Top.Mail.Ru

Прэзідэнт: Мы ніколі вас не падводзілі і не падвядзем

Паміж Мінскам і Пекінам тысячы кіламетраў, але адлегласць не перашкода для паважлівага і эфектыўнага супрацоўніцтва, якое Беларусь і Кітай выбудоўваюць не адзін дзесятак год. І, нягледзячы на значныя дасягненні, працэс гэты не спыняецца. Пацверджанне таму — візіт кітайскай дэлегацыі ў нашу краіну на чале з віцэ-прэм’ерам Дзяржсавета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лю Гачжунам. Дэлегацыя правяла перагаворы з членамі ўрада, а ключавой падзеяй візіту кітайскай дэлегацыі сталі перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.


З вамі мы рэалізуем канкрэтныя кантракты

«Мы вас у Беларусі вітаем не толькі як высокую службовую асобу, але перш за ўсё як пасланца сяброўскага нам кітайскага народа, вялікай кітайскай дзяржавы», — прывітаў госця Аляксандр Лукашэнка. 

Лю Гачжун адказвае за супрацоўніцтва з Беларуссю, гэтак жа як першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў адказвае за развіццё адносін з Кітаем. «Павінен сказаць вам, што дзякуючы вам мы значна прасунуліся ў нашых адносінах у канкрэтных напрамках. Мы сустракаемся з многімі дзяржавамі і падпісваем мемарандумы, пагадненні аб намерах. А з вамі мы ўжо даўно рэалізуем канкрэтныя кантракты. І ў гэтым вялікая заслуга вас і вашых калег», — адзначыў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, усё гэта не памяньшае і заслуг Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіня, якога Аляксандр Лукашэнка назваў сваім даўнім вялікім сябрам. «Калі б не той паварот з прыходам яго да кіраўніцтва партыі і дзяржавай, то, напэўна, гэтых дасягненняў бы не было. І, магчыма, мы б з вамі сёння не сустракаліся», — адзначыў ён.

У цэнтры Еўропы ў вас ёсць надзейныя сябры

«Не мне вам тлумачыць, мы жывем у даволі складаны супярэчлівы час, часта задумваемся, хто ж у нас сябар, хто перастаў быць сябрам, хто па той бок барыкад размясціўся. Але вы павінны ведаць, і я ўпэўнены, вы гэта добра ведаеце, што Беларусь з’яўляецца надзейным сябрам Кітая і кітайскага народа, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І не таму, што гэта складаны час і ён няпросты для нашай эканомікі перш за ўсё. А таму што мы з вамі ўжо не першае дзесяцігоддзі выбудоўваем такія адкрытыя сяброўскія адносіны. Таму будзьце ўпэўненыя, што тут у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейныя сябры, якія гатовыя садзейнічаць не толькі нашым адносінам, але і вырашэнню тых вялікіх пытанняў, якія перад сабой ставіць Кітайская Народная Рэспубліка, рэалізуючы перш за ўсё „Пояс і Шлях“ па многіх напрамках. Мы ніколі вас не падводзілі і не падвядзем». 

255671-10.jpg

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на гэтым усепагодным шляху заўсёды ёсць пэўныя складанасці і цяжкасці. «Не скажу, што іх нямала ў дачыненні да з Кітаем, не. Да нашага задавальнення праблемных пытанняў у нас няма. Але заўсёды ёсць жаданне рухацца далей», — сказаў ён. 

Беларусь — незаменны сябар для Кітая і кітайскага народа

Лю Гачжун у сваю чаргу перадаў беларускаму лідару цёплыя прывітальныя словы ад Сі Цзіньпіня. «У апошнія гады кітайска-беларускія адносіны дэманструюць станоўчую дынаміку развіцця і выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень усепагоднага, усебаковага стратэгічнага партнёрства. Гэта стала магчыма, вядома, дзякуючы стратэгічнаму кіраўніцтву лідараў нашых краін. Гэта таксама з’яўляецца выдатным вынікам пастаяннага ўмацавання палітычнага ўзаемадаверу, нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ўшчыльнення двухбаковага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне», — адзначыў ён. 

Лю Гачжун назваў Беларусь незаменным сябрам і для Кітая і для кітайскага народа. Ён прызнаўся, што гэта яго першая паездка ў нашу краіну, але яшчэ да свайго візіту ведаў пра Беларусь. «Вашы поспехі ў паляпшэнні эканамічнага развіцця і дабрабыту, прафесіяналізм, адказнасць нашых беларускіх калег, іх сімпатыя да Кітая, да кітайскага народа пакінулі ў мяне глыбокае ўражанне, — падзяліўся Лю Гачжун. — Пад вашым кіраўніцтвам Беларусь дасягнула ўражлівых поспехаў па ўсіх напрамках нацыянальнага развіцця. Будучы добрым сябрам і надзейным партнёрам вашай краіны, Кітай гэтаму толькі рады».

Лю Гачжун расказаў, што мэта яго візіту ў Беларусь — рэалізаваць дамоўленасці, якія былі дасягнуты на вышэйшым узроўні, умацаваць двухбаковы парадак супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі, каб ён прыносіў больш практычных дасягненняў.

255671-05.jpg

Напярэдадні перагавораў з Прэзідэнтам у Мінску прайшло пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэту па супрацоўніцтву з удзелам першага намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Мікалая Снапкова і віцэ-прэм’ера Дзяржсавета КНР Лю Гачжуна. Па выніках пасяджэння падпісаны пакет дакументаў. Сярод іх мемарандум аб узаемаразуменні па ўмацаванні інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі, пратакол камісіі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства навукі і тэхналогій КНР па вызначэнні флагманскіх праектаў на 2025-2026 гады. У пратаколе пасяджэння міжурадавага камітэта замацаваны намер аб’явіць 2026-2027 гады ў беларуска-кітайскім супрацоўніцтве тэматычнымі гадамі прамысловай кааперацыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю