Статус навукоўцаў залежыць ад іх саміх, а не ад заробку або фінансавання навуковай сферы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведаміла БелТА.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што напярэдадні нарады яму перадалі некалькі аналітычных запісак, і ўсюды гаворыцца аб неабходнасці павышэння статусу вучонага. Аляксандр Лукашэнка акрэсліў сваю прынцыповую пазіцыю па гэтым пытанні.
«Хачу ў вас спытаць пра статус вучонага. Вы ад мяне хочаце, каб я ваш статус павысіў? Вы задумайцеся, як я, над гэтым. Я вось тыдзень думаю, як мне ваш статус павысіць. Ніхто, акрамя самога вучонага, статус павысіць не можа. Гэта павінны зрабіць вы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка задаў прамое пытанне: дзе той вучоны, імя якога грыміць хай не на ўвесь свет і нават не на постсавецкую прастору, але хаця б на Беларусь?
«Гэта не толькі да мяне пытанне, але і да вас — статус вучонага. Запомніце, не павысіце яго — ніякага ў вас статусу не будзе. Статус — не заробак і грошы. Гэта ваш ўзровень як вучонага. Таму статус вучонага шукайце ў сабе», — падкрэсліў беларускі лідар.