У цэнтры ўвагі
У цэнтры ўвагі
Сёння ў Палацы Незалежнасці прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам абароны Расійскай Федэрацыі Андрэем Белавусавым, на якой абмеркавалі правядзенне традыцыйных сумесных вучэнняў «Захад — 2025», што маюць адбыцца ў верасні на тэрыторыі дзвюх краін. Кіраўнік краіны асабліва падкрэсліў, што да вучэнняў мы гатовы: «Нічога ад нікога не хаваем. Мы сапраўды дэманструем адкрытасць, што гэта вучэнні нашы і носяць абарончы характар. І ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Але гэта іх справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэнне на ўзроўні прэзідэнтаў па правядзенні вучэнняў».
«Цудоўна прайшоў разлік»: аб святкаванні 80-годдзя Перамогі
Напачатку сустрэчы Андрэй Белавусаў перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя цёплыя словы ад яго расійскага калегі. «Сутнасць у тым, што ў нас не проста сяброўства, мы ўжо настолькі цесна звязаны адзін з адным, што разумеем адзін аднаго практычна без слоў», — канкрэтызаваў міністр абароны Расіі.
Ён выказаў удзячнасць беларускаму лідару за ўдзел у святкаванні 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Маскве, за ўдзел у парадзе. «Цудоўна прайшоў ваш разлік, — канстатаваў Андрэй Белавусаў. — Вы самі бачылі, і вы былі першым з кіраўнікоў дзяржаў, які ўстаў і прывітаў свой разлік. Сапраўды, хлопцы цудоўна прайшлі».
«Гэта найвышэйшы ўзровень даверу»
У верасні на тэрыторыі дзвюх краін пройдуць сумесныя вучэнні «Захад — 2025». Аб гэтым ішла размова і ў Палацы Незалежнасці.
«Да вучэнняў мы гатовы, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нічога ад нікога не хаваем. Мы сапраўды дэманструем адкрытасць, што гэта вучэнні нашы і носяць абарончы характар. І ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Але гэта іх справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэнне на ўзроўні прэзідэнтаў па правядзенні вучэнняў. З Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным, Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. — „Зв“.) мы абмяркоўвалі гэта пытанне. Што датычыцца нашай часткі, палігонаў Беларусі, мы гатовы. Мы гатовы да таго, каб, куды трэба, вылецець па плане на палігоны Расіі, наадварот, прыняць расійскія войскі, і правесці сумеснае вучэнне нашай сумеснай групоўкі, якая створана ў Саюзнай дзяржаве».
У гэтым плане, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Расія можа не турбавацца. «Мы вельмі прыстойна падрыхтуемся, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Наша беларуская частка, як і на парадзе, не будзе глядзецца горш за іншыя элементы. У тым ліку мы будзем дзейнічаць у зададзеным ключы і будзем адпавядаць тым перадавым метадам вядзення сённяшняй вайны, супраціўлення з улікам (вопыту. — „Зв“.) СВА, новых прынцыпаў і метадаў».
Адной з тэм размовы стала навучанне беларускіх ваеннаслужачых расійскімі спецыялістамі. За гэта Прэзідэнт выказаў удзячнасць расійскаму боку. «Яны нароўні з расіянамі (не лічацца замежнікамі) за адной партай сядзяць, і ўсяму, чаму вы навучаеце расійскіх ваеннаслужачых, навучаюцца і нашы, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта вельмі важна, мы гэта вельмі цэнім, бо гэта найвышэйшы ўзровень даверу. Усё-такі гэта бяспека, абарона, і тут Расія не агароджвае сябе ад Беларусі. Такога ўзаемадзеяння ў Расіі ні з кім няма. Мы гэта вельмі цэнім».
Абмяркоўваючы пытанне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць Расійскай Федэрацыі за тое, што яны знайшлі ў гэты няпросты час магчымасць пастаўкі ў Беларусь закупленых намі ўзораў узбраення. «Я маю на ўвазе самалёты, верталёты і гэтак далей, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Мы вельмі актыўна працуем над перспектыўнымі відамі ўзбраенняў. Мы з вамі (ведаеце гэта добра, наша міністэрства падключылася) рэалізуем задуму, якую мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным па размяшчэнні тут самых перадавых відаў зброі для абароны, у тым ліку „Арэшнік“ і гэтак далей. Мы тут значна прасунуліся».
Рэзюмуючы, беларускі лідар акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе павінны разумець: ніхто не жартуе. «Мы ні на каго нападаць не збіраемся, але калі... мы вымушаны абараняць не толькі сваю гістарычную праўду, а і сваю зямлю, сваіх родных, блізкіх, сем’і свае і нашу Айчыну, — падкрэсліў ён. — Таму ў гэтым вы можаце быць ўпэўнены».
Ад навучання да ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва
Кіраўнік абароннага ведамства Расійскай Федэрацыі адзначыў, што Расія і Беларусь не проста саюзнікі. «У нас агульная абаронная прастора, якую мы ўмацоўваем, а ў сілу вельмі складанай міжнароднай абстаноўкі абавязаны ўмацоўваць як мага хутчэй, — канстатаваў ён. — Мы гэта ажыццяўляем па трох асноўных кірунках. Гэта павышэнне зладжвання нашых войск, работы штабоў. Тут, напэўна, ключавая падзея ў гэтым годзе — нашы сумесныя вучэнні „Захад — 2025“, якія пройдуць адначасова на палігонах у Расіі і ў Беларусі».
Другім кірункам узаемадзеяння ў абароннай сферы, па словах Андрэя Белавусава, з’яўляецца навучанне ваеннаслужачых Беларусі ў вышэйшых навучальных установах Расійскай Федэрацыі. «У нас цяпер аднамомантна навучаецца больш як 300 чалавек, — канкрэтызаваў ён. — Мы актыўна перадаем вопыт і плануем далей перадаваць вопыт самых сучасных форм вядзення баявых дзеянняў з улікам вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотных сістэм, што цяпер становіцца асабліва актуальным».
Трэці кірунак — ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. «Мы з Віктарам Генадзьевічам (Хрэніным, міністрам абароны Беларусі. — „Зв“.) сёння яшчэ запланавалі дэталёва абмеркаваць, прайсці па ўсім парадку дня (а ён у нас вельмі шырокі, толькі ў нас 15 пытанняў), — удакладніў міністр абароны Расіі. — У Віктара Генадзьевіча яшчэ больш будзе, але яны перасякаюцца, безумоўна. Мы абавязкова ўсё гэта абмяркуем».
У якасці памятнага сувеніра кіраўнік абароннага ведамства Расійскай Федэрацыі перадаў Аляксандру Лукашэнку набор усіх узнагарод Савецкага Саюза, якія ўручаліся за баявыя заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падарунак уяўляе сабой пано, на якім замацаваны копіі савецкіх узнагарод, выкананыя ў натуральную велічыню.
«Андрэй Рэмавіч, я так разумею, вы мяне ўзнагародзіце сёння адразу ўсімі ўзнагародамі», — пажартаваў у адказ на падарунак Аляксандр Лукашэнка.
«Абавязкова», — сказаў міністр абароны Расіі.
«Дзякуй. Гэта мы размесцім на бачным месцы. Вельмі добрая задума: зрабілі ўсе ўзнагароды», — адзначыў Прэзідэнт.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Кіраўнік беларускага ваеннага ведамства па выніках перагавораў з расійскім калегам адзначыў, што погляды на забеспячэнне бяспекі Саюзнай дзяржавы цалкам супадаюць у Беларусі і Расіі.
«Сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прадэманстравала, што кіраўнік беларускай дзяржавы трымае на кантролі ўсе аспекты нашых адносін, а ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з’яўляецца краевугольным каменем міждзяржаўнага ўзаемадзеяння», — сказаў Віктар Хрэнін.
Кіраўнік ваеннага ведамства звярнуў увагу, што былі ўзгоднены далейшыя крокі па падтрыманні і ўмацаванні абароннага патэнцыялу, неабходнага для прадухілення пагрозы ваеннай бяспекі і адбіцця агрэсіі ў выпадку яе развязвання.
«Прадметная сумесная работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана. Усе дасягнутыя дамоўленасці, у тым ліку па рэалізацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, выкананы ў поўным аб’ёме. Мы стаялі і далей будзем стаяць плячо ў плячо на варце бяспекі нашых краін і народаў і будзем прымаць усе неабходныя меры рэагавання ў выпадку любых замахаў на Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю», — запэўніў Віктар Хрэнін.
Паводле БелТА.