Top.Mail.Ru

Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Інданезію

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Рэспубліку Інданезія. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


Кіраўніка беларускай дзяржавы сустрэлі з нацыянальным каларытам. Інданезійская музыка, танцы, рота ганаровай варты, матацыклетны эскорт — усё на вышэйшым узроўні.

З незвычайнага — пралёт ваенных самалётаў у гонар прыбыцця Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя ж знішчальнікі ВПС Інданезіі суправаджалі самалёт Прэзідэнта на падлёце да Джакарты.

Праграмай візіту запланаваны перагаворы з Прэзідэнтам Інданезіі Прабова Субіянта ў вузкім і пашыраным складах. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на перспектывах развіцця адносін у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, па лініі гуманітарнага супрацоўніцтва.

Чакаецца, што па выніках перагавораў будзе падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Галоўны з іх — дарожная карта развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Інданезіяй на 2026-2030 гады.

Напярэдадні візіту кіраўніка дзяржавы ў Джакарту прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, розных прадпрыемстваў краіны. Па выніках бізнес-форуму падпісаны двухбаковыя дакументы на больш як $60 млн, партнёрамі з абодвух бакоў вядзецца прапрацоўка перспектыўных праектаў. Ключавыя напрамкі супрацоўніцтва — прамысловасць і тэхналогіі, сектар АПК, пастаўкі харчавання.

Інданезія — буйнейшая эканоміка Паўднёва-Усходняй Азіі, а яе насельніцтва — адначасова велізарная рабочая сіла і гіганцкі ўнутраны рынак. Краіна таксама з’яўляецца адным з лідараў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Па выніках 2025 года двухбаковы гандаль таварамі склаўся ў памеры больш як $472 млн. Аб’ём гандлю паслугамі дасягнуў $165 млн. У бягучым годзе адзначаецца істотная дынаміка да росту адпаведных паказчыкаў.

Чакаецца, што развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва будзе таксама садзейнічаць падпісанае ў канцы 2025 года пагадненне паміж Інданезіяй і дзяржавамі ЕАЭС аб зоне свабоднага гандлю.

Аляксандр Лукашэнка ўжо наведваў Інданезію: у 2013 годзе адбыўся дзяржаўны візіт кіраўніка дзяржавы ў гэту краіну. «Паглыбленне адносін з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі — адзін з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі. Пры гэтым Інданезія з’яўляецца адной з ключавых краін для пашырэння нашых інтарэсаў у гэтым шырокім рэгіёне», — заявіў тады Прэзідэнт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю