Top.Mail.Ru

Лукашэнка прапануе Кітаю будаваць у Беларусі цяплічныя комплексы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Кітаю будаваць у Беларусі цяплічныя комплексы, а вырашчаную прадукцыю пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і за мяжу, уключаючы сам Кітай. Пра гэта ішла размова на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы ў Пекіне з прадстаўнікамі шэрагу кітайскіх кампаній, перадае БелТА.

Прэзідэнт, у прыватнасці, правёў сустрэчу з кіраўніцтвам кампаніі «Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы» на чале са старшынёй праўлення Ванам Шаўбо.

«Вельмі прыемная сустрэча не толькі таму, што я маю нейкае дачыненне да зямлі, але і таму, што, вывучыўшы вашы магчымасці, вы для нас вельмі цікавыя. І нават нягледзячы на тое што сельская гаспадарка ў нас мае вельмі высокі ўзровень развіцця і многія прадукты харчавання мы пастаўляем у Кітай», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтая кампанія ўжо не пачатковец на рынку Беларусі, супрацоўнічае са Светлагорскім ЦКК. Летась паміж бакамі быў падпісаны кантракт на будаўніцтва цяпліцы 4-га пакалення для вырошчвання таматаў.

«Вы вельмі інтэнсіўна і актыўна супрацоўнічаеце з нашымі рэгіёнамі. У вас найноўшыя тэхналогіі, наколькі я валодаю сітуацыяй, па праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі цяплічных комплексаў. Таму мы 

вас чакаем у Беларусі. Зямель і глебы, прыдатнай для цяпліц, у нас хапае. Калі вы выкарыстоўваеце штучнае абрашэнне і падкормку раслін, мы крыху ўмеем гэта рабіць. Людзі, якія здольныя працаваць на гэтых комплексах, у Беларусі ёсць», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на канкурэнтныя перавагі Беларусі для развіцця работы ў гэтым напрамку: «У нас прымальны кошт прыроднага газу, лішкі электраэнергіі (мы плануем пабудаваць другую атамную станцыю, мы яе абавязкова пабудуем). Таму вы можаце сур’ёзна разгарнуцца ў Беларусі, на нашым рынку. Што вельмі важна, мы вельмі шмат падобнай прадукцыі сёння прадаем у Расіі. Расійскі рынак неабсяжны. У Еўропе вельмі патрэбна гэтая прадукцыя. Таму калі хутка разгорнемся, мы можам вырабіць любыя гародніна і прадаць на неабмежаваных рынках». 

Прэзідэнт у тым ліку прапануе пасля пастаўляць вырашчаную прадукцыю ў Кітай. «Я ведаю, што вы цяпер часткова гатовыя інвеставаць у будаўніцтва цяплічных камбінатаў. Але я ўпэўнены, што літаральна праз год вы захочаце пабудаваць свае, кітайскія, з 100%-м капіталам камбінаты для працы на тых рынках, — сказаў ён. — Словам, вы можаце разлічваць на падтрымку нашага ўрада ў Беларусі па вытворчасці агародніннай прадукцыі ў закрытым грунце. Можаце для Кітая вырабляць. Вось колькі вырабіце, столькі і забярэце ў Кітай».

Яшчэ адна сустрэча ў Аляксандра Лукашэнкі ў Пекіне адбылася з кіраўніцтвам «Шаньдун Хуалян Грынхаўс Інжынірынг» на чале з Чэнь Хунлянам. Гэтая кампанія спецыялізуецца на вырошчванні кветак, уключаючы архідэі.

«Вы, напэўна, самыя багатыя і самыя жаданыя госці будзеце ў Беларусі. Мы адкуль толькі не завозім кветкавую прадукцыю. Аж з Эквадора. Таму, спадар Чэнь, вам вароты адчыненыя. Рынак не засвоены беларускі і расійскі, ды і еўрапейскія рынкі. Канкурэнцыі практычна няма ніякай. Калі заўтра пачнеце прадаваць сваю выдатную кветкавую прадукцыю, у тым ліку і архідэі, мы будзем вам вельмі ўдзячныя».

Гаворка, зноў жа, вядзецца пра магчымасць будаўніцтва ў Беларусі цяплічных комплексаў па вырошчванні кветак — ружы, архідэі, хрызантэмы і іншыя.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю