Top.Mail.Ru

Развіццё ракетабудавання — тэма абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта

Сур’ёзная размова з нагоды далейшых крокаў па развіцці новай галіны ў Беларусі адбылася ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з адказнымі за сферу спецыялістамі. 


«Дынаміка ўзроўню ваенных пагроз і істотнае павелічэнне нашымі заходнімі суседзямі ваенных выдаткаў прымушае нас пастаянна надаваць самую пільную ўвагу пытанню абараназдольнасці Беларусі, Расіі, нашага Саюза», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў чэрвені гэтага года прыняты шэраг рашэнняў у частцы далейшага развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў, якія ўсё больш і больш дамінуюць на полі бою.

Ракетабудаванне — галіна для нашай краіны новая, і сённяшняя нарада прысвечана пытанням яе развіцця і мадэрнізацыі. «Як і беспілотная авіяцыя, дадзеная галіна адносна маладая для ВПК. Стваралі мы яе літаральна з нуля, нешта дасягнулі, нешта не атрымалася ці не атрымліваецца. Як і ў астатніх сектарах эканомікі мы дзейнічаем максімальна эфектыўна зыходзячы з наяўных фінансавых рэсурсаў. Сёння мы павінны вызначыцца, куды і як будзем рухацца далей па гэтым напрамку, улічваючы формы і метады вядзення баявых дзеянняў у сучасных умовах», — задаў тон размовы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка праанансаваў свой візіт у Кітай

Пра хуткі візіт у КНР Прэзідэнт паведаміў на нарадзе па ракетабудаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абмеркаванне тэмы ракетабудавання напярэдадні мае вялікае значэнне. «Гэта важна яшчэ і ў сувязі з маім візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку і размовай са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам (у нас такая сустрэча плануецца). Чаму? Таму што пачыналі мы, працягвалі ракетабудаванне ў цеснай сувязі з кітайскім ваенна-прамысловым комплексам, і цяпер у нас ёсць кантакты», — растлумачыў беларускі лідар.

256806-03.jpg

Раней паведамлялася, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін запрасіў Прэзідэнта Беларусі на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і парад у Пекіне, якія пройдуць у канцы жніўня — пачатку верасня. Парад у Пекіне прымеркаваны да 80-й гадавіны Перамогі ў вайне супраціўлення кітайскага народа японскай агрэсіі і сусветнай антыфашысцкай вайне.

«Кожная дзяржава павінна думаць аб абараназдольнасці»

Удзельнікі закрытай нарады ў Прэзідэнта раскрылі журналістам некаторыя падрабязнасці размовы па тэме ракетабудавання.

«Сёння паўстаюць пытанні аб аснашчэнні ракет і ядзернымі боегалоўкамі ў тым ліку» 

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што дынаміка сучасных ваенных пагроз сёння зашкальвае, у нашых суседзяў назіраецца істотнае павелічэнне выдаткаў на абарону, павышаная ўвага да пытанняў мілітарызацыі, каля нашых заходніх граніц назіраецца ваенная актыўнасць. «Усё гэта прымушае нас па-асабліваму глядзець на пытанні абараназдольнасці нашай дзяржавы. Як кажа Прэзідэнт, мы нікому не пагражаем, але, што датычыцца абароны нашай дзяржавы, нашых нацыянальных інтарэсаў і нашага народа, — гэта ў аснове ўсяго. І пытанні, звязаныя з павышэннем нашай абараназдольнасці, надзвычай важныя. На першы план тут выходзяць пытанні стратэгічнага стрымлівання, стратэгічнай зброі. І сюды адносяцца пытанні, звязаныя з ракетнай вытворчасцю. Ракетныя войскі, артылерыя — гэта адзін з найважнейшых складнікаў нашых Узброеных Сіл, і яны павінны адпавядаць патрабаванням часу і быць здольнымі выканаць задачы ў адпаведнасці з новымі формамі і спосабамі баявых дзеянняў, якія мы ўзмоцнена вывучаем», — расказаў Аляксандр Вальфовіч. 

вальфович.jpg

Паводле яго слоў, нарада ў Прэзідэнта была прысвечана стварэнню ракетнай вытворчасці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб аспектах асваення праграмы па ракетнай вытворчасці ў нашай краіне, якая завяршаецца сёлета. Праграма была прынята ў 2020-м на пяцігадовы тэрмін. «Пяць гадоў таму мы пачыналі з нуля. У нашай краіне ніколі не было ракетнай вытворчасці. Нам гэта было не трэба, мы — мірная краіна, вырабляем трактары, аўтобусы. Але жыццё падштурхоўвае да таго, што кожная дзяржава павінна думаць аб пытаннях абараназдольнасці. Таму была прынята пастанова аб стварэнні ўласных ракет», — нагадаў гісторыю пытання дзяржаўны сакратар. Разам з расійскімі, кітайскімі партнёрамі былі створаны адпаведныя напрацоўкі, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі. 

«Сёння паўстаюць пытанні аб аснашчэнні ракет і ядзернымі боегалоўкамі ў тым ліку», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён паведаміў, што разглядаецца пытанне аб аснашчэнні такімі боегалоўкамі ракетнага комплексу «Паланэз». Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што гэты комплекс быў створаны сумесна з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Пазней ён быў паспяхова мадэрнізаваны ўжо на беларускіх прадпрыемствах. «Сёння гэта самы сучасны комплекс. Далёкасць ракеты была 200 км, сёння гэта ракеты (далёкасцю. — «Зв.») 300 км. Гэта высокадакладная зброя. Вядома ж, любая зброя патрабуе карэкціроўкі, унясення змяненняў. Ужо ставяцца пытанні аснашчэння гэтых ракет ядзернымі боегалоўкамі і як інтэграваць тэхналогіі «Арэшніка», можа быць, у нейкія ракеты сумесныя. Як сумесна ўжо з расійскім бокам карэкціраваць і працаваць у гэтым напрамку, ствараючы сучасную ракету», — сказаў дзяржсакратар Савета Бяспекі. «Гэта не дзеля пагроз камусьці. Мы глядзім, як ЗША, заходнія краіны ствараюць аналагічныя комплексы з далёкасцю 600 і больш кіламетраў. Трэба паспяваць і ісці ў гэтым напрамку», — перакананы Аляксандр Вальфовіч. 

Па ўсіх пералічаных пазіцыях Прэзідэнт задаваў прынцыповыя пытанні на нарадзе. Кіраўнік дзяржавы паглыблены ў гэту тэму, таму актыўна цікавіўся ўсімі аспектамі. «Прэзідэнт паставіў задачу паглядзець, што наогул зроблена па сучасных відах узбраення нашым ваенна-прамысловым комплексам, і яго праінфармаваць, куды далей рухацца, што трэба карэкціраваць. Пастаўлены задачы не спыняцца, рухацца наперад», — расказаў дзяржаўны сакратар.

«Мы вельмі шмат працавалі над фактычна стварэннем школы ракетабудавання»

Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус расказаў, што кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках работы ў галіне ракетабудавання за апошнія пяць гадоў. «Я нагадаю, што былі досыць паспяховыя праекты ў гэтым плане — зенітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2», які прыняты на ўзбраенне ва Узброеных Сілах з першай айчыннай зенітна-кіраванай ракетай далёкасцю больш за 70 кіламетраў. Сёння комплекс серыйна вырабляецца і цікавасць да яго вялікая. У гэтай пяцігодцы нам удалося завяршыць праект па гранатамётным комплексе «Сапфір». Мы вельмі шмат працавалі над фактычна стварэннем школы ракетабудавання. Мы працягвалі работу па навучанні спецыялістаў, у тым ліку і ў Расійскай Федэрацыі, па вузкаспецыялізаваных спецыяльнасцях. Сёння шэраг спецыялістаў ужо прыбылі да нас і працуюць на нашых прадпрыемствах. Гэта работа будзе працягнута», — адзначыў Дзмітрый Пантус. Таксама на нарадзе старшыня ВПК далажыў Прэзідэнту аб патэнцыяльных праектах на будучыню.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю