Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў атаку беспілотніка на аўтобус з грамадзянамі Беларусі, якая адбылася 17 чэрвеня на тэрыторыі Бранскай вобласці Расіі, паведаміла БелТА.
Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, заслухоўваючы планавы даклад аб прапановах па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026—2030 гады. «Я не аднойчы папярэджваў (вы гэта ведаеце лепш нават па пэўных кірунках, чым я) — вайна сёння не проста дзесьці далёка. У нас, я кажу, за плотам, а часам і бліжэй, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Сведчаннем таму з’яўляюцца рознага роду правакацыі. І не правакацыі, а прамыя парушэнні і дамоўленасцяў, і паводзін у вайне асобных дзяржаў. Такія, напрыклад, як нанясенне ўдару па інтэрнаце ў Старабельску — гібель людзей, і нават дзяцей. Таксама ўдар беспілотніка па нашым аўтобусе ў Бранскай вобласці. Мы як людзі ваенныя павінны разумець усе аспекты».