Top.Mail.Ru

Падрабязнасці сустрэчы Прэзідэнта са Старшынёй Сената Рэспублікі Зімбабвэ

У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са Старшынёй Сената Рэспублікі Зімбабвэ Мэйбл Мемары Чынамонай. Асноўны акцэнт падчас сустрэчы быў зроблены на міжпарламенцкім дыялогу і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж краінамі. 



«Нам вельмі патрэбен пункт апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента»

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рады вітаць парламенцкую дэлегацыю ў Беларусі, і падзякаваў за магчымасць сустрэчы. «Нам вельмі важна ў нашых узаемаадносінах падключыць элемент парламенцкага супрацоўніцтва, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Абдумваючы перспектыву работы Беларусі ў Афрыцы, я вярнуўся да старога тэзіса, які мы абмяркоўвалі з вашым Прэзідэнтам. Нам вельмі патрэбен пункт апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента, на паўднёвым усходзе. Гэта значыць, што мы разам павінны папрацаваць з Зімбабвэ з нагоды будаўніцтва порта ў суседняй дзяржаве з вамі — Мазамбіку». 
Аляксандр Лукашэнка вылучыў станоўчыя перспектывы ад рэалізацыі гэтага праекта для дзвюх краін. «Калі б мы ажыццявілі разам з Мазамбікам і Зімбабвэ гэту ідэю (а ў дадзеным выпадку мы можам гэта зрабіць) і аднавілі чыгуначныя зносіны праз вашага суседа (там невялікая адлегласць) у Зімбабвэ, то ваша краіна стала б добрым хабам для тавараў, патрэбнай прадукцыі не толькі з Беларусі, але і для тавараў іншых дзяржаў. Я думаю, і перш за ўсё — Расіі». 

Таму, паводле слоў беларускага лідара, над гэтай ідэяй нам трэба папрацаваць. «Я прашу: вы перадайце, а дакладней нагадайце Прэзідэнту Мнангагву аб нашай размове ў гэтым ключы, — звярнуўся з просьбай Прэзідэнт. — І мне вельмі важна пачуць ваша меркаванне і вашых калег на гэты конт. Гэта вялікая перспектыва».


«Нам трэба проста ісці па нашай дарожнай карце, якая выпрацавана, і рэалізоўваць тыя мерапрыемствы, якія вызначаны гэтым планам»

Што датычыцца адносін Беларусі з Зімбабвэ, тут практычна няма ніякіх праблем, канстатаваў беларускі лідар. У 2025 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 26,1 мільёна долараў, што на чвэрць больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га. У аснове беларускага экспарту — машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, трактары і седлавыя цягачы, грузавыя аўтамабілі, прычэпы і паўпрычэпы. Мінск і Харарэ падпісалі дарожную карту стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026—2030 гады. 

«Нам трэба проста ісці па нашай дарожнай карце, якая выпрацавана, і рэалізоўваць тыя мерапрыемствы, якія вызначаны гэтым планам. Мы ў гэтых адносінах будзем рабіць усё, што паабяцалі», — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Ён удакладніў, што для супрацоўніцтва паміж краінамі вельмі важна, каб парламентарыі, сенатары ажыццяўлялі кантроль за рэалізацыяй дасягнутых пагадненняў, як у Зімбабвэ, так і ў Беларусі. «Так што, паважаная спадарыня старшыня, у нас наперадзе вялікі аб’ём работы, каб выйсці праз пару гадоў на тавараабарот звыш 100 мільёнаў долараў, як мы дамаўляліся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

У сваю чаргу Мэйбл Мемары Чынамона падзякавала Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы. «Дзякуй за тое, што дазволілі прыйсці да вас у рабочы кабінет для рабочых абмеркаванняў», — звярнулася Старшыня Сената Рэспублікі Зімбабвэ да беларускага лідара. 

«Але вы нашы сябры, як вы можаце да мяне не прыйсці? — заўважыў Прэзідэнт. — Вы ведаеце, вы для нас вельмі многае зрабілі ў Афрыцы. І ваш Прэзідэнт з’яўляецца самым лепшым прапагандыстам і агітатарам у Афрыцы нашага супрацоўніцтва і нашага вопыту, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта прывяло да таго, што многія дзяржавы Афрыкі просяць нас аб супрацоўніцтве і прапануюць той шлях, які мы прайшлі з Зімбабвэ».


Даслоўна

«Мы рады, што менавіта Беларусь, наш даўні сябар, аказвае нам вялікую дапамогу»

У размове з журналістамі Старшыня Сената Зімбабвэ Мэйбл Мемары Чынамона пацвердзіла зацікаўленасць у рэалізацыі трохбаковага праекта з Беларуссю і Мазамбікам. Асноўны акцэнт у размове з кіраўніком беларускай дзяржавы, паводле яе слоў, быў на тым, што Беларусь ва ўзаемадзеянні з Зімбабвэ зацікаўлена працаваць з усімі краінамі Афрыканскага кантынента. І, у прыватнасці, размова ішла аб рэалізацыі трохбаковага праекта з Мазамбікам па будаўніцтве марскога порта, які стаў бы пунктам апоры на ўзбярэжжы кантынента (на паўднёвым усходзе) для далейшага прасоўвання беларускіх тавараў у Афрыку.

У гэтым кантэксце абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення чыгуначных зносін паміж Зімбабвэ і Мазамбікам. Як падкрэсліла Мэйбл Мемары Чынамона, Прэзідэнт Беларусі выказаў вялікую зацікаўленасць у рэалізацыі гэтага праекта ў самыя кароткія тэрміны. «У нас ёсць упэўненасць, што гэта так і будзе, таму што наш Прэзідэнт Эмерсан Мнангагва таксама ў гэтым зацікаўлены. Для яго таксама вельмі важна развіццё на карысць усяго Афрыканскага кантынента», — паведаміла Старшыня Сената Зімбабвэ. 


Яна адзначыла высокі аўтарытэт зімбабвійскага лідара ў шэрагу краін Афрыкі, што дазваляе ажыццяўляць рэалізацыю сумесных праектаў у найбольш кароткія тэрміны. «А ідэя вельмі добрая, таму што, паўтаруся, выйграе ад гэтага ўся Афрыка. І мы рады, што менавіта Беларусь, наш даўні сябар, у гэтым выпадку аказвае нам вялікую дапамогу».

Мэйбл Мемары Чынамона выказала ўпэўненасць, што так будзе і з трохбаковым праектам Беларусі, Зімбабвэ і Мазамбіка. Яна звярнула ўвагу, што Зімбабвэ, як і многія краіны Афрыкі, на працягу шэрагу гадоў адставалі ў сваім развіцці ад іншых дзяржаў свету, але дзякуючы ў тым ліку такім дружалюбным краінам, як Беларусь, яны значна прасунуліся наперад. Мэйбл Мемары Чынамона падзякавала Беларусі за дапамогу Зімбабвэ ў механізацыі сельскай гаспадаркі, што дазволіла краіне сабраць рэкордны ўраджай пшаніцы і тым самым забяспечыць сваю харчовую бяспеку. 

Акрамя таго, выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі істотна палягчае працу для фермераў у Зімбабвэ, значная частка якіх — жанчыны. За гэта Мэйбл Мемары Чынамона, якая таксама з’яўляецца паслом Зімбабвэ ў глабальнай сетцы жанчын-палітычных лідараў і да нядаўняга часу ўзначальвала Камітэт па справах жанчын Афрыканскага парламенцкага Саюза, адрасавала асобныя словы ўдзячнасці беларускаму боку.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю