Дзень Перамогі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэў у Маскве. Беларускі лідар прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар Дня Перамогі. Галоўная з іх — парад на Краснай плошчы ў гонар 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На цэнтральнай трыбуне побач з ветэранамі размяшчаліся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і замежныя лідары. Кіраўнікі дзяржаў разам прыбылі на Красную плошчу. Да гэтага расійскі лідар асабіста вітаў кожнага. Гасцямі ўрачыстых мерапрыемстваў у расійскай сталіцы сталі больш за 20 кіраўнікоў дзяржаў. У іх ліку лідары краін СНД, а таксама Кітая, Бразіліі, Славакіі, Сербіі, В’етнама, Манголіі, Зімбабвэ, Кеніі, М’янмы, Экватарыяльнай Гвінеі і іншых краін.
Парадным разлікам у Маскве прайшлі прадстаўнікі ўзброеных фарміраванняў краін СНД і армій з іншых дружалюбных дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка стоячы вітаў беларускіх ваенных. Па завяршэнні парада Прэзідэнт Беларусі разам з Прэзідэнтам Расіі і іншымі замежнымі лідарамі ўсклаў вянок і кветкі да Магілы Невядомага салдата каля сцен Маскоўскага Крамля. Кіраўнікі дэлегацый ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
«Мяне цалкам задаволіла тое, што бачыў»
Пасля ўдзелу ў святочных мерапрыемствах Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў. У першую чаргу Прэзідэнт Беларусі падзяліўся ўражаннямі аб парадзе Перамогі, які прайшоў у Маскве.
«Самы лепшы парад, які вы праводзілі ў Расійскай Федэрацыі. У савецкіх парадах я ўдзелу не прымаў -„зялёным“ быў. А ўсе расійскія парады я бачыў. І магу сказаць, што гэта самы моцны парад», — сказаў беларускі лідар. «Некаторыя ахалі, вохкалі, што, можа, тэхнікі не хапала, асабліва паветраны эшалон. Вы ж разумееце — час ваенны. Таму не да таго, каб браць з фронту тэхніку і тут паказваць. Паказалі новыя ўзоры. Малайцы. Мы гэта ведаем. Мы закупілі такую тэхніку ў Расійскай Федэрацыі. Таму мяне цалкам задаволіла тое, што я бачыў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты амерыканскага тэлеканала NBC пацікавіліся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, ці павінен прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагадзіцца на перамір’е з Украінай. «Прэзідэнт Пуцін наогул нікому нічога не павінен. Каб вы разумелі. Гэта першае. Што тычыцца перамір’я, я магу сказаць яго словамі. Мы з ім пра гэта гаварылі ў апошні раз у Валгаградзе. Яны гатовыя да гэтага. Расія даўно гатовая да таго, каб не проста перамір’е, а каб мір заключыць, — заявіў Прэзідэнт. — Пытанне не ў Расіі. Таму трэба разбірацца з іншага боку, наколькі я ведаю. Як толькі амерыканцы з украінцамі вырашаць, што патрэбен мір, еўрапейцы стануць у строй і мір наступіць.
«Мы былі тады з вамі, з вамі мы і цяпер»
Таксама Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што прыезд у Маскву кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна сведчыць аб тым, што пры ўсёй асцярожнай палітыцы Кітай адназначна будзе разам з Расіяй. «У нас сапраўды адзінае меркаванне, адзіны парадак дня міжнародны. А тое, што старшыня Сі Цзіньпін прыехаў на гэты парад, вы правільна бачыце. У гэтым не толькі сімвалізм. Гэта вельмі важна для будучага свету. Гэта сведчыць аб тым, што Кітай і Расія будуць развівацца і далей і ўмацоўваць свой саюз», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго, у ЗША лічаць такі саюз небяспечным, бо яго немагчыма зламаць.
Адказваючы на пытанне кітайскага журналіста, Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь гатова будаваць сваю палітыку ў напрамку далейшага развіцця супрацоўніцтва з Кітаем.
«Усё залежыць ад КНР. Калі і далей мы будзем будаваць нашы адносіны як на сёння, у нас добрыя перспектывы. Вы сёння зразумелі, што мы вам вельмі патрэбныя. У сувязі з тым, што абвастрэнне па ўсіх флангах і адзінае акно ў Еўропу і далей можа быць для КНР тут, у еўрапейскай частцы, — гэта Беларусь. Мы вельмі ўдзячныя вам за эканоміку. Вы вельмі шмат перадалі нам тэхналогій, якімі мы не валодалі, фінансавую падтрымку. Мы стараемся рэагаваць адпаведным чынам і не падвесці нашых кітайскіх сяброў. Словам, мы гатовыя будаваць нашу палітыку ў напрамку быць разам», — сказаў кіраўнік дзяржавы
Вяртаючыся да тэмы святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў найвялікшае значэнне гэтага дня і подзвігу савецкага народа. Ён адзначыў, што ў гады Другой сусветнай вайны Кітай толькі па афіцыйных падліках страціў каля 35 млн чалавек у барацьбе з японскім мілітарызмам.
«Так што мы былі з вамі разам і Другую сусветную вайну заканчвалі разам там у вас на Далёкім Усходзе. Таму для нас, для будучыні гэты саюз КНР і ўсёй постсавецкай прасторы важны. А няма той краіны, якая б неяк дрэнна ці насцярожана ставілася да Кітая — на постсавецкай прасторы такой незалежнай краіны няма. Мы былі тады з вамі, мы з вамі і цяпер», — сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што гэта як раз прадэманстраваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін, прыехаўшы ў Маскву на святкаванне.
«У нас у сэрцах і ў галаве той подзвіг»
Адказваючы на пытанне, чаму важна захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт узгадаў свой тэзіс, які агучваў на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспубліцы: «Я пра гэта казаў, што як толькі мы перастанем (памятаць — Зв.), гэта вернецца да нас зноў. Чаму з-за мяжы падказваюць: „хопіць, хопіць“? Каб выбіць з нашых галоў і сэрцаў тую Перамогу, якая з’яўляецца прыкладам для нас цяпер». У прыклад беларускі лідар прывёў спецыяльную ваенную аперацыю Расіі ва Украіне.
«Ці тое яшчэ будзе. Яны (апаненты) рыхтуюцца да вайны. Яны гэта не хаваюць. Ну а тое, што ў нас у сэрцы і галаве той подзвіг, ім гэта дрэнна. Таму што мы будзем абараняць сваю зямлю так, як нашы продкі ў вайну. Таму яны супраць, але мы выразна трымаемся гэтых пазіцый. Гэта актуальна асабліва цяпер. Таму што яны рыхтуюцца да вайны», — падкрэсліў беларускі лідар
Аляксандр Лукашэнка «на нагах» пасля ўрачыстых мерапрыемстваў пагаварыў з прэм’ер-міністрам Славакіі Робертам Фіцо. Еўрапейскі палітык прыляцеў у Расію, нягледзячы на спробы Еўрапейскага Саюза сарваць гэты візіт. Спачатку былі пагрозы ў адрас Славакіі, затым Эстонія, Латвія і Літва закрылі сваё неба для самалёта прэм’ера. У выніку борт Фіца ляцеў па паўднёвым маршруце, які праходзіць праз Венгрыю, Румынію, Чорнае мора і Грузію. «Маладзец! Сказаў прыеду — прыехаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паколькі кіраўнік дзяржавы, як і іншыя лідары, прыбылі ў Маскву напярэдадні, у іх быў час на нефармальныя размовы. Напрыклад, перад канцэртам у Андрэеўскай залай Крамля, які прайшоў 8 мая.