Top.Mail.Ru

«Мы робім так, як лепш нашай краіне»

Падрабязнасці размовы Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі свайго пула.



Нарада па абмеркаванні праекта Указа «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення» плаўна перацякла ў адкрыты і шчыры дыялог Прэзідэнта з прадстаўнікамі айчынных сродкаў масавай інфармацыі. Сярод тэм, якія ўзнімаліся ў кабінеце беларускага лідара, — падрабязнасці перагавораў з амерыканцамі, міжнародная сітуацыя. Журналісты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, якія рашэнні прынятыя ў дачыненні да літоўскіх і польскіх перавозчыкаў, велікагрузы якіх застаюцца на нашай тэрыторыі, і што будзе з памілаванымі напярэдадні асуджанымі, якія застаюцца ў Беларусі. Тэмы — гарачыя і рэзанансныя. 

Журналісты ўдакладнілі ў кіраўніка дзяржавы, ці задаволены ён вынікамі беларуска-амерыканскіх перагавораў і як ідзе падрыхтоўка вялікай здзелкі Беларусі са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

«Так, сапраўды, амерыканцы ў ходзе перагавораў (трэці або чацвёрты раунд быў) ад імя Трампа прапанавалі заключыць вялікую здзелку, дзе будзе адлюстраваны шэраг пытанняў, якія на павестцы нашых перагавораў, — пацвердзіў Прэзідэнт. — Я што, адпірацца буду? Для Беларусі гэта важна і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: «Я гэта нармальна ўспрымаю. Перадайце Дональду, што я згодны, каб выпрацаваць гэту вялікую здзелку, падрыхтаваць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, ЗША менавіта цяпер, магчыма, крыху не да гэтага, але працэс ідзе. «Мы абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амерыканцам адпаведныя прапановы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны прапрацоўваюцца, як яны мяне інфармавалі. Сістэма такая ж, як у мяне: МЗС, Адміністрацыя Прэзідэнта, потым — Прэзідэнту». 


Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што сутнасць вялікай здзелкі не толькі звязана з вызваленнем «палітзняволеных», як іх называюць амерыканцы. Хоць Аляксандр Лукашэнка пастаянна іх папраўляе: у Беларусі няма ніякіх палітзняволеных, бо ў нас няма палітычных артыкулаў. 

«Я ў іх ніколі не прасіў нічога ўзамен, нават па санкцыях. Ніколі», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт і дадаў, што аддае належнае амерыканскаму боку за тое, што ў гэтым плане яны самастойна абазначаюць пытанні, якія закранаюцца падчас перагавораў.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў пытанні аднаўлення пасольстваў, ядзерных матэрыялаў. «Вы ж ведаеце, што ў нас гэтых ядзерных матэрыялаў нямала, — заўважыў ён. — Пад кантролем, як некалі дамовіліся. МАГАТЭ бачыць, дзе мы захоўваем гэтыя ядзерныя матэрыялы. Гэта таксама для іх цікава ў плане нераспаўсюджвання зброі». 

Падкідваюць пытанні для беларуска-амерыканскіх перагавораў і нашы суседзі. «Яны ж ведаюць, што яны (амерыканцы. — „Зв.“) ляцяць, — патлумачыў Прэзідэнт. — У Вільнюсе прызямліліся, тыя ўжо вакол іх бегаюць: „А вы скажыце Лукашэнку не толькі пра „палітвязняў“, скажыце яму пра шары, якія цыгарэты перакідваюць“. Я на гэта рэагаваў, мая пазіцыя застаецца ранейшай. Потым гэтыя перавозчыкі, аўтамабілі, якія мы тут затрымлівалі, яны (літоўцы і палякі. — „Зв.“) іх (амерыканцаў. — „Зв.“) гэтым грузяць. Я, вядома, Коўла (Джона Коўла, спецпасланніка ЗША па Беларусі. — „Зв.“.) рэакцыю ведаю. Ён вельмі разумнік вялікі, адвакат вопытны, юрыст. Ён, вядома, разумее, што яго будуць грузіць. Але ён ведае маю пазіцыю ў гэтым плане».


Па словах кіраўніка дзяржавы, Дональд Трамп прапаноўвае Беларусі вялікую здзелку, заключыць якую прапаноўваецца нават дома ў амерыканскага лідара. «Я хачу, каб вы разумелі, што гэта не нейкая веліч самога Лукашэнкі, каб ён Трампа пабачыў, — удакладніў Прэзідэнт. — Ну дзякуй богу, што яны цэняць Беларусь, цэняць беларускага Прэзідэнта. Але трэба аддаць належнае, што для яго (Дональда Трампа. — „Зв.“.) вельмі важна: у момант выбараў, калі аб яго спрабавалі ногі выцерці або стралялі ў яго, хто з ім быў. Хто за яго „тапіў“ там? Вы ведаеце маю пазіцыю. І першы тэрмін, і гэты тэрмін, я заўсёды быў прыхільнікам дэмакратычнасці, аб якой яны ўсе гавораць. Каб не ціснулі і не цкавалі Трампа. І я з ім згодзен, што Амерыку трэба ратаваць у плане выбараў, каб пад плотам і дзесьці на сметніках не валяліся бюлетэні для галасавання. Гэта як мінімум. Ну а страляць у галаву прэзідэнта — цалкам непрымальна». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні адзін прэзідэнт адкрыта аб гэтым не гаварыў. Толькі беларускі лідар. «Трамп і яго людзі гэта заўважылі, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Таму ад гэтага ўсё пачалося».

Прэзідэнт Беларусі падтрымліваў і працягвае падтрымліваць усе мірныя ініцыятывы свайго амерыканскага калегі. «Але калі амерыканцы дапускалі памылкі (кшталту бамбёжкі Ірана), амаль адкрыта аб гэтым і сказаў, дзе праўда, дзе — не», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«Я б ляцеў не да сяброў сваіх. Але да людзей, якія хацелі мяне бачыць»

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок рыхтуецца да вялікага дагавора з амерыканцамі.

«Яны вельмі настойвалі, каб я прыехаў на чарговы Савет міру, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Я ім сказаў адкрыта і сумленна, чаму я не змог наведаць. Гэта не толькі таму, што там графік, яшчэ нешта».

Асноўнай прычынай, чаму беларускі лідар не прыняў удзел у першым пасяджэнні Савета міру, якое прайшло ў Вашынгтоне 19 лютага, была раптоўная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая праводзіцца ў Беларусі. 

«Вы ж бачылі, я «ўздыбіў» усё войска, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Кожны дзень вечарам мне група, якая кантралюе і рэалізуе мае задумы, дакладвае аб ходзе гэтай нечаканай, сапраўды ўпершыню ў гісторыі, такой маштабнай праверкі. Ну і як я мог паляцець? Мне што, пакінуць гэты працэс? Нельга. Тым больш усе пачалі абмяркоўваць, што гэта мы ледзь не супраць Украіны або Польшчы робім, або Літвы там нейкай. Ды не, мы гэта робім для сябе. Я хачу пераканацца, які стан нашай арміі». 


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў хуткай будучыні на асобным мерапрыемстве будуць падведзены вынікі праверкі. «Ёсць і шмат недахопаў, — удакладніў ён. — Хоць аб гэтым не прынята гаварыць. Ёсць недахопы, але ў цэлым армія боегатоўная. А ў прыватнасцях мы разбяромся потым».

Таму праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл — асноўная была прычына, чаму беларускі лідар не змог паляцець у Вашынгтон. Паўплывалі на гэта рашэнне, па словах кіраўніка дзяржавы, і гадасці, якія планавалі еўрапейцы. «Але гэта мы маглі абысці, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я, натуральна, міма Еўропы паляцеў бы. І ніякія брыдоты і гадасці (не атрымалася б зрабіць з боку ЕС. — „Зв.“). Бяспека? Я нават не думаў. Гэта збеглыя нашы ўзвылі: „Лукашэнка спалохаўся“. Ну, я не з палахлівых. Я нават не думаў пра нейкую бяспеку. Я б ляцеў не да сяброў сваіх. Але да людзей, якія хацелі мяне бачыць. І той жа Прэзідэнт Трамп».

Падчас перагавораў з амерыканскай дэлегацыяй беларускі лідар паабяцаў, што прыме ўдзел у наступным пасяджэнні Савета міру.

«У нас толькі адзін прынцып: трэба, каб гэта ўсё скончылася»

У ходзе перагавораў з амерыканскай дэлегацыяй Аляксандр Лукашэнка прапанаваў свой варыянт развіцця падзей пасля заканчэння вайны ў Іране. «Так, як гэта я бачу, — удакладніў ён. — Не хачу гэта публічна гаварыць. Я ім прапанаваў яшчэ адзін варыянт. Яны паабяцалі Трампу мае прапановы перадаць». 


Па словах Прэзідэнта, у спецпасланніка ЗША па Беларусі з Іранам звязана асабістая гісторыя, чым Джон Коўл падзяліўся на перагаворах. Падчас падзей Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў там загінулі амерыканцы. «Гэта яны не вельмі педаліруюць, гавораць аб тым, што ядзерная зброя, яшчэ нешта там, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Але ў іх у галаве (у амерыканцаў, у грамадстве) — тыя людзі, што тады загінулі. І ён, Джон, быў адвакатам у сваякоў загінулых. Ён мне асабіста расказаў. Таму, гаворыць, у мяне вось тут ( у душы. — „Зв.“) гэта ўсё сядзіць».

Перагаворы з амерыканцамі нечакана для нашага боку пачаліся з абмеркавання сітуацыі на Блізкім Усходзе. Хаця на парадку дня былі і іншыя пытанні, уключаючы ўкраінскую тэматыку.

«Таму мы трапілі ў такі замес: з аднаго боку, Іран, быццам бы нашы саюзнікі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны мяне не паслухалі, калі я ім гаварыў напярэдадні вайны, яшчэ задоўга да яе. Амерыканцы гэта ведаюць. Ну і Эміраты, Катар, асабліва Аман — цяпер мы робім стаўку. Яны ўсе папалі тут. З саудытамі цяпер вядзём размову. Таму тут, здаецца, нашы людзі, і з другога боку — нашы. Дай бог, каб гэта скончылася. У нас толькі адзін прынцып: трэба, каб гэта ўсё скончылася. Бо нашы людзі і там, і там. Усе пакутуюць».

«Мне гэты падыход падабаецца»

Журналісты пацікавіліся, з якімі мэтамі амерыканцы едуць у Мінск.

«Праграма вельмі вялікая, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але журналісты ў сілу закрытасці перагавораў бачаць, што ў выніку 250 шарлатанаў вызвалілася. І яны пачынаюць гэта ўсё перамолваць. Я разумею, што мы не даём больш інфармацыі — не па-амерыканску».

У гэтай сувязі Аляксандру Лукашэнку падабаецца шчырасць цяперашняга Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «Ён як думае, так і гаворыць, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Мне гэты падыход падабаецца. Падабаецца, бо мы бачым сапраўдную палітыку і мэты амерыканскага кіраўніцтва. І бачым, хто такія амерыканцы. Мне гэта падабаецца».

Па словах кіраўніка дзяржавы, Дональд Трамп — у добрым сэнсе слова акцёр, а яшчэ бізнесмен, журналіст, эканаміст і крыху палітык. 

Кіраўнік дзяржавы таксама заўсёды шчыра гаворыць, калі лічыць, што цяперашняя адміністрацыя ў ЗША і сам Дональд Трамп дзейнічаюць няправільна і дапускаюць тыя ці іншыя памылкі. «Вайна ў Іране, Венесуэла», — канкрэтызаваў ён. 

Па словах беларускага лідара, унутры ЗША на Дональда Трампа аказваецца сур’ёзны ціск, і ў тым ліку з боку ваенных. «А можа быць, і нейкая глыбінная дзяржава, — удакладніў ён. — Ужо і амерыканцы аб гэтым гавораць».

«Расія і Кітай не проста нашы саюзнікі. Гэта блізкія нам дзяржавы»

Па словах кіраўніка дзяржавы, падчас перагавораў з амерыканцамі абмяркоўваліся многія пытанні, усе міжнародныя праблемы. «Іх цікавіла маё меркаванне, як мы ў гэтым рэгіёне, як беларусы, наша ўлада гэта бачаць, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Я выклаў свой пункт гледжання, свае падыходы. У тым ліку ў гэтым плане, калі яны задавалі пытанні, і па Расіі, па Кітаі. Я іх папярэдзіў: гэта (Расія і Кітай. — „Зв.“) не проста нашы саюзнікі. Гэта блізкія нам дзяржавы. Я хачу, каб амерыканцы гэта ўлічвалі. Трэба аддаць ім належнае, яны гэта ўлічваюць».

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што амерыканцы ніколі ў ходзе перагавораў не ўзнімалі пытанне, каб адарваць Беларусь ад Расіі, як аб гэтым асобныя часам разважаюць і ў самой Расіі. «Ды бог з вамі! Ніколі амерыканцы не ставілі такой мэты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У аснове беларуска-амерыканскіх перагавораў, па словах кіраўніка дзяржавы, — заўсёды эканамічныя пытанні. 

«Аднойчы абмяркоўвалася пытанне, ці можам мы купіць амерыканскі звадкаваны газ (прывязуць праз Польшчу на «Гродна-Азот», — прывёў адзін з прыкладаў беларускі лідар. — Я гавару: «Хлопцы, з вялікім задавальненнем, але вы зможаце канкурыраваць з расійскім прыродным газам?» Аляксандр Лукашэнка тады патлумачыў, што расійскі газ паступае па трубаправодзе і па цане ніжэйшай, чым на сусветных рынках. «Яны (амерыканцы. — „Зв.“) засмяяліся, — прывёў дэталі размовы беларускі лідар. — Я гавару: „Ну вось вам адказ на гэта пытанне“. Я крыху ўмею лічыць. А на „Гродна-Азоце“ эканамістаў дастаткова, якія таксама палічаць і выберуць, што лепш. Гэта значыць, я не паводжу сябе, як еўрапейцы (размова аб краінах Еўрасаюза. — „Зв.“). Сказалі купляць амерыканскае — усё, купляем, хоць у пяць разоў даражэй. Вось да чаго даскакаліся еўрапейцы».

Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды выступаў за супрацоўніцтва Еўрасаюза з Расіяй. Ён і цяпер лічыць, што самая лепшая рэсурсная база для еўрапейцаў — гэта расійская. «Трэба з Расіяй, з намі выбудоўваць адносіны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тады ўсё будзе нармальна. Яны ж пайшлі іншым шляхам. Яны „распласталіся“ перад амерыканцамі яшчэ ў часы Джо Байдэна. А потым і кінулі гэтых амерыканцаў, як цяпер». 

Гэта тэма, па словах кіраўніка дзяржавы, таксама абмяркоўвалася падчас перагавораў. «Мне цікава было, як амерыканцы, людзі, якія непасрэдна ў гэтым удзельнічаюць, ставяцца да таго, што еўрапейцы іх кінулі, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны, вядома, вельмі балюча да гэтага ставяцца. І Трамп, і яны гэта вельмі балюча ўспрынялі. Гавораць: „Мы ж ім заўсёды дапамагалі“. Мы ведаем, як дапамагалі. І НАТА, і эканамічна. Яны проста не маглі б без амерыканцаў існаваць. А Германію яны проста пасля вайны выцягнулі за вушы і гэтак далей».

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб магчымай здзелцы па продажы беларускага рудніка амерыканцам. Кіраўнік дзяржавы ўпершыню выказаўся на гэту тэму ў ходзе другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў купіць амерыканцам руднік за 3 мільярды долараў. У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся аб тым, як ідуць справы з патэнцыяльнай здзелкай.

«Думаюць (амерыканцы. — „Зв.“), — канстатаваў беларускі лідар. — Але тры мільярды — гэта мінімум. А ўрад палічыць запасы, яшчэ нешта — гэта будзе даражэй. Яны багатыя, але грошы плаціць вялікія або нармальныя не хочуць. Усе хочуць за бясплатна. Яны думаюць». 

«З панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнём»

У Прэзідэнта пацікавіліся, калі будзе прынята рашэнне па фурах з літоўскай рэгістрацыяй, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. 

«Гэтае рашэнне да панядзелка я абавязаны прыняць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Цягнуць не трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм або цяганіна. Гэта мой прынцып: я чалавек сістэмны, і хачу гэта вырашыць за выхадныя». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што прадстаўнікі літоўскіх і польскіх аўтаперавозчыкаў звярнуліся да яго пісьмова. Правесці з імі сустрэчу і па-чалавечы пагаварыць было даручана кіраўніцтву ўрада. 

«Селі за стол перагавораў, выслухалі іх і перадалі мне, — прывёў дэталі беларускі лідар. — Я прыму рашэнне, раз да мяне звярталіся, і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнём. Мы вернем ім гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў». 

Нягледзячы на выпады палякаў і літоўцаў у бок Беларусі па закрыцці граніцы, спыненні дзейнасці беларускага санаторыя ў Друскінінкаі, Прэзідэнт унікае ў праблему і разумее, што велікагрузы — крыніцы даходаў звычайных літоўскіх і польскіх сем’яў. Чаго не скажаш аб уладах у гэтых краінах, якіх праблемы звычайных грамадзян мала цікавяць. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для аўтаперавозчыкаў можа быць зніжана цана за ахову фур, якая першапачаткова складала 120 еўра за суткі. «Цану просяць знізіць на стаянкі, — патлумачыў ён. — Разумеем, калі гэту цану з іх узяць, яны палову гэтых аўтамабіляў не забяруць, бо там ужо цана будзе вышэйшая, чым яны куплялі (аўтамабілі. — „Зв.“). Мы ім еўрапейскую цану ўстановім, хутчэй за ўсё. Заплацілі за стаянку капейкі гэтыя (ніжэй, чым 120, як я гаварыў калісьці) — забірайце».

Па словах кіраўніка дзяржавы, некаторыя аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй належаць польскім аўтаперавозчыкам: пасля рашэння Варшавы закрыць граніцу з нашай краінай аўтаперавозчыкі з Польшчы сталі працаваць праз Літву. Цяпер, па словах Прэзідэнта, палякі просяць не прымушаць іх везці гэтыя аўтамабілі праз Літву ў Польшчу.

«Добра, вязіце праз польскую (граніцу. — «Зв.»), нам якая розніца? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Хоць праз Украіну! Адкрывайце любы польскі пункт (пропуску. — «Зв.») і забірайце свае польскія аўтамабілі з літоўскімі нумарамі. А літоўцы — забірайце сабе. За стаянку заплацілі — забірайце. Маршруты вызначаны. Адказны ў нас Мытны камітэт, які вырашыць гэту праблему па даручэнні Прэзідэнта». 

«Мы не збіраемся абараняць Літву, паколькі яны ўвялі супраць нас санкцыі»

Падчас беларуска-амерыканскіх перагавораў закраналася і пытанне абвінавачвання Вільнюсам Мінска ў кантрабандзе цыгарэт з дапамогай метэазондаў. Прэзідэнт расказаў журналістам аб аперацыі па затрыманні злачынцаў, якія займаліся незаконнай дастаўкай цыгарэт за мяжу. Аб завяршэнні аперацыі кіраўніку дзяржавы далажыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. 

«Яны затрымалі пяць нашых беларускіх кантрабандыстаў прама на граніцы, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нашы знялі дом пусты: у кагосьці са сваякоў купілі, заплацілі нейкія капейкі. У гэтым доме пачкі цыгарэт, балон, якім запраўлялі зонды, — усё для перакідвання. Міліцыя іх затрымала. Бандыты, яны былі судзімыя не адзін раз».

Прэзідэнт канстатаваў, што на тэрыторыі самой Літвы знаходзяцца тыя, хто прымае гэтыя незаконныя грузы. Акрамя таго, у перакідцы тавараў з беларускай тэрыторыі задзейнічаны і самі літоўцы. 

«У мяне пазіцыя — вы санкцыі ўвялі, цяпер што, мы павінны лавіць гэтых кантрабандыстаў тут, якія наш тавар купляюць за грошы добрыя і перакідваюць людзям, якія маюць патрэбу ў Літве? — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. — Але я абяцаў: мы паглядзім і ў Беларусі, хто тут чым займаецца. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы не збіраемся абараняць Літву, паколькі яны ўвялі супраць нас санкцыі».

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што метэазонды наўрад ці могуць паралізаваць работу аэрапортаў. Хаця ад Літвы гучалі і такія заявы. «Па гэтым пытанні былі праведзены кансультацыі з пілотамі, якія пацвердзілі, што гэтыя шары не ўяўляюць сур’ёзнай праблемы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі Меланія просіць, я гэту пазіцыю старэйшаму брату давяду» 

Гаворачы аб іншых дэталях перагавораў з амерыканцамі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што першая лэдзі ЗША Меланія Трамп звярнулася да беларускага лідара з просьбай пагаварыць з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным наконт украінскіх дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Украіне згубіліся ў Расіі. 

«Просіць мяне (Меланія Трамп. — „Зв.“.), каб пры сустрэчы з Уладзімірам Пуціным я перадаў гэты спіс, паразмаўляў з ім, каб мы знайшлі ў Расіі гэтых дзяцей, якія ўцяклі ад вайны, хутчэй за ўсё, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Знайшлі і аддалі Украіне, калі дзеці гатовы і там гатовы іх узяць на ўтрыманне. Гэта ж не проста Зяленскаму аддаць. Яму пофіг гэтыя дзеці. Калі б былі патрэбны, дык даўно б ужо скончыў гэту вайну».  

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся перадаць просьбу свайму расійскаму калегу, але папярэдзіў, што ўгаворваць Уладзіміра Пуціна не будзе. «Калі Меланія просіць (гэта ў развіццё таго пісьма, якое яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэту пазіцыю старэйшаму брату давяду, не пытанне, — канстатаваў ён. — Але змагацца за гэта не буду, бо я не ведаю, ёсць гэтыя дзеці ці не, праўда гэта ці не, і хто перадаў гэтыя спісы». 

«Мы не дапусцім 2020 год» 

Напярэдадні Прэзідэнтам былі памілаваны 250 асуджаных. З іх 235 прынялі рашэнне застацца ў Беларусі. Журналісты пацікавіліся, ці не стануць гэтыя людзі агентамі ўплыву, ці не нясуць яны пагрозу дзяржаве.  

«Я хачу пачаць з таго, што вельмі шмат жадаючых іх (асуджаных. — „Зв.“) вызваліць, але ніхто не ведае, колькі іх, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Ведаем толькі мы». 

Спісы асуджаных, як удакладніў Прэзідэнт, амерыканцы атрымліваюць ад збеглых. І сярод памілаваных — розныя людзі: як і тыя, хто парушаў правапарадак на вуліцах, так і тыя, хто ішоў на рэальныя злачынствы і здзяйсняў іх.  

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не хвалявацца, што асуджаных выпусцілі. «Усё тут пад кантролем, — запэўніў Прэзідэнт. — Я ім (амерыканцам. — „Зв.“) даслоўна сказаў: „2020 года, мужыкі, у Беларусі не будзе“. Гавару, калі вы будзеце ад імя Трампа ці не Трампа мяне прасіць аб вызваленні нейкай чарговай партыі, вы павінны ведаць, што чырвоная лінія — 2020 год. Яго больш не будзе. Мы не дапусцім 2020 год. Чаму? Не таму, што я за ўладу трымаюся. А таму, што мы сёння разумеем, што хацелі разбурыць і перавярнуць краіну. Гэта быў удар не толькі па нас, а і па нашых дзецях, па ўнуках. Я гэта дапусціць магу? Не. Я для гэтага і Прэзідэнт». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, з 235 чалавек, якія пасля вызвалення засталіся на тэрыторыі Беларусі, пагрозу могуць уяўляць каля 30 або 40 чалавек. Усе яны знаходзяцца на кантролі праваахоўных органаў. «Мы іх ведаем, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І перш чым іх выпускаць, яны ўсе былі ўзяты на кантроль спецслужбамі і міліцыяй». 

Прэзідэнт выказаўся аб Мікалаі Статкевічы, які быў вызвалены раней і адмовіўся выехаць у Літву, застаўся ў месцах пазбаўлення волі. «Пасядзеў-пасядзеў на нейтральнай паласе і думае: «У гэтае „царства“ добрае я не хачу, лепш у турму», — прывёў дэталі Аляксандр Лукашэнка.  

Калі ў Мікалая Статкевіча здарыўся інсульт, Прэзідэнт прыняў рашэнне аб яго пераводзе ў бальніцу, дзе была забяспечана ўся неабходная і своечасовая дапамога. Па просьбе родных Статкевіча асуджанага адпусцілі дадому. «Жонка яго была за мяжой, — удакладніў беларускі лідар. — Я гавару: дазвольце, няхай прыедзе. Прыехала, і потым сваякі і яна сталі патрабаваць: „Адпусціце, мы яго дома будзем даглядаць“. Мы яго адпусцілі, і яна цяпер быццам бы яго даглядае».  

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не дапусціць паўтарэння падзей 2020 года. «Я не хачу бегаць з аўтаматам па вуліцы, — удакладніў ён. — Я гэтага не дапушчу, і ўсе на гэта нацэлены. Мы робім так, як лепш нашай краіне».  

«Ад гэтай палітыкі я ўжо адысці не магу» 

Беларускі лідар заўважыў, што ён — выгадны Прэзідэнт. «Выгадны ў тым, што я не трымаюся за ўладу, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Калі нехта інакш думае, — дурань поўны. Я не думаю аб тым, як яе (уладу. — „Зв.“) захаваць. Я вось так ужо наеўся».

Па словах Прэзідэнта, ён не глядзіць на ўладу з пункту гледжання сваёй выгады і не кідаецца ёй. «Гэта тое, што мне ўручыў народ, — падкрэсліў беларускі лідар. — Сказаў: давай, кіруй, адказвай за краіну і за нас. Ціхая, спакойная краіна». 

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што яго патрабавальнасць і жорсткая крытыка наконт недысцыплінаванасці і безгаспадарлівасці звязаны з адказнасцю за краіну і народ. У якасці прыкладу ён прывёў праблему падзяжу жывёлы. «Цяляты загінулі — не будзе мяса, малака і іншае, — у чарговы раз паўтарыў сутнасць праблемы кіраўнік дзяржавы. — Значыць, вы краіну падстаўляеце — галава з плячэй. Ад гэтай палітыкі я ўжо адысці не магу. Цяпер час такі, ваенны. А вайны я не хачу».  

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю