Мы заўсёды гатовы падставіць плячо
Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь і Краснаярскі край нядрэнна супрацоўнічаюць. Аб гэтым кажа рост тавараабарота, які дасягае прыкладна 200 мільёнаў долараў. Пік таваарабароту паміж Беларуссю і Краснаярскім краі быў дасягнуты ў 2022 годзе і склаў амаль 234 мільёны долараў, у 2023 ён знізіўся да 207 мільёнаў. А ў 2024 годзе ўзаемны гандаль зноў вырас і дасягнуў 221 мільён долараў.
«Гэты паказчык мы можам значна павялічыць у сувязі з тым патэнцыялам, якім валодае вобласць і наша рэспубліка, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Накірункі супрацоўніцтва, я ўпэўнены, вы добра ведаеце. Я проста нагадаю, што мы супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць па пастаўках нашай тэхнікі, абсталявання, найперш для горнаруднай прамысловасці. Такой тэхнікі, у тым ліку БЕЛАЗаў, у нас дастаткова. І з вамі, і з іншымі абласцямі Расійскай Федэрацыі, дзе гэта магчыма, мы гатовы і будзем супрацоўнічаць». Па словах Кіраўніка дзяржавы, беларускі бок гатовы пастаўляць іншую грузавую тэхніку, прадукцыю АМКАДОР, МАЗ, якая добра вядома ў Краснаярскім краі. Гэтыя і іншыя буйныя прадпрыемствы нашай краіны госці наведаюць падчас свайго візіту, праграма якога досыць насычаная.
«Асобая тэма ў апошні час у Беларусі і Расіі — гэта замена ліфтавога абсталявання. Тут нікуды не падзенешся. Тыя ліфты, якія калісьці ўстанаўлівалі ў савецкія часы, ужо свой тэрмін адслужылі. Мы шмат пастаўляем ліфтоў па ўсім былым Савецкім Саюзе, і найперш у Расійскую Федэрацыю. Ведаю, што патрэба такая ёсць і ў вашай вобласці. Можаце на нас разлічваць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на супрацоўніцтва ў галіне аўтатранспартных перавозак. Па яго словах, беларускія прадпрыемствы гатовы пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт. Прычым гаворка ідзе і аб тэхніцы на газаматорным паліве, не толькі на звычайным. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб гатоўнасці беларускіх прадпрыемстваў выпрацоўваць новыя формы ўзаемаразлікаў, у тым ліку пастаўкі па лізінгу.
«Супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу і пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі — вельмі перспектыўная, наша беларуская тэма. Калі вам будзе патрэбна, мы заўсёды гатовы падставіць плячо вашай вобласці. Мы таксама гатовы супрацоўнічаць з вамі ў галіне будаўніцтва. Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Таму можаце на нас разлічваць, — запэўніў Прэзідэнт. — Словам, вы і вашы калегі добра ведаеце магчымасці Беларусі. Калі мы недзе можам падставіць вам плячо і супрацоўнічаць разам, на перспектыву, ведайце, што мы да гэтага гатовы».

Узаемадзеянне з беларускімі партнёрамі мае для нас стратэгічны характар
У сваю чаргу Міхаіл Кацюкоў прызнаўся, што вельмі рады сустрэцца з беларускім лідарам у Мінску ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. «Краснаярцы з першых дзён вайны сустракалі ворага ў Брэсцкай крэпасці. І гналі яго да Берліна. Наш зямляк Ілья Пятровіч Кузняцоў першы, хто прыняў бой у Паўночных варот Брэсцкай крэпасці, затым змагаўся ў цытадэлі, атрымаў шмат раненняў. Але, напэўна, цуд, сібірскае здароўе і характар дазволілі яму выбрацца з захопленай крэпасці і ён дайшоў да Берліна. Усяго 21 жыхар Краснаярскага краю за вызваленне Беларусі быў прадстаўлены да звання Герой Савецкага Саюза. І мы ганарымся нашымі землякамі, — зрабіў невялікі гістарычны экскурс губернатар. — Упэўнены, што гэта наша агульная гістарычная памяць і мы павінны яе захоўваць і перадаваць моладзі».
Міхаіл Кацюкоў заўважыў, што краснаярскія і беларускія маладыя людзі актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках разнастайных праектаў. «Яны дакладна павінны ведаць, што ў нас агульнае гераічнае мінулае, шматгадовая даўняя дружба, цесныя культурныя, гуманітарныя сувязі. Упэўнены, што гэтыя накірункі мы можам развіваць разам», — сказаў ён.
Губернатар падкрэсліў, што сёння Краснаярскі край — адзін з найбольш эканамічна развітых рэгіёнаў у Расійскай Федэрацыі. «Узаемадзеянне з беларускімі партнёрамі мае для нас стратэгічны характар. Толькі за мінулы год аб’ём тавараабароту павялічыўся прыкладна на 7%. А за два месяцы гэтага года — ужо 14% у параўнанні з першымі двума месяцамі мінулага года. Таму лічба больш за 200 мільёнаў долараў дакладна на з’яўляецца мяжой. Гэта толькі чарговы рубеж, які мы дакладна можам істотна павялічыць», — канстатаваў Міхаіл Кацюкоў.
У размове з журналістамі губернатар адзначыў, што краснаярскіх і беларускіх вытворцаў звязваюць даўнія гады дружбы і многія сумесныя праекты. «У нас практычна 60 працэнтаў кар’ерных самазвалаў — беларускія, 40 працэнтаў трактароў у палях гэтак жа беларускія. І мы бачым, як сёння развіваюцца беларускія прадпрыемствы, ствараюцца новыя віды прадукцыі. У нас ёсць цікавасць да пашырэння такога віду супрацоўніцтва, — сказаў ён. — Нашы прадпрыемствы паміж сабой праводзяць перагаворы аб стварэнні сумесных вытворчасцяў на тэрыторыі Краснаярскага краю, дзе можна было б забяспечыць спачатку зборку, а затым лакалізацыю асобных камплектуючых».

Па словах Міхаіла Кацюкова, важна ствараць і сервісныя цэнтры, дзе можна будзе абслугоўваць і рамантаваць тэхніку. Стварэнне такога цэнтра ён назваў важным і перспектыўным праектам на будучыню. «Прынцыпова важна, і мы аб гэтым дамовіліся, што гэта будзе мультыбрэндавая пляцоўка, дзе будуць прадстаўлены розныя беларускія вытворцы і праца будзе весціся па шырокім спектры спецыяльных машын, абсталявання, але на адной пляцоўцы ў Краснаярскім краі. Мы такую ініцыятыву ўсяляк падтрымліваем і, упэўнены, знойдзем магчымасць яе рэалізаваць у самы бліжэйшы час», — рэзюмаваў кіраўнік рэгіёну.
У Краснаярску актыўна будуецца метро. Гэтаму праекту ўжо шмат гадоў, пачынаўся ён яшчэ ў савецкія часы, затым некалькі разоў быў замарожаны і нарэшце адноўлены. За апошні год зроблена больш, чым за папярэднія 40 гадоў. Міхаіл Кацюкоў не выключыў прыцягнення да гэтага праекта і беларускіх спецыялістаў.
Краснаярскі край знаходзіцца ў самым цэнтры Расіі, з Краснаярска можна ажыццяўляць пастаўкі ў суседнія рэгіёны. Дамовіліся прадметна, у рамках нашай працы ў Беларусі зафіксаваць канкрэтныя прапановы», — паведіміў у гутарцы з журналістамі губернатар. Ён таксама звярнуў увагу, што важна арганізаваць турыстычныя абмены: «Мінск — найпрыгажэйшы горад. І хачу, каб яго ўбачылі краснаярцы. І нам ёсць што паказаць беларусам на берагах Енісея. Для гэтага важна запусціць авіяцыйны рэйс, што мы гэтак жа абмяркоўвалі на сустрэчы з Прэзідэнтам».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
У тэму
Трывалая аснова адносінаў. Беларусь гатова працягваць канструктыўнае супрацоўніцтва па ўсіх кірунках
Пасля прадметнай размовы ў Палацы Незалежнасці губернатар Краснаярскага краю накіраваўся ва ўрад, дзе адбылася сустрэча з намеснікам Прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам.
Віктар Каранкевіч запэўніў Міхаіла Кацюкова ў гатоўнасці Беларусі працягваць канструктыўнае супрацоўніцтва па ўсіх кірунках узаемадзеяння, якія ўяўляюць цікавасць для Краснаярскага краю.
«У першую чаргу хацелася б абазначыць перспектывы ў сферы прамысловасці і звярнуць увагу на машынабудаванне.
У святле запланаваных і маштабных інвестыцыйных праектаў у горназдабыўной і апрацоўчай галінах, якія рэалізоўваюцца на тэрыторыі Краснаярскага краю, неабходнасці замены імпартнай тэхнікі ёсць магчымасць нарасціць пастаўку велікагрузных самазвалаў, а таксама новай тэхнікі, якая раней не закуплялася», — заявіў віцэ-прэм’ер.
«Мы пачалі ўжо сумесную работу па горна-шахтавым і буравым абсталяванні, тэхніцы для падземных работ, — адзначыў ён. — Зацікаўлены пастаўляць і прадукцыю беларускага машынабудавання — пасажырскую, грузавую, камунальную, спецыяльную, сельскагаспадарчую тэхніку. Для гэтага прапануем таксама механізмы льготнага фінансавага суправаджэння паставак, якія ўжо былі прэзентаваны краснаярскаму боку».
Пры гэтым, па словах Віктара Каранкевіча, Беларусь гатова стварыць сучасны цэнтр тэхнічнай падтрымкі тэхнікі БЕЛАЗ, а таксама разгледзець перспектыву стварэння мультыбрэндавага гандлёва-сэрвіснага цэнтра ў Краснаярскім краі.
Таксама наша краіна зацікаўлена ў павелічэнні паставак харчовых тавараў у Расію.
Віктар Каранкевіч адзначыў, што беларускі бок гатовы актывізаваць свой удзел у праграмах развіцця сельскай гаспадаркі, а таксама ўзаемадзеянне ў сферы аграпрамысловага комплексу з Краснаярскім краем — абмену вопытам, тэхналогіямі і спецыялістамі. «Прапаную разгледзець наш вопыт у тэхналогіях жывёлагадоўлі і раслінаводства, вытворчасці і выкарыстанні беларускіх амінакіслот, камбікармоў, прэміксаў, вітамінна-мінеральных комплексаў і ветэрынарных прэпаратаў», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні паставак беларускіх харчовых тавараў, якія добра сябе зарэкамендавалі ў Расійскай Федэрацыі дзякуючы высокай якасці. «Гатовы абмеркаваць перспектывы павелічэння паставак у Беларусь вашай сельскагаспадарчай сыравіны. У ходзе сённяшняй сустрэчы гатовы абмеркаваць гэтыя і іншыя кірункі супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемную зацікаўленасць і ствараюць трывалую аснову для развіцця адносін паміж Беларуссю і Краснаярскім краем», — звярнуў увагу намеснік Прэм’ер-міністра.
З улікам высокіх аб’ёмаў уводу жылля і рэалізацыі праектаў комплекснага развіцця тэрыторый, прамысловага будаўніцтва віцэ-прэм’ер адзначыў магчымасць удзелу беларускіх праектных арганізацый, якія досыць актыўна і паспяхова працуюць у розных рэгіёнах Расіі.
Па матэрыялах БелТА