Галоўнай урачыстасцю Дня Перамогі стаў Ваенны парад у Мінску

09.05.2025 | 20:31
Гонар за здзяйсненні мінулага і дасягненні сучаснасці

За маштабным дзействам, якое ўвечары 9 Мая разгарнулася на сталічным праспекце Машэрава, назірала ці не ўся краіна. Адны — па тэлебачанні, другія сачылі за галоўнай урачыстасцю Дня Перамогі непасрэдна ў эпіцэнтры падзеі. Мяркуючы па запоўненых трыбунах і вялікай колькасці людзей уздоўж праспекта, позні парад і зусім не майскае надвор’е не перашкодзілі беларусам (ад малога да вялікага), а таксама шматлікім гасцям нашай краіны далучыцца да грандыёзнага і маштабнага мерапрыемства, якое прадэманстравала магутнасць беларускай арміі, пераемнасць пакаленняў, адзінства народа, які годна працягвае традыцыі сваіх пераможцаў. 

Ва ўрачыстым маршы было задзейнічана больш за 4 тысячы ваеннаслужачых, у складзе механізаванай калоны — каля 250 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. У небе над сталіцай праляцелі 39 адзінак сучасных баявых самалётаў і верталётаў ваеннай авіяцыі Беларусі і Расіі. У складзе парадных разлікаў традыцыйна прынялі ўдзел ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і Народна-вызваленчай арміі Кітая, а таксама сцягавыя групы Узброеных Сіл Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана — нашчадкі салдат-пераможцаў братэрскіх народаў Савецкага Саюза, дзякуючы адзінству, стойкасці і гераізму якіх была здабыта Вялікая Перамога. Цяпер, калі міжнародная супольнасць перажывае складаны крызісны час, а на нашу Вялікую Перамогу прэтэндуюць на Захадзе і за акіянам, гістарычная памяць і адзінства набываюць асаблівую каштоўнасць.

Адкрыў парад пралёт ваеннай авіяцыі. Баявыя верталёты і самалёты Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Паветрана-касмічных сіл Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў складзе васьмі груп упрыгожылі неба над беларускай сталіцай. Паветраны парад прадэманстраваў высокі прафесіяналізм авіятараў. Адкрыла яго група верталётаў Мі-8МТВ-5, якія неслі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, сцяг 80 гадоў Перамогі і сцяг Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. У небе над Мінскам гледачы парада таксама назіралі верталёты Мі-8, транспартна-баявыя верталёты Мі-35М, ваенна-транспартны самалёт Ан-26, рэактыўныя вучэбна-баявыя самалёты новага пакалення Як-130, самалёты-штурмавікі Су-25, самалёты новага пакалення Су-30СМ пілатажнай групы «Рускія віцязі» Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі. Завяршыла паветраны парад група ў складзе ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 у суправаджэнні вучэбна-трэніровачных самалётаў Л-39 — пры дапамозе спецыяльнага дыму авіятары ўпрыгожылі неба над сталіцай Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь

Эксклюзіў парада — гістарычная частка. Яе адкрыў кавалерыст, які нагадаў гледачам пра легендарны парад Перамогі 1945-га ў Маскве. Перад трыбунамі пранеслі Сцяг Перамогі, Баявыя Сцягі злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне і вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, штандарты франтоў, якія вызвалялі нашу краіну.

У складзе гістарычнай часткі параду — разлік ваеннаслужачых у экіпіроўцы афіцэраў часоў Вялікай Айчыннай вайны з вінтоўкамі Мосіна, зводны разлік у франтавой форме адзення з пісталетамі-кулямётамі Шпагіна, разлік факультэта ўнутраных войск у экіпіроўцы ўзору 1941 года. Працягнулі парадны марш нашчадкі легендарных партызан, якія ўнеслі значны ўклад у Вялікую Перамогу. 

Асаблівыя эмоцыі ў гледачоў парада выклікаў зводны парадны разлік, у склад якога ўвайшлі сапёры з сабакамі, санінструктары і дзяўчаты-рэгуліроўшчыцы. Як і падчас парада Перамогі на Краснай плошчы чаканілі крок сапёры са сваімі вернымі гадаванцамі, так і па мінскім праспекце ішлі сучасныя воіны-сапёры, якія дагэтуль выцягваюць са шматпакутнай беларускай зямлі выбухованебяспечныя прадметы. Жанчыны, якія ў гады вайны ўзялі на сябе не толькі ролю санінструктараў і рэгуліроўшчыц, таксама ўнеслі неацэнны ўклад у пераможны май. За подзвігі, здзейсненыя ў гады Вялікай Айчыннай, звыш 90 беларусак былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Завяршыла гістарычную частку парада лёгкая тачанка з кулямётам, якая выехала на праспект у суправаджэнні кавалерыстаў, — у гады Вялікай Айчыннай вайны кулямётныя і шаблевыя эскадроны Чырвонай Арміі ўваходзілі ў склад кавалерыйскіх злучэнняў і воінскіх часцей.

У пешых разліках, упэўнена чаканячы крок, перад трыбунамі прайшлі курсанты, гвардзейцы, дэсантнікі, прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — усяго 30 парадных разлікаў. Упершыню на парадзе — разлік асобнага стралковага батальёна тэрытарыяльных войск. Маршыравалі і нашы жанчыны, якія выбралі для сябе шлях служэння Радзіме. 

Магутнасць пешых разлікаў дапоўнілі 25 парадных разлікаў механізаванай калоны. Першымі выехаць на праспект было прадастаўлена права легендарным танкам Т-34, матацыклам М-72, аўтамабілям ГАЗ-67, «Кацюшам», аўтамабілям з пражэктарамі і зенітнымі ўстаноўкамі. Пасля праходжання рэтра-калоны праспект напоўніўся гучным гулам баявых машын — перад гледачамі пайшлі сучасная тэхніка і ўзбраенне беларускай арміі. Бронемашыны, артылерыйскія ўстаноўкі, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, зенітныя ракетныя комплексы — беларусы, а таксама госці нашай краіны і не толькі маглі пераканацца, што наша армія валодае ўсім неабходным, каб абараніць сябе і, калі спатрэбіцца, нанесці праціўніку непрымальную шкоду. Акрамя таго, на парадным маршы былі прадстаўлены навінкі расійскага ваенпрама.

Па традыцыі завяршылася ваенная частка парада пляц-канцэртам зводнай роты ганаровай варты. Праграма выступлення роты ганаровай варты была напоўнена абсалютна новымі элементамі, якія адлюстроўваюць пераемнасць пакаленняў абаронцаў Айчыны. 

Мноства выдатных музычных твораў, напоўненых стваральнай энергіяй і любоўю да Радзімы, надалі параду асаблівую атмасферу ўрачыстасці і духоўнага ўздыму. Упершыню ў парадзе войск Мінскага гарнізона гучалі гістарычныя маршы савецкіх кампазітараў. Прычым чатыры з іх выконваліся на легендарным Парадзе Перамогі 24 чэрвеня 1945-га. Гэтыя творы, звязваючы музычным рытмам мінулае і сучаснасць, напоўнілі сэрцы прысутных гонарам за здзяйсненні мінулага і дасягненні сучаснасці.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю