Top.Mail.Ru

Прэзідэнт наведаў трэніроўку хакеістаў «Дынама-Мінск»

«Вы сапраўды заслужылі імя народнай каманды»


Аляксандр Лукашэнка прыехаў у «Мінск-Арэну», каб падтрымаць каманду перад стартам у другім раундзе плей-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Прычым кіраўнік дзяржавы выйшаў на лёд да ігракоў, пераапрануўшыся ў хакейную форму, і сам прыняў пасля ўдзел у трэніроўцы. 

За першым паядынкам «Дынама-Мінск» і маскоўскага «Дынама» ў плей-оф Кантынентальнай хакейнай лігі сёлетняга сезона, які праходзіў 24 сакавіка ў «Мінск-Арэне», Аляксандр Лукашэнка назіраў з трыбуны. Пасля матча кіраўнік дзяржавы адразу ж адправіўся з афіцыйным візітам у КНДР. За другім паядынкам каманд кіраўнік дзяржавы сачыў у рэжыме рэальнага часу будучы пасажырам борта № 1, які вяртаўся з Пхеньяна ў Мінск. Дзякуючы спадарожнікавай сувязі, нават на вышыні 11 тысяч кіламетраў удалечыні ад Беларусі ведалі аб тым, як праходзіць матч «Дынама-Мінск» і маскоўскага «Дынама». 

Нагадаем, у серыі гульняў з маскоўскімі аднаклубнікамі мінскія «зубры» паказалі выдатны вынік, выйграўшы ў чатырох матчах запар і забяспечыўшы сабе выхад у наступны раунд плей-оф.


«Вас любяць не толькі ў Мінску, а і па ўсёй Беларусі»

«Хлопцы, дзякуй вам за першы раунд, — звяртаючыся да хакеістаў „Дынама-Мінск“, сказаў беларускі лідар. — Гэта толькі пачатак. Я вельмі спадзяюся... Я перадаваў ужо тут праз начальнікаў: калі вам нешта трэба, каб падрыхтавацца да другога этапу, вы скажыце. Медыцына, масажысты добрыя... Увогуле, калі нешта трэба — гаварыце».

Прэзідэнт падзяліўся, што яго крыху турбуе вялікі перыяд паміж гульнямі. Важна, каб ігракі не страцілі спартыўны тонус. «Таму я сказаў хакеістам нашым галоўным: калі вам трэба арганізаваць пэўны спарынг — выбраць лепшых у Беларусі і дзесьці праз дзень-два згуляць, — пастараемся, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што трэба, мы гатовы для вас зрабіць. Гэта не дабрачыннасць. Бо вы сапраўды заслужылі імя народнай каманды. Вас любяць не толькі ў Мінску, а і па ўсёй Беларусі. Гэта вялікая справа».


У 1/4 фіналу «Дынама-Мінск» згуляе з казанскім «Ак Барсам». Серыя да чатырох перамог стартуе на «Мінск-Арэне» 9 красавіка, другі матч адбудзецца там жа 11 красавіка. Далей сапернікі пераедуць у Казань, дзе згуляюць 13 і 15 красавіка. Пры неабходнасці матчы з пятага па сёмы пройдуць 17, 19 і 21 красавіка. Раней «Дынама-Мінск» і «АК Барс» у плей-оф не сустракаліся.

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» ужо другі сезон запар выходзіць у 1/4 фіналу плей-оф КХЛ. Пакуль гэты этап з’яўляецца найвышэйшым дасягненнем мінскай каманды. У папярэднім сезоне за выхад у паўфінал «зубры» змагаліся з чалябінскім «Трактарам», аднак прайгралі. Цікава, што сёлета супраціўленне ігракоў «Трактара» за выхад у чвэрцьфінал зламаў акурат «Ак Барс».

Яшчэ адзін красамоўны факт: цяперашні галоўны трэнер «Дынама-Мінск» і нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрый Квартальнаў у 2019—2022 гадах, да прыходу ў «Дынама-Мінск», быў галоўным трэнерам «АК Барса».


«Трэба прагматычна гуляць»

Што датычыцца гульні ў матчах першага раунда плей-оф, у ходзе якога хакеісты «Дынама-Мінск» адолелі аднаклубнікаў з Масквы, Прэзідэнт сказаў: «Усё было прыгожа і добра».

Але на будучыню Аляксандр Лукашэнка даў такую параду: «Трэба прагматычна гуляць. Бо я ведаю, што гэта (прагматычны падыход. — „Зв.“) — не ваша гульня. Вы — людзі атакуючыя: наперад, наперад, наперад, а потым праваліліся... Ну, гэта плей-оф. Дзесьці трэба адкінуцца, дзесьці трэба адскочыць, у абароне пагуляць і гэтак далей. Не прайграваць укідванне. Каб не 75 % было, а 100 %. Бо кожны элемент важны».

Па словах Прэзідэнта, у краіне шмат балельшчыкаў каманды. «Што скажаце, усё будзем рабіць, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — І не толькі падчас вашай гульні, але і пасля яе. Застанецеся ў Мінску — падумаем, чым вам дапамагчы. Поле травы я вам падрыхтаваў касіць. Таму што гэта ж рухі тыя ж самыя. Дровы калоць будзем. Я гатовы з вамі рыхтавацца ў міжсезонцы і выканаць той аб’ём работ, які вы будзеце выконваць. З маленькай папраўкай. Дзякуй вам, хлопцы». 


«Згуляйце годна, каб народ не расчараваўся ў вас»

Гаворачы аб папярэдніх гульнях «Дынама-Мінск» у КХЛ, Прэзідэнт ацаніў гульню варатара Зака Фукале. «Зак малайчына, вельмі нядрэнна гуляў, — заўважыў беларускі лідар. — Вядома, час ужо яму ў далёкі правы кут не прапускаць. Але добра, што не прапускае, як звычайна гэта было, знізу».

Добрую ацэнку ад кіраўніка дзяржавы атрымалі і іншыя ігракі. «Малайцы, абаронцы вельмі добра (спрацавалі. — „Зв.“), нападаючыя, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — А тое, што Віталь такі пас аддаў нашаму акбарсаўцу» (гаворка аб перадачы Віталя Пінчука ў вырашальнай гульні з «Дынама-Масква» ў адрас Станіслава Галіева, які раней выступаў за «Ак Барс». — «Зв.»), — гэта ўвогуле цуд. Малайцы. Такі кідок вельмі правільны».

Капітан каманды Андрэй Стась ад усіх ігракоў выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за падтрымку і запрасіў на першы матч з «Ак Барсам» у Мінску. «Трэба, каб вы прыйшлі. Абавязкова», — сказаў капітан каманды. 

«Ды я гатовы тут начаваць, абы выйгралі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Згуляйце так, як вы дзве апошнія гульні гулялі. Згуляйце годна, каб народ не расчараваўся ў вас».

Беларускі лідар цёпла паразмаўляў з ігракамі і трэнерскім складам і сам прыняў удзел у трэніроўцы, зрабіўшы некалькі кідкоў па варотах.

Традыцыйна не абышлося і без падарункаў. Аляксандр Лукашэнка перадаў хакеістам хлеб, сала, прысмакі, мёд, а трэнерам яшчэ і моцныя напоі.

«Хлеб начной выпечкі з Віцебска», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.


Перадаючы ігракам сала, ён звярнуўся да амерыканскага нападаючага ў складзе каманды Сэма Энаса. «Запомні, для хакеіста галоўнае — не курыць, не наркотыкі, — сказаў беларускі лідар. — Вось наркотык ваш — самы лепшы. Наразай, і пасля трэніроўкі пачастуеш хлопцаў».

У сваю чаргу мёд, як расказаў Прэзідэнт, з яго малой радзімы. «Гэта вам мёд у любы час. Можна на ноч», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў хакеістам за добрую гульню ў папярэднія матчы. «Гэта ўсё для вас, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе пачастункі. — Прыйду на гульню. Пагляджу, як вы будзеце гуляць. Дзякуй, хлопцы, беражыце каманду, каб не развалілася».

У завяршэнне на памяць зрабілі агульнае фота. «Заўтра на першую старонку ў асноўную газету. І кожнаму газету раздаць», — даручыў беларускі лідар.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта. 


У тэму

«Прэзідэнт як галоўны пасажыр пастараўся стварыць спрыяльную абстаноўку для дэлегацыі»

Пасажырам борта № 1, які ляцеў з Пхеньяна ў Мінск, паведамлялі аб матчы мінскага «Дынама»

Магчымасць у прамым эфіры падчас палёту адсочваць ход хакейнага матча дазволіла спадарожнікавая сувязь. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 5» расказаў камандзір авіяцыйнага атрада авіякампаніі «Белавія» Алег САЛТОЎСКІ.

«Звычайная спадарожнікавая сувязь. Сродкі спадарожнікавай сувязі ў нас ёсць на самалёце, на далёкіх рэйсах. Гэта і тэлефон, і пэйджар спадарожнікавы», — патлумачыў ён тэхнічныя асаблівасці сувязі ў небе.

Інфармацыю пілот борта № 1 атрымліваў ад наземных штурманаў. «Прэзідэнт як галоўны пасажыр пастараўся стварыць спрыяльную абстаноўку для дэлегацыі, каб зрабіць нешта прыемнае людзям, — адзначыў камандзір авіяцыйнага атрада. — Гэта ляжала ў аснове пастаўленай задачы. Мы перыядычна тэлефанавалі, удакладнялі лік і трымалі ў курсе. Як толькі пераляцелі паўночны Урал, пачалі рэпартаж прама на самалёце на вышыні 11 тысяч метраў. Зрываў не было. Быў невялікі збой, калі падляцелі да Цверы, звязаны, відаць, са спецыфікай сігналаў. Усё нармальна. Усё было ў штатным рэжыме, выключаючы канцоўку».

Пілот борта № 1 пракаменціраваў сітуацыю з заўчаснай аб’явай вынікаў матча. «Каментатар жа, як лётчык, павінен казаць праўду, — удакладніў Алег Салтоўскі. — Вінаваты толькі я. Калі мне паведамілі, што лік 3:1, забіты гол у пустыя вароты, заставалася 15-20 секунд. Тады я зразумеў, што ўсё — выйгралі матч. І кажу: усё 3:1 — забіты гол. І потым на нейкі час знікла сувязь. Хвілін праз пяць яна аднавілася, аб’явілі лік 4:1. Вырашыў удакладніць, ці сапраўды ў пустыя вароты быў забіты фінальны гол. І мне сказалі, што Ягор Борыкаў забіў рабочы гол. І гэта выклікала яшчэ большае захапленне».

Прысутныя на борце адзначалі, што ніколі не забудуцца легендарную ўвагу да хакея. Алега Салтоўскага ўжо па-добраму назвалі другім Левітанам. Сам жа пілот удакладніў, што такі досвед — паведамляць лік матчу падчас палёту — быў у яго ўпершыню.

Алег Салтоўскі прызнаўся, што да хакея не абыякавы з дзяцінства і цяпер сочыць за мінскім «Дынама». «Калі быў маленькі доўгі час жыў з бабуляй і дзядулем, яны ў мяне франтавікі, — расказаў ён. — Мне было два гадкі, і я ведаў прозвішчы ўсіх гульцоў. Памятаю, тэлевізар „Рэкорд“ на пластыкавых ножках — глядзелі хакей. І хлапчуком гуляў у хакей на рэчцы, у двары. Натуральна, цяпер сачу за мінскім „Дынама“, ведаю ўсе саставы. Імкнуся па магчымасці глядзець усе матчы. Бачу вельмі моцны прагрэс — вельмі выдатна, што хлопцы растуць».

Даслоўна

Дзмітрый КВАРТАЛЬНАЎ: «Хакеісты „Дынама-Мінск“ заслужылі ўвагу Прэзідэнта сваёй працай»


Як адзначыў пасля трэніроўкі з Аляксандрам Лукашэнкам у размове з журналістамі галоўны трэнер каманды «Дынама-Мінск» Дзмітрый КВАРТАЛЬНАЎ, не да кожнай каманды можа прыехаць кіраўнік дзяржавы. «Я думаю, што хлопцы адчулі гэты клопат, — удакладніў ён. — Мы ўсе адчулі гэты клопат. Такі заняты чалавек, як Прэзідэнт, звярнуў на нас увагу — гэта вялікі плюс. Хлопцы заслужылі гэта сваёй працай».

Журналісты пацікавіліся тым, як выбудаваны трэніровачны працэс «Дынама-Мінск» перад другім раундам плей-оф. Па словах галоўнага трэнера, цяпер у каманды ёсць час аднавіцца, загаіць дробныя траўмы і крыху адпачыць ад хакея.

«Гульнявая практыка, вядома, патрэбна, і вялікі перапынак не заўсёды ёсць добра, — адзначыў галоўны трэнер каманды. — Але, з іншага боку, гэты час на тое, каб залячыць траўмы, аднавіцца. На перспектыву гэта таксама нядрэнна».

Дзмітрый Квартальнаў падзяліўся, што сёння ў каманды — знамянальны дзень: адбылася сустрэча і трэніроўка з Прэзідэнтам. «А заўтра ўжо пачынаем падрыхтоўку, — дадаў ён. — Я думаю, што нічога новага мы дакладна выдумляць не будзем. Мы ўжо ведаем сапернікаў і некаторыя моманты будзем падладжваць менавіта пад «Ак Барс».

Пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Квартальнава «Дынама-Мінск» паказвае лепшы вынік у гісторыі выступлення ў Кантынентальнай хакейнай лізе. У мінулым сезоне «зубры» ўпершыню выйшлі ў другі раунд плей-оф. У гэтым сезоне завяршылі серыю першага раунда з лікам 4:0.

Сам жа трэнер да гістарычных вынікаў ставіцца стрымана. «Хлопцы выходзяць, выконваюць сваю работу — яны вялікія малайцы, — падкрэсліў Дзмітрый Квартальнаў. — Тое, што каманда ідзе паступальна наверх, — гэта вынік вялікай работы. І гэта, вядома, прыемна. Але не хацелася б спыняцца. Хочацца ісці яшчэ далей. Таму нас чакае шмат работы».

Андрэй СТАСЬ: «Будзем імкнуцца апраўдаць давер Прэзідэнта»

Капітан каманды Андрэй СТАСЬ падзяліўся, што ў каманды перад другім раундам плей-оф выдатны настрой, падрыхтоўка ідзе ў рабочым рэжыме. «Рады, што Аляксандр Рыгоравіч нас наведаў, падтрымаў, — дадаў ён. — Гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Усе ў краіне ведаюць, наколькі пільна Прэзідэнт сочыць за хакеем. Таму мы разумеем вялізную адказнасць, якая ляжыць на нас. Безумоўна, вельмі прыемна прамежкавую ацэнку атрымаць ад кіраўніка дзяржавы. Таму толькі з пазітыўнымі эмоцыямі і думкамі ідзём далей».

У капітана каманды спыталі, як хакеісты адносяцца да «допінгу» ў выглядзе сала, хлеба, мёду і іншых прысмакаў, якія Прэзідэнт традыцыйна ім уручае. «Гэта самы лепшы „допінг“ для нас», — падзяліўся Андрэй Стась. 

Карыстаючыся выпадкам, хакеіст выказаў удзячнасць беларускім балельшчыкам, якія падтрымліваюць іх на «Мінск-Арэне». «Асобны дзякуй тым, хто ездзіць на выязныя матчы, — удакладніў ён. — Гэта вельмі прыемна. Атмасфера вельмі вар’яцкая: ты гуляеш, і такое адчуванне, што больш як паўарэны балее за цябе».

Капітан падзяліўся, што для легіянераў каманды асаблівай падзеяй стала тое, што Прэзідэнт прысутнічаў на трыбуне, калі яны гулялі з маскоўскім «Дынама». «Гэта акрыляе, — удакладніў Андрэй Стась. — Будзем імкнуцца апраўдаць яго давер». 


Зак ФУКАЛЕ: «У Беларусі хакей — гэта частка ДНК» 

Як падзяліўся варатар Зак ФУКАЛЕ, чым далей каманда ідзе ў плей-оф, тым складаней. «Наш наступны сапернік — фантастычная каманда, — адзначыў ён. — Трэба аддаць належнае маскоўскаму „Дынама“, якое змагалася да канца, два авертаймы. Кожная гульня становіцца складаней і складаней. Плей-оф працягваецца. Кожны хоча перамагчы, таму гэта будзе сапраўдная бітва».

Па словах хакеіста, прыемна атрымліваць такую падтрымку ад нашых балельшчыкаў, удвая прыемна — ад кіраўніка дзяржавы. «Гэта паказвае, што ў Беларусі хакей — гэта частка ДНК, — лічыць Зак Фукале. — І нам пашанцавала мець такіх балельшчыкаў і столькі людзей, якія падтрымліваюць нашу каманду. Калі я правільна запомніў, то на нашу гульню шмат гадоў таму прыязджаў прэм’ер-міністр Канады, гэта быў маладзёжны чэмпіянат свету. А з Прэзідэнтам іншай краіны я сустрэўся на лёдзе першы раз».

Віталь ПІНЧУК: «Калі Прэзідэнт нас падтрымлівае, то ўся краіна за нас»

Нападаючы Віталь ПІНЧУК падзяліўся, што настрой перад другім этапам плей-оф пазітыўны. «Рыхтуемся, — канстатаваў ён. — Крута, што так упэўнена прайшлі першы раунд. Спадзяёмся, што з другім таксама будзе ўсё добра». 

Па словах хакеіста, гэтыя дні пасля матчаў у Маскве каманда аднаўлялася і ўжо прыступае да падрыхтоўкі. Ён удакладніў, важнае значэнне мае тое, што наступны паядынак адбудзецца дома, на мінскай арэне. «Нашы балельшчыкі — гэта наш шосты ігрок, — удакладніў ён. — Людзі гоняць нас наперад. Таму дамашнія гульні ў нас атрымліваюцца крыху лепш, чым гасцявыя. Гэта па сезоне было бачна. Спадзяюся, што так будзе і ў плей-оф».

Віталь Пінчук падзяліўся, што за яго вельмі перажываюць дома. «Мама лепш любіць глядзець матчы па тэлевізары, бо вельмі перажывае, калі глядзіць яго на трыбуне, — сказаў ён. — У гульні, калі па твары трапляла, то хутчэй уставаў, каб яна не перажывала».

Віталь Пінчук дадаў, што вельмі дапамагае падтрымка кіраўніка дзяржавы. «Усе былі здзіўлены, асабліва легіянеры, якія ўпершыню ў камандзе, што на арэну прыехаў Прэзідэнт і сказаў вельмі шмат прыемных слоў, — адзначыў хакеіст. — Вядома, гэта пазітывам зараджае каманду. Калі кіраўнік дзяржавы гаворыць, што прыйдзе на гульні, мы разумеем, што адказнасць павышаная. Ёсць разуменне: калі Прэзідэнт нас падтрымлівае, то ўся краіна за нас. Спадзяюся, што не падвядзём народ і будзем выступаць вельмі добра». 


Сэм ЭНАС: «Мару згуляць у хакей з беларускім лідарам» 

Нападаючы Сэм ЭНАС падзяліўся, што настрой перад наступнай гульнёй у яго выдатны. «Летась мы выйгралі першы раунд і былі вельмі рады, — успомніў ён. — Сёлета мы менавіта там, дзе павінны быць. Гэта не цуд, гэта не гісторыя пра папялушку. Мы шмат зрабілі для гэтага».

Па словах хакеіста, каманда сканцэнтраваная на падрыхтоўцы да наступнага перыяду. «Прэзідэнт сёння параіў больш засяродзіцца на закідванні галоў, — расказаў Сэм Энас. — Было вельмі прыемна пачуць яго. Я пастараюся выкарыстоўваць гэту параду падчас матчаў і буду рабіць усё, што ў маіх сілах, каб дапамагчы камандзе».

Легіянер прызнаўся, што марыць згуляць у хакей з беларускім лідарам. «Калі ён у мінулы раз да нас прыязджаў, было выдатна правесці з ім трэніроўку, — удакладніў Сэм Энас. — Было б шыкоўна згуляць з ім у адной камандзе і ў адным звяне».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю