Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад па пытаннях бягучай дзейнасці Нацыянальнага банка ў кантэксце задач эканамічнага развіцця краіны

Мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці адбылося па выніках нядаўняй справаздачы ўрада і даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб узмацненні ўзаемадзеяння Нацбанка і Савета Міністраў пры правядзенні сумеснай эканамічнай палітыкі. Сярод пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, — знешнеэканамічная дзейнасць і інвестыцыі ў Беларусь, вытворчасць мінеральных і арганічных угнаенняў, цэнтры апрацоўкі даных і пазыковыя абавязацельствы. 



У мерапрыемстве, акрамя старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі, прынялі ўдзел Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў і першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў.  

Супрацоўнічаць з тымі, хто зацікаўлены  

10 сакавіка 2026 года споўніўся роўна год з моманту прызначэння Рамана Галоўчанкі, які дагэтуль узначальваў урад, старшынёй Праўлення Нацбанка. 

«Калі па-простаму гаварыць, пры змене Прэм’ер-міністра і асобных членаў урада хацелася б не страціць тыя пытанні, якія важныя для развіцця нашай краіны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тэма для нашай размовы навеяна маёй размовай з Раманам Аляксандравічам (Галоўчанкам, старшынёй Праўлення Нацбанка. — „Зв.“), які нагадаў, што ёсць вельмі важныя пытанні, якія трэба трымаць у полі зроку, што, у сваю чаргу, калісьці былі даручаны для кантролю Раману Аляксандравічу».  


Найперш Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць пытанні, звязаныя са знешнепалітычнай дзейнасцю Беларусі. Гэтыя пытанні, па яго словах, неабходна вырашыць у бліжэйшы час. 
«Перш за ўсё гэта Блізкі Усход, увогуле Усход, Афрыка, Азія, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Тыя краіны, куды мы павінны ісці, рэалізуючы нашу прадукцыю і ствараючы сумесныя прадпрыемствы. І тыя краіны, якія гатовы інвесціраваць у Беларусь». 

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Аман. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя краіны бачаць у Беларусі свае інтарэсы і валодаюць пэўнай колькасцю рэсурсаў для таго, каб іх рэалізаваць.  

«Трэба паэксперыментаваць» 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра дамоўленасць рэалізаваць, найперш у Амане, вытворчасць мінеральных угнаенняў. «Гэта для нас вельмі важна, асабліва сульфат калію, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мае нядаўнія візіты ў Алжыр і іншыя краіны сведчаць аб тым, што ў нас там ёсць салідныя інтарэсы. Асабліва ў Алжыры. Гэта датычыцца вытворчасці змешаных угнаенняў. Мы гатовы ў гэтым кірунку працаваць».  

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць выкарыстання для паляпшэння ўрадлівасці зямель не толькі мінеральных угнаенняў, а і арганічных, у тым ліку торфу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што калі пры апрацоўцы палеткаў змяшаць мінеральныя ўгнаенні з арганічнымі, будзе зусім іншая ўрадлівасць глеб, што прынясе эканамічны эфект. Асабліва, па яго словах, гэта актуальна для пясчаных грунтоў.  

«Раман Аляксандравіч гаворыць, што торф у нас кітайцы купляюць і робяць (з торфу. — „Зв.“) гэтыя кубачкі для расады, — канстатаваў Прэзідэнт. — Зразумела, і не толькі для расады. Там, дзе дрэнныя глебы, яны ўносяць торф. Слухайце, вязуць за тысячы кіламетраў. Яны разумеюць, што гэта акупіцца». 

У нашай краіне, па словах беларускага лідара, гэтым не хочуць займацца, бо лічаць, што і так усё добра. «Я нават падумаў аб тым, а што калі ўзяць слой адходаў ад калійных соляў, слой пакласці арганікі, слой торфу, усё гэта перамяшаць — што атрымаецца? — прапанаваў адзін з рэцэптаў паляпшэння ўрадлівасці глебы Прэзідэнт. — Напэўна, горш не будзе. Там жа ўсё-такі частка ўгнаенняў калійных застаецца. Трэба паглядзець. Беднае поле ўзяць (а ў нас іх хапае) і паспрабаваць на пэўным участку. Гэта ж не праблема. Трэба паэксперыментаваць, заняцца гэтым. Тое, што гэта будуць лепшыя глебы, — гэта дакладна. Але наколькі гэта эканамічна абгрунтавана... Трэба паэксперыментаваць. Я гатовы таксама паназіраць». 

«Я не хацеў бы страціць спецыялістаў Нацыянальнага банка» 

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што ў Нацыянальным банку дастаткова шмат прасунутых спецыялістаў, якія разбіраюцца не толькі ў банкаўскай сферы, а і ў іншых галінах. У прыватнасці, яны гатовы ствараць цэнтры апрацоўкі даных.  

«Па меншай меры кантраляваць, як гэты працэс ідзе, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Шэраг іншых праектаў. Я чалавек у гэтых адносінах, можна сказаць, прагны. Я не хацеў бы страціць спецыялістаў Нацыянальнага банка, якія ў нас напаўсілу задзейнічаны. І не таму, што яны не хочуць працаваць. Яны могуць». 

Па меркаванні Прэзідэнта, спецыялісты Нацбанка могуць быць задзейнічаны ў вырашэнні пытанняў і на знешнім трэку. «Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. — „Зв.“) з веданнем арабскага Усходу, моў і іншага можа, вядома, там моцна дадаць, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — У яго кампетэнцыі вялікія пасля работы ва ўрадзе. Таму трэба не страціць нам Нацыянальны банк, каб у гэтыя няпростыя часы яны дапамаглі нам перш за ўсё ў эканоміцы і фінансах». 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што гэтыя пытанні трэба вырашаць разам. «Усе гэта цудоўна разумеюць, — удакладніў ён. — Калі што, то я — за здаровую канкурэнцыю: хто лепш і больш якасна можа прапанаваць пэўную тэму і вырашыць тое ці іншае пытанне, акрамя асноўных сваіх абавязкаў». 

У кабінеце Прэзідэнта вялася размова і аб пазыковых абавязацельствах Беларусі. «Зразумела, што на нас вісяць пэўныя крэдыты, якія мы бралі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба з гэтай тэмай таксама вызначацца істотна». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА  

Даслоўна 

«Нам трэба больш актыўна замацоўвацца на знешніх рынках, рэалізоўваць праекты міжнароднай кааперацыі» 

У размове з журналістамі старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман ГАЛОЎЧАНКА адзначыў, што далажыў Прэзідэнту аб сітуацыі на валютным і фінансавым рынках, аб знешнеэканамічным трэку, аб стане рэзерваў Нацбанка, назваўшы свой даклад своеасаблівай справаздачай пасля года работы на чале галоўнага фінансавага рэгулятара краіны. Акрамя таго, па яго словах, ішла размова на тэмы, сугучныя з тэматыкай нарады кіраўніка дзяржавы з апаратам Савета Міністраў. У цэлым тэматыка размовы выйшла за рамкі пытанняў, непасрэдна вызначаных праграмай дакладу. 

«У тым ліку ішла размова аб новых нашых праектах, кірунках знешнеэканамічнай дзейнасці з улікам дынамічнага змянення сітуацыі ў свеце, — канкрэтызаваў Раман Галоўчанка. — Нам трэба больш актыўна замацоўвацца на знешніх рынках, рэалізоўваць праекты міжнароднай кааперацыі. У Нацыянальнага банка, банкаўскай сістэмы ёсць адпаведныя кампетэнцыі па садзейнічанні такім праектам». 


Старшыня Праўлення Нацбанка ўдакладніў, што для любога праекта патрэбны кампетэнцыі, фінансавыя сродкі і жаданне нешта рабіць. «Фінансавая сістэма Беларусі адчувае сябе нядрэнна, — звярнуў увагу Раман Галоўчанка. — Мы назапасілі нядрэнныя рэзервы, актываў у банкаўскай сістэме дастаткова. Таму ў прынцыпе фінансавае плячо для экспарцёраў мы гатовы падставіць яшчэ ў большай ступені аб’ёмаў, чым гэта ёсць цяпер». 

У прыватнасці, размова ідзе аб крэдытаванні экспарту беларускай прадукцыі, стварэнні зборачных вытворчасцяў, лагістычнай інфраструктуры для продажу айчыннай прадукцыі. Банкаўская сістэма гатова ў тым ліку прадастаўляць сродкі для ўкладання ў капітал прадпрыемстваў з удзелам нашых інвестараў за мяжой.  

«Мы гаворым аб тым, што трэба ў тым ліку рабіць і трансфер вытворчасці, — патлумачыў Раман Галоўчанка. — Усе краіны цяпер зацікаўлены ў развіцці ўласных кампетэнцый. Прэзідэнт пастаянна аб гэтым гаворыць. У кантэксце нашай работы ў афрыканскім рэгіёне, у прыватнасці. Ніхто не гатовы купляць гатовую прадукцыю, усе хочуць пэўную долю лакалізацыі. Але поўнасцю ўскладаць на замежнага партнёра фінансавыя выдаткі — падыход залішне аптымістычны. Таму калі нашы экспарцёры, нашы вытворцы будуць бачыць, што гэты праект будзе генерыраваць дастатковы прыбытак на працягу пэўнага перыяду часу, то фінансавыя рэсурсы для гэтага могуць быць прадастаўлены». 

Журналісты пацікавіліся ў кіраўніка Нацыянальнага банка, ці ёсць праблемы з плацяжамі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце. Па словах Рамана Галоўчанкі, падзеі апошніх дзён на гэта ніяк не ўплываюць. Пры гэтым ён заўважыў, што ніколі турбулентнасць на сусветных рынках не была на карысць развіццю і прагрэсу. 

«У цэлым ва ўсім свеце ёсць праблема з традыцыйнымі фінансамі, з праходжаннем плацяжоў, — канстатаваў Раман Галоўчанка. — Вы бачыце, што гэта выяўляецца ва ўсё большай адмове ад выкарыстання амерыканскай валюты ў якасці міжнароднага сродку плацяжу. У цэлым сусветную фінансавую сістэму чакаюць сур’ёзныя змяненні. Тое, аб чым гавораць кіраўнікі краін БРІКС (аб неабходнасці стварэння ўласнай валюты для пэўных разлікаў у аб’яднанні), іншыя блокі. Мы бачым пэўную дэфрагментацыю сусветнага фінансавага рынку». 


Гаворачы аб беларускім рынку, старшыня Праўлення Нацбанка адзначыў, што вялікая доля нашага знешняга гандлю ажыццяўляецца ў валютах краін — нашых саюзнікаў.  

Што датычыцца паляпшэння ўрадлівасці глебы з дапамогай выкарыстання змешаных угнаенняў, кіраўнік Нацбанка расказаў, што размова найперш ідзе аб тым, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць традыцыйныя рэсурсы Беларусі. «Мы валодаем унікальным рэсурсам, — падкрэсліў ён. — Торф — гэта вельмі каштоўны рэсурс для павышэння ўрадлівасці зямель, асабліва для аднаўлення дэградзіраваных грунтоў».  

Раман Галоўчанка заўважыў: чым больш інтэнсіўнай становіцца сельская гаспадарка ў свеце, тым хутчэй ідзе вычарпанне ўрадлівага слоя. «У гэтым сэнсе беларускі торф — незаменная рэч, — канстатаваў ён. — Попыт на яго вялікі. Мы павінны пераходзіць як мага хутчэй ад паставак так званай сыравіны. У гэтых прыродных выкапняў ёсць і іншыя перадзелы, якія трэба хутчэй асвойваць. Гэта іншы бізнес, іншыя тэхналогіі. Гэтым мы ўжо даўно займаемся. Можа, трэба ўзяць большы тэмп у гэтым плане і зрабіць дадатковыя інвестыцыі». 

У гэтай сувязі кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што банкаўская сістэма гатова прадаставіць рэсурсы тым нашым прадпрыемствам, структурам, якія гатовы пайсці па кірунку дадатковых перадзелаў тых прыродных рэсурсаў, якія ёсць у Беларусі. «Мы часам гаворым, што Бог нас абдзяліў рэсурсамі, маючы на ўвазе самыя каштоўныя з іх — вялікія запасы нафты, прыроднага газу, золата і г. д, — дадаў ён. — Але ў нас дастаткова іншых рэсурсаў, эфектыўнасць выкарыстання якіх мы павінны павышаць».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю