Top.Mail.Ru

Лукашэнка прыехаў на поле ў Мінскім раёне — падзякаваць перадавікам жніва за высокія паказчыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінскім раёне сустрэўся з перадавікамі жніва, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў падчас уборачнай кампаніі, перадае БелТА.



У ліку перадавікоў — Павел Шуціла, які працуе ў ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна. У пачатку жніўня ён першым у Беларусі намалаціў 4 тыс. т збожжа, а да цяперашняга часу пераадолеў адзнаку ў 5 тыс. т. Высокі паказчык быў дасягнуты на айчынным камбайне вытворчасці «Гомсельмаша». 

 

Камбайнер з Клецкага раёна рэгулярна дабіваецца высокіх вынікаў ва ўборцы ўраджаю на тэхніцы беларускай вытворчасці. У 2024 годзе Павел Шуціла намалаціў 3,2 тыс. т збожжа, а ў 2025-м і зусім пераадолеў адзнаку ў 8,4 тыс. т, стаўшы адным з галоўных герояў жніва. 


 

Раней кіраўнік дзяржавы ўжо адзначаў поспехі камбайнера. На другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка назваў Паўла Шуцілу героем. «Тут хлопец-герой — сядзіць. Восем з лішнім тысяч тон намалаціў!» — сказаў тады Прэзідэнт. Заслугам механізатара, які быў у ліку ўдзельнікаў УНС, апладзіравала ўся зала.


 

Высокіх паказчыкаў дасягнуў і Віталь Кішко, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы — на адвозцы ўраджаю. За цяперашнюю ўборачную кампанію ён ужо перавёз больш за 6,1 тыс. т збожжавых, зернебабовых і рапсу, пабіўшы свае ранейшыя рэкорды. Летась Віталь Кішко перавёз больш за 4,6 тыс. т ураджаю, у 2024-м — больш за 4,2 тыс. т.


 

Яшчэ адзін работнік ААТ «Кухчыцы» Андрэй Аляксейчык летась перавёз 7,7 тыс. т збожжа. Сёлета ён удзельнічае ў жніве як адказны спецыяліст за арганізацыю ўборачнай.

Прэзідэнт Беларусі 13 жніўня ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскі раён уручыў перадавікам жніва новыя аўтамабілі «БелДжы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю