Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы са спецпасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам





Чарговы раўнд беларуска-амерыканскіх перагавораў, які прайшоў у Палацы Незалежнасці, прадугледжваў абмеркаванне шырокага кола пытанняў. Гэтым разам (магчыма, дзесьці нечакана для амерыканскага боку) перагаворы пачаліся з абмеркавання вайны на Блізкім Усходзе і іншай вострай сусветнай павесткі. Прэзідэнт Беларусі ўжо некалькі разоў праводзіў сустрэчы са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. Папярэдні раўнд беларуска-амерыканскіх перагавораў адбыўся ў снежні мінулага года. Цяпер пратакольная частка сустрэчы доўжылася сем з паловай хвілін, пасля чаго перагаворны працэс працягнуўся за зачыненымі дзвярыма. Па выніках перагавораў з беларускім лідарам спецпасланнік ЗША адказаў на пытанні журналістаў.


«Беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцяў»

На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на добры настрой амерыканскіх гасцей. «Як быццам не было працяглага падарожжа ў вас, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Усе бадзёрыя. Я вельмі рады, што ў вас настрой добры і выглядаеце вы бадзёра. Гэта, Джон, таму, што вы, напэўна, да сяброў заляцелі спачатку, а не адразу ў Беларусь. Пара ўжо прылятаць адразу да нас».

«Так, гэта было б вельмі добра», — заўважыў Джон Коўл.


Беларускі лідар адзначыў, што павестка перагавораў вызначана, яе загадзя агаварылі. 

«Таму я гатовы, як заўсёды, да абмеркавання любых праблем, адказваць на любыя пытанні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе. Думаю, мой пункт гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важным для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатовы адкрыта пагаварыць на гэту тэму». 

«Вы маеце на ўвазе вайну з Іранам?» — удакладніў спецпасланнік ЗША па Беларусі. 

«Так, вельмі хацеў бы, каб мой пункт гледжання вы данеслі да Дональда Трампа, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з’яўляюся прыхільнікам вашага Прэзідэнта».


Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму так званых палітвязняў, якая таксама абмяркоўвалася падчас беларуска-амерыканскіх перагавораў.

***



Па выніках перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл адказаў на пытанні журналістаў.

«Вельмі каштоўна заўсёды атрымліваць меркаванне Прэзідэнта Беларусі» 

Журналісты заўважылі, што спецпасланнік ЗША і Прэзідэнт Беларусі гутараць як добрыя знаёмыя. 

«Гаворым вельмі шчыра адзін з адным», — пацвердзіў Джон Коўл.

 

Ён праінфармаваў, што падчас гэтай сустрэчы з беларускім лідарам вельмі шмат абмяркоўвалі пытанняў, звязаных з узаемаадносінамі паміж Беларуссю і ЗША. Аднак большая частка перагавораў была прысвечана міжнароднай абстаноўцы.

«Мы абмяркоўвалі таксама і тое, што думаюць пра вайну ў Іране ў Беларусі, тое, што думаюць пра вайну ў Іране ў ЗША, і якім чынам гэта сітуацыя развіваецца, — канкрэтызаваў Джон Коўл. — Вельмі каштоўна заўсёды атрымліваць меркаванне Прэзідэнта Беларусі. Бо гэта зусім іншае меркаванне ў параўнанні з тым, што мы можам атрымаць на Захадзе. Гэта вельмі каштоўна для нас. Я абавязкова перадам усё тое, што мы абмяркоўвалі тут сёння, у Вашынгтон».

Па словах спецпасланніка ЗША, падчас перагавораў закраналася сітуацыя ў Венесуэле, тое, што адбываецца ў Венесуэле і іншых рэгіёнах свету, і якім чынам гэта ўплывае на падзеі ва ўсім свеце. «Бо ў Заходнім паўшар’і цяпер сітуацыя вельмі дынамічная і імкліва развіваецца, вельмі шмат змен», — заўважыў ён.


«Я вас запэўніваю: гэтым разам усё будзе значна хутчэй»

Вынікам гэтага раўнда беларуска-амерыканскіх перагавораў стала і зняцце санкцый з шэрагу кампаній нашай краіны.

«Я аб’явіў Прэзідэнту Лукашэнку аб тым, што ЗША здымае санкцыі з «Белінвестбанка», Банка развіцця Беларусі і Міністэрства фінансаў, — паведаміў журналістам Джон Коўл. — І ЗША таксама прынялі рашэнне аб тым, што здымаюцца з усіх санкцыйных спісаў дзве беларускія кампаніі: Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій».

Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што падчас папярэдніх візітаў Джона Коўла ў Беларусь, калі ўжо паведамлялася аб адмене санкцый, размова ішла аб тым, што гэта будзе зроблена неадкладна. Аднак, як паказала практыка, для гэтага спатрэбіўся пэўны час. Супрацоўнікі СМІ ўдакладнілі: гэтым разам санкцыі з агучаных кампаній будуць зняты аднамомантна або на гэта спатрэбіцца некаторы час?

«Мы навучыліся гэта рабіць хутчэй, — падкрэсліў спецпасланнік ЗША. — Перад тым, як наведаць Мінск, прыехаць сюды з візітам, мы правялі пашыраныя перагаворы з Міністэрствам фінансаў, іншымі амерыканскімі структурамі, задзейнічанымі ў прымяненні санкцый. Я вас запэўніваю: гэтым разам усё будзе значна хутчэй».

«Прэзідэнт Трамп пастаянна гаворыць аб Прэзідэнце Лукашэнку як аб сваім вельмі добрым сябры і паважаным сусветным лідары»

Падчас перагавораў абмяркоўваўся магчымы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Злучаныя Штаты Амерыкі.

«І будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць, — падкрэсліў Джон Коўл. — Прэзідэнт Дональд Трамп пастаянна гаворыць аб Прэзідэнце Лукашэнку, адгукаецца аб ім як аб сваім вельмі добрым сябры і паважаным сусветным лідары».

Спецпасланнік ЗША дадаў, што пэўны час таму амерыканскі бок быў расчараваны тым, што Аляксандр Лукашэнка не змог прыехаць на пасяджэнне Савета міру, якое нядаўна адбылося ў Вашынгтоне. «Але Прэзідэнт Трамп запрасіў Прэзідэнта Лукашэнку паўдзельнічаць у любых іншых пасяджэннях Савета міру, — падкрэсліў спецпасланнік ЗША. — Мы абмеркавалі гэтае пытанне. Прэзідэнт Лукашэнка пацвердзіў, што ён прыме ўдзел у адным з пасяджэнняў Савета міру».

«Гэта розныя канфлікты»

Многія СМІ распаўсюджваюць меркаванне аб тым, што на фоне падзей на Блізкім Усходзе канфлікт ва Украіне адышоў на другі план. Беларускія журналісты пацікавіліся, як у саміх Злучаных Штатах ставяцца да падобных заяў.

«Гэта розныя канфлікты, — звярнуў увагу Джон Коўл. — Натуральна, для Расіі і для Украіны сітуацыя на Украіне нашмат важнейшая за тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Для Ірана, ЗША і Ізраіля нашмат важней тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Таму сітуацыя вельмі пераменлівая і мяняецца кожны дзень».


«Абодва бакі пагадзіліся з тым, што гэта вельмі важны момант»

Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас перагавораў, датычылася аднаўлення работы амерыканскага пасольства ў Беларусі.

«Мы сапраўды абмеркавалі гэта пытанне на сустрэчы з Прэзідэнтам Лукашэнка, — удакладніў ён. — Перад нашай паездкай сюды мы правялі шырокія кансультацыі з Дзярждэпартаментам ЗША, іншымі ўцягнутымі структурамі. Работа вядзецца ў гэтым кірунку. Я не магу даць вам ніякіх дат канкрэтных, але работа ідзе. Але абодва бакі пагадзіліся з тым, што гэта вельмі важны момант».

Журналісты спыталі, ці можна ў кароткатэрміновай перспектыве чакаць двухбаковых прамых кантактаў лідараў Беларусі і ЗША: будзе гэта асабістая сустрэча або тэлефонная размова.

«Так!» — адказаў Джон Коўл.
 

«Я працую з Прэзідэнтам Трампам і Прэзідэнтам Лукашэнкам»

У спецпасланніка ЗША пацікавіліся, ці ўплывае хто-небудзь, акрамя прэзідэнтаў Беларусі і ЗША, на тэматыку і графік сустрэч Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Я працую з Прэзідэнтам Трампам і Прэзідэнтам Лукашэнкам», — падкрэсліў Джон Коўл.

Ён праінфармаваны, што за межамі Беларусі ёсць людзі, якія ўсяляк спрабуюць раздуваць сваю значнасць з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, заяўляючы аб тым, што маюць адносіны да арганізацыі беларуска-амерыканскіх перагавораў і іх тэматычнага напаўнення.

«На мяне гэта ніякага ўплыву не аказвае, — падкрэсліў Джон Коўл. — Ніякія інструкцыі ні ад каго больш, акрамя як ад Прэзідэнта Трампа, у дадзеным выпадку я не атрымліваю».


«Мы хочам, каб адносіны паміж Беларуссю і Літвой палепшыліся»

Журналісты адзначылі, што на сустрэчы спецпасланніка ЗША з прэм’ер-міністрам Літвы, якая адбылася напярэдадні перагавораў у Мінску, навязвалася меркаванне аб тым, што Беларусь быццам бы ўяўляе пагрозу для гэтай краіны: з-за беспілотнікаў або метэазондаў. Супрацоўнікі масмедыя пацікавіліся, што на гэты конт думае спецпасланнік ЗША.

«Я чуў, што гаварылі прэзідэнт Літвы і прэзідэнты іншых краін, натуральна, я гэта ўсё чую, — сказаў Джон Коўл. — Мы бачым сваю мэту, працуючы з прадстаўнікамі Літвы. Мы выконваем у гэтым выпадку гуманітарную місію: хочам, каб адносіны паміж Беларуссю і Літвой палепшыліся».


«Мы абмяркоўваем усе пытанні, якія звязаны з нашымі двухбаковымі адносінамі»

Гаворачы аб перспектывах беларуска-амерыканскіх адносін, спецпасланнік ЗША адзначыў, што сітуацыя значна палепшылася. «Мы прайшлі вельмі вялікі шлях з таго часу, калі першы раз прыехалі сюды для сустрэчы з Прэзідэнтам, — канстатаваў ён. — І яшчэ раз падкрэсліваю: сітуацыя вельмі палепшылася. Мы абмяркоўваем усе пытанні, якія звязаны з нашымі двухбаковымі адносінамі».

Па завяршэнні размовы журналісты з жартам заўважылі: можа, наступным разам Джон Коўл прыляціць у Мінск прамым рэйсам?

«Вельмі спадзяюся на гэта», — заявіў спецпасланнік ЗША па Беларусі.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю