«Мы ўсё можам зрабіць»
Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка ў гэты важны дзень з народам: разам з іншымі ўдзельнікамі суботніка, якія працавалі на гэтай лакацыі, кіраўнік дзяржавы высадзіў каля ста дрэў на прылеглай да музея тэрыторыі. Яшчэ адна з традыцый беларускага лідара — асабіста ўдзельнічаць у стварэнні знакавых для краіны аб’ектаў. Такім аб’ектам і павінен стаць Нацыянальны гістарычны музей, які ўжо ўзведзены насупраць Палаца Незалежнасці. Менавіта на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і іншыя звязаныя з гэтым работы будуць накіраваны грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясенняга суботніка.

Будаўніцтва музея пачалося ў лютым 2025 года. У цяперашні момант ажыццяўляюцца работы па афарбоўцы і аздабленні памяшканняў, афармленні інтэр’ераў. Паралельна ідзе добраўпарадкаванне парка Народнага адзінства, які знаходзіцца побач з музеем. Тэрыторыя парка складае больш за 32 гектары.

«Усё трэба рабіць са сваіх матэрыялаў»
Прыбыўшы на будаўнічую пляцоўку, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам будаўніцтва знакавага для краіны аб’екта, а таксама з працэсам добраўпарадкавання парка Народнага адзінства.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яшчэ раз падумаць над назвай музея: ці застанецца ён Нацыянальным гістарычным музеем, ці будзе Нацыянальным музеем.
«Нас як гісторыкаў некаторыя крытыкуюць, што мы назвалі Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Гісторыі, наколькі я памятаю, у наш час давалася вызначэнне, што гэта навука аб мінулым. Але мы ж і сучаснае тут адлюстроўваем, а можа, дзесьці і ў будучыню зазірнём. Можа быць, проста Нацыянальны музей Беларусі?»
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў Прэзідэнту аб ходзе ўзвядзення музейнага будынка, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. У прыватнасці, зайшла размова аб размяшчэнні на барэльефах музея зборнай выявы гістарычных асоб.
«Барэльефы — без усялякіх асоб, сітуацыйныя, так? — удакладніў ккіраўнік дзяржавы. — Можа быць, так і лепш. Каб не спрачаліся, што кагосьці там размясцілі, а Лукашэнку — не. Няхай гэта будуць падзейныя пэўныя сцэны».

Работы, звязаныя з фасадам будынка, фактычна цалкам завершаны. На завяршальнай стадыі знаходзіцца і першая чарга добраўпарадкавання парка Народнага адзінства. Скончыць усе работы плануецца да жніўня. У маі плануюць увесці ў эксплуатацыю падземны пераход да музея.
Прэзідэнт удакладніў, ці завершацца ўсе работы да знакавай для Беларусі даты — Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня. Гэта дата разглядаецца як адна з магчымых для адкрыцця музея.
Гаворачы аб добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол музея і парка Народнага адзінства, Прэзідэнт паставіў задачу высадзіць усе расліны ў спрыяльны перыяд.
Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на выкарыстанне пры будаўніцтве айчынных матэрыялаў. «Усё трэба рабіць са сваіх матэрыялаў, як робяць кітайцы, — прывёў прыклад ён. — Мы ўсё можам зрабіць».

«Трэба зрабіць, каб пазбегнуць усялякай крытыкі»
Аб асаблівасцях фарміравання музейных экспазіцый кіраўніку дзяржавы расказаў міністр культуры Марат Маркаў. Ён праінфармаваў, што музейныя пляцокі таксама будуць прадугледжаны для правядзення разнапланавых мерапрыемстваў.
Па словах міністра культуры, будынак музея з’яўляецца самым вялікім і функцыянальным ва ўсёй Беларусі. «Агульная плошча — 17 тысяч квадратаў, — канкрэтызаваў Марат Маркаў. — Аналагаў у Беларусі ніколі не было, і ў БССР ніколі не было. Гэта можна параўнаць толькі з нацыянальнымі музеямі ў Таджыкістане, Казахстане, але ў Беларусі ён будзе крыху большым».
Прэзідэнту далажылі, што раздзелы музея будуць размешчаны па прынцыпу часавых перыядаў. На другім паверсе музея плануецца размясціць раздзелы, якія ахопяць гістарычныя этапы ад першабытнага перыяду да XVIII стагоддзя. Экспазіцыя, як запэўніваюць спецыялісты, па-сапраўднаму будзе маштабнай: больш за 20 тысяч розных экспанатаў і звыш паўтысячы карцін, дыярам і малюнкаў размесціцца ў музеі.
Трэці паверх Нацыянальнага гістарычнага музея будзе ўключаць такія раздзелы, як «Беларусь у канцы XVIII — пачатку XX стагоддзяў» і «Беларусь у 1917–1991 гадах».

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, ці будуць адлюстраваны ў экспазіцыі перыяды, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай і ВКЛ.
«Так, ад гісторыі не ўцячэш», — заўважыў Марат Маркаў.
«Усё правільна, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Так было. Нікуды не дзенешся».
Раздзел «Сучасная Рэспубліка Беларусь» размесціцца на чацвёртым паверсе музея. Там жа прадугледжана пляцоўка са зменнай экспазіцыяй і зала ўрачыстых цырымоній.
Па словах міністра культуры, для кожнай залы будзе распрацавана свая эмблема — такіх залаў у музеі запланавана 12. «Падобнага роду ўнікальнага праекту ў Беларусі ніколі не было», — рэзюмаваў Марат Маркаў.
«Глядзі, каб было аптымальна, — паставіў задачу беларускі лідар. — Бо скупы плаціць двойчы, трэба разумець гэта. І трэба зрабіць, каб пазбегнуць усялякай крытыкі. „Разумных“ шмат жа такіх (тых, хто будзе крытыкаваць. — „Зв“.). Паспрабавалі б зрабіць...»
Прэзідэнту расказалі, што ў музеі будзе шмат інтэрактыву. «Не горш як у свеце?» — удакладніў ён, маючыя на ўвазе вядучыя сусветныя музеі. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што беларускі музей будзе не горшы, а, можа, дзесьці і лепшы.
Асобна кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб напаўненні парка Народнага адзінства гандлёвымі кропкамі, малымі архітэктурнымі формамі. Беларускі лідар паставіў зрабіць гэта годна, па-гаспадарску. «Няхай робяць прыгожыя домікі, павільёнчыкі, — паставіў задачу ён. — Прыйшлі, хуценька выставілі, адпрацавалі і пайшлі. Лаўкі — гэта добра. Людзі пасядзелі, паглядзелі».

«Трэба рабіць так, каб дзесьці і капейку зарабіць нейкую, — адзначыў беларускі лідар. — Не на шкоду, вядома, музею. Але месца ж хапае. Людзі сюды пойдуць, вельмі актыўна пойдуць».
Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку таму, што ўсе дрэвы і кусты, якія раслі на гэтым месцы, пакінулі. Асобна зайшла размова аб вулічным асвятленні, яго стылі.
Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на сур’ёзны падыход да кадравага пытання ў адносінах да музея і парка. «Глядзі, каб тут у цябе лішняга штату не было, — сказаў ён, звяртаючыся да Уладзіміра Кухарава. — А то паназбіралі людзей, няма каму кароў даіць. Лішніх людзей не збірай. Лепш прыцягваць валанцёраў».
Аб’ектам будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і парка Народнага адзінства нададзены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. На іх працавала 12 студэнцкіх атрадаў у складзе 128 чалавек, у тым ліку пяць атрадаў мінскіх ВНУ і каледжаў. Таксама рэгулярна праходзяць валанцёрскія маладзёжныя акцыі, у якіх прынялі ўдзел больш за 3 тысяч чалавек. Цяпер на аб’екце працуюць два студэнцкія атрады колькасцю 20 чалавек — навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М. Жыжаля.

Пасля кароткага даклада кіраўніку дзяржавы прапанавалі азнаёміцца з заламі Нацыянальнага гістарычнага музея, пасля чаго беларускі лідар прыступіў да высадкі дрэў на тэрыторыі парка Народнага адзінства. У гэты дзень працоўны дэсант на чале з Прэзідэнтам высадзіў ясень звычайны, чаромху, рабіну звычайную і бярозу барадаўчатую.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА