмі плённая, сур’ёзная дыскусія, — паведаміў ён. — Абмеркаваны пытанні, выказаны меркаванні, указана, на што звярнуць увагу ў будучыні. На сённяшні момант нашы Узброеныя Сілы зацікаўлены ў атрыманні самага сучаснага ўзбраення. І мы, вядома, над гэтым працуем».

Асобным пытаннем падчас нарады была разгледжана чацвёртая праграма «Ракетабудаванне Рэспублікі Беларусь». Па словах старшыні ДВПК, у рамках новай праграмы запланаваны вельмі значныя мерапрыемствы, якія датычацца як сур’ёзных комплексаў (айчыннай і замежнай вытворчасці), якія ўжо стаяць на ўзбраенні, так і стварэння новых тыпаў ракет, боепрыпасаў і новых комплексаў, у тым ліку зенітна-ракетнага комплексу блізкага дзеяння айчыннай вытворчасці. Гэтыя мерапрыемствы, як дадаў Дзмітрый Пантус, будуць рэалізоўвацца ў найбліжэйшы час.


Ён адзначыў, што па выніках работы да 2030 года плануецца вельмі істотна павялічыць працэнт айчынных відаў узбраення у рамках як дзяржабаронзаказу, так і Дзяржаўнай праграмы ўзбраення. «Будзем працаваць над скарачэннем тэрмінаў вытворчасці гэтых вырабаў у інтарэсах не толькі Узброеных Сіл, але і іншых воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь», — канкрэтызаваў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Дзмітрый Пантус падкрэсліў, што, нягледзячы на санкцыйны ціск і іншыя моманты, Беларусь — адна з найбольш мабільных краін у пытанні набыцця і стварэння сучаснага ўзбраення. «Кіраўнік дзяржавы асабліва звяртае ўвагу на ўдумлівы падыход у гэтым выпадку, — удакладніў ён. — Не трэба гнацца за ўльтрабеспілотнікамі, бо гэта бесперапынная барацьба сродкаў РЭБ і беспілотнікаў. Мы ў першачарговым парадку распрацоўваем, вырабляем тое, што на самой справе будзе неабходна. Заўсёды трэба знаходзіць залатую сярэдзіну, каб не набываць супердарагія віды ўзбраення. Неабходна больш думаць аб насычэнні, а яшчэ больш — аб навучанні персаналу рабоце ў тым ліку і на сучасных відах узбраення, у цэлым правільна карыстацца тым узбраеннем, якое на сённяшні момант ёсць у нашай краіне».

Па словах кіраўніка ДВПК, Беларусь паспяхова працуе і на рынку ўзбраенняў. «Апошнія гады паказваюць, што ёсць вельмі добры попыт на прадукцыю айчыннай вытворчасці, — канстатаваў ён. — Апошні год — гэта каля 60 краін свету, дзе мы ў тым ліку спрабуем ствараць вытворчасці айчыннай прадукцыі на тэрыторыі таго ці іншага рэгіёна». У той жа час, па яго словах, Беларусь закупляе самыя сучасныя віды ўзбраення. 

«Якой бы ні была моцнай зброя, але толькі падрыхтаваны экіпаж, чалавек зможа эфектыўна яе выкарыстоўваць»

Па словах міністра абароны Віктара ХРЭНІНА, важная задача ў кантэксце стварэння і набыцця новых відаў узбраення — прытрымлівацца прынцыпу разумнай дастатковасці. Па яго словах, ні ў якім разе нельга паставіць эканоміку ў залежнасць ад ваеннага ўзбраення. «Мы сёння бачым: махавік мілітарызацыі ў свеце раскручаны вельмі моцна, — прывёў прыклад кіраўнік абароннага ведамства. — За кошт гэтага, дарэчы, тыя краіны, якія валодаюць меншымі рэсурсамі, могуць несці сур’ёзную шкоду: і эканамічную, і палітычную, і ваенную ў тым ліку».

У Беларусі, дзякуючы жорсткаму патрабаванню Прэзідэнта, па словах міністра, кіруюцца рацыянальным, эканомным падыходам да набыцця і стварэння сучасных відаў узбраення.

«Мы сёння далажылі Прэзідэнту вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021 — 2025 гады, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — І самае важнае, што мы не праселі, а, наадварот, дадалі менавіта па сучасных узорах узбраення і павысілі баявы патэнцыял Узброеных Сіл. Вядома, мы павінны імкнуцца да 100 % (сучасных відаў узбраення. — „Зв.“), але, лічу, што 45 %, як сёння ёсць у нас, — гэта прынцып разумнай дастатковасці». 


Што датычыцца Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на будучую пяцігодку, міністр абароны адзначыў, што гэты дакумент — інструмент рэалізацыі і выканання плана будаўніцтва Узброеных Сіл. «Віды ўзбраення, адпаведныя фінансы, магчымасці дзяржавы, магчымасці нашага ваенна-прамысловага комплексу — гэта зведзена ў адзінае, — патлумачыў ён. — Вызначаны прыярытэты. Мы бачым, што будзем дадаваць (гэта таксама важна), а не таптацца на месцы. І вядома, прыярытэтнасць тых відаў узбраення, якія нам патрэбны. Пра гэта не раз гаварыў наш Галоўнакамандуючы, звяртаючы ўвагу, што мы жывём на нашай зямлі — лясіста-балоцістай мясцовасці, мы павінны ўмець яе абараняць. У аснове — развіццё стралковай зброі, падрыхтоўка нашых ваеннаслужачых, аснашчэнне (экіпіроўка, сродкі прыцэльвання)... Гэта закладзена ў праграме».

Па словах кіраўніка абароннага ведамства, асобная ўвага будзе нададзена барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Сярод іншых прыярытэтаў будучай пяцігодкі — развіццё сродкаў радыёэлетроннай барацьбы, разведкі, сувязі, контрбатарэйнай барацьбы, малой супрацьпаветранай абароны. 

Аднак, як падкрэсліў Віктар Хрэнін, важна не толькі набыць або стварыць зброю, а і ўмець яе правільна эксплуатаваць. «Для гэтага патрэбны падрыхтаваныя прафесіяналы, — удакладніў ён. — Якой бы ні была моцнай зброя, але толькі падрыхтаваны экіпаж, чалавек зможа эфектыўна яе выкарыстоўваць».

Міністр абароны нагадаў, што ў мінулую пяцігодку сур’ёзная ўвага была засяроджана на пастаўцы найсучаснейшых самалётаў (знішчальнікаў Су-30СМ2), іншых сістэм супрацьпаветранай абароны (напрыклад, Тор-М2). Па словах Віктара Хрэніна, ваеннаслужачыя не баяцца эксплуатаваць новую зброю. «Наадварот, вочы пачынаюць гарэць, — заўважыў ён. — Эксплуатуюць, не баяцца, просяць, хочуць. Натуральна, мы ад іх патрабуем беражлівых адносін да гэтай зброі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю