«Уся краiна будзе капiраваць гэты досвед»

Аўтар: Валерыя Сцяцко
23.04.2025 | 11:46

Якая звышзадача пастаўлена Прэзiдэнтам перад Шклоўскiм раёнам?


Працягваецца камандзiроўка Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi ў рэгiёны. У аўторак кiраўнiк дзяржавы працаваў на Магiлёўшчыне, а дакладней, у Шклове. Беларускi лiдар паставiў задачу зрабiць Шклоўскi раён узорна-паказальным, каб на яго раўнялiся i iншыя раёны. I наведаў аб’екты, якiя будуць гэтаму садзейнiчаць.


Аграсэрвiс. «Без гэтай базы раён развiвацца не можа»

Першы аб’ект — аграсэрвiс. А канкрэтна, пляцоўка, дзе ён будзе дзейнiчаць. Цяпер тут поўным ходам iдзе маштабная рэканструкцыя: старыя будынкi, якiя ўжо ў аварыйным стане, зносяць, каб на iх месцы ўзвесцi новыя сучасныя збудаваннi. Тут будуць створаны неабходныя ўмовы для рамонту ўсёй лiнейкi сельскагаспадарчай тэхнiкi i абсталявання. Тэрмiн — да лiстапада гэтага года, якраз да заканчэння сельскагаспадарчага сезона. А ўжо ў снежнi, па словах кiраўнiка дзяржавы, сiстэма павiнна працаваць на ўсю моц.

Мясцовыя ўлады запэўнiваюць, што парадак будзе наведзены поўнасцю i ў адпаведнасцi з планам. «Спачатку намалявалi тэхналогiю, а потым на яе „нанiзвалi“ пабудовы. Мы не пад пабудову падстройвалiся», — удакладнiў кiраўнiк спраў Прэзiдэнта Юрый Назараў. Тут будуць магчымыя ўсе рамонтныя работы, у тым лiку i рамонт вузлоў i iншых камплектуючых не толькi айчыннай, але i iмпартнай тэхнiкi. Аляксандр Лукашэнка зрабiў акцэнт на тым, што, калi ўжо ўзялiся за гэту справу, трэба наводзiць iдэальны парадак у кожным куточку.

I яшчэ адзiн важны момант. Аграсэрвiс належыць холдынгу «Купалаўскае» — самаму вялiкаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству ў Шклоўскiм раёне.

Прэзiдэнт засяродзiў увагу на тым, што аграсэрвiс павiнен працаваць на ўвесь раён. I паставiў задачу старшынi Шклоўскага райвыканкама Сяргею Барташу кантраляваць гэта пытанне, сачыць за кадрамi i цэнамi, унiкаць ва ўсе аспекты дзейнасцi райаграсэрвiсу. «Твая задача — быць крытыкам, але не тармазiць працэс», — канстатаваў кiраўнiк дзяржавы. Ён зрабiў акцэнт на тым, што падобныя райаграсэрвiсы павiнны быць у кожным раёне. Сэрвiснае абслугоўванне тэхнiкi, даiльных апаратаў, разнастайных камплектуючых патрэбна ўсiм. Без гэтай базы, падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка, раён развiвацца не можа.

«Усё трэба прыводзiць у парадак. Калi ўжо прыйшлi сюды, значыць, трэба прыводзiць у парадак», — заявiў Аляксандр Лукашэнка.

Неаднаразова было сказана, што Беларусь будзе развiвацца за кошт рэгiёнаў, нагадаў Прэзiдэнт. У краiне 118 раёнаў. «Iх трэба прывесцi ў парадак, рэанiмаваць. Сёлета тут зробiм. I вельмi важна — па ўсёй Беларусi будзем з гэтага ўзору рабiць», — заявiў ён. 

Аляксандр Лукашэнка таксама растлумачыў, чаму гэта мадэрнiзацыя i рэанiмацыя пачынаецца менавiта са Шклоўскага раёна. «Я тут ведаю кожны метр. I тут цяп-ляп не атрымаецца. Чаму не атрымаецца i не патрэбна, каб атрымалася, я ўжо сказаў: уся краiна будзе капiраваць гэты досвед. Нам трэба аднавiць былыя сельгастэхнiкi. Не можа раён развiвацца без гэтай базы», — адзначыў ён.

«Усюды павiнен быць гэты рух. Усюды. Асаблiва ў Магiлёўскай вобласцi, калi пачалi ўжо тут рабiць», — падсумаваў Прэзiдэнт.

Камбiкормавы завод. «Каб былi нармальныя надоi i прывагi»

Наступны пункт прэзiдэнцкага маршруту — камбiкормавы завод, якi сёння перажывае рэканструкцыю. Усе аб’екты абяцаюць увесцi ў строй ужо сёлета, да новага ўраджаю. Прадпрыемства таксама адносiцца да «Купалаўскага», але мае вялiкае значэнне не толькi для Шклоўскага раёна, але i для ўсёй Магiлёўскай вобласцi. 

«У Магiлёўскай вобласцi трэба спыняць гэтыя разбоi i спыняць кармiць зернем жывёлу», — падкрэслiў Прэзiдэнт. Само па сабе зерне ў якасцi корму не мае нiякай каштоўнасцi для арганiзма жывёлы. «Неабходна рыхтаваць камбiкармы для таго, каб былi нармальныя надоi i прывагi. Таму проста трэба забаранiць выкарыстоўваць зерне», — заявiў кiраўнiк дзяржавы. I звярнуў увагу, што для таго, каб забароны працавалi, цэнаўтварэнне павiнна быць такiм, каб сельскагаспадарчым прадпрыемствам было выгадна здаваць сваё зерне на камбiкормавы завод для вытворчасцi камбiкармоў. 

«Мэта — не загубiць прадпрыемства, каб яно рэнтабельным было. I не адбiць жаданне ў кiраўнiкоў рабiць камбiкорм», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Асобную ўвагу кiраўнiк дзяржавы звярнуў на тэрыторыю, дзе размяшчалася мэблевая фабрыка, — прыватны ўласнiк там не спрацаваў. 

Аляксандр Лукашэнка параiў прыгледзецца да вопыту стварэння тэхнапаркаў, каб задзейнiчаць у вытворчасцi тыя памяшканнi, што ўжо ёсць. «Падзялiць будынак так, як iнвестары захочуць. Прывесцi ў парадак i здаць яго — адзiн з варыянтаў. Гэта павiнна быць па-гаспадарску, капiтальна, каб людзi працавалi, плацiлi падаткi i зарплату тым, хто там будзе працаваць, — прапанаваў ён. — Усё трэба рэанiмаваць, усё павiнна быць задзейнiчана, каб нiводнага недагледжанага кавалачка да новага года».

Для таго, каб людзi працавалi на гэтых прадпрыемствах i былi задаволеныя, iм патрэбна жыллё. I тут зноў паўстала пытанне арэнднага жылля, якое абмяркоўвалася напярэдаднi. Тым больш што месца для будаўнiцтва жылля ў Шклове ёсць. 

У сувязi з гэтым Аляксандр Лукашэнка паўтарыў свой тэзiс, якi агучваў не раз, — будаваць не ў Мiнску i не сцягваць туды людзей, а ў рэгiёнах. 

Мясцовыя кiраўнiкi заўважылi, што шмат маладых людзей хацелi б жыць у Шклове. «А чаго не хацець? Выдатнае месца, горад добры. Вось такiм чынам будзем жыллё будаваць найперш пад патрэбы вытворчасцi. Пад тое, што дае грошы, — арэнднае жыллё», — падсумаваў беларускi лiдар. I зарыентаваў на тое, што тэмпы будаўнiцтва павiнны быць максiмальна хуткiмi, наколькi гэта магчыма.

«Нiчога не рабiце цяп-ляп. Нiчога не рабiце часовага, — параiў усiм Прэзiдэнт. — Калi сёння трэба зрабiць нешта, не пакiдайце недаробкi. Часовае — самае доўгае».

Малаказавод. «Усё тут перапрацуем»

Трэцi пункт на маршруце — пляцоўка, дзе будуецца малаказавод. Плануецца, што вытворчая магутнасць прадпрыемства будзе дасягаць 300 тон малака ў суткi — сыравiны хапае. Абяцаюць пабудаваць да канца 2026 года. 

«Калi ўзялiся за гэту тэрыторыю, яна павiнна быць абсталявана i добраўпарадкавана. Абавязкова», — звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы. 

Цяпер у Шклове ўжо ёсць малакаперапрацоўчае прадпрыемства — Шклоўскi масларобны завод, дзе штодзень перапрацоўваецца 100 тон малака. У асноўным вырабляецца натуральнамалочная прадукцыя. Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць, што рабiць з гэтай пляцоўкай пасля ўвядзення ў строй новай вытворчасцi. «Цяпер не трэба чапаць, няхай працуюць. Як толькi мы пераходзiм сюды ў 2026 годзе, нiякiх двух заводаў быць не можа. Усё малако мы тут перапрацуем», — сказаў ён.

Кiраўнiк дзяржавы звярнуў увагу на некаторыя кропкавыя пытаннi. У Сяргея Барташа пацiкавiўся, як справы з выканальнiцкай дысцыплiнай у раёне. Старшыня райвыканкама запэўнiў, што ўсё ў парадку. «Ты ж разумееш, што без цябе тут нi адна мыш не павiнна праскочыць. Кантралюй кадры», — паставiў задачу Аляксандр Лукашэнка. Пацiкавiўся, канешне, i справай на палях. Прэзiдэнт настойвае на тым, што галоўнае — культура земляробства.

Агучыў Аляксандр Лукашэнка i некалькi цiкавых iнсайдаў. Былы мiнiстр сельскай гаспадаркi адпраўляецца працаваць на афрыканскiм напрамку. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што ён справiцца. 

Прэзiдэнт анансаваў i хуткую нараду на сваiм узроўнi па развiццi Вiцебскай вобласцi, падрыхтоўка да яе ўжо iдзе. А журналiстаў беларускi лiдар папярэдзiў: на развiццё раёнаў зараз будзе звернута асаблiва пiльная ўвага.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

г. Шклоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю