Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Нельга дапусціць, каб уборачная кампанія праходзіла ў нядбайным рэжыме

Лета сёлета хоць і не вельмі спякотнае, але для аграрыяў традыцыйна — пара гарачая. Уборачная кампанія — найважнейшы этап сельскагаспадарчых работ, які вызначае ў выніку вагу рэспубліканскага каравая, а калі больш глабальна, — стан харчовай бяспекі краіны. І гэты этап нязменна знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Абавязковая традыцыя ўборачнай кампаніі — тэматычная селектарная нарада кіраўніка дзяржавы з усімі адказнымі за жніво — ад міністраў да старшынь райвыканкамаў. На сувязі з Палацам Незалежнасці — уся краіна. 


«Любыя рызыкі можна і трэба мінімізаваць»

«Уборку збожжавых, зернебабовых і іншых культур могуць ускладніць ліўневыя дажджы, і шквалісты вецер, і высокая сярэднесутачная тэмпература — любы неспрыяльны фактар знешняга асяроддзя. Усё гэта аб’ектыўныя абставіны, негатыўны ўплыў якіх прагназуемы: паляганне пасеваў, вегетацыя пустазелля, а так жа магчымае прарастанне зерня. Любыя рызыкі можна і трэба мінімізаваць. Для гэтага і збіраемся — каб пазначыць праблемныя пытанні, узгадніць падыходы, выпрацаваць стратэгію ўборачнай кампаніі ў гэтых умовах», — пазначыў тэму нарады Аляксандр Лукашэнка. 

У сувязі з частковым паляганнем пасеваў кіраўнік дзяржавы паставіў пытанне: ці ўсе камбайны абсталяваны сцеблепад’ёмнікамі і дзяліцелямі для ўборкі палеглых хлябоў? «У вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі за паўгоддзе мы бачым недабор крыху больш за два працэнты да ўзроўню мінулага года, — адзначыў ён. — Так, уніз нас цягне вырошчванне свінапагалоўя, слабыя тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Але трэба не дапусціць падзення паказчыкаў па выніках года і пастарацца кампенсаваць недабор за кошт раслінаводчай прадукцыі».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што першы ўкос траў быў сёлета вельмі ранні, не атрымалі патрэбных аб’ёмаў, магчыма, і якасці. Але, адзначыў ён, другі ўкос, а ў асобных абласцях ужо і трэці — нядрэнныя. 

«Стаіць задача забяспечыць нестандартную арганізацыю працы, каб правесці нарыхтоўку кармоў і своечасовую ўборку збожжавых перш за ўсё. Зрабіць гэта трэба вельмі хутка, нягледзячы на ўмовы надвор’я, якія сёння складваюцца», — паставіў задачу Прэзідэнт. Таму на селектарнай нарадзе, паводле яго слоў, неабходна вырашыць, дзе аграрыі спраўляюцца, а дзе не паспяваюць. І існуючыя недахопы аператыўна ліквідаваць, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы.

«Вырашальнае значэнне мае арганізацыя работ»

«Тэхнічная гатоўнасць усяго ўборачнага комплексу — на першым месцы. Вырашальнае значэнне мае дакладная арганізацыя работ і годнае заахвочванне за якасную працу, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нагадаю: дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё магчымае. Я думаю, усё. Калі не — губернатары паведамяць. Таму ад усіх — ад кіраўніка да механізатара — патрабуецца максімальная аддача». 

256445-02.jpg

Урад паведамляе, што прагназуемы валавы збор збожжа і зерневых культур у бункернай вазе можа скласці каля 11 мільёнаў тон — тое, што, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нам трэба. Але гэта збожжа «на корані», яго трэба яшчэ без страт прыбраць. «Аднак Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генеральная пракуратура і наша міліцыя інфармуюць мяне, што ў шэрагу рэгіёнаў дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай», — акрэсліў праблему кіраўнік дзяржавы. 

І прывёў лічбы. Стаяць няспраўнымі і збожжаўборачныя камбайны, і сушылкі. Частка адрамантаваных камбайнаў не прайшла дзяржтэхагляд — каля 400 машын. Нядзіўна, заўважыў Прэзідэнт, што нагрузка на адзін камбайн, які працуе, павялічваецца. Асабліва гэта актуальна для Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей. Збожжаўборачныя камбайны ў поўным аб’ёме не гатовыя да работы практычна ў кожнай трэцяй з правераных гаспадарак. Пры гэтым у асобных арганізацыях да рамонту нават не прыступалі праз адсутнасць запасных частак і механізатарскіх кадраў. У шэрагу сельгасарганізацый не падрыхтаваныя склады для прыёмкі ўраджаю. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымыя страты працоўнага часу.

«Зноў жа, ніяк не пераможам прыпіскі. У 5 працэнтах правераных гаспадарак устаноўлены выпадкі, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы, — пазначыў яшчэ адну праблему беларускі лідар. — Дзіўна, каго вы спрабуеце падмануць?».

Уборачная кампанія толькі пачалася, а Камітэтам дзяржаўнага кантролю ўжо выяўлены факты няякаснай уборкі ўраджаю, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Парушэнні зафіксаваныя ў асобных гаспадарках Свіслацкага і Салігорскага раёнаў. Аналагічная сітуацыя і ў нарыхтоўцы кармоў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Нізкія тэмпы ўборкі траў з-за няспраўнай тэхнікі. На 14 ліпеня ў Віцебскай вобласці не быў завершаны першы ўкос шматгадовых траў на плошчы амаль 20 тысяч гектараў. Прэзідэнт асобна пацікавіўся, у чым праблема. У многіх гаспадарках своечасова не праведзена падкормка азотнымі ўгнаеннямі шматгадовых траў. 

«Нельга дапусціць, каб уборачная кампанія праходзіла ў нядбайным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі ўраджаю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не маем права забываць пра нашых сялян»

Перад адказнымі за агракомплекс Прэзідэнт паставіў шэраг пытанняў. «Як у цэлым складваецца сітуацыя на месцах? Якія пытанні патрабуюць неадкладнага рашэння?»- спытаў кіраўнік дзяржавы і канкрэтызаваў, на што чакае атрымаць дакладныя адказы. 

256445-32.jpg

Па-першае, што рэальна тармозіць рамонт збожжаўборачнай тэхнікі і калі будзе завершаны рамонт усёй наяўнай? «Ці хапае запасных частак і як арганізаваны рамонт. Вось вам і сельгастэхнікі, пра якія я ўвесь час кажу. Некаторыя проста не могуць адрамантаваць гэтую тэхніку», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Па-другое, ці вырашаны пытанні забеспячэння палівам?

Па-трэцяе, як будзе арганізавана сушка збожжа? 

«Зернесушыльныя комплексы сёння выходзяць на першае месца. Прыйдзецца ўбіраць (мы ўжо гэта бачым) вільготнае збожжа, яго трэба дапрацоўваць на зернесушылках. Як будзе задзейнічана сушыльнае абсталяванне камбінатаў хлебапрадуктаў? Таксама на злобу дня — тое, што мы спрабуем аднавіць у Шклоўскім раёне. Так трэба ўсюды камбінаты аднавіць. Калі гаспадаркі не могуць дасушыць збожжа, прыйдзецца дасушваць на хлебакамбінаце цэнтралізавана», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што дзяржаўны заказ на збожжа сёння невялікі і яго трэба выконваць.

Па-чацвёртае, залогам поспеху на ўборцы Аляксандр Лукашэнка назваў высокую працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. І пацікавіўся, што робіцца для прадухілення парушэнняў, як перакрытыя магчымыя каналы для крадзяжу падчас уборкі. «Паважаныя сябры, я добра дасведчаны: у гэтым плане не задзейнічаем міліцыю. Што толькі можна, тое і крадуць. Спыніць трэба жалезным чынам», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. 

Па-пятае, уборка збожжавых супадае з тэрмінамі ўборкі рапсу, лёну, другім і трэцім укосамі шматгадовых траў, пасевам пажніўных культур. 

«Сельгасработы не спыняюцца. Часта на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары, — заўважыў Прэзідэнт. — Як справы з механізатарскімі кадрамі? Вось за гэта трэба ўжо не толькі вушы, але і галовы адрываць». Ён нагадаў, што летась гэта пытанне ўважліва разглядалася і тады кіраўнік дзяржавы ставіў задачу за зіму знайсці кадры, прыцягнуць людзей з іншых прадпрыемстваў, мабілізаваць іх на ўборку ўраджаю. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія ўмовы створаны для людзей, задзейнічаных на ўборцы: камбайнераў, вадзіцеляў, рабочых на зернетаках і іншых спецыялістащ, якія забяспечваюць ход усёй уборачнай кампаніі.

«Мы не маем права забываць пра нашых сялян. Таму той ураджай, які ёсць на прысядзібных участках (няшмат такіх ужо ўчасткаў, на жаль, мала засталося), трэба дапамагчы сялянам убраць», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Такога года на нашай памяці яшчэ не было. Але год нядрэнны»

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што расказваць аб рэаліях надвор’я і наступствах не трэба. «Я хачу ведаць канкрэтна, што зроблена для атрымання максімальнага выніку ў экстрэмальных умовах,» — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні вечарам асабіста праехаў па некаторых палях, тыповых палях, таму ведае абстаноўку. «Больш за ўсё мяне турбуе, каб фітафтора бульбу не з’ела. Паглядзіце. Не дай бог мне паведамяць, што вы не апрацавалі бульбу. І зноў будзем перажываць у будучым годзе, у сакавіку-красавіку, што нам бульбы не хапіла. Трэба апрацаваць бульбу, догляд павінен быць. Па астатніх прапашных культурам я не бачу ніякіх праблем. Па збожжы найбольш небяспечна там, дзе адбыліся сур’ёзныя паляганні. А гэта, як вы разумееце, стварае парніковы эфект, і пачынае расці трава. Прарастае трава — і мы не зможам потым падняць гэты ўраджай збожжа, хоць ён сёлета нядрэнны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

256445-22.jpg

Аляксандр Лукашэнка параіў аграрыям не расслабляцца, не чакаць і не сушыць збожжа ў палях. Нават пры 20% вільготнасці трэба ўбіраць і дасушваць, арыентуе ён. «Галоўнае, каб не было страт. Надвор’е будзе ўвесь час такое: дождж, суха, сонечна, дождж. Такога года яшчэ на нашай памяці не было. Год нядрэнны для сельгаскультур і для жывёл. Тэхнікі хапае, не хапае толькі дысцыпліны і арганізаванасці», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы 

Першым аб ходзе ўборачнай кампаніі далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, які пазначыў асноўныя праблемы. 

Адна з іх — няхватка механізатараў, нярэдка рашэнні застаюцца на паперы, а механізатары ў гаспадаркі проста не прыязджаюць. Старшыня КДК звярнуў увагу, што асабліва гэта актуальна для Віцебскай вобласці, дзе не хапае 615 механізатараў, з якіх на 14 ліпеня прыбыло толькі 168 (гэта пятая частка), у тым ліку камбайнераў — 43 (гэта 30 працэнтаў). У іншых абласцях у шэрагу выпадкаў камбайны ўкамплектавалі за кошт перасадкі механізатараў з энерганасычаных трактароў і кормаўборачных камбайнаў, а таксама інжынераў і механікаў гаспадарак, гэта значыць, іншыя віды работ выконвацца не будуць. «Няхватка гэтых кадраў прыводзіць да таго, што збожжаўборачныя камбайны прастойваюць і не рамантуюцца, нават нягледзячы на наяўнасць неабходных дэталяў. Пры гэтым рэгіёны просяць закупіць яшчэ 247 новых збожжаўборачных камбайнаў. Дзе гарантыя, што новыя камбайны будуць уцягнутыя ва ўборку з бягучага года — альбо на іх проста перасадзяць камбайнераў са старых камбайнаў, а тыя будуць прастойваць?» — адзначыў Васіль Герасімаў. 

герасимов.JPG

Таксама, па словах старшыні КДК, на 14 ліпеня па краіне да работы не былі падрыхтаваныя 364 збожжаўборачныя камбайны. Больш за ўсё ў Віцебскай і Магілёўскай вобласці. 394 камбайны не прайшлі дзяржтэхагляд. Хапае і выпадкаў прыпісак па іх гатоўнасці. Яшчэ адна праблема, агучаная Васілём Герасімавым, — адсутнасць мер па прадухіленні страт збожжа. У асобных гаспадарках да работы не гатовыя зернесушыльныя комплексы. «У шэрагу гаспадарак збожжа, якое паступае з поля, узважваецца на неправераных вагах, што не гарантуе дакладнасці ўліку», — пазначыў яшчэ адну праблему Васіль Герасімаў. Не ўсюды выконваюцца патрабаванні да эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі. Існуюць і праблемы з корманарыхтоўкай. Не ўсе гаспадаркі падкармілі травы мінеральнымі ўгнаеннямі. Васіль Герасімаў паведаміў, што ёсць праблемы ў правядзенні меліярацыі і аднаўленні меліярацыйных сістэм. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што нярэдка кантралюючыя органы занадта шмат увагі надаюць дробязям. Няспраўнасць няспраўнасці розніца, адзначыў ён. Бываюць выпадкі, калі паломку можна ліквідаваць за паўгадзіны, і не марнаваць час на разгляд гэтай праблемы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго цікавіць выпадкі, дзе няма дысцыпліны, дзе няма парадку. А дробныя недапрацоўкі будуць заўсёды і забіваць імі эфір, па словах кіраўніка дзяржавы, не трэба. «Трэба бачыць тэндэнцыі. Калі 20 тысяч у Віцебскай вобласці не скасілі першым укосам — пытанне: чаму не скасілі, дзе быў прэм’ер, віцэ-прэм’ер, дзе быў міністр, губернатар? Чым яны займаліся? Трэба па сутнасці. Тэндэнцыі», — запатрабаваў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба пры ацэнцы бачыць маштаб недапрацовак, а не проста гаварыць, што дрэнна. «Трэба аналізаваць. Не проста: прыйшоў, убачыў, перамог. А трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы», — параіў ён. 

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўтарыў вялікую ісціну, тлумачачы, чаму так сур’ёзна ставіцца да эканомікі: калі мы не хочам ваяваць — давайце будзем працаваць. «Давайце будзем ваяваць у мірнай працы, прыбіраючы хлеб і гэтак далей. Так, цяжка, так, складана... а калі было лёгка?»- адзначыў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, трэба вельмі акуратна падыходзіць да праверак, у адваротным выпадку кіраўнікі арганізацый будуць хаваць праўду, каб не трапіць пад крытыку. «Усё павінна быць сумленна і аб’ектыўна. Усё павінна быць справядліва», — рэзюмаваў беларускі лідар. Паводле яго слоў, супрацоўнікі правяраючых органаў не павінны паводзіць сябе як гаспадары на месцах, гаспадары там — прадстаўнікі мясцовай улады. Але працаваць яны павінны разам. «Ёсць часы, калі трэба мабілізоўвацца. Вось гэты час», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Арганізуйце працу так, каб не было заўваг»

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў у сваім дакладзе адзначыў, што чаканы валавы збор (у бункернай вазе) збожжавых і зернебабовых з кукурузай у сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі можа скласці каля 9,7 мільёна тон, што вышэй за ўзровень мінулага года на 0,5 мільёна тон. 

З улікам чаканага валавога збору рапсу ў аб’ёме 0,9 млн. тон агульны збор збожжа ў бункернай вазе чакаецца на ўзроўні 10,7 млн. тон. «Сёння, па сканчэнні некалькіх дзён што мы ўбіраем па ўсёй краіне, вы ўпэўненыя, што мы столькі збяром?» — удакладніў Прэзідэнт. 

«Такі прагноз рабіць вельмі заўчасна...» — пачаў міністр. «Карацей, не ведаеце! На загаворвайце праблему! Вы над гэтым не думалі, не ведаеце і адказаць на гэта не можаце! — перапыніў Аляксандр Лукашэнка. — Я мяркую, што мы 11 мільёнаў не атрымаем, зыходзячы з усіх фактараў». Прэзідэнт адзначыў, што міністр сельскай гаспадаркі сам павінен адчуваць, ці атрымаецца сабраць такі ўраджай. 

«Для правядзення работ па ўборцы і першаснай дапрацоўцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2025 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі ў наяўнасці 7 тысяч збожжаўборачных камбайнаў. На сёння іх гатоўнасць складае 97 працэнтаў», — далажыў Юрый Горлаў. Прэзідэнт на гэта парыраваў, што ўсе камбайны, якія стаяць на ўліку, не будуць удзельнічаць ва ўборцы. Міністру ўнутраных спраў даручана пераправерыць гатоўнасць тэхнікі. «Акуратна, дэталёва падыходзячы да тых праблем, якія вырашаюцца ў раёне або ў канкрэтнай гаспадарцы. Не проста прыйшоў, убачыў — з налёту па галаве настукаў механізатару, ён галаву апусціў і пайшоў. Акуратна трэба, тактоўна да гэтага пытання падысці і паглядзець, колькі там у нас камбайнаў», — арыентуе кіраўніка МУС кіраўнік дзяржавы. Па словах Юрыя Горлава, на сёння па краіне не адрамантавана больш за 230 камбайнаў, больш за ўсё ў Віцебскай вобласці. Што датычыцца забяспечанасці палівам сельгасарганізацый, то, па словах кіраўніка Мінсельгасхарча, у гэтай частцы праблем няма.

горлов.JPG

Міністр далажыў, што ўсе рэгіёны прыступілі да ўборкі збожжавых, а Брэсцкая, Віцебская, Гомельская і Гродзенская вобласці — да ўборкі азімага рапсу. Разам з уборкай збожжавых і рапсу праводзяцца работы па нарыхтоўцы кармоў з другога ўкосу шматгадовых траў, церабленні лёну. «Для выканання пастаўленых задач па вытворчасці раслінаводчай прадукцыі павялічаны пасяўныя плошчы цукровых буракоў, бульбы і гародніны. Стан іншых сельскагаспадарчых культур здавальняючы, — далажыў Юрый Горлаў. — Меры, якія прымаюцца, дазволяць убраць вырашчаны ўраджай у тэрмін і без страт. Дадатковых рашэнняў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада не патрабуецца».

Прэзідэнт асобна пацікавіўся, як ідуць справы з бульбай. Юрый Горлаў адзначыў, што ёсць праблемы з апрацоўкай бульбяных палёў, але прымаюцца меры па іх вырашэнні. «Я за бульбу, вядома, перажываю, што там на палях. Але мяне супакойвае тое, што ў нас вытворчасці бульбы, як і буракоў, сканцэнтраваныя ў асобных гаспадарках, дзе ўмеюць яе апрацоўваць. Таму трэба апрацоўваць, каб не загубіць. У нас выбудаваная спецыялізацыя. І ў гэтых гаспадарках ўмеюць працаваць з той ці іншай прадукцыяй. — адзначыў Прэзідэнт. — Мяне гэта супакойвае. Але вас не павінна супакойваць. Глядзіце, каб не загубілі бульбу». 

Кіраўнік дзяржавы перад усімі адказнымі за аграрна-прамысловы комплекс паставіў задачу арганізаваць работу ў сельгаспрадпрыемствах так, каб не было ніводнай заўвагі. «Дзейнічайце, не гледзячы ні на што. Не — дакладвайце напрамую. Калі хтосьці вам не падпарадкаваўся, інфармацыю не даў — далажыце мне неадкладна. Прымем самыя жорсткія меры. Сёння нельга жартаваць. — заявіў ён. — Каб быў добры вынік, трэба працаваць цяпер».

Намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Шулейка адзначыў, што сёлета аграрнаму сектару з боку дзяржавы была аказана ўся неабходная дапамога і былі прыняты ўсе меры для атрымання добрага ўраджаю. Напрыклад, вяскоўцаў падтрымалі ў пытанні частковага перасеву пасля вясновых замаразкаў, што дазваляе ў гэтым складаным сезоне разлічваць на ўраджай па збожжы не меншы, чым леташні. Юрый Шулейка запэўніў, што нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, аграрыі годна завершаць гэты аб’ектыўна няпросты сезон. 

Шулейко.JPG

«Пабачым увосень. Вы правільна сказалі, што мы для сялян зрабілі ўсё. І нават больш, чым павінны былі рабіць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Шулейка звярнуў увагу, што сёння ў сельгасарганізацыях дастатковая колькасць тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб выкараненні фактаў нядбайнага стаўлення да гэтай тэхнікі, а тым больш крадзяжу. Тым больш, што аграрыям аказваецца ўся неабходная фінансавая дапамога. «Мы гэта сабралі і далі вам. А ў вас збожжа крадуць, паліва раскрадаецца, запчасткі не ў час прывозяць, камбайны не глядзяць, п’яныя на працу ходзяць. Як гэта разумець? Вы мяне зразумейце: уся гэта інфармацыя да мяне прыходзіць, а заўтра вы прыходзіце: «Дайце грошы ў доўг», — адзначыў Прэзідэнт. І нагадаў зноў аб выканальніцкай дысцыпліне, што датычыцца ўсіх і кіраўнікоў, і саміх работнікаў. 

Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў акцэнт на тым, што правядзенне ўборачнай кампаніі, вырашэнне праблем — гэта задача і ўпаўнаважаных Прэзідэнта. «Вы адказваеце за краіну не менш, чым я. калі вам даручаны нейкі канкрэтны ўчастак, вы не ездзіце проста так... Вы павінны працаваць як пчолкі разам з губернатарам, старшынёй райвыканкама на месцах. Дапамагаць, калі трэба», — заявіў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што ўпаўнаважаныя павінны ехаць з канкрэтнай мэтай і разбірацца ў праблеме.

Віцебская вобласць. Пастаўленыя задачы будуць выкананы

Аб правядзенні ўборачнай кампаніі, сітуацыі на палях і планах далажылі губернатары. «Што сёння ў Віцебскай вобласці?» — Прэзідэнт пачаў менавіта з гэтага рэгіёна. 

«Нічога надзвычайнага няма, — адказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — У нас пад уборку 309 тысяч га, з іх амаль 30 тысяч га азімага ячменю, каля 74 тысяч га рапсу. Па нашых разліках, на палях стаіць мільён тон, і мы ўсё робім для таго, каб яго сабраць». Губернатар праінфармаваў, што ў вобласці маюцца 950 збожжаўборачных камбайнаў, гатоўнасць іх складае 87%. 

субботин.JPG

Аляксандр Субоцін адказаў на заўвагу пра няхватку механізатараў — усе спецыялісты былі задзейнічаны на няпростай уборцы кармоў, іх фізічна не хапала на рамонт тэхнікі. Прымаюцца і дадатковыя меры — у вобласці ёсць тры дылерскія цэнтры «Гомсельмаша», на якіх працуюць 12 выязных брыгад. У «Гомсельмаша» папрасілі яшчэ дадаткова дзве выязныя брыгады, якія дапамагаюць Віцебскім спецыялістам рамантаваць тэхніку. 

«У актыўную фазу ўборкі мы, арыенціровачна, ацэньваючы надвор’е, уступім да канца наступнага тыдня. Таму пры дэфіцыце працоўных рэсурсаў мы размяркоўваем па ступені важнасці гэтых людзей. І ўсе камбайны, якія павінны ўдзельнічаць ва ўборцы, да масавай уборкі будуць у страі. Пакуль нагрузка на адзін камбайн — 325 га. тэрмін магчымай уборкі — 25 дзён», — далажыў Аляксандр Субоцін. Паводле яго слоў, у вобласці таксама запланавана і распісана перакідка камбайнаў паміж гаспадаркамі і раёнамі, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў вобласці маецца 199 зернесушыльных комплексаў, з іх 177 гатовыя да работы «Прапускная здольнасць наяўных зернесушыльных комплексаў у два разы перавышае магчымасці намалоту збожжа наяўнымі камбайнамі», — удакладніў ён. Прэзідэнт спытаў, ці будзе перавозіцца зерне з гаспадаркі, ў якой не адрамантаваны зернесушыльны комплекс, у тую гаспадарку, дзе ён працуе. «Мы максімальна рупліва падыходзім, каб мінімальныя былі перакідкі збожжа, мінімальныя перакідкі кармоў», — адказаў губернатар. На што кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры гэтым трэба ўлічваць і транспартныя выдаткі, калі вазіць збожжа на дапрацоўку ў іншыя гаспадаркі. «Калі ёсць зернесушылка, яе трэба адрамантаваць і сушыць зерне. Тым больш такі вільготны год. Нельга сушыць зерне ў полі. Страцім усё», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Гаворачы аб нарыхтоўцы кармоў, Аляксандр Субоцін адзначыў, што ў некаторых сельгасарганізацыях старыя траншэі, якія часта залівае вадой, выводзяць з абароту. Але замест іх аператыўна будуюць новыя, каб захаваць максімальна якасныя кармы. Што датычыцца кадраў, то, па словах губернатара, у Віцебскай вобласці ў дапамогу аграрыям прывезлі 584 чалавекі, на месцах ужо працуюць 554 чалавекі. Тыя, хто пакуль не даехаў, будзе працаваць на адвозцы ў масавы пік уборкі. Але пры неабходнасці яны прыбудуць на месца і будуць працаваць. 

У цэлым, запэўніў старшыня Віцебскага аблвыканкама, усе задачы рэгіён выканае, нягледзячы на ўсю крытыку. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што комплексна стан спраў у сельскай гаспадарцы Віцебшчыны будзе ацэнены але асобнай нарадзе, прысвечанай гэтаму рэгіёну. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёлета умовы надвор’я сапраўды нетыповыя, але нельга ўсё спіхваць на надвор’е. «Нельга страціць хлеб добры на палях. Трэба арганізавацца», — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што назіраў за полем, якое належыць адной з найлепшых гаспадарак краіны — агракамбінату «Дзяржынскі». «Камбайны дзяжураць, у добрай магутнай гаспадарцы. Пасля абеду, выветрыла ўжо поле, упэўнены, што там ужо не больш за 20% вільготнасці — усё, камбайн працуе. Маладзец. Ён не чакае, ён імкнецца выхапіць гэтае зерне. Іншага не дадзена. Нельга сушыць зерне ў полі — не той час, каб сушыць. Страцім», — заявіў кіраўнік дзяржавы. І прывёў зваротны прыклад з Віцебскай вобласці, які заўважыў з борта верталёта: палова поля адсеяна, а палова — пустазеллем зарасло. «Проста бязладнае стаўленне брыгадзіра або агранома. А механізатар — злачынец. Як бывае: паслаў механізатара: „ідзі там пераворваць, засявай гэта поле“. Ён палову адсеяў, а палову кінуў», — абурыўся Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на культуру земляробства, заўважыўшы, што ў Віцебскай вобласці добрыя землі і трэба з імі адказна працаваць.

Брэсцкая вобласць. Нельга забываць людзей

Наступным дакладваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Паводле яго слоў, у рэгіёне трэба будзе ўбраць 330,6 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур, без кукурузы, грэчкі і проса. На сёння ўбрана 35 548 гектараў, што складае 11 працэнтаў ад планавых плошчаў. Намалочана 163 136 тон збожжа. Ураджайнасць — 45,4 цэнтнера з гектара -плюс 5,7 цэнтнера да ўзроўню мінулага года. Для ўборкі ў арганізацыях вобласці маецца 1348 камбайнаў. Па словах кіраўніка рэгіёна, істотных праблем у правядзенні ўборачнай кампаніі няма. Па словах Пятра Пархмочыка, усе пытанні, уключаючы кадравыя, вырашаны. «Да ўборкі ўраджаю прыцягнулі 334 механізатараў, уключаючы 234 камбайнераў. Усе названыя асобы прыступілі да працы. Гэта людзі з розных прадпрыемстваў вобласці, якія сістэмна ўдзельнічаюць ва ўборцы ўраджаю. Ёсць супрацоўнікі МНС, якія па дамоўленасці пераходзяць на камбайны і ўбіраюць ураджай. Кожны год яны ўдзельнічаюць у жніве», — далажыў губернатар. 

пархомчик.JPG

«Хацелася б, каб гэтых людзей пасля ўборкі не забыліся. Усё ж такі яны з’язджаюць са звыклага месца, ад сям’і. Дапамагаюць. Вядома, гэта вялікая справа. Усе мы салдаты цяпер, але ўсё роўна іх не трэба забываць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Пётр Пархомчык адзначыў, што сёлета чакаецца ўраджай не горшы, чым летась. Выключэнне можа скласці толькі рапс. Ёсць аб’ектыўныя прычыны — на культуру сур’ёзна паўплывалі вясновыя замаразкі. «Завяршаем уборку другога ўкосу траў. 10 раёнаў прыступілі да трэцяга ўкосу. Сумарна па першым і другім укосе пакуль не выйшлі на ўзровень 2024 года, але адставанне скарачаем. Другі ўкос атрымаўся значна лепшы, чым летась. У астатні перыяд разлічваем выйсці на планавыя лічбы», — дадаў Пётр Пархомчык, адзначыўшы, што ўборачная кампанія ідзе па плане.

«Я па Брэсцкай вобласці асаблівых праблем не бачу», — падкрэсліў Прэзідэнт. І пацікавіўся, як справы ў «суседа» — Гродзенскай вобласці.

Гродзенская вобласць. Ахвяраваць якасцю недапушчальна

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў далажыў, што ў рэгіёне азімыя культуры адчуваюць сябе крыху горш, чым яравыя. Ураджайнасць рапсу ў рэгіёне складае 39 ц/га, збожжавых — 51 ц/га. «Недахоп дзвюх адзінак кармавых, якія ўтварыліся ў выніку таго, што не сабралі з першага ўкосу, кампенсуем падкормкай другога ўкосу і падкормкай кукурузы, каб зялёная маса кукурузы гэта кампенсавала», — далажыў ён. Паводле слоў губернатара, камбайнаў негатовых у вобласці 13 адзінак з 1,1 тысячы. Каб пабудаваць тэхніку, усё ёсць. Няма няхваткі ў кадрах. 

караев.JPG

Юрый Караеў далажыў, што ў вобласці актыўна, па ўсіх напрамках, змагаюцца з крадзяжом. «Вядома, там, дзе механізатара злавілі з 20 літрамі афарбаванага паліва, мы з міліцыяй так вырашаем, каб ён працягваў працаваць. А, вядома ж, крымінальная справа або адміністрацыйная (па памеры) распачатая, і ён адкажа за гэта», — адзначыў ён. Юрый Караеў адзначыў, што пакаранні больш жорсткія варта прымяняць да начальнікаў, якія ствараюць умовы для спісання некалькіх соцень літраў паліва, якое прызначана для ўборкі.

Прэзідэнт пацікавіўся, якія праблемы ёсць у рэгіёна. Юрый Караеў звярнуў увагу на заўвагу дзяржкантролю аб няякаснай нарыхтоўцы кармоў у Свіслацкім раёне. «Вядома, гэта старшыня той гаспадаркі ахвяраваў якасцю ва ўгоду таму, каб, як гаворыцца, паказчыкі далажыць. Своечасова яго паправілі і на яго прыкладзе ўсім астатнім давялі, што якасцю ахвяраваць недапушчальна», — сказаў губернатар.

Мінская вобласць. Аграрыям трэба павучыцца

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка далажыў, што на бягучую дату ў цэнтральным рэгіёне ўбрана азімага ячменю на плошчы 32 тысячы га, намалочана 148 тысяч тон, ураджайнасць пакуль 45,6 ц/га. Плошча азімага рапсу — 90 тысяч га. у вобласці маецца 1523 камбайны, гатоўнасць — 99,9%. Усе 419 сушылак гатовыя да прыёму збожжа. «На тэхніцы ў перыяд масавай уборкі будуць працаваць 6844 механізатары, частка з іх будуць задзейнічаны ў правядзенні сяўбы азімых, — дадаў губернатар. — У вобласці паралельна з жнівом ідзе нарыхтоўка кармоў. На адну ўмоўную галаву закладзена 10,5 кармавой адзінкі (мінус адна адзінка да ўзроўню 2024 года і плюс тры да ўзроўню 2023-га). Па прагнозах мы бачым, што будзем з кармамі, па годзе будзе забяспечана каля 34,6 кармавой адзінкі на адну ўмоўную галаву».

кушнаренко.JPG

«Вельмі спадзяюся, што Мінская вобласць спрацуе не горш за Гродзенскую» — заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што Мінскую і Гродзенскую вобласць узначальваюць не аграрыі па спецыяльнасці. «Сказаць, што гэта эксперымент нейкі, — не. Я параўноўваю вашу працу з так званымі спецыялістамі-аграрыямі. Сто працэнтаў там гатова, там. Аграрыям трэба вучыцца ў вас, у гродзенцаў, у брастаўчан — у неаграрыяў. Сабраліся, намецілі план — памры, але выканай. Тады будзе толк», — падкрэсліў беларускі лідар.

Гомельская вобласць. Па мехатрадах праблем няма

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў, што сёлета ў вобласці трэба будзе ўбраць 459,8 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што на 40 гектараў больш, чым годам раней. Паводле слоў губернатара, тэхнічная гатоўнасць гаспадарак блізкая да стопрацэнтнай. Са слоў Івана Крупко, сёлета чакаецца рост ураджайнасці каласавых на 8,1 цэнтнера з гектара да леташняга. Дадаткова ў гаспадаркі прыбылі 180 механізатараў, таксама ў гэтым годзе да працы прыцягнулі 78 навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія будуць працаваць камбайнерамі і памочнікамі камбайнераў. 

крупко.JPG

«Гатоўнасць тэхнікі сушыльнага і камбайнавага паркаў дазваляе убіраць не менш за 5 працэнтаў плошчаў у дзень. У цэлым з кукурузай чакаем 1 мільён 440 тысяч тон збожжа, з іх 880 тысяч тон каласавых, 60 тысяч тон азімага рапсу і каля 500 тысяч тон кукурузы на зерне», — далажыў Іван Крупко. Гэтак жа паводле яго слоў, добрую ўраджайнасць паказвае лён-даўгунец, да ўборкі якога ўжо таксама прыступілі. 

Камітэт дзяржкантролю выказаў заўвагу аб мехатрадах. «У нас у вобласці ўся тэхніка на 5 мехатрадаў атрымана. Яна ўся ў працы. Укамплектаваны кадрамі. Мы прынялі рашэнне, што ніводнага механізатара не павінна быць прыцягнута з сельгаспрадпрыемстваў. Людзі прыйшлі з розных арганізацый, у тым ліку і дальнабойнікі, — распавёў старшыня аблвыканкама. — Магчымасць у тэрміны ўбраць ураджай і нарыхтаваць кармы ў вобласці ёсць», — запэўніў кіраўніка дзяржавы Іван Крупко.

Магілёўская вобласць. Праблем быць не павінна

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў, што ў рэгіёне ўжо ўбрана 67% азімага ячменю. Выбарачна прыступілі да ўборкі азімага рапсу, цераблення лёну. Адначасова вядзецца нарыхтоўку травяных кармоў. Губернатар расказаў, што робіцца з улікам асаблівасцей гэтага года: «Стварылі і сфарміравалі 14 механізаваных звёнаў, у склад якіх увайшлі 36 камбайнаў і адначасова машыны на адвозку збожжа. Гэта дазволіць аператыўна аказваць дапамогу ва ўборцы збожжавых культур сельгасарганізацыям, у якіх высокая нагрузка». Анатоль Ісачанка падзякаваў міністру ўнутраных спраў і міністру па надзвычайных сітуацыях за дапамогу з кадрамі. Дзевяць экіпажаў сфарміравалі з ліку супрацоўнікаў МНС, і дзесяць — з міліцыянераў. 

Исаченко.jpg

Па словах Анатоля Ісачанкі, асаблівая ўвага — дапрацоўцы збожжа. «Мы пралічылі ўсё і разумеем, дзе, чаго і колькі будзем перапрацоўваць. Праблем быць не павінна. Акрамя таго, у выпадку неабходнасці запланавалі перакідку камбайнаў паміж рэгіёнамі», — дадаў ён.

Губернатар адказаў на крытычныя заўвагі ў адрас рэгіёна. Гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў у Магілёўскай вобласці складае 95 працэнтаў. Да панядзелка на 97% будуць гатовыя зернесушыльныя комплексы. «Што датычыцца забяспечанасці механізатарскімі кадрамі, з арганізацый горада прыцягнуты 150 чалавек. Іншых пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, у рэгіёне няма, вобласць гатовая да ўборкі», — адзначыў Анатоль Ісачанка. 

Прэзідэнт пацікавіўся, ці запушчаны ў работу камбікормавы завод у Шклове, які ён наведваў у красавіку. Губернатар адказаў, што завод ужо сушыць першыя дзве тысячы тон збожжа. «Толькі не забывайся, што завод павінен працаваць і на іншыя гаспадаркі Шклоўскага раёна і Магілёўскай вобласці», — нагадаў кіраўнік дзяржавы. І спытаў, як ідуць справы з сельгастэхнікай. Анатоль Ісачанка далажыў, што і сельгастэхніку, і льнозавод прыводзяць у парадак. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў многіх галінах не хапае такога звяна, як сельгастэхніка, якая б займалася рамонтам складанай тэхнікі. «Цяпер вы павінны адчуць, што гэтыя кропкі і вузлавыя звёны для сельскай гаспадаркі — райаграсэрвісы (былыя сельгастэхнікі) — нам патрэбныя. Таксама як і будаўнічыя арганізацыі і гэтак далей», — канстатаваў беларускі лідар. Анатоль Ісачанка пацвердзіў, што райаграсэрвісы вельмі запатрабаваныя. «Камбайны, якія спісваем, аддаём на „Аграмашсэрвіс“, разбіраем на запчасткі, прыводзім у парадак і прадаём. Летась прадалі сялянам дэталяў на аднаўленне камбайнаў амаль на 2 мільёны беларускіх рублёў, сёлета — ужо на 600 тысяч. Працэс ідзе: ніводная запчастка не прападае, спецыялісты працуюць», — дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанне перакідвання камбайнаў і станоўча ацаніў гэтую практыку ўнутры абласцей. Але, па словах кіраўніка дзяржавы, пры неабходнасці варта перакідваць тэхніку і паміж абласцямі, каб дапамагчы.

«Будзьце бліжэй да людзей. І дзейнічайце па-ваеннаму»

Падводзячы вынік селектарнай нарады, Прэзідэнт сказаў адкрыта: «Узровень падрыхтоўкі на сёння і ўзровень работы вертыкалі ўлады і кіраўнікоў прадпрыемстваў вельмі высокі. Значна вышэйшы, чым у ранейшыя гады. Але ўсе псуюць канкрэтныя недахопы, на якія ўказвалі старшыня Дзяржкантролю і міністр сельскай гаспадаркі. Не павінна быць гэтых дробязяў. Не павінна быць затрымак, бюракратызму. Канкрэтна, па-ваеннаму трэба вырашаць усе задачы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што час перарабіць немагчыма, таму ўсё павінна быць дакладна, зразумела, як у Гродзенскай, Мінскай або Брэсцкай абласцях. Ён звярнуў увагу, што гэтыя рэгіёны ўзначальваюць не аграрыі па спецыяльнасці. «Я гэта адчуваў: як толькі прыходзіць губернатар аграрый-спецыяліст, ён пачынае „уваходзіць у становішча“ на месцах. А на месцах кіраўнікі недапрацоўваюць, а мы ў іх становішча ўваходзім. Па-ваеннаму ўсё павінна быць. План склалі — хоць памры, але зрабі. Кожны дзень, не гледзячы ні на якое надвор’е. Кантраляваць сёлета будзем вельмі прынцыпова, але не крыўдзячы людзей», — папярэдзіў беларускі лідар.

Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на кадравае пытанне і адзначыў, што размовы аб тым, што «камбайнеры не даехалі» несур’ёзныя. Паводле яго слоў, камбайнер павінен прыехаць загадзя і вывучыць гэтую складаную тэхніку. «Размоў пра няхватку кадраў наогул быць не павінна пасля нашага леташняга абмеркавання гэтай праблемы. Мы тады дамовіліся, што за зіму вы вырашыце пытанні з кадрамі», — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, неабходна прыцягваць людзей з гарадоў, у тым ліку і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Але пры гэтым, зрабіў акцэнт беларускі лідар, дамовіцца з імі трэба па-добраму, каб яны ў цяжкія хвіліны дапамагалі. Асабліва механізатары на камбайнах, адзінкавыя спецыялісты.«Гараджан трэба задзейнічаць, як толькі можна, але і мы да іх павінны па-чалавечы ставіцца і дапамагаць. Гэтых людзей нельга забываць на працягу года, а не толькі тады, калі яны нам патрэбныя», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.

256445-05.jpg

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на недапушчэнні страт збожжа на полі. «Зрабіце ўсё, каб страт не было на полі. Ці былі, але мінімум. Кантралюйце страты. Мяне гэта больш за ўсё хвалюе», — сказаў ён. Яшчэ адно прынцыповае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — беражлівыя адносіны да тэхнікі. «З будучага года вы тэхніку атрымаеце толькі тады, калі вы дакажаце камісіі з Міністэрства сельскай гаспадаркі, што ў вас нармальна эксплуатуецца тэхніка, якая ў вас на ўліку, і тэхнічнае абслугоўванне пастаўлена на ўзровень. Мы не можам вам дзясяткамі, сотнямі ўкідваць тэхніку, разумеючы, што ў вас старая тэхніка не абслугоўваецца», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе закранулі і тэму меліярацыі. Прэзідэнт нагадаў, што гэтае пытанне таксама неабходна кантраляваць. Ён даручыў Леаніду Зайцу, які адказвае за гэтую тэму па краіне, пракантраляваць сітуацыю. «У нас бязладнае стаўленне, я гэта бачу, да меліяраваных земляў. Мы з вамі ўсё прывядзём у парадак. І палі прыгожыя пасля меліярацыі ўсюды, але ж потым утрымліваць трэба як след. І кантроль за гэтым наш — дзяржаўны», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў жорстка пытацца з тых, каму перадалі меліяраваныя землі і хто не даглядае іх належным чынам. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз папрасіў звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на арганізацыю работы. «Трэба заплаціць людзям, накарміць своечасова, арганізаваць іх адпачынак, вольны час. Дзе толькі магчыма, будзьце бліжэй да людзей. І прымусьце іншых быць блізка да людзей», — даручыў беларускі лідар. У сіле застаецца даручэнне на раённым узроўні займацца адсталымі гаспадаркамі: «У кожным раёне паўтары-дзве гаспадаркі працуюць дрэнна. Гэта зона адказнасці старшыні райвыканкама і яго першага намесніка. Калі ласка, не забывайце пра гэта. Мы на гэта ўвагу найбліжэйшым часам звернем», — адзначыў Прэзідэнт. 

І, вядома, на чале ўсяго — выканальніцкая і тэхналагічная дысцыпліна. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што сёлета ўраджайнасць збожжавых ніжэй за 30 ц/га будзе лічыцца дрэннай. «Таму, пакуль мы яшчэ ў полі можам знайсці ўраджайнасць — шукайце яе там», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. 

«Цяпер будзем глядзець, як на справе будзе арганізавана ўборка ўраджаю. Але на сёння значна лепш, чым у мінулыя гады. Я не хачу тут распыляцца па канкрэтных асобных пытаннях. Вы іх бачыце на месцах і ведаеце лепш, што трэба зрабіць. Таму, мужыкі, у бой!»- рэзюмаваў Прэзідэнт.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю