Раман Пратасевіч, які лічыўся апазіцыянерам, з’яўляецца супрацоўнікам беларускай разведкі. Пра гэта падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведаміла БелТА.
Расказваючы пра сітуацыю вакол перапраўкі ў Літву цыгарэт з дапамогай метэазондаў, у чым абвінавачваюць Беларусь, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апаненты за мяжой проста шукаюць падставу, каб паспрабаваць «нахіліць» беларускі бок.
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка прывёў адзін прыклад, калі супраць "Белавія" былі ўведзеныя санкцыі. Падставай стала затрыманне апазіцыянера Рамана Пратасевіча разам з яго на той момант дзяўчынай. «Доўга расказваць не буду. Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай разведкі. Нам трэба было яго затрымліваць? А вось пытанне, чаму яны (рэйс Ryanair. — Заўв. БелТА) у Вільнюс ляцелі, там не селі, а развярнуліся і ў Мінск прыляцелі, селі пасля званка, што ў іх на борце там нейкая выбухоўка... Ну садзіцеся, вы ў Вільнюс ляцелі, над Вільнюсам былі — садзіцеся. Развярнуліся, прыляцелі ў Мінск. Селі ў Мінску. Я кажу: «Ну што, праводзьце аперацыю, ён жа пад прыкрыццём працаваў гэтых збеглых. Праводзьце аперацыю як належыць», — заявіў Прэзідэнт.
«Давялося нам аперацыю праводзіць па яго затрыманні. Хоць нам не трэба было яго затрымліваць. Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў разведчыкам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільнюс. Нас абвінавацілі ў затрыманні апазіцыянера. А ён не наш апазіцыянер. Мы не затрымлівалі апазіцыянера. Вось увялі санкцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.