Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе памілаваў 123 грамадзян розных краін. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, асуджаных паводле законаў Рэспублікі Беларусь за здзяйсненне злачынстваў рознай накіраванасці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць», — заявілі ў прэс-службе.
Дадзены жэст таксама ажыццёўлены ў сувязі з просьбамі іншых кіраўнікоў дзяржаў і зыходзячы з гуманітарных прынцыпаў і агульначалавечых і сямейных каштоўнасцяў. Ён накіраваны на паскарэнне пазітыўнай дынамікі развіцця ўзаемаадносін з краінамі-партнёрамі Рэспублікі Беларусь і ў інтарэсах стабілізацыі сітуацыі ў Еўрапейскім рэгіёне ў цэлым.
Усяго за апошні час, з улікам рашэнняў, прынятых Прэзідэнтам Беларусі ў канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек.
Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.