Сваім выбарчым правам 26 студзеня скарыстаўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы традыцыйна аддае свой голас у галоўны дзень галасавання на ўчастку, размешчаным у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. І як заўсёды, на работу ўчастка прыезд кіраўніка аніяк не паўплываў.
Звычайна журналісты пытаюцца ў кіраўніка дзяржавы, за каго ён галасаваў. Але на гэты раз Аляксандр Лукашэнка не стаў чакаць традыцыйнага пытання і адразу на яго адказаў: «Калі вы хочаце спытаць за каго, павінен вам шчыра прызнацца — за ўсіх!». Прэзідэнт коратка паразмаўляў ў назіральнікамі, якія працуюць на гэтым участку. Ён адзначыў адкрытасць Беларусі для назіральнікаў, а таксама для журналістаў, якія асвятляюць выбары.
Па традыцыі пасля галасавання Аляксандр Лукашэнка прама на ўчастку адказвае на пытанні журналістаў. Сёлета, традыцыю не парушылі, а крыху змянілі. Беларускі лідар размаўляў з прадстаўнікамі СМІ «не нагах», а ў адной з аўдыторый БДУФК, каб не перашкаджаць рабойце выбарчага ўчастка. Ужо да пачатку гэтай размовы ўсім стала зразумела, што будзе вельмі цікава. Паколькі Аляксандр Лукашэнка адразу падкрэсліў, што на ўсе пытанні будуць дадзеныя адказы і заклікаў журналістаў не баяцца задаваць самыя розныя пытанні, так і атрымалася. Прэс-канферэнцыя беларускага лідара працягвалася 4 гадзіны 25 хвілін. Прэзідэнту задалі больш за 30 пытанняў.
У гэтай публікацыі мы пастараліся сабраць усе акцэнты, што прагучалі ў адказах кіраўніка дзяржавы
Аб прызнанні выбараў замежнымі краінамі: «Мне галоўнае, каб беларусы прызналі гэтыя выбары»
Вялікая частка пытанняў была прысвечана выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І як тут было не ўзгадаць рэзалюцыю Еўрапарламента аб непрызнанні выбараў у Беларусі, апублікаваную яшчэ да афіцыйнага заканчэння выбараў. «Гэта поўзанне перад „старэйшымі братамі“ ў Вашынгтоне. Калі вы ўжо сапраўды так прынцыпова ставіцеся да выбараў, дык вы ім што-небудзь скажыце пра амерыканскія выбары — страшна. А тут можна: ведаюць жа, што нічога не будзе. Ну, выказаліся — нават у Амерыцы смех гэта выклікала ў асобных спецыялістаў. Як можна ацаніць нешта, якое яшчэ не адбылося? Як заўсёды, відаць, паспяшаліся і наляпалі, што потым давядзецца ад гэтага адмывацца. Давайце гэта ўспрымаць як дадзенасць — заявілі і заявілі», — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка на просьбу пракаментаваць гэты дакумент. «А потым, давайце абсалютна шчыра, гэта што нам, моцна нашкодзіла? Не. Шчыра скажу, гэта нам нават выгадна. Яны самі сябе паказалі ў гэтым свеце. І дзякуй ім», — дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што да падобных заяў трэба ставіцца спакойна, паколькі кошт гэтай заявы — нуль. «Нават калі б гэта было па сутнасці і адпавядала рэчаіснасці. Нуль. Мы праводзім выбары для свайго народа», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст брытанскага Бі-бі-сі Стыў Розенберг, якога папрацаваць на выбарах запрасіў асабіста Аляксандр Лукашэнка, спытаў, як можна прызнаць гэтыя выбары дэмакратычнымі. «Прызнаеце вы там у Еўрасаюзе, не прызнаеце гэтыя выбары — гэта справа густу. Паверце, клянуся, мне гэта абсалютна фіялетава, прызнаеце вы нашы выбары ці не. Мне галоўнае, каб беларусы прызналі гэтыя выбары і спакойна яны завяршыліся, як і пачаліся. Вось гэта галоўнае. А там — ваша справа. Прызнаеце — мы будзем удзячныя. Не прызнаеце — дык вы ўжо не прызналі», — не надта дыпламатычна, але цалкам зразумела адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён задаў рытарычнае пытанне: што змянілася б у Амерыцы, калі б беларускі бок не прызнаў выбары ў ЗША і не прызнаў Трампа. Нічога. Таксама і ў Беларусі нічога не адбудзецца ад непрызнання выбараў заходнімі краінамі.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што беларусы 26 студзеня не лёс свой, мы ўжо яго вызначылі. «Калі пяць гадоў таму мы бачылі, што ў нас ачмурэлых была пэўная колькасць, сёння Беларусь ужо іншая: прышчэпку атрымала», — падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што пасля 2020 года вельмі рады таму, што сёлетняя прэзідэнцкая кампанія праходзіць спакойна і па-дзелавому. Па яго словах, шоу нам не трэба. «Гэта не наша. Выбары — гэта сур’ёзная рэч. Сур’ёзныя рэчы павінны сур’ёзна рабіцца. Чаго хадзіць, гвалтам крычаць, праводзіць мітынгі?», — адказаў Аляксандр Лукашэнка журналісту, які пацікавіўся, чаму была агітацыя выбараў у цэлым, а не кожнага асобнага кандыдата. Кажучы пра сябе асабіста, кіраўнік дзяржавы, заўважыў, што яму і не трэба была агітацыя — народ і так бачыць дзеючага Прэзідэнта, бачыць, як ён працуе. Наведваючы прадпрыемствы, Аляксандр Лукашэнка заўсёды размаўляе з калектывам, адказвае на пытанні людзей.
Аб пераемніках і планах: «Маладое пакаленне» — гэта не мой малодшы сын і не мой старэйшы сын»
Паколькі абмежаванняў на пытанні не было, задавалі Прэзідэнту і асабістыя пытанні. Адно з іх быў прысвечаны таму, ці шукае Аляксандр Лукашэнка сабе пераемніка. Ён адказаў, што сам асабіста нікога не шукае. Але, канешне, яму неабыякава, хто будзе ва ўладзе. «Але мы пакуль жывем гэтымі выбарамі. Пасля выбараў будзем думаць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, зараз трэба думаць аб тым, як паспяхова прайсці 2025 год, развіваючы супрацоўніцтва з Расіяй, і як працаваць так, каб не трапіць у залежнасць у тым ліку ад краін Захаду.
Журналісты ўзгадалі прамову беларускага лідара на «Марафоне адзінства», дзе прагучала «вы будзеце будаваць краіну, можа, нават без мяне» і пацікавіліся планамі на 2030 год. «Я шчыра гэта казаў. Шчырасць заўсёды падкупляе. Гэта канёк маёй палітыкі», — адрэагаваў на гэта Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што аб 2030 годзе пакуль рана казаць. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што прыйшоў час старэйшаму пакаленню перадаць краіну маладому пакаленню. Па яго словах, будучая пяцігодка — гэта пяцігодка маладых людзей. Пры гэтым, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы, размова не пра персаналіі. «Вы ў мяне адразу: хто гэта будзе? Гэта будзе новае пакаленне. Зразумела, напэўна, будзе і новы Прэзідэнт. Будзем пакрысе рыхтаваць новае пакаленне. Вы паглядзіце, будучыя прэзідэнты (хацелася б) — гэта цяперашнія губернатары, цяперашнія міністры — члены ўрада, кіраўнікі палат парламентаў, вышэйшыя службовыя асобы. Гэта людзі ўжо зусім іншыя», — адзначыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што зараз і ў сферы культуры, і ў сродках масавай інфармацыі прыйшло новае пакаленне, з якім трэба працаваць.
«Маладое пакаленне — гэта не мой малодшы сын і не мой старэйшы сын», — асобна падкрэсліў Прэзідэнт. Ён расказаў, што нядаўна ў «брыдкіх рэсурсах» прачытаў аб тым, што нібыта «зняў з пасады» свайго старэйшага сына. Раней Віктар Лукашэнка быў памочнікам кіраўніка дзяржавы па пытаннях нацыянальнай бяспекі. Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, гэта пасада проста была ліквідавана, а абавязкі размеркаваныя паміж ААЦ і КДБ. «Але я са здзіўленнем даведаўся, што я, аказваецца, свайго старэйшага сына адхіліў ад пасады. І нібыта я ўжо ледзь малодшаму кажу: „Будзеш Прэзідэнтам“. Ды ён у страшным сне гэта сабе ўявіць не можа ўжо зараз, і ніводзін з маіх сыноў», — развеяў фэйкі Аляксандр Лукашэнка.
У беларускага лідара спыталі, ці апошнія гэта для яго выбары. «Я паміраць не збіраюся. Прыйдзе час, над гэтым падумаем», — адказаў ён. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што працаваць Прэзідэнтам — гэта больш, чым трымацца за ўладу. Найперш, гэта адказнасць за ўсё і ўсіх. «Ты павінен забыць сваё і сканцэнтравацца на дзяржаўным. Калі па-сапраўднаму. Па-сапраўднаму — ад усяго адракайся і забывай. Я так разумею сваю місію Прэзідэнта. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы будзем думаць аб тым, хто будзе працягваць гэтую місію Прэзідэнта. Мы нікога не будзем ціснуць. Гэта бескарысна. Але будзем прапаноўваць кандыдатуры тыя, якія маладзейшыя за нас (змена пакаленняў ідзе) і якія могуць утрымаць той курс, які мы праводзім. Калі мы прыйдзем да агульнага меркавання, што ў нас ёсць мужыкі, якія ўзначаляць гэтую краіну і будуць у правільным кірунку яе весці, паверце, я ў гэтым крэсле не затрымаюся. Але гэта павінна быць не толькі маё меркаванне».
Аб назіральніках БДІПЧ і заходніх журналістах: «Вы вызначыцеся, што вы маеце на ўвазе пад дэмакратыяй»
Аляксандр Лукашэнка падчас размовы за гэтыя чатыры з паловай гадзіны неаданаразова падкрэсліваў, што фармат абсалютна дэмакратычны. Шмат казалі і пра дэмакратыю, а дакладней пра розныя погляды на яе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь запрашала для працы на выбарах назіральнікаў з БДІПЧ, але яны адмовіліся па надуманых прычынах, адной з якіх было тое, што запрашэнне паступіла позна. Але, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, нідзе не прапісаны тэрміны, за якія трэба запрашаць назіральнікаў. Зараз БДІПЧ заклікае не прызнаваць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. Беларускі лідар у адказ на гэта папрасіў паказаць крытэрыі дэмакратычнасці, патрабаванні да працэсу выбараў. «Яны самі сабе прыдумалі і пачынаюць потым разважаць на гэтую тэму», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нікому не забаранялі ўезд у Беларусь. Ён зрабіў акцэнт на тым, што грамадзяне прыкладна 90 краін могуць скарыстацца бязвізам для ўезду ў Беларусь. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што іншай краіны з такой адкрытасцю назваць немагчыма.
«Вы вызначыцеся, што вы маеце на ўвазе пад дэмакратыяй. Можа, ёсць нейкія крытэры дэмакратычнасці? Давайце вызначымся і па гэтых крытэрыях будзем ацэньваць і Амерыку, і Вялікабрытанію, і Брусель, і Мінск. А так вы нам адны крытэры падсоўваеце і ацэньваеце нас, а ім — іншыя. Гэта няправільна», — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да прадстаўнікоў заходніх краін. Ён прывёў яшчэ адзін красамоўны прыклад беларускай адкрытасці. Прэзідэнту далажылі аб тым, што прадстаўнікі нямецкага інфармацыйнага агенцтва захацелі зняць рэпартаж з беларуска-ўкраінскай мяжы. Але беларускія пагранічнікі гэтага не дазволілі. «Я кажу: «Хлопцы, вы што? Вы паклікалі журналістаў і ім забараняеце нешта рабіць у Беларусі. Яны ж тэракты не здзяйсняюць? — Не. — Дык чаго вы ім забараняеце? Неадкладна патэлефануйце. Калі яны хочуць — хай едуць, здымаюць. Але папярэдзьце, што да граніцы пажадана не набліжацца», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, вось гэта дэмакратычна, нармальна. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, напрыклад у Амерыцы, журналістаў не пусцілі б на парог выбарчага ўчастка, дзе галасуе дзейны Прэзідэнт і тым больш не пусцілі б да размовы з ім.«І вы гэта праглынаеце спакойна. Вы баіцеся», — сказаў ён. Разам з тым, ён падкрэсліў, што разумее, чаму ў многіх заходніх СМІ сітуацыя ў Беларусі прадстаўлена не так, як ёсць на самой справе. «Гэта палітыка рэдакцыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў яго распараджэнні апынуліся рэдакцыйныя патрабаванні аднаго інфармацыйнага агенцтва да карэспандэнтаў, дзе адкрытым тэкстам указваецца на неабходнасць падаваць інфармацыю не аб’ектыўна, а пад пэўным вуглом, хаваць асобныя факты, каб у аўдыторыі не ўзнікла «нязручных» пытанняў.
Аб справядлівасці пакарання: «Закон суровы, але ён закон»
Заходнія журналісты, карыстаючыся магчымасцю адкрыта задаваць пытанні, адзначылі, што ў Беларусі не можа ісці гаворка пра дэмакратыю, паколькі праціўнікі ўлады знаходзяцца або за мяжой, або ў месцах не такіх далёкіх. «Мы нікога не выганялі з краіны. Больш за тое, мы адкрылі краіну. І я разоў пяць заяўляў аб тым, што мы не злапомныя людзі. Кожнаму будзе дадзены шанс. Прыязджайце — адказвайце. Парушыў закон жорстка — у месцы не такія аддаленыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў любой дзяржаве за парушэнне закона трэба несці адказнасць і нагадаў класічнае: суровы закон, але ён закон.
У чарговы раз адказваючы на пытанне карэспандэнта Бі-бі-сі Стыва Розенберга аб Марыі Калеснікавай, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля заяў аб тым, што яна ледзьве не памерла і што да яе нікога не пускаюць, яе па даручэнні Прэзідэнта паказалі народу і пусцілі да яе бацьку. «Ты зноў мне пра Калеснікаву... Ты скажы, калі ты хочаш паехаць да Калеснікавай — арганізуем. Ты скажы, калі ты гэтага хочаш. Мы будзем думаць, як паступіць, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Розенберга. — Задай ёй пытанне: „Марыя, ты чаго тут сядзіш?“ І яна табе павінна адказаць. Гэта не да мяне пытанне. Для таго, каб гэта пытанне набыло гучанне і пачало разглядацца, па законе (што ў вас, што ў Амерыцы, што ў Брусэлі і гэтак далей), жалезнае правіла (гэта мы ў вас, дэмакратаў, спісалі): ты павінен звярнуцца да чалавека, які прымае рашэнне аб памілаванні. Калі ты не звяртаешся, значыць, табе там добра».
Пакуль Аляксандр Лукашэнка адказваў на пытанні журналістаў, у Варшаве пачаўся мітынг супраць выбараў у Беларусі. Журналіст агенцтва «Франс Прэс» назваў яго масавым. Аляксандр Лукашэнка заўважыў на гэта, што аб ніякай масавасці там не можа ісці гаворка, замест прадстаўленых у СМІ тысячах людзей, некалькі дзясяткаў. «Не смяшыце людзей. Я ведаю, як гэты мітынг рыхтаваўся. Няма там мітынгу, таму што прыпынена фінансаванне. Трамп не даў грошы», — сказаў ён. Беларускі лідар звярнуў увагу, што заходнія СМІ неаднаразова лавіліся на неаб’ектыўнасці і перабольшванні колькасці ўдзельнікаў вулічных акцый, як гэта было ў Мінску ў 2020 годзе. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што даручыў адпаведным службам устанавіць асобы ўдзельнікаў акцыі, якія маюць дачыненне да Беларусі. Некаторыя з іх адмовіліся выходзіць на мітынгі, каб не падстаўляць родных і блізкіх, якія жывуць у Беларусі. Ды, і як заўважыў кіраўнік дзяржавы, многія з тых, хто з’ехаў, самі хочуць вярнуцца дадому.
Што датычыцца «палітзняволеных», пра якіх актыўна пыталі заходнія журналісты, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што некалькі дзясяткаў з іх ўжо былі памілаваныя. Але гэта нельга ўспрымаць як сігнал Захаду. «Публічна вам заяўляю, што мы не хочам выкарыстоўваць гэты працэс вызвалення гэтых крымінальнікаў дзеля таго, каб даць сігнал Захаду. Пляваць я хацеў на гэты Захад», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Вы нікому не верце, што на мяне хтосьці націснуў, што гэта хтосьці са збеглых. Наогул з імі не маем ніякіх адносін...» — сказаў ён. Беларускі лідар растлумачыў, што памілаваны былі тыя, хто папрасіў аб памілаванні, а таксама людзі пажылога ўзросту, і людзі з сур’ёзнымі захворваннямі. Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў акцэнт на тым, што ў Беларусі няма палітвязняў. «Яны парушылі Крымінальны кодэкс. Калі камусьці цікава, мы можам крымінальную справу паказаць і паказаць, якія артыкулы закона парушаны. Вызваляем гэтых людзей, выключна зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці. А не таму, што хтосьці вось захацеў», — сказаў ён. Прэзідэнт расказаў, што звароты з іншых краін, у прыватнасці з ЗША, наконт іх грамадзян, асуджаных у Беларусі, чуюць. І разглядацца яны будуць без усялякіх апазіцыянераў. «Думаю, і там, і тут людзі разумныя, дамовімся. Калі яны не забівалі, не гвалтавалі, мы разгледзім гэтае пытанне. Але калі яны груба парушылі Крымінальны кодэкс, я не магу гэта зрабіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аб альтэрнатыўным меркаванні: «Апазіцыя — гэта тыя, хто знаходзіцца ў краіне»
У Прэзідэнта спыталі, ці будзе ён весці дыялог з апазіцыяй, якая з’ехала за мяжу. «Вы ведаеце, апазіцыя — гэта тыя, хто знаходзіцца ў краіне. А дыялог я гатовы весці з тымі, ад каго нешта залежыць», — адказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, пра стасункі з апазіцыяй за мяжой няма чаго казаць. Ён адзначыў, што адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты Ганна Канапацкая — прадстаўнік апазіцыі, якая не адзін год крытыкуе ўладу, але пры гэтым застаецца ў краіне. І яе настойлівасць некаторымі людзьмі падтрымліваецца, вынікі выбараў пакажуць, наколькі.
«Камуністы, як бы мяне ні хвалілі, у іх таксама па асобных пытаннях ёсць прэтэнзіі да дзейнай улады. Яны гэта бачаць па-іншаму, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Вось з імі я гатовы весці дыялог, і з іншымі кандыдатамі. Я з імі гатовы, таму што ад іх хоць нешта залежыць у краіне. А калі яны будуць дэпутатамі парламента, калі прэзідэнтам хтосьці стане — чаму не весці дыялог, трэба весці». А весці дыялог з замежнай беларускай апазіцыяй Аляксандр Лукашэнка параіў заходнім краінам. «Глядзіце, не празявайце. Яны вам падкінуць столькі праблем, што ачухацца не зможаце потым. Я вас папярэджваў — вы ствараеце у Польшчы, Літве харугвы, а ва Украіне стварылі беларускі добраахвотніцкі корпус, глядзіце, каб яны гэтыя кулямёты супраць вас не павярнулі. — сказаў ён. — Таму мне аб чым з імі гаварыць? Будуць прапановы — разгледзім».
Журналіст Бі-бі-сі Стывен Розенберг спытаў, як Аляксандр Лукашэнка ставіцца да таго, што яго сапернікі выказваліся ў яго падтрымку. Маецца на ўвазе лідар Камуністычнай партыі. «Стыў, гэта для цябе новы досвед. Дык а што ты мне прапануеш, мне цешыцца або засмучацца з гэтай нагоды?» — пажартаваў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што гэта звязана з палітыкай, якая праводзіцца ў Беларусі. «У адзінай краіне на постсавецкай прасторы, у Беларусі, мы ніводную партыю ніколі не гнабілі. Нават Беларускі народны фронт. Нават Зянона Пазняка, чый пункт гледжання зусім адрозніваецца ад майго, я яго нават павіншаваў з юбілеем нядаўна. І прызнаю, што гэта сапраўдны рэвалюцыянер», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Што тычыцца непасрэдна камуністычнай партыі, то іх палітыка справядлівасці — гэта дзяржаўная палітыка Беларусі. «Чаго яны супраць мяне будуць выступаць?»- задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы. У цэлым, па яго словах, кандыдаты ў Прэзідэнты так ці інакш маюць дачыненне да той палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі, яны таксама ў ёй задзейнічаны, і нясуць адказнасць за яе рэалізацыю. Таму ў іх няма падстаў жорстка крытыкаваць дзяржаўную палітыку.
Заходнія журналісты намякнулі, што гэта звязана з тым, што ў Беларусі нельга крытыкаваць уладу. Аляксандр Лукашэнка папрасіў пацвердзіць гэта фактамі. «Канапацкая крытыкуе цяперашнюю ўладу, вы проста не ў тэме. Яна супраць прэзідэнцкай улады, за парламенцкую рэспубліку, прыватызацыю прадпрыемстваў, земляў і гэтак далей. Яна зусім альтэрнатыўную палітыку праводзіць, якую хацелі б бачыць у тым ліку англічане ў нас. Але робіць гэта цывілізавана. Не так, як крычаць гвалтам у Амерыцы», — звярнуў увагу беларускі лідар. Ён зрабіў акцэнт на тым, што крытыка павінна быць абгрунтаванай і цывілізаванай. «Мы рот закрываць не будзем і не закрываем. Гаварыце. Але мы пяць гадоў праводзілі такую палітыку, каб народ не абвінаваціў нас. Вось і вынік. Я нікому нічога не забараняў, перш за ўсё таму, што мне гэтага не трэба. Гэта было б на шкоду», — дадаў беларускі лідар.
Журналісты паднялі пытанне наконт звальнення людзей за ўдзел у падзеях 2020 года. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўдзел у тых беспарадках — гэта парушэнне правоў іншых грамадзян і Крымінальнага кодэкса. Але прызнаў, што перагібы з боку тых, хто разбіраўся з наступствамі тых падзей, былі. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэту сітуацыю пераламалі. «Гэтага ў Беларусі ўжо няма. Але было: калі недзе спатыкнуўся чалавек — звольніць яго. Не трэба яго звальняць. Трэба даць чалавеку шанц. Я не гавару: дараваць. Яму трэба даць шанц», — дадаў ён. Тым больш, як падкрэсліў Прэзідэнт, большасць з тых, хто спатыкнуўся ў 2020 годзе, усвядомілі сваю няправасць, раскаяліся. «Па гэтым пытанні тэма закрытая. Мы не будзем бегаць за кожным і караць, але мы іх бачым — тых, хто парушаў Крымінальны кодэкс», — рэзюмаваў ён.
Аб унутранай палітыцы: «Для жыцця чалавека ў нас ёсць усё, але гэта трэба развіваць»
Удзельнікі прэс-канферэнцыі з Прэзідэнтам звярнулі ўвагу можа і на не самую цікавую для заходніх краін, але найважнейшую для Беларусі тэму — унутраную палітыку. Журналісты пацікавіліся, чаму Аляксандр Лукашэнка часта папярэджвае, што 2025 год будзе складаным. «Я сыходжу з цяперашняй сітуацыі. Вайна скончыцца — дай бог, будзе крыху лепш. Вы ж разумееце, што вайна на гэтым рэгіёне адбіваецца сур’ёзна. Я ўжо не кажу пра Расію, якая траціць прыстойныя грошы на вайну. Расія — наш саюзнік, наш асноўны рынак, куды мы пастаўляем прадукцыю, і наш асноўны пастаўшчык. Мы звязаны вельмі шчыльна. І мы моцна залежым адзін ад аднаго, асабліва мы ад Расіі», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што зараз у Расіі няпростая эканамічная сітуацыя, а значыць і ў Беларусі яна будзе складанай. Таму беларускі лідар і папярэджвае вертыкаль улады і вытворцаў, што гэты няпросты год трэба вытрымаць, а для гэтага трэба мабілізоўвацца.
І хоць, як заўважыў Прэзідэнт «крытычная маса ў 2025 годзе не разыдзецца», беларусы рукі не апускаюць. Сёння Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе ўсім, без чаго людзі не могуць абыходзіцца. У краіне вырабляецца якаснае харчаванне, запатрабаванае ў многіх краінах свету. Развіваецца і актыўна пастаўляе на экспарт сваю прадукцыю прамысловасць, захаваная з савецкіх часоў. У Беларусі працуюць унікальныя прадпрыемствы кшталту БНБК, ствараюцца новыя вытворчасці. «Для жыцця чалавека ў нас ёсць усё, але гэта трэба развівацца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Часткова такі прагрэс выкліканы неабходнасцю імпартазамяшчэння, якая ўзнікла пасля ўвядзення санкцый. Але самі вытворцы адзначаюць, што гэты перыяд яны ўжо прайшлі і цяпер ідуць зададзеным курсам да новых вяршынь. На гэта звярнулі ўвагу расійскія журналісты, якія аб’ехалі некалькі беларускіх прадпрыемстваў. «Мы ўжо дайшлі да імпартазамяшчэння нават у выбарчым працэсе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, Беларусь і Расія забяспечылі сабе «выбарчы суверэнітэт» на аснове свайго заканадаўства, а не нейкіх міфічных «дэмакратычных каштоўнасцей і прынцыпаў».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў Беларусі працуюць над стварэннем крыптавалюты. Гэта прапануюць самі беларускія айцінікі. «Нам гэта нармальна — разлікі весці ў крыпце, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У нас лішкі электраэнергіі ёсць. Мы паспяхова гэта выкарыстоўваем».
Удасканальваецца работа са штучным інтэлектам. Як паведаміў кіраўнік дзяржавы, на пачатковай стадыі распрацоўкі знаходзіцца пытанне заканадаўчага рэгулявання выкарыстання нейрасетак. Па словах беларускага лідара, праца ў гэтым напрамку будзе ісці хуткімі тэмпамі. Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў свой нядаўні візіт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе актыўна абмяркоўвалася пытанне штучнага інтэлекту. Пытанне найважнейшае. «Нядаўна генеральны сакратар ААН заявіў, і гэта таксама меркаванне сусветных спецыялістаў: чалавецтва сёння не ўмее кантраляваць і кіраваць штучным інтэлектам, гэта можа прывесці да гібелі ўсяго чалавецтва», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму, па яго словах, трэба трымаць гэта пытанне на кантролі. Калі трэба — нават дзейнічаць жорстка, абараняючы сваю краіну. «Галоўнае, каб тыя, хто наперадзе нас, гэта перш за ўсё ЗША (Кітай супраць нас не будзе змагацца), каб яны не разбурылі нам краіну. І калі амерыканцы, інвеставаўшы туды паўтрыльёна долараў, думаюць, што яны, апярэдзіўшы іншых, на гэтым нешта атрымаюць, яны могуць атрымаць зваротны. эфект. Вакол Трампа, бізнэсмэна, мільярдэра, круцяцца такія ж мільярдэры тыпу Маска, яны хай думаюць яшчэ і аб тым, што гэта можа быць накіравана супраць іх. Яны гэтага звера з клеткі выпусцяць і ён выскаліць зубы супраць іх», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён прывёў у прыклад Кітай, які выкарыстоўвае штучны інтэлект у стваральных мэтах, у напрамках, важных для грамадства, кшталту медыцыны ці абароны.
Аб супрацоўніцтве з Кітаем: «Мы паспяхова Захад замяняем на Усход»
Прынамсі, беларускія і кітайскія падыходы супадаюць не толькі ў сучасных, але і ў гістарычных адносінах. Кітайскі журналіст пацікавіўся, наколькі важна сёння захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і памятаць пра ўрокі Другой сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка як гісторык нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны у СССР загінулі каля 30 мільёнаў чалавек, прыкладна столькі ж страціў Кітай у барацьбе з японскім мілітарызмам. Гэтыя падзеі памятаюць як у Беларусі, так і ў Кітаі, і нездарма запрашаюць адзін аднаго на адзначэнне гадавін. «Думаю, што традыцыйна, калі ў нас будзе парад, нашы кітайскія сябры і таварышы прымуць у ім удзел. А ўвогуле кітайцы вельмі актыўна прымаюць удзел у культурных, эканамічных акцыях. Плавальны басейн мы ўжо адкрылі, а зараз адкрыем футбольны стадыён (жамчужына, прыгажун, Мінск упрыгожыў) якраз да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Так што вы будзеце на парадку дня як нашы лепшыя сябры і памочнікі. Разам будзем адзначаць», — заўважыў беларускі лідар.
У Аляксандра Лукашэнкі спыталі, якім ён бачыць далейшае развіццё беларуска-кітайскіх адносін. Прагноз выключна аптымістычны. Беларускі лідар звярнуў увагу, што супрацоўнічаць Беларусь і Кітай будуць ціха, спакойна, бо хапае ашалелых, гатовых уставіць палкі ў калёсы. «Мы дамовіліся з кітайцамі, што не будзем апублічваць, занадта дэталізаваць наша супрацоўніцтва. Але сёння тое, што мы некалі планавалі і пачыналі рабіць з заходнімі кампаніямі, мы паспяхова скончылі і працуем з кітайцамі. У Кітаі для развіцця нашай эканомікі ёсць усё», — адзначыў ён. І што важна, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, кітайцы, у адрозненне ад заходніх контрагентаў, не хаваюць свае тэхналогіі і гатовы дзяліцца імі.
«Мы паспяхова Захад замяняем на Усход за кошт Расіі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў асноўным. Ёсць і іншыя краіны. У гэтым сутнасць нашага супрацоўніцтва», — сказаў Прэзідэнт.
«Вось наша будучыня: мы для вас гатовы зрабіць усё, што вам трэба ў Еўропе, а вы для нас зробіце ўсё для таго, каб наша краіна засталася высокатэхналагічнай і мы маглі замяніць заходніх прадстаўнікоў, якія ўцяклі ад нас. Не канкрэтызуючы, не дэталізуючы. Шмат кітайцы нам дапамаглі, думаю, што і дапамагаць будуць», — рэзюмаваў Прэзідэнт, звяртаючыся праз кітайскага журналіста да кітайскай аўдыторыі.
Аб саюзнай бяспецы: «Парасон патрэбен, каб дажджу ўвогуле не было»
Вялікі пул журналістаў з Расіі акрэдытаваны для работы на выбарах. Таму пытанні саюзнага парадку дня актыўна гучалі на прэс-канферэнцыі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка нават прызнаўся, што ў выпадку сваёй перамогі на выбарах найперш здзейсніць візіт у Расійскую Федэрацыю, дзе правядзе перагаворы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Па яго словах, было б дзіўна, калі б першым пунктам была не Масква. Тым больш, што абмеркаваць ёсць шмат чаго. Напрыклад, у апошнія гады Беларусь актыўна ўцягнута ў працэс імпартазамяшчэння ў Расіі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта праца выгадная для дзвюх бакоў.
Актуальная для Саюзнай дзяржавы і тэма бяспекі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што гэта прыярытэтнае пытанне. Як пацверджанне гэтаму — прынятая нядаўна Канцэпцыя бяспекі Саюзнай Дзяржавы, якую ўзгадалі журналісты. Яны таксама ўзгадалі цытату сакратара Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі Сяргея Шайгу, аб тым што расійскі «ядзерны парасон» забяспечвае абарону Рэспублікі Беларусь у тых жа рамачных сцэнарах, у якіх Расія дапускае ядзернае рэагаванне для ўласнай абароны. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што ядзерная зброя ў Беларусі служыць найперш для стрымлівання. «Гэты „ядзерны парасон“ патрэбен не для таго, каб не прамокнуць пад ядзерным „дажджом“, а каб гэтага „дажджу“ ўвогуле не было», — вобразна растлумачыў ён.
У працяг тэмы абароны закранулі і пытанне размяшчэння на беларускай тэрыторыі «Арэшніка». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне размясціць на Беларусі гэты комплекс — гэта адказ на жаданне і магчымасць размяшчэння амерыканскіх ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе. Журналісты спыталі, дзе дакладна будзе размешчаны «Арэшнік». «Туды, бліжэй да Смаленска. Я так мару. А там паглядзім. Трэба пэўную адлегласць. Дрэнна, калі твае аб’екты паражэння вельмі блізка. Але і калі вельмі далёка, меншую нагрузку яны могуць несці. Таму я разглядаю недзе каля Расіі. Тым больш гэта агульная зброя. Я не кажу, што менавіта пад Смаленскам. Я проста зараз так думаю», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Спыталі і пра тэрміны пастаўкі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яны з Уладзімірам Пуціным пакуль тэрміны не вызначалі. «Не гарыць», — заўважыў беларускі лідар. І адзначыў, што гэта не так проста, тым больш што пастаўка такой зброі — справа нятанная, ды і Расіі яна зараз патрэбная. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, зараз галоўнае, каб амерыканскія ракеты сярэдняй далёкасці не патрапілі на тэрыторыю Еўропы, таму што яны могуць быць абсталяваныя і ядзерным кампанентам.
Аб уплыве Трампа на геапалітыку: «Я не зусім разумею і не ведаю, што зменіцца ў нас у нашым рэгіёне»
На прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Беларусі, журналісты (найперш заходнія) нямала ўвагі ўдзялілі і іншаму прэзідэнту — выбранаму нядаўна Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
«Дональд класны артыст, акцёр. Ён шоумен, бізнесмен і іншае. Вельмі класны. Ён умее гэта рабіць. Мы таксама гэта ўмеем рабіць. Але ў яго характар такі, што ён не саромеецца гэта рабіць. Як вопытны палітык, павінен сказаць, што я не зусім разумею і не ведаю, што зменіцца ў нас у нашым рэгіёне пасля прыходу да ўлады Трампа», — адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытанне аб тым, якіх геапалітычных змяненняў ён чакае пасля прыходу Трампа да ўлады. Ён параіў менш увагі звяртаць на заявы, якія робяцца ў ЗША, паколькі большасць з іх агучваюцца для рэзанансу ў СМІ. Па словах беларускага лідара, варта ўзяць прыклад з Кітая, для якога амерыканскія заявы — 25-е пытанне на парадку дня. «Так, буйная эканоміка, трэць сусветнага ВУП. Ну і што? Дык гэта трэць. А астатняе дзе — у Кітаі, Індыі, у Расіі, іншых краінах. А рэсурсы якія? А Афрыка прачнулася — больш танцаваць не будзе пад бізуном ЗША», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раздзяляе і пазіцыю свайго турэцкага калегі Эрдагана і ставіцца да палітыкі ЗША спакойна. «Мы не чакаем ад Амерыкі нейкіх падачак, але мы хочам з імі супрацоўнічаць. Разумеючы, што гэта ўсё ж вядучая краіна ў свеце, яна сур’ёзна ўплывае і на эканоміку ўнутры Беларусі, нашага саюза з Расіяй, на эканоміку Кітая. Аказвае ўплыў на эканоміку ўсіх краін. Ну і чаго нам сварыцца? Мы з Амерыкай глабальных пытанняў вырашаць у свеце не будзем, мы ведаем сваё месца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, не выключана, што Дональд Трамп можа паўплываць на вырашэнне канфлікту ва Украіне. І тут, па словах беларускага лідара, варта спадзявацца на «алагічнае рашэнне» амерыканскага прэзідэнта, на якое ён здольны ў параўнанні з традыцыйнай палітыкай ЗША. «Калі зыходзіць з логікі і карыстацца ўкаранелымі крытэрамі вырашэння такіх пытанняў, амерыканцы ніколі не пойдуць на тое, каб задаволіць патрабаванні і спадзяванні расійскага народа і Прэзідэнта. Гэта не ў іх інтарэсах. Але Трамп непрадказальны. Ён у гэтым плане можа „бабахнуць“ і пайсці на тое, што ён паабяцаў — мір. Гасподзь яго вуха прастрэліў, а не галаву, у тым ліку і для таго, каб ён гэты мір устанавіў. І ён верыць гэтаму ўнутры. Ён вельмі ўстойлівы. Яго памочнікам і іншым цяжка паварушыць і кудысьці яго павярнуць. Значыць, ён можа паступіць алагічна — не так, як нам зараз здаецца. І мы на гэта спадзяёмся», — падзяліўся сваімі думкамі Аляксандр Лукашэнка. Таму, на яго думку, дасягненне міру магчыма. «Але ў мяне 50/50. Думаю, амерыканцы будуць рабіць так, каб нам і Расіі было не вельмі добра», — дадаў беларускі лідар.
Аб міры ва Украіне: «У гэтым годзе развязка нейкая будзе»
Тэма міру ва Украіне падчас прэс-канферэнцыі гучала вельмі актыўна. Журналісты цікавіліся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт, пыталіся, калі мір можа быць дасягнуты і што для гэтага трэба зрабіць. «У гэтым годзе развязка нейкая будзе. Я не гавару, што скончыцца вайна і іншае. Канфліктаваць, напэўна, яшчэ доўга будуць. Але развязка будзе. Святло ў канцы тунэля з’явіцца ў гэтым годзе», — заявіў Прэзідэнт. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што беларускі бок выступае за мір ва Украіне. Але, па словах Аляксандра Лукашэнкі, сёння трэба ўлічваць усё, і пазіцыю Расіі, без яе нікуды. «Ніякая Амерыка ніколі Расію не прымусіць. Трамп не ідыёт, не дурань, ён так Пуціну не скажа. А калі скажа, гэта будзе на шкоду. Нельга панукваць і намі круціць. У нас ёсць свае інтарэсы, а ў Расіі тым больш. Але мы не хочам вайны, мы не хочам смерцяў людзей. Бо загінуць мільёны. Каму гэта патрэбна? Трэба зараз спыніцца. І гэта ў інтарэсах найперш Еўропы», — адзначыў ён.
Для дасягнення міру патрэбен кампраміс. Прэзідэнт падзяліўся сваім бачаннем, якім можа быць гэты кампраміс: «Уладзімір Уладзіміравіч нядаўна сказаў: сыходзьце за межы абласцей — Данбас, Луганская вобласць, потым Херсон, Запарожская вобласць. Туды — да межаў. Усё — спыняемся. Але, напэўна, не зусім... Таксама ўкраінскі бок на межы адыходзіць не будзе. Ну, тады што? Ну тады вы не патрабуйце, каб мы вам вярнулі тэрыторыі і Азоўскае мора, якія некалі былі ўкраінскімі. Вось кампраміс, каб спыніцца на лініі судакранання. Магчымы. Гэта маё такое меркаванне». Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта магчымы варыянт, прэзідэнтам Украіны і Расіі, больш пагружаным у гэта, лепшы відаць. Але, зрабіў акцэнт беларускі лідар, кампраміс давядзецца знайсці. З разлікам на тое, што надыдзе час, народы вызначацца, дзе ім жыць і якую валюту выкарыстоўваць. «Народы! Толькі не трэба ім перашкаджаць. Але, зноў жа, гэта вырашаецца за сталом перагавораў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты спыталі, ці будзе ён настойваць на прысутнасці Беларусі за гэтым сталом перагавораў. Прэзідэнт адказаў станоўча і растлумачыў сваю пазіцыю. Найперш адзначыў, што тут няма ніякіх асабістых амбіцый, як гэта часта прадстаўляюць. Тут два ключавых пытанні: нацыянальныя інтарэсы і бяспека ў рэгіёне. «Ёсць хаця б на гэтым кавалку зямлі нашы інтарэсы, беларускага народа? Ёсць. Другое. Я зыходзіў з таго, што гэта ж Валодзя Зяленскі пастаянна прапагандуе гарантыі, спакой, бяспеку ў гэтым рэгіёне. І калі ты хочаш гэтых гарантый і спакою, дык трэба, каб былі ўлічаныя інтарэсы ўсіх, наколькі гэта магчыма. І да гэтага павінны быць прыцягнуты ўсе ўдзельнікі гэтага працэсу, хто жыве тут, у тым ліку і беларускія. Літоўцы, латышы, ды і палякі, яны ўсё туды рвуцца, і Зяленскі гэта вітае, і Захад. Чаму? Гэта наша прастора, без нас не можа быць поўнай бяспекі. — растлумачыў сваю пазіцыю беларускі лідар. — Але каб я звар’яцеў, што вось, мы павінны быць за сталом перагавораў, — у мяне гэтага няма. Ну, без мяне будуць там вырашацца пытанні. Ну дык там будзе Прэзідэнт Расіі, без яго дакладна не будзе перагавораў. Вы што думаеце, ён беларускую пазіцыю не падтрымае, тым больш яна абсалютна няцяжкая ні для Расіі, ні для Украіны, ні для Захаду».
У Прэзідэнта пацікавіліся яго меркаваннем наконт магчымай міратворчай місіі краін Захаду, каб ахоўваць граніцы ў выпадку дасягнення перамір’я ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што найлепшым варыянтам для гэтага былі б беларускія міратворцы. «Але, каб вы разумелі, я туды не рвуся і, хутчэй за ўсё, я сваіх людзей (на сённяшні дзень) туды не збіраюся адпраўляць — міратворцаў. Не збіраюся. Але беларусы толькі могуць забяспечыць паміж сярэднім і старэйшым братам нармальныя ўзаемаадносіны», — удакладніў ён. Аднак, па словах кіраўніка дзяржавы, не толькі ўкраінцы, але і Захад з гэтым не пагодзіцца. «Ім трэба прапіхнуць сваіх. Але гэта не вельмі будзе задавальняць расійскі бок. Калі будзе прынята рашэнне аб увядзенні міратворчага кантынгенту, гэта будзе вельмі сур’ёзная спрэчка. Хто слабейшы будзе, той і пагодзіцца на гэтыя варыянты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што гатовы да любога развіцця падзей на беларуска-ўкраінскай граніцы. «Мне ўсё роўна, каго яны паставяць па той бок граніцы. Крок налева, крок направа за межы дзяржаўнай граніцы — вы ведаеце нашу рэакцыю», — заявіў ён.
На сёння беларуска-ўкраінская граніца застаецца закрытай наглуха. Прапановы беларускага боку адкрыць яе не знаходзяць падтрымкі з боку суседзяў. Аднак, як расказаў Аляксандр Лукашэнка, беларусы і ўкраінцы падтрымліваюць пэўныя кантакты. У прыватнасці, Беларусь дапамагае Расіі і Украіне ў абмене ваеннапалоннымі.«Сотні даводзіцца абменьваць, і ўсё гэта робім мы. Украінцы з расіянамі не кантачаць. Прывозяць з Украіны, прывозяць з Расіі ваеннапалонных або загінуўшых, і мы іх ужо бяром туды або перавозім адтуль сюды. Мы вядзём абмены і дыялогі па-чалавечы, там, дзе трэба», — расказаў Прэзідэнт. У Беларусі толькі ў мінулым годзе прынялі амаль 300 тысяч бежанцаў з Украіны. «Да „агрэсара“ прыбылі. Дапамагаем ім», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Частка ўкраінцаў далей з’язджае ў Польшчу, частка ў Расію, некаторыя і ў Беларусі. «Вось вам дом, вось вам трактар, камбайн, завод, фабрыка — ідзіце працуйце. Вашым дзецям — бясплатную адукацыю, бясплатную ахову здароўя, у дзіцячы садок і іншае, і іншае. Вось такое наша стаўленне да ўкраінцаў, калі яны да нас прыязджаюць жыць. Да ўсіх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што першыя тры туры мірных перагавораў адразу пасля пачатку СВА прайшлі на тэрыторыі Беларусі. Прычым, падкрэсліў ён, былі задаволеныя ўсе патрабаванні ўкраінскага боку.
Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў адну з нядаўніх заяў Уладзіміра Зяленскага, што ён хацеў міру, а Прэзідэнт Беларусі нібыта прапаноўваў нанесці ўдар па Мазырскаму НПЗ. «Слухайце, калі я гэта пачуў, мне стала дрэнна. Для мяне абсалютна было непрымальна — прапанаваць Зяленскаму нанесці ўдар па нашым НПЗ. Па самым лепшым, я б сказаў, у свеце заводзе, які мы нядаўна мадэрнізавалі, уклаўшы туды вялізныя сродкі. Клянуся вам, што такога не было. Ну навошта ты гэта кажаш? Ты кепскі шоўмэн, ты нават не Трамп. хлусіш! — адрэагаваў на гэта ён.
Беларускі лідар перакананы, што ўкраінскі народ чакае цяжкі лёс, калі яны не вызначацца са сваім лідарам і ўладай і не зразумеюць, што ім трэба аднавіць краіну самім. Таксама, па яго словах, дапамогуць ім у гэтым толькі суседзі, не захад. «Ніхто інвеставаць ва Украіну дзеля ўкраінскага народа не будзе. Так, недзе нейкія радовішчы, дзесьці выгадныя кавалкі эканомікі, транснацыянальныя кампаніі падбяруць. Натуральна, амерыканцы іх там ці еўрапейцы будуць падтрымліваць. А каб краіну адбудаваць — толькі Расія зможа дапамагчы», — сказаў ён. Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, асноўную частку павінен будзе зрабіць сам украінскі народ, які трэба мабілізаваць. А для гэтага патрэбен лідар, які не будзе кішэні набіваць і маёмасць на Лазурным беразе купляць.
Аб адносінах з краінамі Лацінскай Амерыкі: «Мы не настолькі марнатраўныя, каб раскідвацца нашымі дасягненнямі»
Геаграфія краін, з якіх у гэтыя дні прыехалі журналісты, досыць шырокая. І многія з іх хацелі пачуць, як кіраўніцтва Беларусі ставіцца да іх краін.
Супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі Прэзідэнт назваў вельмі важным для Беларусі. «Паколькі нам даводзіцца цяпер дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя адносіны, то Беларусь шукае пункты апоры ва ўсім свеце. Гэта прадукцыя на мільярды долараў, якая не толькі ў Беларусі вырабляецца, а ў многіх краінах. Праз жорсткую канкурэнцыю даводзіцца праходзіць», — адзначыў ён. Акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на ўзаемадзеянні з Венесуэлай: «Мы не настолькі марнатраўныя, каб раскідвацца нашымі дасягненнямі. А адносіны з Венесуэлай — гэта наша дасягненне, яшчэ з часоў Уга Чавеса», — падкрэсліў ён. Гэта сапраўды плённае супрацоўніцтва. Беларусы пабудавалі ў Венесуэле трактарны, аўтамабільны, цагельны заводы, цэлыя гарады і пасёлкі, тое, што прасіў Уга Чавес. «Таму мы ні ў якім разе не хацелі б страціць Венесуэлу, і мы падтрымліваем гэтыя адносіны», — адзначыў беларускі лідар. Ён адзначыў, што нядаўна ўрадавая дэлегацыя наведвала краіны Карыбскага басейна, у тым ліку Венесуэлу, Нікарагуа, Кубу. Гэта выдатныя пункты для развіцця таго, што ўжо пачата. Па словах кіраўніка дзяржавы, зараз беларусы спрабуюць пабудаваць адносіны з вялізнай Бразіліяй. Мы ведаем, што ў іх па пэўных таварах вялікая цікавасць да Беларусі. У нас вялікая цікавасць не толькі па самалётах, але гэта адзін з напрамкаў, які мы хацелі б зачапіць«, — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок у прынцыпе не адмаўляецца з ад супрацоўніцтва з краінамі, накіраванымі на канструктыўнае ўзаемадзеянне.
Аб сітуацыі ў Малдове: «Вазьміце галаву ў рукі і пачынайце адстойваць краіну»
Журналісты з Малдовы спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, якім ён бачыць будучыню іх краіны. Найперш, беларускі лідар прызнаўся, што вельмі цёпла ставіцца да гэтай краіны. Па яго словах, у Малдовы ёсць усё, каб квітнець. Але зараз трэба мабілізавацца, знайсці шляхі аб’яднання краіны, захаваць яе суверэнітэт, і ні ў якім разе не ламаць тую сістэму, якая ўжо выбудавана. «Вазьміце галаву ў рукі і пачынайце адстойваць краіну. Лічыце, што ёсць нейкі разбураны фундамент, і паціху пачынайце яе выбудоўваць. Вопыт ёсць. Хочаце дапамогі — калі ласка, можам дапамагчы. У вас адбудавана сістэма эканомікі. Так, яна ў заняпадзе знаходзіцца, але сістэма ёсць. А калі ёсць сістэма, яе прасцей аднавіць. Я гэта ў Беларусі праходзіў. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я не кажу, што вы павінны пайсці нашым шляхам ці ў наш бок. Але навошта вы ламаеце тое, што стварылі? Я чалавек эвалюцыйнага развіцця. Давайце з таго, што ёсць, вырастайце як дзяржава (а яна ёсць у вас, суверэнная) або на Захад, ці на Усход. Але толькі не ламайце тое, што ёсць».
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Малдове патрэбна моцная ўлада, здольная мабілізаваць народ і дамаўляцца, дзе толькі можа. Ён параіў таксама ні ў якім разе не абапірацца на тых, хто патрабуе нейкай ломкі. Па словах беларускага лідара, Малдова можа дасягнуць дамоўленасцей і з Расіяй, і з Захадам, але рабіць гэта трэба выключна з пазіцыі ўласных, нацыянальных інтарэсаў.
Аб крыўдах Арменіі: «Я заўсёды падтрымліваў цвярозы розум»
«Яны пачалі падлашчвацца да ЕС. Небяспечная гульня. Супакойце яго там. Ён знішчыць Арменію. У яго праблема з аднаго боку — з усходу, у яго праблема з захаду. Ён яшчэ і Расію настройвае супраць сябе. Ён у акружэнні, невялікая тэрыторыя. Насельніцтва не гіганцкае. І ён атачыў сябе ворагамі. Вось, Еўрасаюз пачне яму там нечым дапамагаць... Яму што, незразумела, што адбылося ва Украіне?», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка аб кіраўніцтве Арменіі, размаўляючы з прадстаўніком гэтай краіны. Ён успомніў, што армянскія калегі пакрыўджаны на Беларусь за падтрымку Азербайджана. «Гасподзь з вамі, я заўсёды падтрымліваў цвярозы розум, быў за тое, каб не было вайны, каб мы не біліся адзін з адным», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што некалі фактычна выконваў пасрэдніцкую функцыю паміж лідэрамі Азербайджана і Арменіі, спрабуючы паспрыяць мірнаму вырашэнню тэрытарыяльнай спрэчкі. Беларускі лідар расказаў, што тады яго азербайджанскі калега Ільхам Аліеў займаў прагматычную пазіцыю, прапаноўваў эканамічнае супрацоўніцтва і інвестыцыі, і не меў мэты ваяваць з Арменіяй. Але армянскі бок такі падыход не падтрымаў. «Ваяваць пачалі. Я пры чым тут? Мы за тысячы кіламетраў жывем. Я, ці што, гэтую вайну развязаў? Тое, што адбылося, вынікі гэтых бітваў — віна кіраўніцтва ў Арменіі. Толькі іх віна» . — абурыўся Прэзідэнт. Тым больш, звярнуў увагу ён, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян сам у сваіх заявах прызнаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Азербайджана, калі мог гэтага і не рабіць. «Але пытанне не ўва мне і ў Беларусі. Яны вырашылі, кіраўніцтва Арменіі, „стрэліць“ у мяне, але ведаеце, у каго яны хацелі патрапіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што як і раней, вельмі добра ставіцца да армянскага народа.
Аб памылках улады Літвы: «Вось і страцілі сваю краіну»
Пагаварылі і пра блізкіх суседзяў. Прэзідэнт нагадаў, што калісьці беларусы марылі жыць так, як прыбалтыйскія рэспублікі. «У савецкія часы — „пад акупацыяй“, як яны кажуць, — яна дасягнулі такіх вышынь! Я бываў у Літве. Людзі ў чарзе стаялі, каб купіць тэхніку, прадукты харчавання з Літвы», — узгадаў ён. А сёння, звярнуў увагу беларускі лідар, пад уплывам дэмакратыі Літву фактычна знішчылі. А тым часам Літва праводзяць супраць Беларусі жорсткую палітыку: закрывае межы, закрывае свае парты для беларускіх грузаў. «Мы цярпліва ставімся да гэтага. Мы стварылі для літоўцаў і латышоў бязвіз, адкрылі межы — яны сваіх людзей палохаюць, што мы іх тут будзем вербаваць. Ды бог з вамі! У нас завербавана дастаткова літоўцаў, не трэба нам нікога вербаваць. Не,» вось будуць вербаваць" і гэтак далей. Такое глупства!" — заявіў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што сёння Літва з’яўляецца марыянеткай Еўрапейскага саюза. «Вось і страцілі сваю краіну. Ёй пальцам пакажа Еўрапейскі саюз, Брусель — будзе рабіць, таму што яны сядзяць на гаошах гэтага Бруселя. А не дай бог амерыканцы нешта скажуць — яны бягом бягуць рабіць», — сказаў ён.
Аб крызісе беларуска-польскіх адносін: «Здымайце санкцыі, давайце супрацоўнічаць разам»
Польскі журналіст спытаў у Прэзідэнта, якім ён бачыць далейшыя адносіны Беларусі і Польшчы. Але, перш чым казаць пра адносіны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што зараз Польшча праводзіць супраць Беларусі самую агрэсіўную і дрэнную палітыку. «Я нічога не прыдумляю. Мы — вашы суседзі, мы шмат гадоў жылі ў адной дзяржаве. Дрэнна, добра... Вы сёння прэтэндуеце на Заходнюю Беларусь да Мінска, пра Заходнюю Украіну ўжо пачалі гаварыць. Навошта вам гэтае імперства? Вы ж разумееце, што вы ў нас нават метра тэрыторыі не атрымаеце. У нас жывуць палякі, але гэта мае палякі. Таму ў вас нейкія пасылы дзікія ідуць, калі вы спрабуеце абгрунтаваць тую ці іншую тэндэнцыю ў вашай палітыцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што беларусы заўсёды былі сябрамі для палякаў і хочуць жыць у сяброўстве. Але гэтае жаданне не ўзаемнае. «Купілі вы ў карэйцаў танкі, ну і бог з вамі. Не крычыце, што вы там супраць Расіі. Якой Расіі?Вы ж мяжуеце не з Расіяй, вы ж мяжуеце з Беларуссю. Гэта немагчыма. Таму ў вас ненармальная нейкая ў гэтым плане палітыка», — заўважыў Прэзідэнт.
Беларускі лідар нагадаў, што менавіта Польшча па камандзе Еўрасаюза і ЗША увяла супраць Беларусі санкцыі, нягледзячы на цесныя бізнес-кантакты з польскімі прадпрымальнікамі. «Што такое санкцыі? Гэта ўдушэнне майго народа і мяне. Гэта пятля на шыі. Вы накінулі пятлю на шыю. І вы што, хочаце, каб я абараняў вас? І я шчыра сказаў: «Хлопцы, я не буду вас абараняць, таму што вы душыце мой народ. Санкцыі — гэта перш за ўсё супраць народа», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў 2020 з польскага боку ішло не проста прамое ўмяшанне ў выбарчы працэс, але і з тэрыторыі Польшчы накіроўваліся спробы разваліць краіну. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што палякі пабудавалі на граніцы з Беларуссю сцяну нібыта для абароны ад мігрантаў. Пры гэтым, звярнуў увагу ён, праз Беларусь у ЕС ідзе толькі малая доля мігрантаў ад агульнага патоку. «Поўная карупцыя, хлусня. Ведаеце, колькі трэба часу мігрантам, каб пераадолець вашу сцяну, — 10 хвілін — пад, 15 хвілін —цераз. А яны ж плацяць прыстойныя грошы вашым там, якія ахоўваюць мяжу», — прывёў яшчэ адзін факт кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы да палякаў ставяцца па-чалавечы, як да суседзяў. Па яго словах, Польшча талерантная, добрая, цудоўная краіна. «Чаму вы на нас глядзіце праз ствол гарматы ці праз прыцэл аўтамата? Мы не збіраемся на вас нападаць. Навошта? Мы ж не зможам вас перамагчы. Але і вы павінны ведаць, што вы нас не пераможаце ніколі. Нават калі б у нас не было Расіі, ядзернай зброі, яшчэ нечага», — сказаў ён. Беларускі лідар папярэдзіў, што палякі не змогуць увесь час сябраваць з Амерыкай, і прывёў у прыклад Украіну. Таму, па яго словах, варта аднавіць сяброўскія адносіны з суседзямі. «Калі вы хочаце, каб было добра, — здымайце санкцыі, давайце супрацоўнічаць разам». — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
«У вас няпростая сітуацыя. Вы там пасварыліся з немцамі, ёсць вельмі сур’ёзныя праблемы. І з намі. Вы што, на два фронты „ваяваць“ хочаце? Вы гатовы зайсці ў Заходнюю Украіну. Паспрабуйце толькі. Будзеце мець тады справу і з Беларуссю, і з Расіяй. Не трэба лезці ва Украіну», — праз прадстаўніка іх тэлеканала перасцярог суседзяў беларускі лідар.
У той час як Прэзідэнт Беларусі выступаў за аднаўленне адносін з палякамі у медыяполі з’явілася заява міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага наконт непрызнання выбараў у Беларусі, якую агучыла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. У гэтай заяве гаварылася ў тым ліку і аб «агрэсіі Расіі» і расійскім лідары.
«Навошта вы чапляеце Расію? Навошта вы Пуціна тузаеце? Ну што ў вас, праблем не хапае? Сікорскі ж дасведчаны чалавек. Мы з ім сустракаліся, размаўлялі. Чаго яму няймецца наконт нашых выбараў? Ён няхай думае, што будзе заўтра. Сёння гноем закідалі Міністэрства замежных спраў польскія сяляне. А заўтра? Таму супакойцеся. Мы пра вас нешта кажам? Не!» — адрэагаваў на гэта Аляксандра Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ў Польшчы ў маі гэтага года свае выбары. «Але мы не будзем у іх умешвацца. А калі хочаце, можам паказаць, што мы нешта ўмеем. Са штучным інтэлектам, IT-тэхналогіямі і іншым. Але мы такой мэты не ставім. Нам гэта не трэба. Мы не жадаем гэта эскалацыі», — сказаў беларускі лідар.
«Сікорскаму чыркані, няхай свой нос не суне, куды яго не просяць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да польскага журналіста.
Аб дыялогу з Захадам: «У Еўропы адзін шлях, разумны шлях — праводзіць сваю палітыку»
У Прэзідэнта спыталі, ці гатовы ён аднавіць дыялог з Захадам. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларускі бок ніколі ад гэтага не адмаўляўся. Ён падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз — гэта магутнае аб’яднанне, якое мае тэхналагічную эканоміку і моцную валюту. Там пражываюць каля 450 мільёнаў чалавек, што значна больш, чым у ЗША. «У Еўропы адзін шлях, разумны шлях — праводзіць сваю палітыку. Грошы ёсць, тэхналогіі ёсць. Патрэбныя рэсурсы. Яны тут, на беларуска-расійскай прасторы. Яны ў Расіі. Дамовіцеся з Расіяй. Яны ж вам гатовы прыродны газ танней прадаваць, нафту таннейшую. І калі з Расіяй дамовіцца, — якая Амерыка, нават Кітай не справіцца з гэтым аб’яднаннем, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму гэта не адбываецца? Гэта ж можна зрабіць, я гавару вам як Прэзідэнт. «Як беларусы кажуць, духу не хапае». Няма каму прыняць такое рашэнне. Але гэта іх выбар. Час усё расставіць на свае месцы.
***
Усе чатыры з паловай гадзіны, што Прэзідэнт размаўляў з журналістамі, на выбарчым участку кіпела жыццё. Прыходзілі выбаршчыкі, працаваў буфет, ішоў канцэрт. Пакідаючы ўчастак, кіраўнік дзяржавы завітаў і ў буфет, дзе яму падарылі «семкі, каб не нападалі праблемкі» і цэлыя саначкі розных пачастункаў. А на вуліцы кіраўніка дзяржавы чакаў натоўп людзей, якія цёпла прывіталі Прэзідэнта і пажадалі яму здароўя і поспехаў.
Фота: БелТА