Top.Mail.Ru

Падрабязнасці рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Віцебскую вобласць

«Для Беларусі лён — культура не толькі стратэгічная, але і палітычная»


У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Аршанскі льнокамбінат. Тут кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце і перспектывах прадпрыемства. Беларускі лідар таксама ўзяў удзел у цырымоніі запуску лініі па вытворчасці кальцавой пражы высокіх нумароў з дабаўленнем катанізаванага льновалакна. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам». Фінальным акордам стала нарада аб развіцці льняной галіны.

Пра важнасць развіцця гэтай галіны кіраўнік дзяржавы гаварыў нядаўна падчас нарады ў Шклове аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця: «Абсталяванне, якое трэба для льнокамбіната, мы шукалі па ўсім свеце. Знайшлі, мадэрнізавалі. Робім добрыя тканіны. Ільняныя тканіны — гэта золата. Ільнаводчую галіну трэба выводзіць на больш высокі ўзровень, дасканалы, тэхналагічны. І гэтым трэба займацца».


«Наша асноўная задача — каб сыравіна была якасная»

Адразу па прыезду Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб рабоце і перспектывах развіцця прадпрыемства. Як адзначыў генеральны дырэктар РУВГП «Аршанскі льнокамбінат» Алег Буянаў, іх прадукцыю добра ведаюць у 40 краінах свету. Летась прадпрыемства перасягнула планку ў 100 мільёнаў долараў па экспарце. «Для нас гэта сапраўды вельмі сур’ёзная лічба. Прычым мы гэта зрабілі толькі на нашым ільне. Мы ўжо 3 гады не купляем ніводнага кілаграма імпартнага льновалакна. Толькі на нашым ільновалакне працуем, на беларускім», — расказаў гендырэктар. 

Алег Буянаў дадаў, што на прадпрыемстве надаюць вялікую ўвагу павелічэнню якасці прадукцыі, выканалі даручэнне па засваенні глыбокай перапрацоўкі кароткага льновалакна. «Мы павялічылі аб’ём перапрацоўкі льну. Сёлета 20 тысяч тон ільновалакна перапрацавалі, загрузілі дадатковую магутнасць». 

«Аб’ём перапрацоўкі льну павялічаны прыстойна за кошт чаго?» — пацікавіўся беларускі лідар. 

«За кошт арганізацыі тэхналогіі кароткага льновалакна. Раней яно ўсё прадавалася ў выглядзе валакна на экспарт. Цяпер мы яго перапрацоўваем», — адказаў генеральны дырэктар.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся наконт атрымання сыравіны прадпрыемствам. Як адзначыў Алег Буянаў, на Аршанскім льнокамбінаце сталі атрымліваць больш сыравіны, забіраць кароткае льновалакно на перапрацоўку. Акрамя таго, на прадпрыемстве пачалі павялічваць выпуск катанізаванага льновалакна.


«Наша асноўная задача — каб сыравіна была якасная», — звярнуў увагу беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб да 2030 года перапрацоўвалася 100% кароткага льновалакна. Для рэалізацыі гэтага даручэння абмяркоўваецца магчымасць выдзялення прадпрыемству дадатковага крэдыту пад нарошчванне магутнасцяў.

«Мне трэба, каб вы ў сялян забралі гэту „паклю“ (гаворка пра кароткае валакно. — „Зв.“ ) і перапрацавалі. Вось, што мяне хвалюе. Аказваецца, вы навучыліся рабіць з яго цуд. Мне трэба цуду ў два разы больш у будучым годзе. І да 2030 года, каб мы ўсё перапрацоўвалі. Вось што я хачу. Гэта трэба ўзяць на кантроль жалезна», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Думаюць на Аршанскім ільнокамбінаце і над далейшай мадэрнізацыяй у наступныя гады. Гаворка, напрыклад, ідзе пра ўкараненне самай сучаснай тэхналогіі фарбавання.

Абсталяванне для камбіната ў асноўным закупляецца па імпарце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў прамысловаму сектару навучыцца рабіць хоць бы частку з гэтага. Кіраўнік дзяржавы актуалізаваў адпаведныя задачы, даручыўшы гендырэктару Алегу Буянаву падрыхтаваць пералік найбольш запатрабаваных вузлоў і агрэгатаў, якія можна было б імпартазамяшчаць.

«Лепш удасканальваць. Нічога не развальваючы, не руйнуючы»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час захаваць Аршанскі льнокамбінат было яго валявым рашэннем. Больш за тое, з гэтым прадпрыемствам у кіраўніка дзяржавы звязана асабістая сямейная гісторыя — на льнокамбінаце працавала яго маці Кацярына Трафімаўна. «Для мяне гэта вельмі важнае прадпрыемства», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сёння разам з Беларуссю буйнымі вытворцамі льну ў Еўропе з’яўляюцца Францыя і Бельгія. У Беларусі пры гэтым ёсць увесь вытворчы ланцужок — ад вырошчвання на полі да вырабу высакаякаснай гатовай прадукцыі. «Мне здаецца, што пры такім падыходзе на Захадзе яны хутка перастануць вырабляць ільнопрадукцыю, і мы адны застанёмся», — заўважыў беларускі лідар.

Падчас наведвання Аршанскага льнокамбіната Прэзідэнт узяў удзел у запуску новай вытворчай лініі па вытворчасці кальцавой пражы высокіх нумароў з дабаўленнем катанізаванага льновалакна. «Вы ведаеце мае падыходы. Нічога ламаць не трэба. Новае трэба ствараць — тое, што мы не рабілі раней. Але трэба мець людзей, якія гэтаму навучацца і будуць рабіць. Таму лепш удасканальваць. Нічога не развальваючы, не руйнуючы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка работнікам прадпрыемства падчас запуску новай лініі. Ён таксама падкрэсліў, што той ці іншы праект трэба старацца рэалізоўваць у максімальна сціснутыя тэрміны.

Падчас наведвання Аршанскага льнокамбіната Прэзідэнту прадэманстравалі выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам». Гэта не толькі штодзённае адзенне і тэкстыльныя тавары для дому, але і вырабы для сілавых структур — баявое і форменнае абмундзіраванне, экіпіроўка, сродкі індывідуальнай абароны і спецвопратка.


Па многіх кірунках за апошнія гады айчынныя вытворцы дасягнулі сур’ёзных поспехаў у імпартазамяшчэнні, стварэнні ўласных унікальных прадуктаў. Адна з апошніх навінак — тканіна, у складзе якой лён і кашамір. Аб пастаўках апошняга дамовіліся з Манголіяй. Аляксандр Лукашэнка даручыў скарыстацца гэтым і больш пастаўляць запатрабаванай прадукцыі на ўнутраны рынак, не закупляючы за мяжой тое, выпуск чаго асвоілі ў Беларусі.

«Складаная культура, якая патрабуе да сябе асаблівага стаўлення»

Нараду аб развіцці льняной галіны беларускі лідар назваў працягам вялікай размовы аб праблемах і перспектывах аграпрамысловага комплексу. «Нядаўна мы са старшынямі райвыканкамаў, спецыялістамі ацэньвалі на семінары эксперымент па развіцці Шклоўшчыны па розных кірунках — ад работы райаграсэрвісаў, жывёлагадоўчых комплексаў да стварэння новых вытворчасцяў, каб маштабаваць найлепшы вопыт па ўсёй рэспубліцы, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Разгледзелі і асаблівасці развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. Гэта таксама толькі пачатак размовы».

Вяртаючыся да новай тэмы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў ходзе нарады размова пойдзе пра сучаснасць і будучыню айчыннай ільняной галіны. «Для Беларусі лён — культура не толькі стратэгічная, але і палітычная, — акцэнтаваў увагу ён. — Калі хтосьці не разумее, што я сказаў, — на герб нашай краіны паглядзіце. Гэта і важная частка культурна-гістарычнай спадчыны, адзін з нашых сімвалаў, і вельмі шырокі, што вельмі важна, сегмент эканомікі. Можна сказаць, наша золата, як ва ўзбекаў бавоўна».


Прырода падарыла нам прыдатны для вырошчвання льну клімат, працягнуў кіраўнік дзяржавы: «Сёння Беларусь знаходзіцца ў тройцы сусветных лідараў па вырошчванні паўночнага шоўку, разам з Францыяй і Бельгіяй». 

Прэзідэнт нагадаў, што ў часы Савецкага Саюза функцыянавала 15 такіх прадпрыемстваў, якія займаліся льном. «Усе ліквідаваліся. Чаму — зразумела, спецыялісты гэта ведаюць. Таму што лён — складаная культура, якая патрабуе да сябе асаблівага стаўлення. Таму ў тройцы ў свеце. Ды і то — ні Францыя, ні Бельгія са сваёй дэмакратыяй так, як мы, займацца льном не могуць, і даўно не займаюцца», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

«Патэнцыял айчыннай галіны далёка не вычарпаны»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нашу прадукцыю з лёну купляюць у 43 краінах свету. «Але патэнцыял айчыннай галіны далёка не вычарпаны, — перакананы беларускі лідар. — Лён — расліна, як я сказаў, унікальная. І пры правільным падыходзе практычна безадходная». Пра гэта кіраўніка дзяржавы запэўніў і гендырэктар Аршанскага льнокамбіната.

Сёння лён выкарыстоўваецца ў тэкстыльнай, харчовай, хімічнай, будаўнічай і ваеннай прамысловасці, а таксама медыцыне. «Той, хто выбірае лён, робіць салідны ўклад у экалогію і падтрымку здароўя — свайго і сваёй сям’і. Вось гэтага мы не навучыліся яшчэ рабіць», — заўважыў Прэзідэнт, заклікаўшы беларусаў насіць ільняное адзенне і выкарыстоўваць ільняныя вырабы ў побыце. 

«Мы ўжо абмяркоўваем не выжыванне льнаводчай галіны, а гаворым аб яе развіцці»

Пасля распаду СССР многія калгасы і саўгасы адмовіліся ад ільну, бо гэта была вельмі цяжкая праца, а ўраджайнасць сціплая — да 5 цэнтнераў валакна з гектара, звярнуў увагу Прэзідэнт. «У каго ў вёсцы жылі бабулі і дзядулі, памятаюць выдатна, як выдавалі цэлыя надзелы. І прыязджалі дзеці, унукі церабіць гэты лён і на прасушку ўкладваць. Ды так, каб і насенне яшчэ не страціць. Рук потым не адчувалі. І я праз гэта прайшоў, — згадаў беларускі лідар. — І калі б дзяржава ў свой час не дапамагла вяскоўцам, лёну ў Беларусі ўжо не было б». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у пачатку свайго прэзідэнцтва наведваў Аршанскі льнокамбінат, і тады гэта было прадпрыемства зусім іншага ўзроўню. «Грошы за гэтыя гады ўкладзеныя немалыя. І ва ўборачную тэхніку, і ў мадэрнізацыю льнозаводаў, і ў распрацоўку тэхналогій вырошчвання, і ў навуковае суправаджэнне. У нас працуе аж цэлы Інстытут лёну ў Акадэміі навук! І, як мы бачым сёння, пэўны вынік ёсць. Вядома, не без заўваг, на якія нашы кантралёры і спецыялісты ўказваюць і якія мы разгледзім асобна», — заявіў Прэзідэнт. 


Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў яшчэ адзін важны момант: «Мы ўжо абмяркоўваем не выжыванне льнаводчай галіны, а гаворым аб яе развіцці па ўсім ланцужку стварэння дабаўленай вартасці. І гэта наша ў такім складзе і ў такой тэматыцы апошняя з вамі размова, — папярэдзіў беларускі лідар. — Далей — канкрэтыка і будзем дзейнічаць».

Зыходзячы з вынікаў мінулага года Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што лён умеюць вырошчваць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Сярэдні нумар доўгага валакна — 9,7, кароткага — 2,8. Але пры выкананні тэхналагічнай дысцыпліны можна і лепш. У перадавікоў так і атрымліваецца. Напрыклад, у ААТ «Горкілён» сярэдні нумар доўгага валакна — 10,6, а кароткага — 3,7. 

«Адрас перадавога вопыту — едзьце, вучыцеся. Добрыя кампетэнцыі напрацаваны на Пружанскім і Карэліцкім ільнозаводах. Пры такіх нумарах і эканоміка нядрэнная. Але так, на жаль, не ўсюды. У краіне 19 ільнозаводаў. Хапае?» — спытаў беларускі лідар, на што атрымаў сцвярджальны адказ.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што для руху наперад пастаянна праводзіцца планавая мадэрнізацыя ўсіх ільнозаводаў і нашага флагмана — Аршанскага льнокамбіната. «Вы сёння такі прыклад назіралі. Я думаю, губернатары паглядзелі новы цэх. Але пры гэтым вы павінны ўлічваць, што верталётных грошай у нас няма. Усё, што выдзяляем, даецца ў пазыку на пэўны час, за які трэба ўкараніць тэхналогію, выйсці на эканамічныя паказчыкі бізнес-планаў. З гэтымі планамі вы ідзяце ў банкі, у Мінфін. Абараняеце іх і атрымліваеце грашовыя сродкі. Будзьце ласкавыя выконваць тое, што самі са сваімі калектывамі разлічылі і падлічылі», — патрабуе Прэзідэнт.

«Не крыўдзячы сялян, трэба пераналадзіць механізмы дапамогі»

Урад цяпер працуе над новай сістэмай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Гэты працэс закране і льнаводства. «Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што мы заўтра забяром датацыі ў сельскай гаспадаркі. Ні адна краіна ў свеце гэтага не робіць. Нават варожыя краіны. Але мы будзем глядзець: што, каму і колькі. Не крыўдзячы сялян, трэба пераналадзіць механізмы дапамогі так, каб атрымліваць патрэбную нам сыравіну і запатрабаваную прадукцыю — пражу, тканіны і гатовыя льняныя вырабы», — арыентуе кіраўнік дзяржавы.

Разглядаць сістэму дзяржпадтрымкі будуць комплексна — датацыі, дзяржзаказ, патанненне, пілотны праект па экспарце льновалакна. «Але ўсё ж ніякія фінансавыя рычагі падтрымкі не прынясуць выніку, калі не будзе элементарнага парадку або, не дай бог, ідзе крадзеж. Сорамна нават гаварыць, — заўважыў Прэзідэнт. — Вы ж не горш за мяне ведаеце: каб вырасціць ураджай, трэба працаваць цэлы год, а загубіць вынік гадавой сваёй працы можна за некалькі дзён». 


У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што лён — не толькі адна з самых старажытных, але і адна з самых капрызных культур. «Дробязяў тут няма. Чаго варты толькі сяміпольны севазварот, 39 земляробчых і 70 тэхналагічных аперацый. І вось пасля ўсяго гэтага, калі несвоечасова ўбралі, — лічы, лён згніў, усё загубілі», — заўважыў Прэзідэнт. 

«Ключавым вектарам на будучыню павінна стаць вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю»

«На нарадзе мы падвядзём вынікі, пазначым праблемы», — заявіў беларускі лідар, падзяліўшы праблемныя пытанні на некалькі блокаў.

Першае. Па-ранейшаму не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты, перш за ўсё па падборы глеб і іх апрацоўцы. 

«Гэта ваша справа (у вас ёсць зіма) — вызначыць плошчы, каб выканаць планавыя даручэнні па апрацоўцы лёну. Да кожнай вобласці будуць даведзены гектары», — паставіў Прэзідэнт задачу губернатарам.

Паводле яго слоў, землі выдзяляюцца толькі на адзін год. «Гэта бязладдзе! І часта гэтыя глебы непрыдатныя для вырошчвання лёну па кіслотным складзе і ўтрыманні перагною. 

Акрамя таго, у бягучым годзе не выканана заданне па пасяўных плошчах (не засеяна больш чым 6,6 тысячы гектараў). «Як так? Вы ж самі гэтыя заданні для сябе прапісалі. Чаму не выканалі?» — задаў справядлівае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў некаторых гаспадарках замест належных 10 дзён сяўбу лёну расцягнулі больш чым на 20. «10 дзён, максімум — два тыдні — насенне лёну павінна быць у глебе!» — жорстка патрабуе Прэзідэнт.

Згадаў кіраўнік дзяржавы гнілую трасту ў Шклоўскім раёне, якая ляжала на полі ў кастрычніку. «Самі губіце ўраджай і свае грошы, а потым прыходзіце з працягнутай рукой і просіце выдзеліць з бюджэту. Дурніца гэта закончылася сёлета», — заявіў Прэзідэнт. 

«У планах на 2027 год наступаем на тыя ж граблі: асобныя падабраныя землі малапрыдатныя для вырошчвання лёну, на некаторых да гэтага часу яшчэ не сабраная салома. У сувязі з гэтым у мяне ёсць заканамернае пытанне да ўрада і аблвыканкамаў: што перашкаджае сеяць лён і падымаць ільнотрасту ва ўстаноўленыя тэрміны? Таму яшчэ раз паўтараю: губернатарам за зіму вызначыць палі, дзе будзе апрацоўвацца лён. Усё астатняе — за Каранікам (старшынёй прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Каранікам. — „Зв.“) і яго вялікімі льнаводамі-навукоўцамі».


Другое. Інвестыцыйныя праекты. 

«Слаба вядзецца мадэрнізацыя льнозаводаў. Вытворчасць айчыннай самаходнай тэхнікі не наладжана. З-за недахопу спецыяльных навесаў — так званых шох — штогод 20 % ільнотрасты захоўваецца проста ў сціртах. Там, як правіла, упакоўка парушаная, спрасаваная льнотраста становіцца вільготнай і — заканамерны вынік — непрыдатнай да перапрацоўкі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Трэцяе. Цэнаўтварэнне. 

80 % ільновалакна пастаўляецца Аршанскаму льнокамбінату і ААТ «Гранітэкс» па цэнах, ніжэйшых за ўнутраныя на 20 % (патанненне — за кошт рэспубліканскага бюджэту), а калі параўноўваць з экспартнымі, то і на 60 %.

«Розніца паміж рыначнымі цэнамі і цэнамі пастаўкі па дзяржзаказе — ад 20 да 46 % у меншы бок. Яшчэ і кошт ільновалакна ў рамках дзяржзаказу патанняецца больш чым на 10 %. Як разумець такую эканоміку і каму яна патрэбна? Што яна стымулюе? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Такі дыспарытэт стварае ўмовы для вывазу з Беларусі льносыравіны. Іншае пытанне — а хто дазволіў вывозіць?».


Ён звярнуў увагу, што не заўсёды канчатковым экспарцёрам выступалі вытворцы. «Выкупляюць сыравіну прыватнікі, а потым экспартуюць яе праз біржу працэнтаў на 40 даражэй. Мы ў сябе не можам перапрацаваць ільновалакно, прадаць гатовую прадукцыю па нармальным рыначным кошце і зарабіць дадатковыя грошы на тую ж мадэрнізацыю?» — спытаў Прэзідэнт.

Чацвёртае. Работа Аршанскага льнокамбіната.

Гэта найбуйнейшае прадпрыемства лёгкай прамысловасці ў краіне. Спісачная колькасць работнікаў — амаль 3,5 тысячы чалавек. 

«У прадпрыемства ўкладзеныя дзясяткі мільёнаў долараў. Сыравіна патанняецца дзяржавай. Гэта значыць, цяпер вы атрымліваеце прыбытак. Але гэта за кошт ільгот, прэферэнцый і субсідый на патанненне льновалакна. А без падтрымкі прыбытак атрымалі б?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аднак нават пры наяўнасці дзяржпадтрымкі эканамічныя паказчыкі работы льнокамбіната пакідаюць жадаць лепшага: экспарт скарачаецца, на складах растуць запасы, ёсць пратэрмінаваныя плацяжы. «І, што зусім абуральна, пры ўсім пры гэтым яшчэ і крадуць! Як дакладвае МУС, у 2026 годзе ў дачыненні да супрацоўнікаў Аршанскага льнокамбіната распачатыя крымінальныя справы: у складзе арганізаванай групы скралі пражы амаль на 54 тысячы рублёў і больш за тысячу літраў паліва!» — абурыўся беларускі лідар.

«Калі Орша (Аршанскі льнокамбінат. — „Зв.“) сама „куляецца“ (лічбы і факты прыведзеныя), то як яна справіцца яшчэ і з далучаным Баранавіцкім баваўняным аб’яднаннем (з лютага 2024 года далучылі)?» — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы. 

Паводле слоў Прэзідэнта, пры правядзенні пераўтварэнняў кіраўніцтва «Беллегпрама» сцвярджала, што гэта дазволіць весці адзіную збытавую палітыку. «Глядзіце, каб не атрымалася, як з віцебскімі аграпрамысловымі аб’яднаннямі (праз некалькі гадоў пасля стварэння некаторыя з іх вырашана расфарміраваць з прычыны неэфектыўнасці работы. — „Зв.“). І Баранавічы не ўратуем, і Оршу страцім», — заўважыў Прэзідэнт. 


Ён запатрабаваў забяспечыць жалезны кантроль па гэтым пытанні ад кіраўніцтва КДК, стабілізаваць фінансы, выдзеліць грошы на мадэрнізацыю. «А то атрымліваецца, ужо трэцяя ці чацвёртая „вялікая размова“ ў Прэзідэнта па „льняных“ пытаннях. Гэта апошняя размова ў такім ключы», — папярэдзіў беларускі лідар.

Яшчэ адна нявырашаная праблема датычыцца глыбіні перапрацоўкі. Па-ранейшаму асноўны прадукт з кароткай сыравіны — так званае суровае катанізаванае льновалакно (паўфабрыкат у адзін перадзел). Яно амаль у поўным аб’ёме экспартуецца ў якасці сыравіны. Адначасова ў краіну ўвозіцца сумесевая пража, вырабленая з дадаваннем таго самага катанізаванага льновалакна.

«Гэта мы можам рабіць, але завозім. Тады пытанне: што мы мадэрнізуем, калі расце імпарт?» — заўважыў Прэзідэнт. Нават пасля запуску новай лініі паглыблена будзе перапрацоўвацца менш як 23 % кароткага валакна. «А астатняя сыравіна? Таму я і настойваю, каб мы напружвалі старшыню „Беллегпрама“ і дырэктара, каб яны хутчэй пашыралі гэту вытворчасць», — сказаў Прэзідэнт.

Пятае. Сваю лепту ў развіццё льнаводства ў краіне павінна ўнесці беларуская навука. 

«Мы ўжо гэтыя праблемы абмяркоўвалі некалькі разоў: з дырэктарам Інстытута лёну», — нагадаў Прэзідэнт. «Што змянілася і як „ірванулі“, напрыклад, у тэхналогіях? Ці зможам мы з нізканумарнога льновалакна атрымліваць пражу высокіх нумароў? Навукоўцы займаюцца гэтым ці гэта праблемы выключна перапрацоўшчыкаў?» — пазначыў шэраг пытанняў кіраўнік дзяржавы. 

«Галоўнае застаецца нязменным — сыравінная база ў краіне сфарміравана, ключавым вектарам на будучыню павінна стаць вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. А для гэтага неабходная глыбокая перапрацоўка сыравіны. Патрабуецца ўзмацніць канкурэнтаздольнасць ільняной галіны і павялічыць даходы ад вырошчвання і перапрацоўкі лёну па ўсім ланцужку — ад сялян да прамыслоўцаў», — ставіць задачу беларускі лідар.

«45 тысяч гектараў нам трэба сеяць штогод»

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў выступіў з дакладам аб развіцці льняной галіны, наяўных праблемах і шляхах іх вырашэння. «Задача — штогод вырабляць 180 тысяч тон ільнотрасты і, адпаведна, атрымліваць 55 тысяч тон ільновалакна. Тры тысячы тон не дацягнулі сёлета да 180 тысяч тон, што ў пераводзе на льновалакно склала 52 тысячы тон», — адзначыў міністр, дадаўшы, што ў апошнія гады пасяўныя плошчы лёну ў краіне стабілізаваліся на ўзроўні 45 тысяч гектараў і ў далейшым будуць карэкціравацца ў залежнасці ад пераходных рэшткаў і тэхнічных магчымасцяў ільнозаводаў.


Асобную ўвагу кіраўнік ведамства завастрыў на актуальнай для льнозаводаў тэме тэхнічнай забяспечанасці арганізацый, якія вырошчваюць лён, што з’яўляецца вызначальным фактарам для атрымання якаснай ільнотрасты. «У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў мы плануем закупіць усяго 663 адзінкі тэхнікі на агульную суму 112 мільёнаў рублёў, — заявіў міністр. — Гэта ўся лінейка агульнай і спецыялізаванай тэхнікі».

Адказваючы на пытанне, чаму неабходныя машыны не закуплялі ў дастатковай колькасці ў папярэднія гады, Юрый Горлаў адзначыў, што стаўка была зроблена больш на закупку энерганасычанай тэхнікі, збожжаўборачных камбайнаў: «Цяпер сельгасарганізацыі больш-менш падцягнуліся, і з наступнага года мы ўжо па 79 адзінак тэхнікі будзем планаваць закупляць па лізінгу для льнозаводаў».

«Неабходна, каб кожны год былі заказы пад патрэбу»

Таксама Юрый Горлаў звярнуў увагу, што ў Беларусі серыйна вырабляецца практычна ўся наменклатура неабходнай у льняной галіне тэхнікі, за выключэннем адной тэхнічна складанай машыны — пераварочвальніка-ўспушвальніка, які закуплялі ў Бельгіі.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці можам мы самі вырабляць гэту тэхніку. «Цяпер пакуль танней набыць. Арыентуемся на КНР, якая ўжо зрабіла такія машыны ў сябе, і яны праходзяць выпрабаванні», — адказаў міністр. 

Прэзідэнт запатрабаваў, каб неабходная тэхніка да наступнай уборачнай была ў спраўным стане.

Закранаючы ў цэлым тэхнічны патэнцыял сельгаспрадпрыемстваў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання расказаў, што вядзецца пастаянная работа па павышэнні прадукцыйнасці і якасці айчыннай тэхнікі, што выпускаецца. 


Прэзідэнт пацікавіўся, ці задавальняюць агрэгаты для цераблення лёну аграрыяў. Як высветлілася, для віцебскіх зямель у дажджлівае надвор’е яны не зусім падыходзяць. «Вынайсці мы што заўгодна (можам. — „Зв.“), і касмічную ракету вынайдзем, — заўважыў беларускі лідар. — Але, каб эканоміка на прадпрыемстве была, неабходна, каб кожны год былі заказы пад патрэбу гэтага прадпрыемства. А так мы створым лінейку, лінію цэлую па вытворчасці, вырабім сотню, а другая сотня не патрэбна будзе. Вось у чым праблема. Таму разбірайцеся. Для гэтага ў вас да наступнай уборкі час». 

«Тое, што можна зрабіць самім, трэба рабіць»

На нарадзе было закранута пытанне стварэння дадатковых умоў для захоўвання льнотрасты з улікам нарошчвання аб’ёму яе вытворчасці. Рашэннем урада вызначаны пералік арганізацый, дзе прадугледжана першачарговае будаўніцтва сховішчаў ільнотрасты — шох.

Кіраўнік дзяржавы жорстка папярэдзіў адказных, каб ільнотраста не валялася ў адкрытым полі. Яна павінна быць пад навесам. «Крый божа ў рулонах ільнотраста або без рулонаў будзе няўкрытая. Тады наогул не трэба вырабляць гэту льнотрасту. Навошта? Вырабілі, у рулоны скруцілі і ў кучу кінулі. Тры гады ляжаць, травой усё парасло зверху. Бязладдзе! Таму па шохах дамовіліся. Вызначайце неадкладна і рабіце гэтыя навесы», — сказаў Прэзідэнт.

Закранаючы перапрацоўчыя магутнасці прадпрыемстваў, кіраўнік ведамства паведаміў, што за апошнія два з паловай гады закуплена пяць ліній першаснай перапрацоўкі лёну расійскай і кітайскай вытворчасці.

«Работа гэтых ліній нас задавальняе?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

Юрый Горлаў адказаў, што работа абсталявання льнозаводы задавальняе. У далейшым мадэрнізацыя будзе працягнута на 9 ільнозаводах для павелічэння выхаду і якасці льновалакна. «Мы і далей будзем працаваць з Расіяй і Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў міністр.


«Працуйце. Толькі тое, што можна зрабіць самім, трэба рабіць», — даручыў беларускі лідар. 

Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што Мінсельгасхарчам сумесна з канцэрнам «Беллегпрам» і аблвыканкамамі прынята рашэнне, што пачынаючы з 2027 года дзяржаўны заказ будзе фарміравацца толькі на доўгае льновалакно. Раней дзяржпадтрымка размяркоўвалася на доўгае і на кароткае льновалакно.

«Па рэалізацыі кароткага льновалакна вызначыліся, што ўвесь будзем прадаваць на льнокамбінат, каб пазбегнуць шэрых схем», — паведаміў міністр. 

На заканчэнне Юрый Горлаў дадаў, што сістэма і структура работы з ільнокамбінатам у краіне выбудаваная. 

«Па-гаспадарску трэба падыходзіць і лічыць грошы»

Заслухаўшы даклад міністра, Прэзідэнт прыняў рашэнне вызначыць тых, хто будзе адказваць за розныя кірункі ў гэтай сферы. «Горлаў з заўтрашняга дня як міністр цалкам адказвае за ўвесь працэс: ад вырошчвання да вытворчасці льновалакна. Гэта яго адказнасць у цэлым. Каранік (старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. — „Зв.“) з навукоўцамі павінен выпрацаваць сістэму: палі, насенне, догляд, уборка, перапрацоўка і продажы», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Свая роля і ў старшыні канцэрна «Беллегпрам» Надзеі Лазарэвіч — яна будзе курыраваць продажы на экспарт. «Толькі яна будзе гэтым займацца і несці за гэта персанальную адказнасць», — дадаў Прэзідэнт.


Старшыням аблвыканкамаў даручана забяспечыць выкананне ўсіх неабходных тэхналогій у льнаводстве. «За зіму вызначаецеся па палях са старшынямі райвыканкамаў, кіраўнікамі, якія будуць займацца льнаводствам. Можа, трэба пашырыць колькасць гаспадарак. Вызначыце гэтыя гаспадаркі і замацуйце за імі палі. Цалкам уся тэхналогія», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Што датычыцца цэнаўтварэння і эканомікі, гэта даручана кантраляваць памочніку Прэзідэнта Надзеі Каткавец. 

Свая задача стаіць і перад прамысловасцю з адказным за яе віцэ-прэм’ерам Віктарам Каранкевічам. «Вузлы і агрэгаты, пачынаючы ад цераблення і заканчваючы вытворчасцю прадукцыі, — за віцэ-прэм’ерам, які адказвае за прамысловасць. Я не гавару, што яны лінію (вытворчую. — „Зв.“) вынайдуць. Але там шмат таго, што мы ўжо сёння павінны рабіць самі», — заявіў беларускі лідар.

«Па-гаспадарску трэба падыходзіць і лічыць грошы. З наступнага года мы цалкам зоймемся эфектыўнасцю работы нашых прадпрыемстваў. А не аб’ёмамі работ, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ураджайнасць, прывагі і ўдоі — гэта ваша справа. Для таго каб кіраваць прадпрыемствам, трэба ведаць, якая эфектыўнасць працы. Мы зоймемся вашай эфектыўнасцю і грашыма. Надышоў час».



Даслоўна

«Дзяржаўны рубель будзе ўкладвацца туды, дзе ёсць эфектыўнасць»

У размове з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падкрэсліў, што льнаводчую галіну з наступнага года чакаюць змяненні сістэмы падтрымкі з боку дзяржавы. Паводле слоў міністра, прынята рашэнне, што кошт кароткага льновалакна перастануць патанняць з дапамогай дзяржпадтрымкі. «З наступнага года гэту датацыю мы пераразмяркуем на доўгае льновалакно, якое з’яўляецца больш якасным, чым кароткае», — растлумачыў ён. 

Аналагічныя падыходы будуць прымяняцца і ў іншых кірунках сельскагаспадарчай галіны, у прыватнасці — у жывёлагадоўлі, праінфармаваў кіраўнік Мінсельгасхарча. «Дзяржаўны рубель будзе ўкладвацца туды, дзе ёсць эфектыўнасць», — заявіў Юрый Горлаў.

Гэта патрабаванне актуальнае і для льняной галіны, у падтрымку якой дзяржава ўкладвае значныя фінансавыя рэсурсы. Ад прадпрыемстваў і арганізацый Прэзідэнт чакае большай фінансавай самастойнасці і выхаду на нармальныя эканамічныя паказчыкі. 

«Селекцыя лёну — адзін з моцных бакоў нашай айчыннай навукі»

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання працуюць у цесным кантакце па ўдасканаленні работы па вырошчванні лёну, заявіў журналістам старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.

«Селекцыя лёну — адзін з моцных бакоў нашай айчыннай навукі», — падкрэсліў кіраўнік НАН. Паводле яго слоў, краіна не толькі забяспечвае сваіх аграрыяў высакаякасным айчынным насеннем, але і пастаўляе яго на экспарт. 

«Распрацаваныя тэхналагічныя рэгламенты, дадзеныя рэкамендацыі па падборы глеб. Навуковая база падведзена. Але лён — гэта вельмі складаная культура. Яна патрабуе дакладнага захавання тэхналогіі, — перакананы Уладзімір Каранік. — Было даручэнне наладзіць жорсткае ўзаемадзеянне паміж НАН і Мінсельгасхарчам. З аднаго боку, навукоўцы павінны максімальна хутка і аператыўна ўносіць змяненні ў рэгламенты, як таго патрабуюць новыя даныя і веды. А Мінсельгасхарч павінен забяспечыць кантроль за іх выкананнем на месцах. Гэта дазволіць вывесці на новы ўзровень якасць атрыманай ільнотрасты і ўраджайнасць».

За апошнія 5 гадоў дзякуючы пільнай увазе Прэзідэнта, каардынуючай ролі Мінсельгасхарча, а галоўнае — працы работнікаў сферы АПК сітуацыя па льне паляпшаецца, акцэнтаваў увагу кіраўнік НАН. «Растуць ураджайнасць, аб’ём вытворчасці. Навука ўносіць свой сціплы ўклад, але асноўны цяжар кладзецца на аграрыяў. Мы гатовыя больш актыўна аказваць навукова-метадычнае суправаджэнне», — рэзюмаваў Уладзімір Каранік.

«Павінны сказаць сваё слова тэхнолагі»

Па выніках нарады вызначаны службовыя асобы, якія будуць адказваць за розныя кірункі льняной галіны ў краіне. Кантраляваць цэнаўтварэнне і эканоміку даручана памочніку Прэзідэнта — інспектару па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец. «Мая задача — зразумець, як мы павінны выбудаваць сістэму цэнаўтварэння. Тая, якая сёння існуе, і прапанаваная на 2027 год, дазваляюць «рабіць эканоміку» льнозаводаў», — расказала яна журналістам.

Надзея Каткавец растлумачыла, што на гэты момант дэталёва ўнікла ў эканамічную сітуацыю льнозаводаў Магілёўскай вобласці. Яе выснова такая: там, дзе кантралююць захаванне тэхналогій на ўсіх этапах, ад поля да прылаўка, дзе выконваюць усе тэхналагічныя рэгламенты, там і атрымліваюць сыравіну высокай якасці, а з яе — і каштоўную прадукцыю. 

Зараз памочнік Прэзідэнта мае намер аналагічным чынам азнаёміцца з сітуацыяй на Аршанскім ільнокамбінаце. «Павінны сказаць сваё слова тэхнолагі Аршанскага льнокамбіната. Таму што канчаткова дабаўленая вартасць фарміруецца тут, на Аршанскім ільнокамбінаце, дзе робіцца гатовая прадукцыя», — рэзюмавала Надзея Каткавец.

«Усе ўказанні Прэзідэнта, безумоўна, будуць выкананыя»

Вытворчасць на Аршанскім ільнокамбінаце і далей будуць мадэрнізаваць і развіваць, каб вырабляць запатрабаваныя на рынку высакаякасныя тканіны, заявіла журналістам старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч. 

«Усе ўказанні Прэзідэнта, безумоўна, будуць выкананыя. Ён патрабуе ад нас паскорана працаваць па мадэрнізацыі, атрымліваць больш вынікаў. Таму што цяпер наш час — ёсць магчымасці заваяваць рынак», — адзначыла кіраўнік канцэрна.

Надзея Лазарэвіч упэўненая, што вынікі работы Аршанскага льнокамбіната могуць быць значна лепшымі. Асаблівую ўвагу маюць намер і далей удзяляць якасці — ад перапрацоўкі сыравіны да вырабу канчатковай прадукцыі.

Старшыня канцэрна звярнула ўвагу на тое, што цяпер на рынку запатрабаваныя розныя тканіны: «Вялікая задача — каб мы маглі быць у трэндзе, у рынку. Будзем вырабляць больш сучасную тэхналагічную тканіну». 

На камбінаце, натуральна, разлічваюць на павышэнне якасці сыравіны, што пастаўляецца з боку беларускіх аграрыяў. З доўгім ільновалакном працаваць і зручней, і больш прыбыткова. Тым не менш тут нядаўна паспяхова асвоілі тэхналогію глыбокай перапрацоўкі і кароткага льновалакна, аб’ёмы будуць нарошчваць. «Самае галоўнае цяпер — атрымаць ад гэтай тэхналогіі добры вынік», — рэзюмавала Надзея Лазарэвіч.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

г. Орша

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю