Кіраўнік дзяржавы праверыў рэалізацыю праекта, які пачынаецца на Палессі і будзе распаўсюджаны па ўсёй краіне
Работа Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі працягваецца нават у выхадныя. У суботу кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс «Ляскавічы» ААТ «Агра-Ляскавічы» ў Петрыкаўскім раёне. У маі гэтага года Прэзідэнт ужо наведваў гаспадарку і тады яму дакладвалі аб планах па будаўніцтве новага малочнатаварнага комплексу. Тады кіраўнік дзяржавы даручыў паскорыцца з рэалізацыяй праекта. Гэта пытанне Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі, рэгулярна заслухоўвае даклады адказных асоб, уключаючы кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава.
Мы павінны дакладна разумець, колькі гэта каштуе
Падчас суботняй паездкі ў ААТ «Агра-Ляскавічы» Аляксандр Лукашэнка асабіста праінспектаваў будаўніцтва комплексу. Асаблівасць гэтай будоўлі ў тым, што будынкі ўзводзяцца з мясцовай драўніны. Першае, што спытаў Аляксандр Лукашэнка, — ці ёсць прэтэнзіі да будаўнікоў. Як далажыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, усё ідзе ў адпаведнасці з графікам. «Я шукаю самы танны праект, які будзе больш з уласных матэрыялаў», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы прычыну сваёй увагі. Ён заўважыў, што пасля бураломаў у лесе застаецца гніць шмат сыравіны, якую можна выкарыстоўваць, напрыклад, для будаўніцтва кароўнікаў. «Таму дадзена даручэнне пракантраляваць, колькі гэта будзе каштаваць — драўляная канструкцыя. І калі яе па тэхналогіі апрацаваць, колькі яна будзе стаяць», — сказаў Прэзідэнт. Па яго меркаванні, калі выканаць усе тэхналогіі, то такая канструкцыя з дрэва можа і 50 гадоў прастаяць. Юрый Назараў далажыў, што ўсе драўляныя канструкцыі апрацаваны на заводзе антысептыкамі і сродкамі вогнеаховы. Выкарыстаны клеены брус, які, хоць і крыху даражэйшы, чым звычайны, але больш надзейны ў эксплуатацыі. «Ты павінен мне палічыць усё, пачынаючы ад пілавання, лесанарыхтоўкі. Мы павінны дакладна разумець, колькі гэта каштуе», — яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт. Ён удакладніў: калі эксперымент сябе апраўдае, калі гэта будзе прымальны варыянт, ён будзе тыражавацца па ўсёй краіне. Таму праект не павінен быць занадта дарагім.

«Людзі павінны атрымліваць нармальны заробак, але кошт не павінен быць завоблачны. Для нас гэта важна. Гэта доследнае будаўніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Базу створым і паволі будзем падключаць землі».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сельскагаспадарчы холдынг у Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта працуе не толькі дзеля надояў і ўраджаяў. «Адсюль павінны ісці новыя і найноўшыя тэхналогіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца непасрэдна ААТ «Агра-Ляскавічы», кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта гаспадарка працуе на Жыткавіцкі і Петрыкаўскі раёны, і тут ствараецца база, якая будзе прымяняцца па ўсім Палессі.
Культура і адказнасць
ААТ «Агра-Ляскавічы» актыўна пераймае перадавы вопыт гаспадаркі «Парахонскае» Пінскага раёна, якая з’яўляецца своеасаблівым маяком як у будаўніцтве, так і ва ўтрыманні жывёл, у раслінаводстве. «Парахонскае» — гэта яшчэ і ўзор па выніку. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з «Парахонскага» трэба ўзяць прыклад і ў дысцыпліне, якая вышэй за ўсё. «Мы тэхналогіі асвоілі, мы ўсё ведаем. Мы можам значна дадаць, калі дысцыпліна будзе, як у яго (у Парахонскім. — Заўв. рэд.)», — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на культуру земляробства — пытанне актуальнае для ўсіх аграрыяў. «Поле павінна быць разарана ад канала да канала. Ад лесу да дарогі. Нідзе не павінна быць ніводнага кавалачка пустога. Гэта культура земляробства», — нагадаў ён вялікую ісціну. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і цяпер на Палессі можна ўбачыць незаараныя палі, якія ў свой час з цяжкасцю адваёўвалі ў прыроды шляхам меліярацыі. І падкрэсліў, што галоўнае для аграрыяў — культура земляробства і адказнасць за ўзаранасць. Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў з розумам падыходзіць да нарыхтоўкі кармоў, сеяць тыя травы, якія можна вырасціць на той ці іншай тэрыторыі.
Гэты вопыт мы будзем тыражаваць па краіне
Кіраўнік дзяржавы ўважліва агледзеў будоўлю, падрабязна распытаў аб тэхналогіях. «Прыгажосць! Я думаю, ты тут зробіш узор», — падзяліўся ўражаннямі ён.
Плануецца, што на новым малочнатаварным комплексе будзе значна павялічаны дойны статак і будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для эфектыўнага ўтрымання жывёл. Як расказаў дырэктар ААТ «Агра-Ляскавічы» Юрый Кастранкоў, тут будзе рэалізаваны поўны цыкл вытворчасці. Прэзідэнт пацікавіўся меркаваннем дырэктара ААТ «Парахонскае» Уладзіміра Храленкі, ці мае тэхналогія, па якой будуецца комплекс, права на жыццё. Спецыяліст адказаў сцвярджальна, патлумачыўшы, што карове патрэбныя кармы, паветра і вада. У новым комплексе ўсе тэхналогіі, каб забяспечыць карове камфортнае жыццё, выкананыя. Дарэчы, пасля будаўніцтва новага комплексу існуючыя кароўнікі будуць захаваны, адрамантаваны і пачнуць выкарыстоўвацца для патрэб гаспадаркі. На гэта звярнуў увагу і кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што не раіць зносіць старыя будынкі.
Для таго, каб паскорыць будаўніцтва, былі прыцягнуты спецыялісты з Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Прэзідэнт такі падыход ацаніў. І прапанаваў таксама прыцягваць на працу людзей, якія прыязджаюць з іншых краін. Будаўнікі не пярэчаць. Тым больш што ў ААТ «Агра-Ляскавічы» ўжо працуюць мігранты, і працуюць добра, кіраўніцтва імі задаволена. «Да іх трэба ставіцца як да сваіх людзей, і дзетак навучаць, і лячыць людзей трэба. Па-беларуску: кінь наперад — потым знойдзеш. Гэта ж нашы людзі», — адзначыў Прэзідэнт. І ён зрабіў акцэнт на тым, што пажадана, каб людзі прыязджалі сем’ямі — так будзе больш адказнасці сумленна і якасна працаваць у Беларусі. Пры гэтым беларускі лідар нагадаў аб адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў і мясцовых органаў улады за людзей, якія прыязджаюць з іншых краін.

Працэс узвядзення будынка з драўляных канструкцый больш працаёмкі, чым з жалезных. Многія элементы даводзіцца збіраць уручную. Але будаўнікі спраўляюцца. Працуюць і па выхадных, для кароткай размовы з Прэзідэнтам зрабілі невялікі перапынак. «Вы будуеце эксперыментальны кароўнік, паглядзім, што тут будзе. І будзем тыражаваць па ўсёй Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт. «Малайцы, рабяты, дзякуй», — пахваліў будаўнікоў кіраўнік дзяржавы.
- Андрэй Елісееў, намеснік дырэктара ААТ «Гомельскі аб’яднаны будаўнічы трэст», ён жа кіраўнік праекта, далажыў аб ходзе будаўніцтва, асаблівасцях работ. У будаўніцтве улічаны ўсе нюансы і недахопы малочнатаварных комплексаў, напрыклад пашыраны кармавы стол для жывёл, вышэйшыя столі, удасканалена прыборка гною. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ўсё павінна быць па тэхналогіі — увесь шлейф, пачынаючы ад кармоў да тэхнікі. «Працуйце. Увесну пабудзем, паглядзім тут. Але каб усё ўжо было (пабудавана і працавала)», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да дырэктара «Парахонскага» Уладзіміра Храленкі: «Пакуль тут працуй. Не сыходзь. Тое, што трэба, дапамагай, рай». Уладзімір Храленка заўважыў, што яны з калегамі з ААТ «Агра-Ляскавічы» супрацоўнічаць плённа, і вучні тут добрыя.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў перспектыве будаўніцтва падобных комплексаў трэба распаўсюдзіць уздоўж усёй Прыпяці. Але ў кожным выпадку неабходна ўлічваць мясцовыя асаблівасці, таму што важна не само будаўніцтва, а каб гэтыя комплексы былі задзейнічаны як след. «Для гэтага павінны быць задзейнічаны севазвароты. „Парахонскае“ трэба браць за ўзор», — сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на важнасці меліярацыі, што асабліва актуальна для Палесся. «Землі прыродзе аддаваць нельга. У нас меліяраваныя землі. Трэба іх даглядаць», — падкрэсліў беларускі лідар. Паводле яго слоў, абслугоўванне меліярацыйных сістэм, ды і ўся работа па меліярацыі — гэта дзяржаўная справа. Але і кіраўнікі гаспадарак не павінны забываць аб сваёй адказнасці. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што варта нармальна плаціць гаспадаркам, такім як «Парахонскае», якія бяруць на сябе работы па меліярацыі і абслугоўванні меліярацыйных сістэм. «Дзяржаўная справа — глеба, землі, меліярацыя. Дзяржава павінна заплаціць. Вы дапамагаеце ўводзіць у севазварот землі. І на гэтым капейку можаце зарабіць», — сказаў Прэзідэнт.
Старшыня райвыканкама кіруе раёнам цалкам
Усіх адказных кіраўнік дзяржавы строга папярэдзіў: неабходна прымаць усе меры, каб вырашыць праблему падзяжу жывёлы. «Гэта не справа, што ў ХХІ стагоддзі гіне жывёла», — заявіў Прэзідэнт. А сакрэт як заўсёды — у дысцыпліне і захаванні тэхналогій жывёлагадоўлі. Гэта датычыцца ў тым ліку і старшыняў райвыканкамаў, якія нясуць адказнасць за ўсё, што адбываецца ў іх раёне. «Старшыня райвыканкама кіруе раёнам цалкам. Арганізацыйна», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Зона адказнасці кіраўнікоў райвыканкамаў — сельскагаспадарчая тэхніка. Прэзідэнт успомніў свой тэзіс, агучаны напярэдадні, падчас наведвання Салігорскага раёна, аб тым, што дарагую тэхніку варта перадаваць у першую чаргу моцным гаспадаркам, але з абавязацельствам дапамагаць тым, хто не можа яе абслугоўваць. «Я тым самым хачу падштурхнуць слабыя гаспадаркі да таго, каб тыя трактары, якія мы дапаможам купіць, яны маглі абслужыць, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба звяртаць увагу, каму мы аддаём тэхніку». І нагадаў, што неабходна вызначыцца з тэрмінамі эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі.

Прэзідэнт пацікавіўся ў старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Верамеева, як ідуць справы ў раёне. У цэлым усё добра, але, як заўсёды, ёсць месца чалавечаму фактару. Паступова пытанне вырашаецца. Напрыклад, нядаўна ў Ляскавічах быў пабудаваны дом на 24 кватэры для спецыялістаў, якія працуюць у гаспадарцы. Гэта своеасаблівы стымул для моладзі заставацца ў гэтай мясцовасці, а не імкнуцца ў горад. Аляксандр Лукашэнка такі падыход пахваліў. Ён заўважыў, што, дапамагаючы з жыллём шматдзетным сем’ям, трэба будаваць жыллё ў сельскай мясцовасці, каб не сцягваць усіх у гарады.
У цэлым, кіраўнік дзяржавы не сумняваецца, што праблемныя пытанні будуць вырашаны. «Свет прыступіў да пераразмеркавання. Свет падзяліць хочуць. Таму нам няма куды дзявацца. Вяртацца і, як продкі, у лапцях хадзіць не хочацца. Трэба Палессе ў прытомнасць прыводзіць і вяртаць», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што для вяртання Палесся варта прытрымлівацца зацверджанай у студзені гэтага года праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025—2030 гады. Яна была распрацавана ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Беларусі. «Каб гэта не марна было», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Даслоўна
У размове з журналістамі старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Верамееў адзначыў, што ўзвядзенне мадэрнізаванага малочнатаварнага комплексу забяспечыць раёну павелічэнне вытворчасці малака, павысіць камфорт для працы супрацоўнікаў прадпрыемства і дапаможа выканаць пастаўленыя задачы па жывёлагадоўлі. «Гэта першы комплекс з драўляных канструкцый. І я думаю, што падобны досвед будзе запатрабаваны ад Гомеля да Брэста», — падкрэсліў Аляксандр Верамееў.
Дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір Храленка, кажучы пра новы комплекс, заўважыў, што на аб’екце ўлічылі ўсё, што цяпер трэба для эфектыўнага ўтрымання жывёлы. Ён падкрэсліў, што ўсе тэхналагічныя і інжынерныя рашэнні, якія выкарыстаны на этапах праектавання і будаўніцтва, будуць акутальныя бліжэйшыя дзясяткі гадоў. Па сутнасці, гэта малочнатаварны комплекс новага пакалення, дзе сабраныя найлепшыя падыходы. У тым ліку тут улічылі моманты, якія выкарыстоўваліся і пры будаўніцтве такіх аб’ектаў у «Парахонскім».
«Галоўнае — чалавека не трэба перавучваць. Ён слухае і робіць. Гэта вялікая справа. Перавучыць чалавека складана, навучыць проста, — упэўнены Уладзімір Храленка. — Інфармацыю, атрыманую за ўсе гады, не захоўваю ў сябе, дзялюся. І гэта дае свае вынікі. Як я кажу, у мяне няма канкурэнта, бо я па-за канкурэнцыяй. А вось ім гэта трэба». Кіраўнік «Парахонскага» расказаў, што ў ААТ «Агра-Ляскавічы» прымаюць карысныя парады, паколькі зацікаўлены ў эфектыўнай рабоце.
У «Агра-Ляскавічах» клапоцяцца аб сваіх працаўніках, у тым ліку і тых, хто прыязджае з-за мяжы. Вепа Дурдыеў працуе ўжо тры месяцы памочнікам цялятніцы. Мужчына прыехаў з Туркменістана. «Праца тут добрая. Начальства, калегі добра ставяцца. Кватэру далі, усім забяспечаны. Планую затрымацца тут надоўга, бо ўсё падабаецца», — падзяліўся ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Ляскавічы