Top.Mail.Ru

«Калі свет будзе развівацца па законах справядлівасці, думаю, ён ніколі не загіне»

Аб чым Прэзідэнт гаварыў з суддзямі краіны


У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў вялікую нараду з судзейскім корпусам. Гэта першая падобная сустрэча пасля сур’ёзных пераўтварэнняў у судовай сістэме. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі навацыі ў судовай сістэме, перспектывы канстытуцыйнага правасуддзя, дзейнасць судоў агульнай юрысдыкцыі, а таксама работу судоў з насельніцтвам.

«Выбранне суддзяў сходам у разы павышае ступень вашай адказнасці перад грамадствам»

Для ўдзелу ў нарадзе ў Палац Незалежнасці прыехалі 250 чалавек з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта першая сустрэча пасля сур’ёзных пераўтварэнняў у судовай сістэме ў арганізацыйным, працэсуальным і кадравым планах. «Любыя змяненні ў сістэме — гэта складаны працэс, які патрабуе пастаяннай увагі. І нам ёсць што абмеркаваць», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Гаворачы аб складзе ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў іх асаблівы статус і высокі ўзровень адукацыі. «Гэта суперэліта нашай нацыі», — падкрэсліў ён.


«Пачнём з таго, што свае паўнамоцтвы па фарміраванні вышэйшых судоў ужо рэалізуе Усебеларускі народны сход. Некаторыя з вас выбраныя на яго папярэднім пасяджэнні. Што ў цэлым дае ўдзел прадстаўнічай галіны ўлады ў фарміраванні судовай сістэмы? Хацелася б пачуць ваша меркаванне праз год пасля прыняцця рашэння. Як кажуць тэарэтыкі, пашырае межы сапраўднай дэмакратыі, устанаўлівае новыя формы ўзаемадзеяння галін улады, новыя варыянты стрымак і проціваг. Але сутнасць не толькі ў гэтым, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Выбранне суддзяў сходам у разы павышае ступень вашай адказнасці перад грамадствам». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць суддзяў — гэта канстанта. «Пры гэтым вы цалкам залежныя ад закону, абапіраецеся на яго і яму падпарадкоўваецеся, — адзначыў ён. — Ці могуць суддзі адгарадзіцца ад народа сцяной закону, кіруючыся логікай крылатай лацінскай фразы „няхай загіне свет, але пераможа правасуддзе?“ Не. Гэта не наш шлях. І гэта не пра наш менталітэт».

Прэзідэнт звярнуў увагу: «Калі свет будзе развівацца па законах справядлівасці, думаю, ён ніколі не загіне. Суддзі як агульных, так і Канстытуцыйнага судоў, як ніхто іншы, павінны разумець сваю ролю ў гэтым кантэксце. Асабліва сёння, калі настолькі вялікі запыт на справядлівасць, сацыяльную абароненасць і бяспеку. Паглядзіце, што адбываецца навокал. Але нашы рэформы, што закранаюць прававую сферу, адпавядаюць задачам, якія ставіць час. Прынамсі не дапусцілі таго глупства, якое сёння існуе ў нашых суседзяў — у палякаў».

«Мы выйшлі на новы ўзровень у абароне правоў і свабод грамадзян»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі. «Яе падтрымаў народ, і Канстытуцыйны Суд атрымаў шырокія паўнамоцтвы. Гаворка не толькі аб тлумачэнні Асноўнага Закона, праверцы канстытуцыйнасці правядзення выбараў, папярэднім кантролі міжнародных дагавораў. Мы выйшлі на новы ўзровень у абароне правоў і свабод грамадзян, увёўшы інстытут прамой канстытуцыйнай скаргі», — падкрэсліў Прэзідэнт.


Па словах кіраўніка дзяржавы, такія звароты паступаюць. У Канстытуцыйны Суд людзі прыходзяць з рэальнымі, важнымі для іх праблемамі — жыллё, права ўласнасці, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. «Значыць, гэты інстытут запатрабаваны ў насельніцтва, — заўважыў беларускі лідар. — Па такіх справах вы фактычна ставіце кропку ў спрэчцы чалавека з законам. І тут на першы план выходзяць пытанні захавання грамадска-палітычнага і сацыяльнага балансу. Таму высокія і патрабаванні да вас. Калі кожны суддзя будзе адпавядаць такім запытам, то і вышэйшы канстытуцыйны орган не ператворыцца ў чарговую інстанцыю для перагляду судовых спраў». 

Прэзідэнт закрануў і практычную значнасць судзейскай работы: «Рашэнні Канстытуцыйнага Суда ўплываюць не толькі на юрыдычную дактрыну, яны маюць практычныя наступствы. І ў першую чаргу адбіваюцца на правапрымяненні. Штучнасці і надуманасці ў актах Канстытуцыйнага Суда, вядома, быць не павінна. Як і канкурэнцыі з Вярхоўным Судом і іншымі органамі».

«Асаблівае значэнне мае прававая абароненасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы»

Сур’ёзныя змяненні таксама адбыліся ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі: пачаў работу Апеляцыйны эканамічны суд, рэалізуецца адзіны для сістэмы судоў Кодэкс грамадзянскага судаводства. «Прынятыя рашэнні былі ўзважанымі, прадуманымі, і, у прынцыпе, нейкіх істотных недапрацовак не ўгледжваецца. Тут важна памятаць, што ў сучасных умовах асаблівае значэнне мае прававая абароненасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы ад наступстваў рознага роду бандыцкіх санкцый і іншага», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. 


Інвестыцыйная прывабнасць — адзін з найважнейшых прыярытэтаў развіцця любой краіны. «Інвестары могуць разлічваць на надзейную судовую абарону сваіх інтарэсаў у Беларусі. Але пры адной умове: калі працуюць сумленна і не блытаюць эканоміку з палітыкай, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Як Прэзідэнт акцэнтую ўвагу на прадпрыемствах, якія трапілі ў цяжкую эканамічную сітуацыю. Судовае рашэнне не павінна іх дабіваць. Лёсы працоўных калектываў, людзей, іх сем’яў — таксама ваша адказнасць. І я вельмі прашу вас мець тут цесны кантакт і нават запускаць часцей за ўсё наперад выканаўчыя органы ўлады на месцах, каб вы разам з імі адказвалі за работу рэальнага сектара эканомікі. Мы ўсе прама ці ўскосна за яе адказваем».

«На вашых рашэннях грунтуецца ўся правапрымяняльная практыка»

Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзяляць асаблівую ўвагу практыцы правапрымянення: «Вы на перадавой у гэтай рабоце. Менавіта вы бачыце рэальныя прабелы, калізіі і нестыкоўкі ў прававых актах. І калі лічыце, што заканадаўства ў чымсьці несправядлівае, супярэчлівае ці не адпавядае рэаліям, — ваш прамы абавязак падняць пытанне аб змяненні або карэкціроўцы гэтага заканадаўства. Можа, вы не ўсведамляеце да канца, але менавіта вы сур’ёзна ўплываеце не толькі на ўсе элементы прававой сістэмы — пракурораў, следчых, адвакатаў, юрыстаў-практыкаў, але і на органы выканаўчай улады». 

На рашэнні судоў абапіраюцца падаткавікі, эканамісты, аграрыі, усе сектары эканомікі і сацыяльнай сферы. «На вашых рашэннях грунтуецца ўся правапрымяняльная практыка, — заўважыў Прэзідэнт. — Таму сумежнікі, асабліва праваахоўны блок, чакаюць ад вас актывізацыі работы пленума, абнаўлення яго пастаноў. Яны адзначаюць, што па шэрагу складаных пытанняў наогул няма тлумачэнняў. Атрымліваецца, што кожны прымяняе закон так, як разумее. Такога быць не павінна! Тут нам трэба падумаць аб стыкоўцы вашай работы з Канстытуцыйным Судом». 

Як дакладвае кіраўніку дзяржавы Генеральная пракуратура, на практыцы ўзнікаюць сур’ёзныя рэгіянальныя перакосы пры прызначэнні пакаранняў. «Гэта для мяне было наогул адкрыццё! Пры аднастайнай структуры злачыннасці суды прызначаюць занадта розныя пакаранні. Выходзіць, камусьці пашанцуе быць пакараным там, дзе судовая практыка мякчэйшая, і наадварот? Ёсць над чым падумаць нашым заканатворцам», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы зараз павінны працаваць, каб наша сістэма была як ніколі адзіная»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адно пытанне. «Уся краіна сёння тэсціруе і настройвае алгарытмы ваеннага часу. Навучаем і правяраем ваенных, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону, апалчэнне — вы гэта бачыце. Яшчэ раз паўтаруся: ніхто не хоча вайны, але мы абавязаны быць гатовыя да любога развіцця падзей. Нас да гэтага вымушаюць», — падкрэсліў ён.

У дадзенай рабоце суды не павінны застацца ўбаку, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы: «У свой час мы ліквідавалі ваенныя суды і пракуратуры. Тады палічылі, што для мірнага часу гэта непатрэбныя залішнія структуры, ёсць каму гэтыя функцыі выконваць. Што мы маем цяпер? Як судовая сістэма бачыць сваю гатоўнасць дзейнічаць у асаблівы перыяд? Гэта не рытарычныя пытанні. Сёння ў гэтым кірунку пакуль з вашага боку дзеянняў няшмат». 

У цяперашні час пераважна прадстаўнікі сілавога блока ўзнімаюць пытанні дзейнасці судоў у асаблівы перыяд. На іх думку, яны не павінны заставацца ў баку ад той агульнай падрыхтоўкі, якая вядзецца па ўсёй краіне. Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць падобныя пытанні ў пэўнай ступені надуманымі. «Што за асаблівы перыяд? Асаблівы перыяд — калі раптам вайна. Ну, мы разбяромся (калі ўзнікне такая неабходнасць. — „Зв.“). Але мы зараз павінны працаваць, каб наша сістэма ў гэты асаблівы перыяд працавала, як гадзіннік, і была як ніколі адзіная. Паверце, я адчуваю, што адзінства гэтай сістэмы будзе забяспечана ўсімі органамі ўлады і перш за ўсё Прэзідэнтам», — заявіў беларускі лідар.

«За кожным вашым рашэннем — лёс чалавека»

Асобна было абмеркавана пытанне якасці правасуддзя ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі. «Галоўны прынцып работы суда — устанаўленне ісціны і абарона парушаных правоў. За кожным вашым рашэннем — лёс чалавека», — заявіў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка больш падрабязна спыніўся на адным моманце. Так, паводле інфармацыі Старшыні Вярхоўнага Суда Андрэя Шведа, 86 % грамадзянскіх спраў вырашаецца на стадыі папярэдняга разгляду або ў першым пасяджэнні. Беларускі лідар пазітыўна ацаніў гэты паказчык, аднак прывёў і іншыя лічбы: «Вярхоўны Суд задавальняе практычна палову скаргаў грамадзян, якія дайшлі да яго, згаджаючыся з іх довадамі. Чаму да іх аргументаў не прыслухаліся ніжэйстаячыя суды? Гэта іх недапрацоўка або новае павеў у рабоце Вярхоўнага Суда (да 2026 года паказчык складаў 10-12 %). Асабліва калі ўлічыць, што сёння ў судоў няма пікавых нагрузак. Значыць, выкарыстоўвайце вольны час і прадметна падумайце аб якасці правасуддзя».


Статыстыка аператыўнасці разгляду спраў не павінна стаць самамэтай, падкрэсліў Прэзідэнт. «Гэта інструмент аналізу. Фармальны падыход забівае сутнасць права, — канстатаваў беларускі лідар. — Суддзя — не „штампоўшчык“ працэсуальных дакументаў. Тым больш што ва ўмовах каласальнага развіцця дзяржавы, тэхналогій, прававой адукаванасці прыярытэтам правасуддзя павінна стаць яго інтэлектуальнасць. Давер грамадства заслугоўвае менавіта думаючы суддзя — той, хто ў сутнасці спрэчкі здольны ўбачыць жыццёвую сітуацыю і не пабаіцца прыняць нестандартнае рашэнне. Пры гэтым справядлівае, лагічнае і пераканаўчае. І, натуральна, законнае. Адсюль і павышаныя патрабаванні да суддзяў».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў судзейскі корпус адыходзіць ад залішняй бюракратыі, падкрэсліўшы, што работа з дакументамі павінна займаць не больш за 15 % працоўнага часу суддзяў. Прэзідэнт перасцярог старшыняў вышэйшых судоў ад жадання прапаноўваць для прыняцця рашэнняў кіраўніком дзяржавы «зручных» суддзяў або спрабаваць пазбавіцца ад «нязручных». «Такой практыкі я не прымаю», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка і папрасіў сваіх памочнікаў, якія кантралююць дадзеную сферу, звярнуць асаблівую ўвагу на гэта пытанне. 

«Суддзя каштоўны сваім меркаваннем, якое абапіраецца на закон і справядлівасць»

«Нязменна адно — судзейскі корпус фарміруецца па прынцыпе высокага прафесіяналізму і з улікам заслуг. Суддзя каштоўны сваім меркаваннем, якое абапіраецца на закон і справядлівасць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады закрануў тэму выканання судовых рашэнняў. «Каб лічыць, што правасуддзе адбылося, прынятае рашэнне павінна быць абавязкова выканана, чаго б гэта ні каштавала. І тут ужо зона адказнасці не толькі суда, — звярнуў увагу ён. — Гэта пытанне таксама судовых выканаўцаў. На іх работу трэба яшчэ сур’ёзна паглядзець».

Як адзначае Вярхоўны Суд, кожную трэцюю скаргу на судовых выканаўцаў суд прызнае абгрунтаванай. «А раз вы пазначылі праблему — прапануйце варыянты яе вырашэння. Магчыма, Мінюст недапрацоўвае. Мной ужо дадзена даручэнне па сістэме органаў прымусовага выканання. У пачатку наступнага года атрымаем справаздачу. Прапаную Вярхоўнаму Суду падключыцца да гэтага пытання», — сказаў беларускі лідар.


Што датычыцца выканання рашэнняў і заключэнняў Канстытуцыйнага Суда аб неадпаведнасцях і іншых шурпатасцях законаў, то іх разгляд з’яўляецца прамым абавязкам органаў, арганізацый і службовых асоб, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. «І не думаю, што ў гэтай частцы нам пакуль патрэбныя нейкія жорсткія меры і асаблівы парадак. У нас працуюць парламент і ўрад, існуе сістэма. Таму ў гэтым кірунку трэба папрацаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што ў Канстытуцыйнага Суда ў новым статусе і складзе ўжо ёсць дакладна замацаванае месца ў дзеючай сістэме ўлады. «Потым паглядзім, магчыма, нешта неабходна будзе падправіць і ў нашым заканадаўстве. Спяшацца не будзем, — адзначыў ён. — Наогул, судовая сістэма мае вялікія ўнутраныя рэсурсы. І задача старшыняў судоў усіх узроўняў — умела імі (гэтымі рэсурсамі) скарыстацца і ні ў якім разе не рабіць рэзкіх рухаў. Жыццё зараз развіваецца па такім сцэнарыі, што гэтых рухаў хапае. Аб’ектыўных рухаў, якія ад нашых учынкаў не залежаць. Таму не трэба навязваць лішняе самім». 

«Камандаванне суддзямі недапушчальна»

Кіраўнік дзяржавы асобна звярнуўся да старшынь вышэйшых судоў. «Практычна год вы кіруеце гэтымі судамі. Гэтага часу дастаткова, каб зрабіць высновы і сфарміраваць бачанне развіцця даручаных вам участкаў. Натуральна, што вы імкнецеся зарэкамендаваць сябе на новай пасадзе, прыўнесці ў работу нешта новае і карыснае. Сёння хацелася б пачуць ваша меркаванне, ці ёсць у рабоце судоў пралікі і недахопы? Якія трэба зрабіць крокі па далейшым развіцці судовай дзейнасці? Як выбудавана ўзаемадзеянне двух вышэйшых судоў па перасякальных пытаннях? Ці ёсць праблемы ў апаратах судоў? Як вы плануеце працаваць у інфармацыйным полі? Абмяркуем і іншыя пытанні», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.


Беларускі лідар звярнуў увагу: «Суды і суддзя — органы і людзі асаблівыя, якія валодаюць велізарнай незалежнасцю. Залежаць толькі ад закону. Таму залішні ціск, я б нават сказаў — кіраванне і камандаванне гэтымі суддзямі, недапушчальна. Але дысцыпліна павінна быць. Які ўзровень і аб’ём гэтай дысцыпліны — вы са старшынямі гэта добра ведаеце. Гэта датычыцца перш за ўсё судоў агульнай юрысдыкцыі і Вярхоўнага Суда. Ніякага ціску, ніякай армейшчыны быць не павінна. Пры выкананні працоўнай, тэхналагічнай, калі можна так сказаць, дысцыпліны (у вас таксама тэхналогіі)», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Дзяржава заканадаўчым рэгуляваннем у належнай меры забяспечыла рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод»

У ходзе нарады Старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец далажыў аб перспектывах развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў Беларусі і агучыў шэраг прапаноў. Ён расказаў, што ў бягучым годзе па выніках аналізу канстытуцыйных скаргаў і іншых зваротаў грамадзян Канстытуцыйным Судом у Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў накіраваны шэраг прапаноў аб удасканаленні дзеючага заканадаўства. 

Сяргей Сівец адзначыў таксама, што асноўная дзейнасць Канстытуцыйнага Суда па ажыццяўленні кантролю заключаецца ў разглядзе канстытуцыйных скаргаў грамадзян: «Звяртаючыся ў Канстытуцыйны Суд, грамадзяне паказваюць на парушэнні іх правоў і свабод і просяць праверыць канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаныя ўсе іншыя сродкі судовай абароны. У сярэднім у год паступае каля 80 канстытуцыйных скаргаў». У гэтых скаргах закранаюцца пытанні парадку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, падаткаабкладання даходаў фізічных асоб, рэалізацыі права ўласнасці, правоў на судовую абарону, юрыдычную дапамогу. «Канстытуцыйным Судом па канстытуцыйных скаргах на працягу 2024—2026 гадоў прынята сем рашэнняў. У двух з іх пэўнае палажэнне закона прызнана неадпаведным Канстытуцыі. У шэрагу рашэнняў таксама ўказвалася на неабходнасць ліквідацыі выяўленых прабелаў у нарматыўна-прававым рэгуляванні», — расказаў Сяргей Сівец. 

Трохгадовы перыяд, падчас якога ўжо дзейнічае прамы доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, дазваляе зрабіць некаторыя высновы, заўважыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда: «Па-першае, дзяржава заканадаўчым рэгуляваннем у належнай меры забяспечыла рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод. Выпадкі прызнання нормаў законаў неканстытуцыйнымі, а таксама выяўлення ў іх канстытуцыйна значных прабелаў з’яўляюцца адзінкавымі. Па-другое, канстытуцыйная скарга запатрабаваная грамадзянамі пры абароне сваіх правоў і свабод». Разам з тым, па словах Сяргея Сіўца, гэтаму адносна новаму інстытуту ў нацыянальнай прававой сістэме неабходна далейшае даналаджванне. У прыватнасці, паводле яго слоў, патрабуе ўдакладнення асноўны працэсуальны закон «Аб канстытуцыйным судаводстве». Канстытуцыйным Судом унесена прапанова аб уключэнні законапраекта аб змяненнях у гэты закон у план падрыхтоўкі заканадаўчых актаў на 2027 год. 

Сяргей Сівец расказаў таксама, што суды агульнай юрысдыкцыі не спяшаюцца карыстацца сваімі паўнамоцтвамі звяртацца ў Канстытуцыйны Суд з запытамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе канкрэтных спраў. «Мяркуем, што забеспячэнню эфектыўнасці механізму запытаў судоў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў магло б спрыяць замацаванне ў працэсуальным заканадаўстве абавязкаў суда выносіць матываваныя вызначэнні па выніках разгляду хадайніцтваў удзельнікаў працэсу аб накіраванні запытаў у Канстытуцыйны Суд», — сказаў ён. 

У ліку арганізацыйных мер па ўдасканаленні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Сяргей Сівец згадаў актыўнае ўкараненне новых лічбавых тэхналогій. «У цяперашні час сумесна з Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі НАН Беларусі вядзецца работа па падрыхтоўцы праекта тэхнічнага задання на распрацоўку праграмна-тэхнічнага комплексу „Лічбавы памочнік суддзі“ з укараненнем тэхналогіі штучнага інтэлекту, які дазволіць аўтаматызаваць тыпавыя рабочыя задачы, забяспечыць адзінства судовай практыкі, выпрацоўку навукова абгрунтаваных правілаў і пазіцый за кошт апрацоўкі і аналізу вялікіх масіваў прававых даных», — расказаў ён.

«Усё павінна быць падпарадкавана справядлівасці» 

Выслухаўшы даклад Сяргея Сіўца, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на рабоце Канстытуцыйнага суда са зваротамі грамадзян. «Але калі гэта канкрэтны зварот людзей па жыцці, гэтым павінна займацца выканаўчая ўлада, перш за ўсё», — заўважыў Прэзідэнт. 

  • Беларускі лідар падтрымаў прапанову аб неабходнасці пашырэння ўзаемадзеяння паміж Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу (УНС) і Канстытуцыйным Судом. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб рабоце суда з грамадствам, аб неабходнасці асаблівую ўвагу звярнуць на работу суддзяў Канстытуцыйнага Суда з моладдзю.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу не толькі на неабходнасці захавання законнасці, але і на справядлівасці рашэнняў, што прымаюцца.

«Несправядлівасці ў грамадстве быць не павінна. Я разумею, што гэта нерэалізуемая рэч (гаворка аб дасягненні абсалютнай справядлівасці ў максімалісцкім разуменні. — «Зв.»). Але гэта не павінна зыходзіць ад нашай судовай сістэмы, ад нашых суддзяў. Таму закон — правільна — вы ад яго залежныя. Але ў законе — жыццё такая шматгранная рэч — усё не прадугледжана. Таму суддзя павінен зыходзіць з праблем справядлівасці. Ён павінен дзейнічаць на аснове справядлівасці, калі нешта не прадугледжана законам. А калі закон гэта не ўлічвае, яго трэба мяняць. Усё павінна быць падпарадкавана справядлівасці», — заявіў беларускі лідар.

«Узаемадзейнічаць з выканаўчай уладай, актыўна ўнікаць у эканамічную дзейнасць рэгіёна»

Старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй Швед выступіў з дакладам аб актуальных пытаннях дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. Паводле яго слоў, вынікі дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі дазваляюць зрабіць выснову, што яна працуе стабільна. 

Як адзначыў Андрэй Швед, стойкасць беларускага правасуддзя праверана падзеямі 2020 года. Нягледзячы на справядлівасць рашэнняў, што прымаюцца, і з улікам публічнасці характару дзейнасці, многія суддзі падвяргаліся і працягваюць падвяргацца злачынным нападкам з боку дэструктыўных сіл. «Расследавана ўжо больш за тысячу выпадкаў пагроз, абразы суддзяў, распаўсюджвання іх персанальных даных. Аднак калектыў не пахіснуўся і будзе выконваць свой службовы абавязак з неабходнай самааддачай», — запэўніў Старшыня Вярхоўнага Суда.

Ён падкрэсліў, што работа па дасягненні высокай якасці правасуддзя, яго справядлівасці і разумнай аператыўнасці была выведзена на новы арганізацыйны ўзровень. Сёння толькі 0,7 % судовых рашэнняў, якія выносяцца, падвяргаюцца адмене або змяненню вышэйстаячымі судамі. 

Старшыня Вярхоўнага Суда таксама падкрэсліў, што пытанне працягласці разгляду асобных спраў, асабліва грамадзянскіх, пастаўлена на асаблівы кантроль кіраўнікоў судоў: «Іх задача — запатрабаваць і, калі трэба, дапамагчы канкрэтнаму суддзі арганізаваць сваю работу так, каб выключыць бескарысныя, шматразовыя выклікі людзей у суд і «завісанне» іх надзённых пытанняў у судах на месяц».

З пачатку года вядзецца работа па перабудове эканамічнага правасуддзя, дадаў Старшыня Вярхоўнага Суда: «Суды абавязаны не проста вырашаць спрэчкі, што само сабой зразумела. Яны павінны ўзаемадзейнічаць з выканаўчай уладай, актыўна ўнікаць у эканамічную дзейнасць рэгіёна, а не фармальна садзейнічаць устойліваму развіццю эканомікі. Бо фармалізм у шэрагу выпадкаў можа мець сур’ёзныя негатыўныя наступствы».

«Гаворачы аб тэме абароны сельгасвытворцаў эканамічнымі судамі, адзначу, што толькі сёлета намі не дапушчана спагнанне з іх рознага роду накрутак, завышаных штрафных санкцый, няўстоек у памеры больш за 55 мільёнаў рублёў», — паведаміў Андрэй Швед.

«Асаблівая тэма — рэагаванне на інфармацыю, якая размяшчаецца ў сетцы інтэрнэт, — падкрэсліў Старшыня Вярхоўнага Суда. — На жаль, сутыкаемся з адкрыта пастановачнымі ролікамі, у якіх грамадзяне трактуюць судовыя рашэнні, у асноўным па маёмасных спрэчках, выключна ў свой бок, замоўчваючы аб’ектыўныя абставіны. Аднак з гэтага года ўсе сігналы старанна правяраюцца, а рэагаванне ажыццяўляецца ва ўстаноўленым парадку».

«Ніякага ціску на суд быць не павінна!»

Па выніках даклада Старшыні Вярхоўнага Суда кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не аднойчы гучала тэма ціску на нашых суддзяў. «Я папрашу праваахоўныя органы (кіраўнікі тут прысутнічаюць), Адміністрацыю Прэзідэнта звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу, — даручыў Прэзідэнт. — Вы называйце нам факты. Каму хочаце: міністру ўнутраных спраў, старшыні Камітэта дзяржбяспекі (яны кантралююць гэта), кіраўніку Адміністрацыі, генеральнаму пракурору або прама выходзьце і дакладвайце мне па канкрэтным факце. Паверце, рашэнне будзе імгненным. Ніякага ціску на суд быць не павінна!» — пазначыў сваю пазіцыю беларускі лідар. 

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на інфармацыю, якая распаўсюджваецца збеглымі на фоне перагавораў беларускага боку з амерыканцамі, нібыта ў Беларусі затрымліваюць новых людзей, «каб мець абменны фонд». «Вось такую тэму амерыканцы паднялі перада мной, на што я ім жорстка адказаў, проста рэзка: «Закон парушыць — будзе сядзець», — падзяліўся Прэзідэнт

«Другое, што я ім тады сказаў: „Я не дапушчу паўтарэння 2020 года“. Мы не можам дапусціць разбурэння краіны. Жыць нам няма дзе — толькі тут. І мы павінны прымаць рашэнні. Дзесьці вы не згодныя, дзесьці часам крытыкуеце ўладу, перш за ўсё мяне. Але давайце цярпліва да гэтага ставіцца. Не будзем гэта рабіць рэвалюцыйным чынам, бо гэта прывядзе да самага страшнага — грамадзянскай вайны. Гэта недапушчальна, гэта катастрофа», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заклікае ва ўсім дзейнічаць спакойна і ціха: «Мой прынцып вазьміце на ўзбраенне: у люстэрка на сябе паглядзі, перш чым прад’яўляць прэтэнзіі іншым. І я гэта раблю кожны дзень. Кожны дзень сябе пытаюся, правільна я раблю ці не». 

Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў недапушчальнасць пагроз суддзям і папрасіў Старшыню Вярхоўнага Суда адразу ж звяртацца з канкрэтнымі фактамі. «Вы мне назавіце факт — выкарчую з коранем. Ніхто не мае права дакранацца да суда. Ніхто», — папярэдзіў беларускі лідар. 

Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў: «Залішне ціснуць на суддзяў нельга. Яны залежныя ад закону і павінны вырашаць па справядлівасці гэтыя пытанні. У гэтым плане яны наогул недатыкальныя! Ніякага ціску быць не павінна». 

«Не трэба баяцца памылак. Над памылкамі трэба працаваць»

Закрануў кіраўнік дзяржавы і тэму работы над памылкамі. «Мы ж людзі. І я памыляюся, і вы памыляецеся. Вы больш памыляецеся, таму што вы прымаеце сур’ёзныя рашэнні кожны дзень. Вы там, унізе, сутыкаецеся з народам больш, чым я. Таму не трэба баяцца памылак. Над памылкамі трэба працаваць, — арыентуе беларускі лідар. — Пажадана, каб вы самі прызналі сваю памылку. Галоўнае — не хітрыце, не замусольвайце, не хавайце гэтыя памылкі. Працуйце і выпраўляйце. Гэта паказвае і мудрасць любога чалавека».

Прэзідэнт таксама назваў недапушчальнымі валакіту і бюракратызм: «Старайцеся менш займацца гэтай пісанінай. Яна забівае любую вашу творчасць і любую вашу практыку. Выключыце гэта чыстапісанне». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта асабліва актуальна пры выкарыстанні сучасных тэхналогій для вядзення фіксацыі судовых пасяджэнняў. У такім выпадку неабходная інфармацыя захоўваецца ў лічбавым выглядзе. «Толькі навучыцеся захоўваць яе. Навучыцеся і рабіце гэта. Калі не можаце, пішыце на паперах, картках і гэтак далей», — адзначыў ён, падкрэсліўшы значнасць кібербяспекі ў дзейнасці любога дзяржаўнага органа.

«Я прыхільнік таго, каб ні ў якім разе не перагружалі суды па эканамічных і фінансавых пытаннях»

Беларускі лідар акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці перагружэння судоў эканамічнымі і фінансавымі пытаннямі, якія можна вырашыць на месцах. 

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад з рашэннем аб банкруцтве таго ці іншага прадпрыемства, якое могуць прыняць мясцовыя органы ўлады, вызначыўшыся з будучыняй прадпрыемства. «Я прыхільнік таго, каб ні ў якім разе не перагружалі суды па эканамічных і фінансавых пытаннях. Калі ўжо сапраўды спрэчка, — прыватнік і прыватнік, прыватнік з дзяржавай — без суда не абыдзешся. Але калі спрачаюцца два дзяржаўныя прадпрыемствы і ідуць у суд, гэта крайні выпадак і непажадана. Няхай выканкамы на месцы разбіраюцца з гэтымі праблемамі», — падкрэсліў ён.

«Усё ўмеем рабіць, але не хапае часам дысцыпліны»

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на кадравыя пытанні і працоўную дысцыпліну. «У нас разумныя людзі, таму вы ведаеце маё патрабаванне — усё ўмеем рабіць, але не хапае часам дысцыпліны. Трэба ў гэтым кірунку працаваць», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. 

Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб развіцці штучнага інтэлекту. Беларускі лідар нагадаў аб прапанове Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа перайменаваць штучны інтэлект у «суперінтэлект». «Суперінтэлектам можа валодаць толькі адна істота. Гэта чалавек. Ніякі штучны інтэлект не можа быць суперінтэлектам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў судзейскага корпуса быць асцярожнымі з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту: «Будзьце асцярожныя, не спяшайцеся... Калі вы нешта бачыце, для работы вам трэба, — стварайце. Толькі каб менш было гэтай бюракратычнай работы. Гэта для мяне самае галоўнае».

«Лёс чалавека для мяне не абыякавы»

Кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх суддзяў «Глядзіце, што ў нас дзеецца ў нашым доме, і дзейнічайце так, каб гэты дом мы ўласнымі рукамі не разбурылі. Больш за тое, мы не павінны дазволіць нікому разбурыць гэты дом. Ад вас не проста многае — ад вас асноўнае залежыць». 

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на розныя скаргі, якія нярэдка ўзнікаюць у сацыяльных сетках. Многія гэтыя звароты даходзяць да кіраўніка дзяржавы. «Калі я бачу, што нейкім чынам чалавек скардзіцца, і там лёс гэтага чалавека — лёс чалавека для мяне не абыякавы. Я пачынаю ўдакладняць, нават бачу, што, можа, гэта і правільна органы ўлады паступілі. Але ўсё роўна я ўдакладняю. Лёс чалавека разбураць нікому не дазволена», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Судам неабходна вярнуць права самастойнага змяншэння памеру няўстойкі»

На нарадзе былі агучаны прапановы па ўнясенні ў заканадаўства паправак, якія датычацца спагнання запазычанасці, забеспячэння разумнага балансу паміж інтарэсамі крэдытораў і даўжнікоў.

Старшыня эканамічнага суда Гомельскай вобласці Аляксандр Лісоўскі падкрэсліў, што суд надае павышаную ўвагу справам з удзелам сельгаспрадпрыемстваў, паколькі ад іх работы залежыць у тым ліку харчовая бяспека дзяржавы. Так, пры спагнанні з даўжнікоў-сельгаспрадпрыемстваў штрафных санкцый выкарыстоўваецца ўзважаны падыход да вызначэння іх памеру. Бо значныя сумы няўстоек могуць прывесці да спынення дзейнасці або нават да банкруцтва і, як вынік, пацягнуць скарачэнне працоўных месцаў. «Аднак праз змяненні ў законе ўзніклі складанасці. Эканамічныя суды з 2024 года больш не валодаюць правам паменшыць няўстойку па ўласнай ініцыятыве, без заявы даўжніка. А гэта значыць, што не заўсёды змогуць забяспечыць баланс, калі стаіць пытанне аб спагнанні драконаўскіх штрафных санкцый, якія не маюць эканамічнага абгрунтавання і ў дзясяткі, а то і ў сотні разоў перавышаюць асноўны доўг», — звярнуў увагу ён. Паводле яго слоў, такая праблема асабліва актуальная для сельгаспрадпрыемстваў. Бо ў іх штаце нярэдка няма юрыстаў. І яны не просяць знізіць няўстойку, разлічваючы на дапамогу суда, як гэта было раней.

«Мяркуем, што судам неабходна вярнуць права самастойнага змяншэння памеру няўстойкі», — сказаў Аляксандр Лісоўскі. 

Яшчэ адным важным напрамкам кіраўнік абласнога эканамічнага суда назваў пошук разумнага балансу паміж інтарэсамі крэдытораў і даўжнікоў. «Наша пазіцыя складаецца ў захаванні вытворчасцяў і недапушчэнні канфіскацыі ў прадпрыемстваў маёмасці, без якой яны не змогуць ажыццяўляць сваю дзейнасць», — падкрэсліў ён. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, у якой апынуўся Ельскі аграсэрвіс, — гаспадарка, якая іграе значную ролю для рэгіянальнага АПК. Яна атрымала крэдыт для мадэрнізацыі пад заклад набытай за кошт крэдыту маёмасці. Пагасіла яго цалкам. Заставалася толькі запазычанасць па пені і працэнты ў суме каля 40 тысяч рублёў. Аднак банк заявіў патрабаванні аб вяртанні спагнання на ўсё закупленае абсталяванне коштам каля 2 млн рублёў. Наступствам канфіскацыі стала б ліквідацыя прадпрыемства. Суд усё гэта ўлічыў і адмовіў банку ў іску. «Аднак не заўсёды суд можа аднавіць справядлівасць, паколькі ў заканадаўстве ёсць жорсткія абмежаванні, — растлумачыў Аляксандр Лісоўскі. — Напрыклад, фірмы-пасрэднікі, якія рэалізуюць сельгаспрадпрыемствам запчасткі, насенне, угнаенні, часта з’яўляюцца суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва праз нязначную колькасць работнікаў. Памер штрафу, які накладаецца на такія арганізацыі, законам істотна паніжаны. Пры гэтым у разлік не бярэцца аб’ём іх грашовага абароту, а ён часам складае дзясяткі мільёнаў рублёў. Пры нізкім памеры штрафу такія кампаніі застаюцца практычна беспакаранымі за грубыя сістэматычныя парушэнні закона. Яны нічога не вырабляюць, ім не патрэбны значны штат работнікаў. Затое рэальныя вытворцы прадукцыі, якім патрабуецца шмат работнікаў, будуць несці нашмат больш строгую адказнасць за аналагічныя правапарушэнні. На наш погляд, у закон па гэтым пытанні неабходна ўнесці змены».

Адпаведныя прапановы па карэкціроўцы Кодэкса грамадзянскага судаводства накіраваны ва ўрад і парламент. 

«Пры такім разумным падыходзе ў нас наўрад ці будуць праблемы» 

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў падыходы ў рабоце эканамічных судоў, аб якіх расказаў Аляксандр Лісоўскі. Асабліва што датычыцца прызначэння штрафных санкцый у дачыненні да сельгаспрадпрыемстваў. «Калі ва ўсіх суддзяў будуць такія падыходы, ніякіх прэтэнзій, ніякіх пытанняў. Дзяржаўны падыход. Менавіта з гэтага і трэба зыходзіць. Трэба бачыць працоўныя калектывы і вынік», — сказаў Прэзідэнт. Што ж датычыцца прапановы вярнуцца да ранейшай практыкі і даць права судам змяншаць санкцыі па грамадзянска-прававых адносінах, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу яе абмеркаваць і абдумаць. «Калі будзе такая абгрунтаваная прапанова — вывучым і паглядзім, што з гэтага можна зрабіць. Трэба падумаць. Не будзем з бухты-барахты вырашаць. Але пры такім разумным падыходзе ў нас наўрад ці будуць праблемы — калі суддзі будуць па-гаспадарску ставіцца да той ці іншай праблемы», — адзначыў беларускі лідар.

«Місія суда — не проста ў тым, каб рассудзіць»

Аб удасканаленні работы судоў з насельніцтвам далажыла старшыня суда Барысаўскага раёна Юлія Гушчына. Паводле яе слоў, штогод судом разглядаецца больш за 10 тысяч спраў і матэрыялаў. «Пры гэтым з нашай работай непасрэдна сутыкаецца каля 35 тысяч жыхароў раёна і іншых рэгіёнаў краіны. Таму адна з галоўных задач для калектыву — забяспечыць чулае, уважлівае і справядлівае стаўленне да людзей, максімальны ўлік іх правоў і законных інтарэсаў», — звярнула ўвагу Юлія Гушчына.

Паводле яе слоў, нацэленасць на абарону грамадзян, якія маюць патрэбу ў такой падтрымцы, захаваецца ў рабоце органа і ў далейшым. «Мы строга выконваем усе патрабаванні Канстытуцыі і законаў краіны аб гарантыях незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя. Для абароны інтарэсаў простых людзей праяўляем прынцыповасць і дзейнічаем па справядлівасці, — падкрэсліла Юлія Гушчына. — Напрыклад, сёлета абаранілі права на атрыманне пенсіі за работу з асаблівымі ўмовамі працы грамадзяніна, які прапрацаваў трактарыстам-машыністам больш як 38 гадоў. Камісія па прызначэнні пенсіі выканкама яму ў гэтым адмовіла з прычыны адсутнасці ў архіўных даведках звестак аб яго пасадзе і характары выкананай працы. Суд, запатрабаваўшы і вывучыўшы дадатковы доказ, задаволіў скаргу заяўніка і даручыў камісіі перагледзець пытанне аб прызначэнні пенсіі па ўзросце з асаблівымі ўмовамі працы. З гэтага года чалавек атрымлівае заслужаную пенсію». 

Патрабаванні Вярхоўнага Суда аб умацаванні выканальніцкай дысцыпліны ва ўсіх аспектах работы суда — як суддзяў, так і яго апарату — прыносяць вынікі. «Сёлета толькі адзін грамадзянін звярнуўся са скаргай на работу суда. Пры гэтым яго пытанне на момант звароту ўжо было вырашана. Астатнія звароты датычыліся тлумачэння розных прававых пытанняў, што мы, безумоўна, робім і будзем рабіць, — заявіла дакладчык. — Пераважную большасць пытанняў, якія ставяць людзі падчас асабістага прыёму, узялі за правіла вырашаць адразу і на месцы. Патрабуем ад сваіх суддзяў своечасова і якасна разглядаць кожную справу і прымаць рашэнні, даступныя і зразумелыя простаму чалавеку. Хоць у нас маюцца адзінкавыя памылкі суддзяў, але мы сумесна з вышэйстаячымі судамі, свядома і сур’ёзна, як таго патрабуе Вярхоўны Суд, працуем, каб гэтыя памылкі не паўтараліся». 

Юлія Гушчына заявіла: «Місія суда — не проста ў тым, каб рассудзіць па справядлівасці, але і паспрабаваць мірам урэгуляваць канфлікт. Толькі за гэты год мы захавалі ў выглядзе прымірэння 92 сям’і — пятая частка ад разгледжаных спраў гэтай катэгорыі. Падчас судовых разглядаў дапамаглі бакам знайсці агульную мову і добраахвотна вырашыць 261 спрэчку. Гэта значыць, кожная восьмая справа, звязаная з правам на жыллё, даўгавымі абавязацельствамі, правамі спажыўцоў, якая вынікае з іншых праваадносін, скончылася мірам». 

Інфармацыя аб рэзанансных судовых справах актыўна распаўсюджваецца праз сацыяльныя сеткі, адзначыла дакладчык. Выкарыстоўваюцца і іншыя формы работы з насельніцтвам. «Хачу падтрымаць прапанаваны вамі сёння план дзеянняў па далейшым развіцці судовай сістэмы, уключаючы лічбавізацыю. Нам сапраўды патрэбен не разумны камп’ютар, які будзе вырашаць за нас чалавечыя лёсы, а разумны электронны памочнік у атрыманні і апрацоўцы інфармацыі для прыняцця законнага і справядлівага рашэння». 

Юлія Гушчына звярнула ўвагу на тое, што дзякуючы праведзенай рэформе сёння ў дзейнасці раённых судоў практычна не засталося нявырашаных праблем, цяпер справа толькі ў адносінах да сваіх абавязкаў кожнага суддзі і ў іх выканальніцкай дысцыпліне. 

«Чулае стаўленне да людзей — гэта галоўнае ў вашай рабоце»

Заслухаўшы даклад, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як сёння праводзіцца работа з насельніцтвам. Як адзначыла Юлія Гушчына, адкрытыя выязныя судовыя пасяджэнні праводзяцца судом у працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі: «Разглядаем справы аб злачынствах, напрыклад, прадугледжаных артыкулам 328, — гэта незаконны абарот наркатычных сродкаў. Разглядаем справы, якія датычацца, напрыклад, пытанняў, звязаных з крадзяжом маёмасці на прадпрыемствах. І гэта сапраўды мае пэўны эфект, паколькі людзі на свае вочы бачаць, як разглядаецца справа, як вядзецца працэс, якое выніковае рашэнне прымаецца». 

Прэзідэнт заўважыў, што такая форма работа мае вялікі выхаваўчы эфект. «Калі члены майго працоўнага калектыву прысутнічалі на гэтым пасяджэнні, яны, прынамсі, некалькі месяцаў добра працавалі», — прыгадаў ён і заклікаў суддзяў не адыходзіць ад гэтай практыкі. 

Аляксандр Лукашэнка вылучыў з дакладу старшыні раённага суда вельмі важную рэч. «Чулыя адносіны да людзей — гэта галоўнае ў вашай рабоце. Калі такое чулае стаўленне да людзей будзе, тады мы з вамі ніколі не будзем мець ніякіх праблем», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Паміж органамі пракуратуры і судамі наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне»

Генеральны пракурор Дзмітрый Гара на нарадзе ў Прэзідэнта заявіў, што паміж органамі пракуратуры і судамі наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне. Штогод з удзелам пракурораў разглядаецца больш за 67 тысяч крымінальных і грамадзянскіх спраў і матэрыялаў. Дзмітрый Гара, у прыватнасці, удакладніў: «Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачванне па 16 тысячах крымінальных спраў. Практыка пракурорскага нагляду паказвае, што па большасці спраў судамі прымаюцца законныя рашэнні, прыкметна палепшылася аператыўнасць судаводства».

Пры гэтым ён звярнуў увагу на асобныя пытанні, якія патрабуюць удасканалення. Так, напрыклад, на думку генпракурора, уведзеная адносна нядаўна стадыя крымінальнага судаводства — апеляцыя — яшчэ не ў поўнай меры выконвае тую функцыю, дзеля якой стваралася: выпраўляць памылкі судоў першай інстанцыі яшчэ да ўступлення ў сілу прысудаў. 

Ён падкрэсліў, што аб недапрацоўках асобных судоў, уключаючы стадыю апеляцыйнага вядзення, сведчыць і выпраўленне недахопаў судовых рашэнняў на стадыі выканання прысуду. На думку генпракурора, судам таксама неабходна больш узважана падыходзіць да прыняцця рашэння аб апраўданні.

Акрамя таго, Дзмітрый Гара адзначыў адсутнасць пастаноў Пленума Вярхоўнага Суда па некаторых актуальных пытаннях: «Так, адсутнічае тлумачэнне па крымінальных справах аб ухіленні бацькоў ад утрымання дзяцей альбо ад кампенсацыі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на іх утрыманне. З-за адсутнасці адзіных падыходаў у судовай практыцы рэгулярна змяняюцца або адмяняюцца прысуды па такіх справах, што ў пэўнай ступені перашкаджае дасягненню галоўнай мэты — абароны дзяцей і забеспячэння рэальнай выплаты сродкаў на іх утрыманне». 

Генпракуратура мяркуе, што маюцца падставы для перагляду падыходаў судоў да прызначэння пакарання па гэтай катэгорыі спраў у бок яго ўзмацнення.

«Закон і справядлівасць — вось гэта нашы два тэзісы, фундамент для дзейнасці»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, калі перад ім ставіліся пытанні пракуратуры, Генеральнай пракуратуры, яму часта даводзілася чуць, што пракуроры перагружаныя і нават не паспяваюць на разгляд спраў у судзе. Беларускі лідар запытаўся, як з гэтым цяпер справы. 

Яму адказалі, што на той перыяд часу, пра які вялася размова (да яго работы генпракурорам), сапраўды былі праблемы. Цяпер зусім іншыя ўмовы і ў разы знізіўся ўзровень злачыннасці. 

  • Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як працуе на практыцы ўведзеная адносна нядаўна стадыя крымінальнага судаводства — апеляцыя. На думку генпракурора, яна яшчэ не ў поўнай меры выконвае тую функцыю, дзеля якой стваралася, — выпраўляць памылкі судоў першай інстанцыі да ўступлення ў сілу прысудаў. «Судамі апеляцыйнай інстанцыі не выяўлена парушэнняў закона ў 73% судовых рашэнняў па крымінальных справах, змененых або адмененых у мінулым годзе пры пераглядзе ў касацыйным або наглядным парадку», — заўважыў ён. Аналагічная сітуацыя ў грамадзянскім судаводстве.

Прэзідэнт папрасіў Дзмітрыя Гару, што датычыцца законнасці, узмацняць кантроль з боку пракуратуры, бо людзям уласціва памыляцца. «Закон і справядлівасць — вось гэта нашы два тэзісы, фундамент для дзейнасці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Старшыні Вярхоўнага Суда Андрэю Шведу па выніках нарады акумуляваць усе рабочыя пытанні, сабраць пажаданні і прапановы ад суддзяў. «І давайце дамовімся так: па выніках года ў студзені (вы гэта ўсё прааналізуеце) прыйдзеце, даложыце для прыняцця нейкіх рашэнняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў нарады, Прэзідэнт заўважыў, што ў выступленнях, якія прагучалі, ён не ўбачыў нейкіх разыходжанняў з той палітыкай, якая праводзіцца ў дзяржаве. «Вы ўсё правільна разумееце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі хтосьці няправільна разумеў, пачуўшы гэтыя развагі, разважанні, будзе правільныя прымаць рашэнні. Калі будзе так, самае галоўнае — мы з вамі захаваем нашу краіну. Паміраць мы не збіраемся. Таму для нас, а, галоўнае, для нашых дзяцей і ўнукаў (захаваем краіну. — „Зв.“). Я вам удзячны за размову».

Асобнае даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вользе Чупрыс: «Трэба стэнаграму ўзяць, прааналізаваць яе. І на кожную заўвагу, нават дробную, адказаць (як у нас раней было прынята) заяўніку. Ці мы бяром для разгляду гэтыя пытанні і працуем над імі, якім чынам і як прыцягваем гэтых заяўнікаў; ці ж мы матывавана адмаўляемся ад рашэння з заўваг і прапаноў. Але абавязкова мы павінны, як я заўсёды патрабую, адказаць гэтаму чалавеку або кіраўніку органа ўлады на яго заўвагі».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю