Top.Mail.Ru

Лукашэнка наведаў унікальную айчынную вытворчасць стралковай зброі

Прэзідэнт наведаў вытворчае падраздзяленне, дзе наладжана серыйная вытворчасць стралковай зброі са стапрацэнтнай лакалізацыяй 



Навукова-вытворчая арганізацыя ААТ «Кідма тэк», якая ўваходзіць у сістэму Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і грамадзянскага прызначэння, уключаючы стралковую зброю, сродкі аптычнага назірання, бронекамізэлькі, робататэхніку. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе рэалізацыі арганізацыяй інвестыцыйнага праекта «АИСТ» па стварэнні ў Беларусі вытворчасці баявога стралковага ўзбраення, якая забяспечвае поўны цыкл тэхналагічнага працэсу — ад распрацоўкі да серыйнага выпуску прадукцыі са стапрацэнтнай лакалізацыяй. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі баявой стралковай зброі, тэхналагічнымі працэсамі вырабу дэталяў, зборачных адзінак і аўтамата ВСК-100Б. Дагэтуль у нашай краіне ўласнай цалкам лакалізаванай серыйнай вытворчасці стралковай зброі не існавала. 

Вытворчасць са стапрацэнтнай лакалізацыяй  

Даклад пачаўся адразу па прыбыцці беларускага лідара на месца. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі людзей працуе на прадпрыемстве, якую прадукцыю тут выпускаюць. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб пастаўленай раней задачы стварыць беларускую зброю са стапрацэнтнай лакалізацыяй. Даручэнне Галоўнакамандуючага выканана — імпартнага на гэтай вытворчасці нічога няма.  

На плошчах ААТ «Кідма тэк» выпускаецца першы беларускі ўзор баявой стралковай зброі — аўтамат ВСК-100Б. Работы па стварэнні ў Беларусі вытворчасці стралковай зброі і боепрыпасаў да яе былі пачаты ў 2018 годзе. Цяпер арганізацыяй распрацаваны пяць мадэляў і шэсць мадыфікацый баявой стралковай зброі, з якіх чатыры мадэлі прыняты на ўзбраенне. 

Па распараджэнні Прэзідэнта, у канцы 2023 года быў дадзены старт праекту па стварэнні ў краіне ўласнай поўнасцю лакалізаванай серыйнай вытворчасці стралковай зброі. За перыяд рэалізацыі праекта праведзена маштабная работа па праектаванні і рэканструкцыі існуючых будынкаў і збудаванняў з заменай і пракладваннем новых інжынерных камунікацый для размяшчэння неабходнага тэхналагічнага абсталявання, закупкі неабходнага парка абсталявання, набыцця тэхналогій і навучання спецыялістаў. 

Такім чынам, у Беларусі практычна з нуля створаны кірунак вытворчасці стралковай зброі. У ААТ «Кідма тэк» ёсць уласныя канструктары, асвоены тэхналогіі, створана перадавая вытворчасць. Рэалізацыя абазначаных праектаў дасць магчымасць у сярэднетэрміновай перспектыве дасягнуць поўнай тэхналагічнай незалежнасці ў сегменце вытворчасці стралковай зброі, забяспечыць нашы Узброеныя Сілы яе асноўнымі відамі і тыпамі боепрыпасаў да яе, дазволіць упэўнена пазіцыянаваць краіну ў гэтым сегменце на знешнім контуры. 


«На полі бою лёс вырашаюць людзі, салдаты» 

Знаёмячыся з дзейнасцю прадпрыемства, Прэзідэнт адзначыў, што якая б вайна ні была, стралковая зброя мае вельмі важнае значэнне для арміі, нават пры наяўнасці сучасных узбраенняў. 

«На полі бою лёс вырашаюць людзі, салдаты, — падкрэсліў Галоўнакамандуючы. — А для салдата патрэбна стралковая зброя. Без гэтай зброі мы нічога не зробім. Нават калі ў нас беспілотнікі будуць, балістычныя ракеты і гэтак далей». 

Па словах Прэзідэнта, у нашай краіне ёсць усё для таго, каб узброіць салдат. «Таму мной было прынята рашэнне: нам трэба вырабляць сваё», — канкрэтызаваў ён. 

Гаворачы аб стварэнні ў краіне ўласнай вытворчасці стралковай зброі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што працэс поўнасцю заснаваны на айчынных тэхналогіях.  

«Мы зрабілі гэта самі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Без гэтага няма ніякай вайны, няма ніякай абароны. Для таго, каб ваяваць, трэба стралковая зброя. Таму гэта вельмі важна. Гэта аснова любой арміі». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін важны момант: стралковая зброя, распрацаваная на прадпрыемстве, ужо прынята на ўзбраенне ў беларускай арміі. Ён удакладніў, што новыя ўзоры на практыцы праверылі і ў іншых сілавых структурах. «Мы да гэтага адносімся трапятліва, асабліва я», — заўважыў беларускі лідар.  

Пры гэтым Прэзідэнт патрабуе пастаянна ўдасканальваць, даводзіць да розуму тое, што ўжо распрацавана і прынята на ўзбраенне. «Але раз прымаем на ўзбраенне ва Узброеных Сілах Беларусі, значыць, гэта чагосьці варта», — лічыць кіраўнік дзяржавы.  

Міністр абароны Віктар Хрэнін пацвердзіў якасць і запатрабаванасць гэтай стралковай зброі. Вельмі важным у працэсе ад распрацоўкі да прыняцця на ўзбраенне Аляксандр Лукашэнка лічыць ацэнку ваеннаслужачых, якія павінны выказаць свой погляд — патрэбна тая або іншая зброя сёння ў арміі або не.  

«І міністру (Віктару Хрэніну, міністру абароны. — „Зв.“) я заўсёды гавару: глядзі, крытыкуй, ламай, крышы, калі першыя ўзоры ствараюцца, але ні ў якім разе не прымай нейкую „лажу“, як ваенныя гавораць, — заўважыў Прэзідэнт. — Дапрацоўваць трэба тут, а прымаць — ужо ўдасканалены прадукт».  

Прэзідэнту расказалі, што выпрабаванні айчыннай зброі, якая ў тым ліку ідзе на экспарт, праводзяць і некаторыя пакупнікі. «Гэта самае галоўнае. Калі пакупнік гаворыць: „Выпрабаваў. Добра“, то тады і нам лягчэй», — лічыць кіраўнік дзяржавы.  

«Нам трэба ісці далей» 

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры стралковай зброі. Кіраўнік дзяржавы па традыцыі цікавіўся нюансамі кожнай мадэлі, меркаваннем распрацоўшчыкаў і ваенных. У цэху Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вырабу дэталяў, зборачных адзінак і аўтамата ВСК-100Б. Дэталі вытворчага працэсу Аляксандр Лукашэнка непасрэдна высвятляў у рабочых.  

Убачанаму была дадзена высокая ацэнка. «Малайцы! Зрабілі выдатна!» — сказаў беларускі лідар. 

Пры гэтым Прэзідэнт арыентуе не спыняцца на дасягнутым. «Нам трэба ісці далей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба не баяцца, калі мы нешта не можам. Мы ўсё можам. Так, трэба абсталяванне. Але на гэтым абсталяванні трэба ўмець працаваць. Вы навучыліся. Гэта вялікая справа. І для такіх рэчаў ніхто грошы шкадаваць не павінен. Асабліва калі вы гэта акупіце за кошт экспарту». 


Распрацоўшчыкам пастаўлена задача — рэалізоўваць іншыя свае задумы па вырабе ўласнай зброі. Напрыклад, айчыннага гранатамёта. «Будзем выдзяляць грошы, няхай робяць, толькі не адкладаючы на потым, — канкрэтызаваў ён. — Трэба цяпер гэта пачынаць рабіць».  

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, які ў 2018 — 2020 гадах займаў пасаду кіраўніка Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, назваў гэта ведамства адным з найлепшых у краіне з пункту гледжання інвестыцыйнай актыўнасці. Аб гэтым, па яго словах, сведчыць шэраг важных праектаў, якія рэалізоўваюцца адначасова. Пры гэтым Раман Галоўчанка акцэнтаваў увагу на тым, што ў вытворчасці айчыннай стралковай зброі няма ніякай савецкай спадчыны. «Гэта ўсё, што „вырасла“ ў незалежнай Беларусі», — падкрэсліў ён. 


У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, як на пачатку прэзідэнцтва асабістым рашэннем спыніў спробы разбурыць ваенны патэнцыял краіны, калі танкі, іншую тэхніку рэзалі на метал і адпраўлялі яго за мяжу. «Дыктатарам (у вачах палітыкаў на Захадзе. — „Зв.“) я стаў не таму, што я дыктатар. А таму, што спыніў гэту разню», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт яшчэ раз заклікаў не спыняцца на дасягнутым і рухацца далей у вытворчасці айчыннай зброі. Беларускі лідар заўважыў, што гэта няпростая справа. Прычым так было ва ўсе часы: па яго словах, людзі стагоддзямі стваралі стралковую зброю. «А мы пры дэмакратычнай дыктатуры змаглі зрабіць гэта на працягу кароткага прамежку часу», — адзначыў ён.
Кіраўніку дзяржавы падарылі першы айчынны аўтамат ВСК-100Б, выраблены на прадпрыемстве. На таблічцы да падарунку — сімвалічны надпіс: «Не для вайны... Для ўпэўненасці ў міры!». Яшчэ адзін экзэмпляр кіраўнік дзяржавы даручыў вырабіць для музея Палаца Незалежнасці. 


Карыстаючыся выпадкам, Прэзідэнт удакладніў у старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі, як ідзе ўборачная кампанія, сяўба азімых культур. Як высветлілася, на Міншчыне засталося ўбіраць 4% збожжавых і зернебабовых культур на плошчы 26 тысяч гектараў — скончыць уборку не дазволіла дажджлівае надвор’е.  

«Але дождж нам патрэбен для пасеянага рапсу, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба своечасова ўсё зрабіць, як у мінулым годзе».  

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Даслоўна

«Мы здольныя і распрацаваць, і вырабіць айчынны аўтамат на сучасным абсталяванні»

У размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый ПАНТУС назваў арганізацыю вытворчасці айчыннага аўтамата ВСК-100Б далёка не лёгкім працэсам. «Але нам удалося зрабіць гэта за два з паловай гады, — удакладніў ён. — Увогуле мы пачалі займацца стралковай зброяй з 2018–2019 гадоў. Тады гэта былі пэўныя дапрацоўкі з выкарыстаннем імпартных камплектуючых. Часта выкарыстоўвалі дэталі і вузлы расійскай вытворчасці. Была пастаўлена задача лакалізаваць гэту вытворчасць. Цяпер мы ўпершыню прысутнічаем на аб’екце, дзе аўтамат вырабляецца з айчыннай сыравіны па беларускай тэхналогіі і беларускімі людзьмі».

Па словах кіраўніка ведамства, на пачатковым этапе школа па вытворчасці такіх відаў зброі ў Беларусі адсутнічала. Спецыялісты Дзяржкамваенпрама наведвалі пэўныя прадпрыемствы, вывучалі тэхналогіі і ў выніку змаглі стварыць своеасаблівы творчы калектыў для выканання задачы, пастаўленай Прэзідэнтам. 

«Спачатку калектыў быў менавіта творчы, настроены менавіта на мадэрнізацыю стралковай зброі, — дадаў Дзмітрый Пантус. — Цяпер мы здольныя і распрацаваць, і вырабіць айчынны аўтамат на сучасным абсталяванні».


Старшыня Дзяржкамваенпрама адзначыў, што на гэтай вытворчасці будзе выпускацца не толькі аўтамат ВСК-100Б, але і іншыя віды прадукцыі. «Тут будзе вырабляцца лінейка стралковай зброі, якая ўжо прынята на ўзбраенне, — канкрэтызаваў ён. — Гэта і пісталеты-кулямёты, і два тыпы снайперскіх вінтовак, якія таксама прыняты на ўзбраенне ў нашых Узброеных Сілах. Адна з ключавых задач, якія мы для сябе ставім, — гэта распрацоўка кулямёта. Думаю, бліжэйшыя два гады патрацім свае сілы і вопыт на стварэнне гэтага прадукту».

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што выпуск айчыннай стралковай зброі ўмацоўвае тэхналагічны суверэнітэт краіны, развівае школу айчынных спецыялістаў, новыя тэхналогіі.

Ваенная прыёмка вырабленых узораў узбраення, якая праводзіцца спецыялістамі беларускай арміі, па словах Дзмітрыя Пантуса, дазваляе выявіць няхай і невялікія, але агрэхі ў любым відзе ўзбраенняў. «Цяпер ВСК-100Б праходзіць папярэднія выпрабаванні, пасля чаго будуць дзяржаўныя, — канстатаваў ён. — Мы нацэлены на шчыльнае ўзаемадзеянне з нашымі Узброенымі Сіламі».

Гаворачы аб экспартным патэнцыяле стралковага ўзбраення беларускай вытворчасці, Дзмітрый Пантус заўважыў, што на цяперашні момант у наяўнасці шэраг экспартных кантрактаў, у тым ліку звязаных з вытворчасцю зброі ў інтарэсах замежных партнёраў. 

«Цяпер час вялікіх магчымасцяў»

Па словах намесніка дырэктара ААТ «Кідма тэк» Андрэя АНІСІМАВА, вытворчы працэс на прадпрыемстве пачаўся з работы канструктараў, якія ўвасаблялі ідэі ў чарцяжы. «Менавіта ў рамках доследна-канструктарскай дзейнасці быў створаны першы ўзор айчыннага аўтамата ВСК-100Б, які першапачаткова прайшоў унутраныя выпрабаванні», — удакладніў ён. 

Андрэй Анісімаў расказаў, што для кожнай дэталі стралковай зброі распрацоўваецца свая тэхналогія. «Дзясяткі тэхналагічных працэсаў задзейнічаны ва ўсёй вытворчасці, — падкрэсліў ён. — Унікальнай дэталлю аўтамата з’яўляецца ствол: гэта 26 незалежных тэхналагічных аперацый, каля 60 калібраў, якія вымяраюць пагрэшнасці. Калі ў нас ёсць ствол, усе астатнія тэхналогіі, як пацеркі, нанізваюцца на гэты элемент».


Па словах намесніка дырэктара, бліжэйшае дзесяцігоддзе айчынны аўтамат ВСК-100Б будзе вырабляцца на прадпрыемстве. «Аднак гэта не значыць, што мы заціхнем і будзем спачываць на лаўрах, — удакладніў ён. — Ёсць вельмі шмат ідэй, у тым ліку па мадэрнізацыі таго, што мы ўжо вырабілі. Натуральна, шмат ідэй для далейшага развіцця. Тым больш, цяпер час вялікіх магчымасцяў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю