«Для Беларусі прыярытэт прыярытэтаў — гэта эканоміка»
«Звычайна падчас такіх візітаў (думаю, вы са мной пагодзіцеся) падводзяць пэўныя вынікі і вызначаюць планы на будучыню — рабочыя планы, — канстатаваў Прэзідэнт. — Магчыма, падпісанне або складанне дарожнай карты нашага развіцця на бліжэйшую і больш аддаленую перспектыву. Думаю, што такія планы вы з нашым міністрам (замежных спраў Беларусі. — „Зв“.) зможаце сёння і заўтра забяспечыць».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адсутнасць праблем у палітыка-дыпламатычных адносінах паміж дзвюма краінамі. «Але, думаю, таксама пагодзіцеся, асновай усяго з’яўляецца эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Іранам, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У гэтым плане, шчыра кажучы, мы з вамі можам зрабіць вельмі многае».
Згадваючы свае візіты ў Іран пры ранейшых прэзідэнтах гэтай краіны і перагаворы з дзеючым кіраўніком Ісламскай Рэспублікі Масудам Пезешкіянам у Палацы Незалежнасці ў жніўні гэтага года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён не выявіў, каб з боку Беларусі не выканалі хоць адзін з пунктаў двухбаковых дамоўленасцяў.
«І гэта наша прынцыповая пазіцыя (мы заўсёды яе прытрымліваемся ў дамоўленасцях з іншымі краінамі) — свята выконваць тое, што мы паабяцалі», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што для Беларусі прыярытэт прыярытэтаў — гэта эканоміка. «Таму я прапаную не толькі пагаварыць сёння аб гандлёва-эканамічных адносінах з такой вялізнай краінай, якой з’яўляецца Іран і дзе мы можам многае зрабіць для Ірана (у нас ёсць пэўныя магчымасці, інтарэс), але таксама, можа быць, вызначыць некаторыя кірункі той дарожнай карты, таго плана, які будзе вызначаны на бліжэйшую перспектыву», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы перадаў самыя добрыя віншаванні і пажаданні Вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хаменеі і Прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну.

«Нашы адносіны цалкам дружалюбныя»
У сваю чаргу, міністр замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран Абас Аракчы падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за сустрэчу. Ён перадаў самыя цёплыя словы прывітання ад Вярхоўнага лідара і Прэзідэнта Ірана, павіншаваў Аляксандра Лукашэнку і ўвесь беларускі народ з надыходзячымі навагоднімі святамі.
«Як вы правільна адзначылі, нашы адносіны цалкам дружалюбныя, няма ніякіх перашкод і праблем, — канстатаваў Абас Аракчы. — Аснова нашага ўзаемадзеяння — эканамічнае супрацоўніцтва, якое развіваецца штодня. Мне здаецца, што ваш візіт у горад Тэгеран і візіт Прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна ў Мінск — гэта сапраўды ключавыя вехі ў развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння».
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Ірана нагадаў, што на мінулым тыдні ў Тэгеране было праведзена 18-е пасяджэнне змешанай беларуска-іранскай міжурадавай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва, у якім браў удзел міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў. «Гэта было вельмі паспяховае пасяджэнне камісіі, мы вельмі задаволеныя, — звярнуў увагу міністр замежных спраў. — Дасягнуты прадметныя і добрыя дамоўленасці. Я сёння тут для таго, каб са сваім дарагім сябрам (міністрам замежных спраў Беларусі. — „Зв“.) пабольш прапрацаваць усе гэтыя пытанні».
Даслоўна

«Двухбаковае ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі заўсёды развіваецца вельмі плённа»
У размове з журналістамі міністр замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран Абас Аракчы адзначыў, што сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прайшла вельмі рэзультатыўна. «Двухбаковае ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі заўсёды развіваецца вельмі плённа. Візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Іран і візіт Прэзідэнта Ірана ў Беларусь — гэта сапраўды тыя ключавыя моманты, якія дапамагаюць нам развіваць наша ўзаемадзеянне», — падкрэсліў ён.
Паводле слоў міністра замежных спраў Ірана, канструктыўнае узаемадзеянне паміж краінамі наладжана і з палітычнага пункту гледжання. «Краіны прадукцыйна ўзаемадзейнічаюць на міжнароднай арэне. Таксама па ўсіх пытаннях паміж краінамі праходзяць палітычныя кансультацыі, — звярнуў увагу кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — У нас таксама плённа развіваецца двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта ўзаемадзеянне прадстаўлена шырокім спектрам пытанняў».
Пры гэтым Абас Аракчы выказаў меркаванне, што гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне развіваецца не так добра, як можа. «Ёсць добрыя напрацоўкі ў інвестыцыйнай сферы, у сферы сумеснай вытворчасці. Мы ведаем, што Іран закупляе ў Беларусі ўгнаенні, таму сёння былі прыняты вельмі важныя рашэнні па ўсіх без выключэння кірунках», — канкрэтызаваў ён.
Міністр замежных спраў Ірана анансаваў, што ў найбліжэйшы час Іран з візітам наведае міністр транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч. «Будуць дасягнуты прадметныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў транспартна-лагістычнай сферы», — удакладніў Абас Аракчы. Іранскі госць таксама анансаваў перагаворы з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым, па заканчэнні якіх будуць падпісаны важныя дакументы. «І адзін з іх — праграма ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін на 2026—2030 гады», — сказаў ён.
Міністр замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран таксама нагадаў аб дарожнай карце ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам на 2023—2026 гады — дакуменце, які ахоплівае вельмі шырокі спектр двухбаковага ўзаемадзеяння. У сувязі з гэтым Абас Аракчы адзначыў: «Наша супрацоўніцтва значна шырэйшае і ахоплівае вельмі шмат розных галін».
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.