Беларусь прапануе заснаваць навуковы фонд ШАС, які садзейнічаў бы інтэграцыі вучоных краін арганізацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, перадае БелТА.
Кіраўнік беларускай дзяржавы назваў гуманітарны напрамак адным з ключавых у рабоце ШАС. У сувязі з гэтым ён падзякаваў краінам ШАС за актыўны ўдзел у нарадзе міністраў адукацыі, якая ўпершыню прайшла ў гэтым годзе ў сталіцы Беларусі. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў удзячнасць за адобраны ў ходзе сустрэчы праект «Мінская ініцыятыва», які прадугледжвае стварэнне кансорцыума ВНУ і высокатэхналагічных карпарацый ШАС.
«Беларусь таксама прапануе заснаваць навуковы фонд арганізацыі, які садзейнічаў бы інтэграцыі патэнцыялаў вучоных нашых краін. З дапамогай гэтага інструмента мы зможам падтрымліваць інавацыйныя даследчыя праекты ў самых розных галінах: ад клімату і экалогіі да разумнай сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, аховы здароўя і фармацэўтыкі», — упэўнены беларускі лідар.