Top.Mail.Ru

«Я бязмерна паважаю і люблю сваіх людзей, сваю краіну»

Падрабязнасці інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі расійскаму часопісу «Разведчик»


Падчас інтэрв’ю закраналася шырокае кола тэм. Пытанні датычыліся як беларускага, так і саюзнага парадку дня. Безумоўна, цікавіўся расійскі журналіст і поглядам беларускага лідара на сусветныя працэсы — меркаванне вопытнага палітыка ніколі не разыходзіцца з рэчаіснасцю. Гэта праверана часам. 

«Як будзем працаваць, так і будзем жыць. Галоўнае, каб у міры і згодзе»

Першае пытанне, адрасаванае Прэзідэнту, датычылася яго каласальнага вопыту дзяржаўнага кіравання, набытага ў надзвычай складаную гістарычную эпоху, і ўмення ўвесь гэты перыяд паспяхова весці краіну па «беларускім шляху», як Аляксандр Лукашэнка назваў яго ў сваёй інаўгурацыйнай прамове. Кіраўніка дзяржавы спыталі пра сакрэт поспеху і найбольш каштоўныя ўрокі дзяржаўнага будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў сказаную ім некалі фразу «прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца» і патлумачыў, які сэнс укладваў у гэтыя словы. «Гэта не пра вышэйшыя сілы і прадбачанне, — удакладніў ён. — Я рэаліст і прагматык. Размова пра тое, як у чалавеку па меры сталення, паступова, „ад жыцця, ад зямлі“ зараджаецца ўсвядомленая любоў да краіны, свайго народа, гатоўнасць у цяжкі для дзяржавы момант узяць на сябе адказнасць і зрабіць усё, каб апраўдаць давер суайчыннікаў. Гэта пра ўстанаўленне асаблівай сувязі са сваім народам. Пра адказнасць за прынятыя палітычныя рашэнні і найцяжэйшую работу — без аглядкі на ўсё».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бязмерна паважае і любіць сваіх людзей, сваю краіну. «І для мяне самае страшнае — падвесці народ, які ў мяне паверыў, — заўважыў ён. — 30 гадоў таму я пакляўся, што буду яму служыць сумленна. Гэта і раблю. Працую, а не ўладару. Як бы ні было складана».

  • Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што самыя лёсавызначальныя для краіны рашэнні ў Беларусі прымаюць з улікам меркавання людзей і іх інтарэсаў, праз рэферэндумы. «Я прывык ва ўсім спадзявацца і абапірацца на народ, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І глыбока перакананы, што толькі ён мае права вырашаць свой лёс. У гэтым сутнасць старажытнай славянскай традыцыі нашага народаўладдзя з часоў веча».

Галоўная ідэя, з якой Аляксандр Лукашэнка, паводле яго слоў, некалі прыйшоў у вялікую палітыку, — захаваць пераемнасць. «Былі ўнутраная ўпэўненасць у правільнасці гэтага курса і запыт грамадства, таму была падтрымка, — адзначыў ён. — Народ разумеў: у нас ёсць свая дзяржава, і калі яе па-здрадніцку загубім, давядзецца пачынаць спачатку. Такая вось жыццёвая формула поспеху: хочаш расці, рухацца наперад — улічвай волю народа і не ламай выбудаваную папярэднімі пакаленнямі апору. Мы ведаем, як жылі нашы продкі, калі падпарадкоўваліся законам і інтарэсам іншых дзяржаў. Ведаем, як пачало мяняцца жыццё беларусаў у савецкі перыяд. Таму ў 90-я нават размовы быць не магло аб тым, каб патэнцыял, створаны ў БССР, аддаць замежным таўстасумам-алігархам. Ні за якія грошы. Людзі не зразумелі б і не дазволілі б гэта зрабіць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды імкнуўся зрабіць так, каб беларусы былі шчаслівыя на роднай зямлі, каб самі кіравалі ўласным лёсам і краінай. «І няхай мы сёння жывём небагата, але годна, — падкрэсліў ён. — Мы жывём на сваёй зямлі, ведаем, як жыць і што рабіць, зыходзячы з рэсурсаў, якія маем. Галоўнае, мы жывём у мірнай, спакойнай і бяспечнай краіне. Паверце, калі не будзе міру, калі ў краіне пачнуць страляць і ўзрываць, — ужо нічога не трэба: ні работы, ні заробку... Вось чаму я не стамляюся паўтараць: лепш ваяваць у полі, на заводзе і ферме, чым у акопах».

Менавіта таму, як перакананы кіраўнік дзяржавы, беларусам нельга расслабляцца і самазаспакойвацца. Калі працаваць і захоўваць адзінства, можна дасягнуць шмат чаго. «Як будзем працаваць, так і будзем жыць, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Галоўнае, каб у міры і згодзе. За гэты шлях мільёны нашых суайчыннікаў у мінулым аддалі жыцці. За гэты шлях беларусы аддалі свае галасы 30 гадоў таму і галасуюць сёння. Я верны яму і буду ісці па ім да канца, каб захаваць суверэнную і незалежную Беларусь».

«Мы заўсёды прапаноўвалі і прапануем жыць па-добрасуседску»

Кіраўніка дзяржавы спыталі, якой будзе рэакцыя Мінска ў тым выпадку, калі Польшча і краіны Балтыі ў размовах аб намеры замініраваць межы з Беларуссю пяройдуць ад слоў да справы.

«Такія заявы — твар агульнай палітыкі Захаду адносна Беларусі і Расіі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І самае сумнае, што палітыка гэта не мяняецца». 

Ён заявіў, што прайшло ўжо 80 гадоў з заканчэння Другой сусветнай вайны, а на Захадзе да гэтага часу лічаць пагрозай Беларусь, Расію і іх саюз.

«Пад гэту марку НАТА спешна ўзбройвае Еўропу, а Польшча і краіны Балтыі, каб дагадзіць сваім гаспадарам, выдумляюць нібыта „ахоўныя“ меры, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Адна з іх — выхад з Атаўскай канвенцыі і мініраванне граніцы з Беларуссю. Усё гэта не што іншае, як чарговая спроба націснуць на Беларусь».

Прэзідэнт падкрэсліў, што недружалюбная палітыка Захаду адносна нашай краіны перарастае ў адкрыта агрэсіўную. «Пакуль асаблівых рызык і прамых ваенных пагроз не бачым, паколькі супрацьпяхотныя міны — абарончы тып зброі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Тым больш што ў нас няма планаў пераходзіць граніцы суседзяў без запрашэння».

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў аб гатоўнасці Беларусі сябраваць і супрацоўнічаць з усімі, хто гэтага шчыра хоча, ісці туды, дзе нас чакаюць. Але ісці «не на танках, а на трактарах».

У той жа час дзеянні суседзяў на заходніх межах наўрад ці садзейнічаюць бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне. «Ну навошта сёння мініраваць граніцы, траціць мільёны на выбудоўванне жалезных агароджаў, на пераадоленне якіх мігрантам патрэбны лічаныя хвіліны? — рытарычна спытаў Прэзідэнт. — Мільёны долараў уклалі, раскралі палову, мініруюць граніцы, напампоўваюць арміі войскамі і тэхнікай, а што ў выніку? Каму ад гэтага лепш?»

Такое вар’яцтва, па словах кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу небяспечнае для саміх жа ініцыятараў. «На шчасце, простыя людзі ўсё разумеюць і выступаюць супраць гэтых небяспечных авантур (напрыклад, 54 % палякаў у адным з апытанняў. — «Зв».), — заўважыў беларускі лідар. — Ён звярнуў увагу, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі і Беларусі, негатыўна адбіліся і на жыцці палякаў, літоўцаў, латвійцаў, якія сутыкнуліся з ростам цэн на энерганосьбіты, стратай традыцыйных рынкаў, зніжэннем паступленняў у бюджэт. «Час паказаў, што санкцыі — стрэл сабе ж у нагу», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Аднак у кіраўніцтве Польшчы, Літвы і Латвіі палітычныя амбіцыі важнейшыя за разумны сэнс, — заявіў Прэзідэнт. — Бюджэт на абаронныя расходы ў гэтых краінах ужо набліжаецца да 5 % ВУП (для параўнання, у Беларусі — не больш як 1 %). За ўсё плацяць простыя людзі, сацыяльнае самаадчуванне якіх з кожным днём толькі растае разам з надзеямі на лепшае жыццё. Але пра іх, як і пра наступствы шалёных рашэнняў, ніхто не думае».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і ў Саюзнай дзяржаве, вядома, сочаць за развіццём абстаноўкі на заходніх рубяжах і ў выпадку прамой пагрозы імгненна адкажуць любому, хто замахнецца на беларускую зямлю. «Калі пяройдуць ад слоў да справы — мала не здасца, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Для таго, каб нанесці непрымальную шкоду агрэсару, у нас ёсць усё неабходнае. Правяраць не раю, Аднак суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. І мы заўсёды прапаноўвалі і прапануем жыць па-добрасуседску. Не хочуць. Твораць на граніцы такое, што розуму неспасціжна». 

«Мы павінны будаваць масты, а не сцены»

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці чакаюць у Беларусі якіх-небудзь змяненняў у адносінах з Польшчай у сувязі з уступленнем на пасаду новага Прэзідэнта гэтай краіны Караля Наўроцкага.

«Скажу шчыра, мы не маем ілюзій адносна хуткага аднаўлення дыялогу, — сказаў беларускі лідар. — З аднаго боку, адным з лозунгаў пана Наўроцкага на выбарах быў „Польшча перш за ўсё“. У сваіх перадвыбарных выступленнях ён неаднаразова заяўляў, што абарона польскага народа — адна з мэт яго прэзідэнцтва. Мы разумеем, што на гэтай тэме падчас перадвыбарнай гонкі было зручна набіраць ачкі. Але мы ведаем, што польскі народ хоча развіваць адносіны з нашай краінай. Палякі і беларусы не ворагі адзін аднаму. З іншага боку, Варшава працягвае высоўваць неабгрунтаваныя прэтэнзіі і абвінавачванні ў адрас Беларусі. Яна ж прытуліла, палітычна і інфармацыйна падсілкоўвае нашых збеглых, выкарыстоўваючы іх у сваіх мэтах».

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на спробы перапісаць, перайграць гісторыю, падагнаць яе тлумачэнне пад палітычную кан’юнктуру. «Мы таксама добра ведаем, якую ролю адыграў цяперашні прэзідэнт Польшчы (у яго бытнасць кіраўніком польскага Інстытута нацыянальнай памяці) у дэмантажы помнікаў савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — заўважыў Прэзідэнт. — Толькі ўдумайцеся: 600 тысяч савецкіх воінаў, сярод якіх нямала беларусаў, загінулі ў баях за Польшчу і назаўжды засталіся ляжаць у польскай зямлі! І хто з тамтэйшых палітыкаў сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць? Пагрозамі, санкцыямі, мілітарызацыяй, „байполамі“, „байсоламі“ (антыдзяржаўныя арганізацыі, якія фінансуюцца Захадам. — „Зв“.) і іншымі дыверсіямі»

Да таго ж вядома, што Караль Наўроцкі з’яўляецца перакананым прыхільнікам НАТА і саюза з ЗША і наўрад ці адступіць ад сваіх перакананняў. «Таму не даводзіцца чакаць, што будзе, як раней, але мы ўсё ж спадзяёмся, што ў польскіх калег возьмуць верх палітычныя мудрасць і разважнасць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяёмся, што па той бок граніцы нас пачуюць, будуць аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі і перастануць умешвацца ў нашы ўнутраныя справы. Мы адкрытыя для дыялогу. У сучасных умовах важна знаходзіць шляхі для вырашэння праблем, а не ствараць новыя. Мы павінны будаваць масты, а не сцены, чаго не скажаш аб суседзях».

«Мірным перагаворам па Украіне няма альтэрнатывы»

Асобным блокам падчас інтэрв’ю прагучала тэма ўстанаўлення міру ва Украіне.

«Мірным перагаворам па Украіне няма альтэрнатывы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але гэта павінен быць адкрыты і паважлівы дыялог, які дасць магчымасць знайсці кампраміс з улікам інтарэсаў усіх бакоў канфлікту».

Па яго словах, цяпер застаецца верыць, што Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сапраўды хоча пакласці канец гэтаму канфлікту. «На Алясцы (у час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. — „Зв“.), што б там ні пісала еўрапейская і часткова амерыканская прэса, Трамп са сваёй роляй — а ён адыгрываў выключна ролю пасрэдніка, які хацеў даведацца з першых вуснаў пазіцыю Расіі як боку канфлікту, — я лічу, справіўся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што непасрэдна перад перагаворамі на Алясцы адбылася іх тэлефонная размова з Прэзідэнтам ЗША — адкрытая, добрая размова. «Гаварылі і аб Украіне, — удакладніў беларускі лідар. — Я выклаў Трампу сваё бачанне, свой пункт гледжання. Ён яго выслухаў. Ну, а наколькі наша размова была карыснай перад сустрэчай на Алясцы, — гэта ўжо яму лепш відаць».

Кажучы аб манеры Дональда Трампа весці перагаворы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Прэзідэнт ЗША гаворыць жорстка, без дыпламатычнага шалупіння. «З ім можна не згаджацца, спрачацца, але ты разумееш яго пазіцыю, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — І гэта больш каштоўна, чым дзясяткі еўрапейскіх дэкларацый, дзе кожнае слова загорнутае ў прыгожую дыпламатычную абгортку, але пры гэтым нічога не значыць». 

«Новыя цэнтры сілы набіраюць палітычную вагу. З імі давядзецца лічыцца»

У беларускага лідара спыталі, як ён успрыняў запозненыя прызнанні еўрапейскіх удзельнікаў мінскіх перагавораў 2015 года аб тым, што яны і не збіраліся выконваць дасягнутыя пагадненні, а толькі «куплялі час» для кіеўскага рэжыму. У кіраўніка дзяржавы ўдакладнілі, якім можа быць дыялог з падобнымі «партнёрамі» ў далейшым? 

«Было нечакана, але не дзіўна, — адказаў Прэзідэнт. — Нечакана, бо ад палітыкаў такога ўзроўню (а яны сябе прылічвалі да пантэона сусветных лідараў, так жа?) усё ж чакаеш нейкай паслядоўнасці, сур’ёзнасці, грунтоўнасці. З іншага боку, прызнанне еўралідараў у тым, што яны выйшлі на перагаворную пляцоўку, прабачце за выказванне, з фігай у кішэні, было нядзіўным. Нічога новага. Яны прывыклі хлусіць, гэта іх стыль».

З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як пасля Перамогі над гітлераўскай Германіяй калектыўны Захад адных нацыстаў садзіў на лаву падсудных, другіх, якія купілі сабе жыццё сакрэтамі, хаваў у ЗША, Аргенціне, Канадзе. «Можна ў гэтым шэрагу ўспомніць і аб тым, як ішло раззбраенне пасля распаду СССР, у якіх прапорцыях. Нам хлусілі заўсёды», — падкрэсліў Прэзідэнт, дадаўшы, што прыкладаў гэтаму мноства.

Ён адзначыў, што ў 2015 годзе беларусы рыхтавалі перагаворы ў Мінску шчыра. «Мы стараліся думаць аб Захадзе як аб адказным партнёры, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Інакш у чым сэнс выхаду на перагаворную пляцоўку такога ўзроўню? Так, мы разлічвалі, што падпісаныя ў Мінску дамоўленасці закладуць трывалую аснову для доўгачасовай стабілізацыі. Усе працавалі па-сапраўднаму. Сямнаццаць гадзін найцяжэйшых перагавораў, без сну, з эмацыйнымі спрэчкамі, але з жаданнем спыніць кровапраліцце, аднавіць мір».

А ў гэты ж час Ангела Меркель і Франсуа Аланд, якія на той момант прадстаўлялі Германію і Францыю, па іх жа прызнаннях, прыехалі ўсыпіць пільнасць другога боку перагавораў, назапасіць сіл і падкінуць дроў ва ўкраінскае вогнішча.

  • Таму, на думку Аляксандра Лукашэнкі, заканамерным і лагічным выглядае цяперашняе нежаданне Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа далучаць да перагавораў еўрапейцаў. «Навошта яму мець зносіны з палітыкамі, рэпутацыя якіх ніжэйшая за плінтус, — заўважыў беларускі лідар. — Яму патрэбны і партнёры, і апаненты, з якімі ён будзе размаўляць на роўных. А на роўных — гэта ўжо з іншымі лідарамі. Гэта краіны ШАС, БРІКС. Фарміруецца сур’ёзная процівага старым структурам. І гэты махавік не спыніць — новыя цэнтры сілы набіраюць палітычную вагу. З імі давядзецца лічыцца».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на глабальную ініцыятыву, выказаную Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам на саміце ШАС у Кітаі, — кіраванне на аснове раўнапраўя і справядлівасці. «Сі прапануе: суверэнная роўнасць, першынства міжнароднага права, шматбаковасць. І гэта менавіта тое, што трэба, каб разблытаць клубок праблем, што назапасіліся ў міжнародным парадку дня», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

На яго думку, гэта дазволіць аднавіць давер, страчаны з-за авантур Еўрасаюза. А пры тых уводных, якія ёсць па выніку прызнанняў яго лідараў, такога даверу да краін ЕС няма. «Я не ведаю, як можна весці з імі справы ў прынцыпе», — дадаў беларускі лідар.

«Наша візітная картка на глабальнай арэне — грунтоўнасць і няўхільная рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей»

У Прэзідэнта спыталі пра прыярытэты Беларусі ў наладжванні сувязяў з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. У кіраўніка дзяржавы ўдакладнілі, якое значэнне для Мінска мае членства ў ШАС, партнёрства ў БРІКС, у чым галоўныя канкурэнтныя перавагі беларускай знешняй палітыкі.

Гаворачы ў цэлым аб знешняй палітыцы Беларусі і яе канкурэнтных перавагах, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіна з моманту набыцця незалежнасці сістэмна і мэтанакіравана выбудоўвала дружалюбныя адносіны з замежнымі партнёрамі. У аснове гэтага працэсу — прынцып шматвектарнасці.

Але, на жаль, Захад у адносінах з Беларуссю практычна з самага пачатку прымяняў двайныя стандарты, уводзіў санкцыі і абмежаванні па надуманых падставах. «Гэта была першапачаткова пройгрышная стратэгія, хаця б таму, што яны — не ўвесь свет і нават не яго большасць», — заўважыў Прэзідэнт. За апошнія некалькі гадоў экспартныя таварныя патокі Беларусі былі пераарыентаваныя з Захаду на іншыя рынкі.

«Краіны далёкай дугі, дзверы якіх адчынены для нас, — гэта ўжо не проста „пояс“ эканамічнага росту, а прастора раўнапраўных партнёраў, дзе перасякаюцца інтарэсы вядучых сусветных дзяржаў, фарміруюцца новыя альянсы і цэнтры сілы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Увага ўсіх без выключэння прыкавана сёння да Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу».

У Азіі Беларусь актыўна развівае дыялог з Кітаем, Іранам, В’етнамам, Інданезіяй, Пакістанам, КНДР, Індыяй, Тайландам, Лаосам, Камбоджай, Малайзіяй, М’янмай, Філіпінамі і іншымі краінамі. На Блізкім Усходзе актыўна ўзаемадзейнічае з Аманам, ААЭ, Саудаўскай Аравіяй, Катарам, прытрымліваючыся тактыкі навядзення мастоў, калі пэўныя краіны становяцца праваднікамі Беларусі ў іншыя рэгіёны.

Немалыя вынікі дасягнуты Беларуссю ў Афрыцы. Летась экспарт туды істотна вырас і склаў больш за паўмільярда долараў. «Паспяхова рэалізуюцца сумесныя праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі з Зімбабвэ і Нігерыяй, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэты элемент супрацоўніцтва стаў брэндам Беларусі ў Афрыцы і выклікае значную цікавасць у іншых краін кантынента — ад Гвінеі-Бісаў да Мазамбіка. Умацоўваюцца сувязі з традыцыйнымі партнёрамі: Егіптам, Кеніяй, ПАР, Эфіопіяй. Новы імпульс атрымалі кантакты з Алжырам. Мы верныя сваім падыходам — прыходзім у Афрыку як сябры, каб дапамагчы і навучыць там, дзе ў гэтым ёсць патрэба».

Што датычыцца Лацінскай Амерыкі, тут Беларусь нацэлена на ўсебаковае ўмацаванне міждзяржаўнага дыялогу з асноўнымі саюзнікамі ў рэгіёне — Венесуэлай, Кубай і Нікарагуа. Дзякуючы планамернаму і паступальнаму выбудоўванню супрацоўніцтва з Аргенцінай, Бразіліяй, Калумбіяй, Панамай, Уругваем і Эквадорам, відаць практычная аддача і гатоўнасць гэтых краін да прагматычнага ўзаемадзеяння.

Акрамя развіцця двухбаковых кантактаў, Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на ўзаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі. Ён нагадаў, што Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам адной з найбуйнейшых уплывовых рэгіянальных структур — Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларусь набыла статус партнёра БРІКС — аб’яднання, якое, па сутнасці, з’яўляецца голасам глабальнай большасці.

«Наш стратэгічны ўклад у стабільнасць і развіццё Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі — забеспячэнне харчовай бяспекі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы можам прапанаваць і, што самае галоўнае, рэалізоўваць комплексныя інтэграваныя рашэнні — ад паставак сельгастэхнікі і трансферу тэхналогій да арганізацыі перапрацоўкі, захоўвання, сервіснага абслугоўвання, лагістыкі. Наша візітная картка на глабальнай арэне — грунтоўнасць і няўхільная рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей, уменне вырашаць маштабныя задачы аптымальнымі сіламі».

«Выбар на карысць саюза з Расіяй прадыктаваны самім жыццём»

Важнай тэмай інтэрв’ю стала развіццё Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнта папрасілі ацаніць дасягнутыя за апошні час вынікі і перспектывы на будучыню.

«Азіраючыся на пройдзены шлях, з упэўненасцю магу сказаць: выбар на карысць саюза з Расіяй прадыктаваны самім жыццём, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэты выбар выратаваў нашы краіны ад эканамічнай катастрофы і страты суверэнітэту». Асабліва востра, паводле яго слоў, гэта выявілася пасля крызісу 1998 года, калі прадпрыемствы спыняліся, цэны раслі, людзі гублялі зберажэнні. Менавіта тады стала канчаткова зразумела — альбо краіны разам знаходзяць рашэнне, альбо кожная будзе выжываць паасобку. 

«І мы знайшлі гэты шлях — праз рэальную эканамічную інтэграцыю, стварэнне сумесных вытворчасцяў, узгодненую сацыяльную палітыку», — канстатаваў Прэзідэнт«.

Канешне, не ўсё атрымлівалася адразу, часам здавалася, што кампраміс немагчымы, але заўсёды было відавочна: цана пытання не ў кароткатэрміновай выгадзе, а ў гістарычным лёсе народаў.

«Мы прайшлі праз мноства выпрабаванняў: фінансавыя крызісы, глабальныя эканамічныя ўзрушэнні, шалёныя санкцыі Захаду, — -канкрэтызаваў беларускі лідар. — Разам мы вытрымалі сур’ёзную праверку на трываласць. Вытрымалі таму, што стварылі унікальны фармат інтэграцыі, які не мае аналагаў у свеце. Пры гэтым кожная краіна захоўвае свой суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўнае будаўніцтва. Моцныя суверэнныя дзяржавы — моцны саюз. Вось формула поспеху любой інтэграцыі»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэсурсы ў Беларусі і Расіі розныя, але ў гэтым і сіла Саюзнай дзяржавы. «Мы не дубліруем адзін аднаго, а арганічна дапаўняем, закрываем прабелы і памнажаем перавагі», — дадаў ён.

Расія была і застаецца галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Па выніках 2024 года Беларусь увайшла ў чацвёрку краін свету па аб’ёме тавараабароту з Расіяй і прадаўжае лідзіраваць сярод краін СНД. Гандлёвы абарот паміж краінамі вырас у сем разоў, дасягнуўшы ў мінулым годзе разам з паслугамі амаль $60 млрд.

Павышаная ўвага надаецца імпартазамяшчальным праектам. Так, напрыклад, з’явіўся кар’ерны самазвал БелАЗ грузападымальнасцю 90 тон з расійскім рухавіком Яраслаўскага маторнага завода магутнасцю 1050 к.с. (Раней у дадзеным класе ўжываліся толькі імпартныя рухавікі). Але галоўным дасягненнем Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць адчувальнае паляпшэнне якасці жыцця грамадзян Беларусі і Расіі. Яны карыстаюцца роўнымі правамі ў Саюзнай дзяржаве пры працаўладкаванні, сацыяльным забеспячэнні, медыцынскім абслугоўванні, адукацыі і ў пенсіённых пытаннях. Уведзены льготныя тарыфы на мабільную сувязь, пашыраны выбарчыя правы, павялічана колькасць авіярэйсаў паміж рэгіёнамі.

Па словах Прэзідэнта, аснова далейшага развіцця саюзніцкіх адносін дзвюх краін — паглыбленне рэгіянальнай інтэграцыі. У гэтым аспекце ён згадаў пра штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

  • «Узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы прайшло сур’ёзную эвалюцыю ад падтрымкі асобных галін да стварэння прынцыпова новых напрамкаў, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва ярка гэты прагрэс бачны ў касмічнай сферы. Толькі ўявіце: восем сумесных праграм, першая беларуская жанчына-касманаўт на арбіце, дзеючы сумесны спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і новы апарат з рэкордным пашырэннем у 35 см, дзе начынне наша, а платформа — расійская». 

Ідзе актыўная работа над стварэннем адзінай лічбавай прасторы, развіццём штучнага інтэлекту, укараненнем разумных тэхналогій. «Сапраўдным тэхналагічным прарывам і сімвалам дружбы брацкіх народаў стала Беларуская АЭС, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наш адказ палітычнаму ціску і пляцоўка для развіцця ўласных кампетэнцый у выкарыстанні мірнага атама».

Без пабудовы аб’яднаных рынкаў энергарэсурсаў, па словах кіраўніка дзяржавы, складана разлічваць на эфектыўны рух наперад. «Падпісаны дагавор аб агульным рынку электраэнергіі — толькі пачатак, — дадаў ён. — Нам трэба рухацца далей: ствараць агульны рынак газу, устанаўліваць адзіныя правілы нафтавага рынку, забяспечваць справядлівыя цэны для перапрацоўшчыкаў, роўныя ўмовы гаспадарання для суб’ектаў абедзвюх краін. У гэтым і сутнасць нашай Саюзнай дзяржавы — не проста дапамагаць адно аднаму, а ствараць агульныя правілы гульні, якія вядуць да фарміравання паўнацэннай адзінай эканамічнай прасторы з захаваннем палітычнага суверэнітэту кожнай краіны. 25 гадоў таму мы заклалі для гэтага фундамент. Сёння будуем будынак, а заўтра ўзвядзём цэлы горад на аснове тэхналагічнага суверэнітэту нашых эканомік. У ім абавязкова знойдзецца месца для новых сумесных праектаў, прарыўных тэхналогій і новых адкрыццяў».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яны часта гавораць: саюз Беларусі і Расіі правераны часам. «Але сёння я скажу больш — ён правераны самім жыццём, — заявіў беларускі лідар. — І пакуль мы захоўваем вернасць агульным ідэалам, пакуль мы разам будуем агульную будучыню, нас не зламаць нікому. У гэтым сіла Саюзнай дзяржавы, залог нашай непераможнасці».

«Трэба адлюстраваць аб’ектыўны погляд на нашу гісторыю»

Адно з пытанняў датычылася будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску. 

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што іх з’яўленне — гэта адказ на запыт часу. «Галоўная задумка — паказаць няпросты тысячагадовы шлях станаўлення беларускай дзяржаўнасці і афармлення беларусаў як самадастатковай нацыі з унікальнай гісторыяй і багатай культурай. Гэта права наш народ заслужыў спаўна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

  • Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы прайшлі складаны гістарычны шлях і дасягнулі высокіх вынікаў. «Не зламаліся, калі жылі пад бізуном паноў, не растварыліся ў чужым этнасе, калі гэтым жа бізуном з беларусаў выбівалі гістарычную памяць, веру, мову, культуру, — заўважыў ён. — Пабудавалі дзяржаву на небывалай разрусе пасля Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Праявілі масавы бяспрыкладны гераізм, абараняючы Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Уся гісторыя народа — подзвіг. Гэта павінна стаць аб’ектам гонару для людзей, асабліва для моладзі, якая актыўна ўключылася ў гэту агульнанацыянальную будоўлю».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што галоўным яго патрабаваннем да аўтараў праекта было — ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлёсту. «Трэба адлюстраваць аб’ектыўны погляд на нашу гісторыю, — лічыць ён. — Усё павінна быць заснавана на фактах і зроблена ў духу часу. У новым будынку музея нашчадкі ўбачаць узор адносін да свайго мінулага».

Над праектам працуюць дасведчаныя архітэктары, будаўнікі і гісторыкі краіны. Паралельна распрацавана канцэпцыя экспазіцыі. Паводле слоў Прэзідэнта, гісторыя Беларусі ў ёй паказана як бесперапынны і заканамерны працэс з’яўлення краіны на палітычнай карце свету, усе этапы гістарычнага развіцця беларускага народа адлюстраваны без выключэнняў і перабольшанняў.

«Незалежная краіна не можа існаваць і развівацца без добра аснашчанай і прафесійна арганізаванай арміі»

У інтэрв’ю прагучала тэма ваеннай службы. Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, падрабязна расказаў пра свой вопыт службы ў пагранвойсках.

«Як і ўсе савецкія хлопцы, лічыў і лічу абарону Радзімы абавязкам сапраўднага мужчыны, — падкрэсліў ён. — Я часта кажу: які ж ты мужык, калі не служыў. Служыць у гады майго юнацтва было пачэсна. Салдат у той час выклікаў ва ўсіх шчырую павагу».

У Беларусі, паводле слоў Прэзідэнта, ваеннай службе вярнулі прэстыж, які быў амаль страчаны ў 1990-я гады, і зараз хлопцы імкнуцца служыць.

«Ваенная служба загартавала мой характар, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яе заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. Я ўдзячны камандзірам, якія мяне шмат чаму навучылі. Часта думаю, што калі б не трапіў у пагранвойскі, не быў бы тым, хто я ёсць сёння».

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што як адзіны сын у маці і педагог па адукацыі ў тыя гады не падлягаў прызыву. Але ўсё ж прыняў рашэнне служыць. «Збольшага натхніўся прыкладам стрыечных братоў і выбраў пагранвойскі, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Я, вядома, рваўся туды, дзе складана. Хацелася выпрабаваць мяжу сваіх магчымасцей, праявіць сябе, прынесці карысць Радзіме. Наша пакаленне было так выхавана».

Накіраванне на службу Аляксандр Лукашэнка атрымаў у Брэсцкі пагранічны атрад — найлепшы ў Савецкім Саюзе. І адпавядаць гэтаму статусу трэба было кругласутачна. «Трэніравалі нас моцна, — расказаў ён пра той перыяд. — На граніцы абстаноўка заўсёды напружаная, патрабуе пастаяннай баявой гатоўнасці. А ў такіх умовах могуць служыць толькі фізічна моцныя, маральна ўстойлівыя і адказныя людзі».

Даслужыўся Аляксандр Лукашэнка да інструктара палітаддзела воінскай часці Заходняй пагранічнай акругі. «Мне падабалася працаваць з асабовым саставам, — удакладніў ён. — Пасля работы ў камсамольскіх органах і лектарам у таварыстве „Веды“ вырашыў прадоўжыць службу афіцэрам у 120-й Рагачоўскай дывізіі імя Вярхоўнага Савета БССР. Пасада намесніка камандзіра роты патрабавала ўмення настроіць салдат на асваенне ваеннай справы, выхаваць у кожным характар воіна, сапраўднага абаронцы».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён ганарыцца тым, што давялося паўдзельнічаць у вучэннях «Захад-1981»: «Сур’ёзныя вучэнні. Калі натаўцы іх убачылі, зразумелі, што з намі жарты дрэнныя».

Праз ваенную службу Аляксандр Лукашэнка спазнаў простую ісціну: незалежная краіна, якая сябе паважае, не можа існаваць і развівацца без добра аснашчанай і прафесійна арганізаванай арміі. «Сёння гэты вопыт дапамагае мне як Галоўнакамандуючаму эфектыўна выбудоўваць і ўмацоўваць сістэму нацыянальнай бяспекі краіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Фізічная актыўнасць — не проста хобі, гэта лад жыцця»

У Прэзідэнта пацікавіліся яго адносінах да фізкультуры і спорту. Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў аб развіцці гэтых напрамкаў у краіне.

«Для нашай краіны спорт — не проста спаборніцтвы і медалі, —звярнуў увагу беларускі лідар. — Гэта адзін з краевугольных камянёў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, інструмент развіцця міжнародных сувязей і пляцоўка для народнай дыпламатыі. А самае галоўнае — здароўе нацыі».

Паводле яго слоў, санкцыі міжнародных спартыўных органаў паставілі беларускіх атлетаў і трэнераў у няпростыя ўмовы. «Аднак, насуперак націску, мы не толькі захавалі, але і ўмацоўваем спартыўны патэнцыял краіны», — канстатаваў Прэзідэнт, адзначыўшы ў сувязі з гэтым асаблівую ролю супрацоўніцтва з Расіяй. Так, за апошнія тры гады праведзена больш як 1,7 тысячы сумесных спаборніцтваў і вучэбна-трэніровачных збораў.

У найбольш уразлівым становішчы аказаліся камандныя гульнявыя віды спорту, якія пазбавіліся звыклага міжнароднага календара. Але і тут была наладжана сістэмная работа, у тым ліку за кошт удзелу ў розных лігах, створаных расіянамі.

«Мы актыўна развіваем спартыўныя сувязі з іншымі сяброўскімі краінамі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на такіх прэстыжных спаборніцтвах, як Гульні краін БРІКС, „Дзеці Азіі“ і „Гульні будучыні“, дэманструюць наш высокі патэнцыял і прыхільнасць Беларусі да асноватворных алімпійскіх прынцыпаў. Наша краіна не толькі ўдзельнічае ў міжнародных стартах, а і сама выступае арганізатарам буйных спартыўных мерапрыемстваў. Мы не закрываемся ад сусветнай супольнасці і гасцінна прымаем у сябе атлетаў з іншых краін». Напрыклад, замежныя ўдзельнікі традыцыйна праяўляюць цікавасць да турніраў па барацьбе, мастацкай гімнастыцы, боксе і іншых відах спорту, якія штогод праводзяцца ў Беларусі

Сумесна з Расіяй апрабаваны новы фармат адкрытых спаборніцтваў — Кубак наймацнейшых спартсменаў. У гэтым годзе яны ахопліваюць 3 зімовыя і 15 летніх відаў спорту. На тэрыторыі дзвюх краін з пачатку года праведзена 12 такіх турніраў з удзелам прадстаўнікоў 18 дзяржаў.

Што да асабістых адносін Аляксандра Лукашэнкі да спорту, то гэта добра вядомае. Спорт заўсёды займаў і прадаўжае займаць важнае месца ў жыцці кіраўніка дзяржавы. «Фізічная актыўнасць — не проста хобі, гэта лад жыцця, які я прапагандую і якога прытрымліваюся сам, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Па магчымасці, вядома, але стараюся не радзей як два разы на тыдзень выходзіць на лёд, трэніравацца. Я б вельмі хацеў, каб наша моладзь таксама аддавалася выбранай справе, імкнулася быць моцнай і паспяховай». 

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю