Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў сустрэчу з паслом Узбекістана ў Беларусі

Узбекістан — адзін з ключавых партнёраў нашай краіны ў Цэнтральнай Азіі. Тавараабарот паміж дзяржавамі ў 2025 годзе склаў звыш 850 мільёнаў долараў. 

Падчас сустрэчы з паслом Узбекістана ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да 2030 года плануецца дасягнуць тавараабароту ў 2 мільярды. Наблізіць задуманае дапамогуць новыя праекты беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва, аб якіх у тым ліку ішла размова ў Палацы Незалежнасці.

«Магчымасці ў нас вялікія»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідзе падрыхтоўка да візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь.

«Думаю, да гэтага часу мы актуалізуем усе нашы пытанні, абагульніўшы іх і выпрацаваўшы пэўны план на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Адносіны развіваюцца нядрэнна, асабліва ў плане нядаўняга візіту нашай урадавай дэлегацыі на чале з Прэм’ер-міністрам у вашу краіну».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму вельмі імпануюць дамоўленасці аб тым, што ў найбліжэйшы час, дзесьці да 2030 года, паміж краінамі будзе дасягнуты двухмільярдны тавараабарот.

«Цалкам магчыма, — лічыць Прэзідэнт. — Тым больш што эканомікі нашых краін не канкурэнтныя адна адной. Усё, што мы ўмеем рабіць (ад сельскай гаспадаркі да машынабудавання), — гэта ўсё трэба вельмі густанаселенай узбекскай дзяржаве».

Па словах кіраўніка дзяржавы, ва Узбекістане назіраецца каласальны прырост насельніцтва. Гэтыя пытанні, дадаў ён, неаднойчы абмяркоўваліся паміж лідарамі дзвюх краін.

«Многа ўзбекаў жывуць у нас, хочуць жыць і працаваць, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта нашы людзі. Мы з вялікім задавальненнем, асабліва сямейных людзей, запрашаем да сябе. У нас, на жаль, не такі рост, як у вас, насельніцтва, таму мы заўсёды рады бачыць працавітых, вельмі працавітых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на жорсткі парадак у Беларусі ў пытанні міграцыі. «Напэўна, гэта нават лепш для тых, хто прыязджае, — лічыць Прэзідэнт. — Яны дакладна разумеюць, што мы бяром людзей на канкрэтную работу, мы іх забяспечваем усімі магчымасцямі, паслугамі для іх дзяцей. Яслі, дзіцячы садок, школа, адукацыя вышэйшая — на роўных з беларусамі, расіянамі, украінцамі і іншымі. Калі ласка — прыходзьце, канкурыруйце. Магчымасці ў нас вялікія. З задавальненнем людзі едуць, працуюць. Таму ў гэтых адносінах мы гатовы з нашымі братамі з Узбекістана працаваць».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на гістарычныя сувязі беларускага і ўзбекскага народаў.

«Мы ведаем, што вы ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямала зрабілі для беларусаў, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Многія з нашых людзей знаходзілі прытулак ва Узбекістане, да іх адносіліся па-чалавечы: кармілі, паілі, дапамагалі, апраналі ў што маглі. Таму ў гэтым плане мы крыху ў даўгу перад вамі, хоць гэта было ў рамках адной краіны. Гісторыя добрая. Адносіны ў нас вельмі добрыя. Спадзяюся, што гэтыя адносіны будуць мець свой працяг».

Візіт Шаўката Мірзіёева ў Беларусь, па словах Прэзідэнта, будзе этапным і гістарычным.


«Два мільярды тавараабароту — гэта не праблема»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Узбекістан з’яўляецца ключавым партнёрам для Беларусі. «Мы абазначылі некалькі кірункаў (вельмі важных у інтарэсах Узбекістана) для супрацоўніцтва: гэта і гандлёвы дом, і сельская гаспадарка, — канкрэтызаваў ён. — Мы гатовы вас забяспечыць усімі ўмовамі, нашымі тэхналогіямі. Людзі нашы дапамогуць тут. Калі вы хочаце — калі ласка».

Падобны досвед узаемадзеяння Беларусь мае з Аманам. Калі мы з Аманам дамовіліся так працаваць, то з Узбекістанам, па словах Прэзідэнта, — тым больш.

Беларускі бок, у прыватнасці, зацікаўлены ў пастаўках і перапрацоўцы на беларускіх прадпрыемствах воўны з Узбекістана. Нямала іншых кірункаў, якія могуць зацікавіць узбекскіх партнёраў. «Два мільярды тавараабароту — гэта не праблема», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ва ўзбекскага боку ёсць інтарэс і да нашых спецыялістаў у галіне атамнай энергетыкі. «Мы такія кампетэнцыі асвоілі дзякуючы расіянам, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы з расіянамі працуем ва ўсіх пунктах свету, дзе яны будуюць гэтыя энергаблокі. Калі вас задавальняе (ваша дэлегацыя ў канцы сакавіка, па-мойму, збіралася сюды прыехаць), прыязджайце ў любы час. Са спецыялістамі пагавораць, міністр дасць каманду — мы будзем садзейнічаць будаўніцтву вашай атамнай электрастанцыі. Будзем старацца, каб нашы спецыялісты аказалі вам пасільную дапамогу. Гэта вы самі ўбачыце, у чым мы можам быць вам цікавымі».

«Дзе толькі можам, мы гатовы падставіць сваё плячо»

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь — гэта яшчэ і машынабудаўнічая краіна. Таму і ў гэтай сферы беларускі бок адкрыты для сваіх узбекскіх сяброў.

«Вы — малайцы: вы з усяго свету кампетэнцыі і вопыт да сябе цягнеце, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я быў на былым авіязаводзе, дзе вы стварылі такія пункты навучання, можна сказаць, сваіх людзей і росту, якія хутка дадуць эфект. Мы гатовы ў гэтым плане ўдзельнічаць, нават далей ісці. Ведаеце, мы з вамі вопытныя людзі. Усё добра і на Захадзе, і на Усходзе — усе сябруюць, пакуль могуць прадаць. Мы гатовы з вамі працаваць глыбока і сур’ёзна, удоўгую».


Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўзбекі — нашы людзі. «Мы ўмеем размаўляць на адной мове, і перакладчыкі не патрэбны, — патлумачыў Прэзідэнт. — Таму мы гатовы і тэхналогіі адпаведныя прыўнесці ва Узбекістан, і навучыць вашых людзей. Калі вам па пэўных кірунках патрэбна будзе (сельская гаспадарка, машынабудаванне, атамная энергетыка), дзе толькі можам, мы гатовы падставіць сваё плячо. Нам гэта вельмі выгадна. Гэта не дабрачыннасць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, такая вялікая краіна, як Узбекістан, мае патрэбу ў тым, што сёння вырабляецца ў Беларусі.

«Пры тым я не хачу сказаць, што мы такія вялікія, — удакладніў ён. — Мы ж разам з вамі гэта стваралі. Вы здабывалі бавоўну, сыравіну адпаведную, а мы тут стваралі перапрацоўку для гэтай бавоўны, для воўны. Тут выраблялі і на выгадным рынку, у Еўропе і туды далей, прадавалі, атрымлівалі валюту для агульнай вялікай краіны. Таму вы можаце разлічваць на нас. Мы вельмі хацелі б паглыбляць наша супрацоўніцтва і пашыраць. Ну што такое 2 мільярды для нашай краіны? Амаль нічога. Таму мы гэты шлях гатовы прайсці настолькі хутка, наколькі здольная да гэтага будзе ваша краіна».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА



Даслоўна

«Вельмі вялікая амбіцыя — падняць нашы адносіны на больш высокі ўзровень»

У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула НАЗАРАЎ адзначыў, што ў 2024 годзе, калі адбыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан, былі дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці, абмеркаваны тыя кірункі супрацоўніцтва, якія маюць узаемны інтарэс для абедзвюх дзяржаў.

«Паміж Узбекістанам і Беларуссю няма канкурэнтных кірункаў, нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, — адзначыў дыпламат. — У той перыяд нашы прэзідэнты паставілі задачу — давесці наш тавараабарот да 1 мільярда долараў. І па выніках 2025 года, па нашай статыстыцы, мы практычна наблізіліся да гэтага. Цяпер ідзе размова аб давядзенні тавараабароту да 2 мільярдаў долараў. Гэта цалкам магчыма, бо ў вас шмат прадуктаў, якія запатрабаваны на нашым унутраным рынку, і прадукцыя, якую мы вырабляем, карыстаецца попытам у Беларусі».

Па словах пасла, прапрацоўваецца пытанне адкрыцця гандлёвага дома Узбекістана ў Беларусі, узмацненне ўзаемаадносін у сельскай гаспадарцы, у прыватнасці ў жывёлагадоўлі. Рахматула Назараў удакладніў, што днямі ўзбекскія спецыялісты наведвалі Беларусь, пабывалі ў канкрэтных гаспадарках. «Вельмі вялікая амбіцыя — падняць нашы адносіны на больш высокі ўзровень», — падкрэсліў пасол Узбекістана ў Беларусі.

Па словах дыпламата, наша краіна дасягнула значных поспехаў у атамнай энергетыцы, што ўяўляе цікавасць для Узбекістана. «Той вопыт, які набыў беларускі бок, для нас вельмі каштоўны, — удакладніў ён. — У тым плане, як функцыянуе гарадок атамшчыкаў, як у цэлым гэта станцыя функцыянуе. Гэта вельмі важна для нас. Спадзяюся, што рабочая група ў найбліжэйшы час наведае Беларусь і ўжо на месцы будзе пераймаць вопыт беларускага боку».

Адным з ключавых кірункаў беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва, як звярнуў увагу Рахматула Назараў, з’яўляецца турызм. «У Беларусі вельмі шмат магчымасцяў для таго, каб нашы грамадзяне прыязджалі і атрымлівалі санаторныя паслугі, — канкрэтызаваў ён. — Узбекістан знаходзіцца ў такіх кліматычных умовах, якія ствараюць шмат праблем людзям з захворваннямі дыхальных шляхоў. У гэтай сувязі я прапаноўваю маім калегам, сябрам, каб яны прыязджалі сюды. І неабавязкова ў санаторыі. Яны будуць у лясах, палях, лугах Беларусі знаходзіцца — гэтыя хваробы самі пройдуць».

У сваю чаргу, узбекскі бок зацікаўлены ў росце турыстаў з Беларусі, якія захочуць на свае вочы ўбачыць усходні каларыт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю