Top.Mail.Ru

Ад каго залежыць мір на планеце і якая ў гэтым роля Беларусі. Падрабязнасці шчырай размовы Прэзідэнта з журналістамі свайго Пула

Нягледзячы на працяглае інтэрв’ю журналісту кітайскага медыя, Аляксандр Лукашэнка не адмовіў у размове і супрацоўнікам беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты прэзідэнцкага Пула папрасілі кіраўніка дзяржавы адказаць на пытанні, якія сёння знаходзяцца ў топе навін усіх сусветных медыя.



Найперш Прэзідэнт папрасіў не перабольшваць значэнне яго тэлефоннай размовы з Дональдам Трампам і раскрыў падрабязнасці свайго рабочага графіку, у якім далёка не ўсё публічнае. «У мяне ёсць, як я яго называю, «разгрузачныя» дні: гэта серада і субота, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта свабодныя дні ад публічных мерапрыемстваў. Размовы, перагаворы — непублічныя. Калі б мы сталі іх падсвечваць, вялікая колькасць была б інфармацыі. Такой канкрэтнай, чым агульнай, як гэта бывае на публічных нарадах, паездках і гэтак далей. І дакументаў — процьма. Паўпуда — гэта мінімум. Гэта паўдня займае. А потым я павінен адсачыць сродкі масавай інфармацыі...» 

А яшчэ ёсць непублічныя сустрэчы кіраўніка дзяржавы, размовы па тэлефоне і шмат чаго іншага, аб чым не ведае шырокая грамадскасць. Адным словам, выхадныя ў Прэзідэнта ў яго надзвычай насычаным працоўным графіку здараюцца рэдка.

«Гэта дзве краіны, ад якіх залежыць сёння жыццё на нашай планеце»

У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, як ён ацэньвае перагаворы на Алясцы, а таксама іх вынікі. Таксама журналісты спыталі, ці згодны Аляксандр Лукашэнка з меркаваннем, якое шырока трансліруецца ў медыйнай прасторы, што Дональд Трамп гэтыя перагаворы нібыта прайграў. 

«Што там прайграў Трамп Пуціну? У іх розныя былі ролі. Тое, што ён запрасіў яго на Аляску? Некалькі экзатычна, але прыгожа. Мне Пуцін да гэтага тэлефанаваў, кажа: «Тут абмяркоўваецца Рым, Жэнева, Турцыя, Эміраты і гэтак далей». Я кажу: «Ну, у Рым ехаць неяк нам, праваслаўным...» Так, кажа, я так і разумею. Адкінулі ўсе гэтыя пункты. Кажа: «Пачакаем, што амерыканцы прапануюць». Заўтра Трамп патэлефанаваў: «Давай на Алясцы». Два прэзідэнты, якія абсалютна разумеюць адзін аднаго, сустрэліся на Алясцы. І спрэчкі нават ніякай не было».

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што Уладзімір Пуцін прадстаўляў адзін з бакоў канфлікту, а Дональд Трамп у гэтай сітуацыі выступаў у якасці пасрэдніка паміж бакамі канфлікту. Адной з мэт амерыканскага лідара было даведацца аб пазіцыі Расіі наконт украінскага пытання. І з гэтай роляй, па словах Прэзідэнта Беларусі, ён выдатна справіўся. 

«Чаго папракаць Трампа, што ён не прывёз нейкія канкрэтныя вынікі?» — заўважыў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што падчас заявы для СМІ па выніках перагавораў Уладзімір Пуцін мог гаварыць аб канкрэтыцы, але не палічыў неабходным гэта рабіць. Расійскі лідар выступіў на агульныя тэмы, дыпламатычна, што, па словах яго беларускага калегі, адпавядае характару Пуціна.

«Але Трамп мяне здзівіў, — дадаў Прэзідэнт. — Думаў, ён, як звычайна, пойдзе: гэта абмяркоўвалі, тое, я згодзен, я не згодзен. Ён разумнік. Чатыры хвіліны (доўжылася яго выступленне па выніках перагавораў. — «Зв.»). Ён выдатна сыграў сваю ролю. Гэта не таму, што я перастаў яго крытыкаваць пасля той размовы (пасля тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Беларусі і ЗША. — «Зв.»). Ён класна сыграў сваю ролю, насуперак усім чаканням. Я таксама чакаў, што ён там разыдзецца і пачне «ляпіць» канкрэтыку. Ён здорава тут сябе паводзіў». 

Таму ніхто ў гэтых перагаворах, як падкрэсліў беларускі лідар, не прайграў. І нічога дзіўнага ў сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і ЗША, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, няма. «Гэта дзве краіны, ад якіх залежыць сёння жыццё на нашай планеце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Галоўнае — каб перасталі гінуць людзі»

Журналісты пацікавіліся, ці лічыць Аляксандр Лукашэнка магчымай сустрэчу Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага, якую актыўна абмяркоўваюць пасля сустрэчы на Алясцы. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што сустракацца і размаўляць павінны непасрэдныя ўдзельнікі канфлікту. «Тое, што амерыканцы і еўрапейцы вядуць проксі-вайну, — гэта мы ведаем. Ну і кажуць, што і кітайцы, іранцы і — я не адмаўляю — беларусы дапамагаюць расіянам — гэта таксама. Але ні Кітай, ні мы, ні Іран не ваюем там. А непасрэднымі бакамі канфлікту з’яўляюцца Украіна і Расія», — звярнуў увагу ён. 

Кіраўнік дзяржавы, кажучы дыпламатычна, расказаў, што перагаворы Расіі і Украіны — «на стале», іх можна пачынаць хоць заўтра. І калі расійскі бок не раз казаў, што гатовы да перагавораў, то ва ўкраінскага думкі мяняюцца. «І расіяне думаюць: «Гатовы прэзідэнт Зяленскі да перагавораў ці не?» Яны думаюць, што не гатовы. Напэўна, зыходзячы з яго заяў, гэта можна зразумець», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Але параіў не забываць, што акрамя заяў у СМІ — своеасаблівай дымавой заслоны, ідзе кулуарная, непублічная работа. Работа па арганізацыі перагавораў таксама вядзецца. 

«Ёсць укіды, што Зяленскі гатовы на абмен тэрыторыі. Гэта пазіцыя Злучаных Штатаў Амерыкі, яны займаюць разумную пазіцыю, што сёння рэаліі такія, што, калі не абмяняцца тэрыторыямі, заўтра можа знікнуць Украіна. І калі ўкраінцы не ідуць на прапановы амерыканцаў... Але без Амерыкі, без грошай амерыканскіх і зброі асабліва, перамагчы немагчыма, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Я Пуціну задаў пытанне: няўжо еўрапейцы без амерыканцаў украінцам не могуць паставіць зброю? Не. Без амерыканскай зброі Еўропа наогул ваяваць не можа. Вы ўяўляеце, наколькі яны спадзяваліся на ЗША, не развіваючы свой ваенна-прамысловы комплекс?»   

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў 2015 годзе была магчымасць спыніць вайну, але ў Мінску еўрапейскія лідары сабраліся, каб падмануць расіян. Наступствы пажынаюць цяпер. Аляксандр Лукашэнка параіў вытрымаць час, ён расставіць усё на свае месцы. 

Беларускі лідар расказаў, што называў Дональду Трампу этапы свайго бачання развіцця сітуацыі ва Украіне. Падзяліўся гэтым і з журналістамі: «Першае, я думаю, што яны спыняцца страляць адзін у аднаго на лініі судакранання і абвесцяць паветранае перамір’е. Ракеты не будуць лётаць, беспілотнікі, у адзін і другі бок. Гэта вельмі важна, і для Расіі ў тым ліку». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што і Расія, і Украіна ўжо ў поўнай меры на сабе адчулі цяжар ракетных удараў і ні адзін бок не хоча іх працягваць. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў інсайдарскую інфармацыю аб тым, што ў расійскага боку была магчымасць пайсці на істотную эскалацыю канфлікту, ужыўшы сваю новую зброю — комплекс «Арэшнік», ударыўшы ім па ўрадавых кварталах у Кіеве. Але Уладзімір Пуцін, якога на Захадзе называюць агрэсарам, на гэта не пайшоў, адмовіўся наносіць удары па грамадзянскіх аб’ектах. 

Другім этапам урэгулявання сітуацыі беларускі лідар назваў — перамір’е, ніякага папаўнення войскаў і боепрыпасаў з двух бакоў. І трэці этап — заключэнне міру. Прэзідэнт адзначыў, што заключыць мірны дагавор будзе вельмі складана. «Галоўнае, каб страляць перасталі, тады можна сядзець і дамаўляцца, як японцы з Савецкім Саюзам, а цяпер з Расіяй. В’етнам ваяваў з Амерыкай і з першага дня вялі перагаворы», — прывёў гістарычныя прыклады Аляксандр Лукашэнка. 

Сёння сярод магчымых месцаў правядзення сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Украіны называецца Мінск. Журналісты спыталі, ці хацеў бы Аляксандр Лукашэнка, каб яны адбыліся ў Беларусі. 

Ён пагадзіўся, што Мінск — гэта ідэальнае і зручнае месца для двух бакоў. Прэзідэнт заявіў, што, калі Расія і Украіна дамовяцца правесці гэтыя сустрэчы ў Мінску — у Беларусі хоць заўтра падрыхтуюць усё на найвышэйшым узроўні. 

«Я не «хварэю» на гэту хваробу — «паказаць сябе» або «для іміджу вельмі важна». Так, важна. Але, напэўна, мы перажывём. Я не хварэю гэтымі «хацелкамі» — «прыязджайце ў Мінск» і іншае», — адзначыў беларускі лідар. Ён зрабіў акцэнт на тым, што няважна, дзе адбудзецца гэта сустрэча, важна, каб было прынята рашэнне і канфлікт спыніўся, каб перасталі гінуць людзі.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь будзе рабіць усё так, як дамовяцца бакі. У прыклад прывёў абмен палоннымі і параненымі — беларусы выканалі пажаданні з усіх бакоў і дапамагаюць людзям з абодвух бакоў, актыўна ў гэтым удзельнічаюць беларускія пагранічнікі, ваенныя, урачы. «Яны хоць пры абмене камунікуюць. Мы ўжо гэтаму рады», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

R_GOR_2274_result.jpg

«Я вельмі цаню мае адносіны з Прэзідэнтам Пуціным»

У размове з журналістамі кіраўнік дзяржавы раскрыў новыя дэталі сваёй тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што праз некаторы час, як яны размаўлялі, сувязь перарвалася. І Дональд Трамп ператэлефанаваў зноў. 

«Я кажу: «Дональд, нейкія "ворагі" ўмяшаліся ў нашу размову», — пажартаваў беларускі лідар, калі размова аднавілася.

«Гэта, напэўна, Уладзімір», — з жартам адказаў Дональд Трамп, маючы на ўвазе Прэзідэнта Расіі.

«Ён не такі, ён не будзе ўмешвацца ў нашу размову», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка, назваўшы расійскага калегу старэйшым братам. 

Тлумачыць нашым людзям, які ўзровень беларуска-расійскіх узаемаадносін, не трэба. Але для тых, хто не ведае ці не да канца разумее, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «У нас блізкія, сяброўскія адносіны з Прэзідэнтам Пуціным. Мы абмяркоўваем любую тэму. Ён мяне можа пакрытыкаваць, я яму прама ў вочы сказаць магу тое, што яму ніхто не скажа ў сілу пэўных прычын. У нас устанавіліся сяброўскія адносіны перш за ўсё па той прычыне, што мы можам абмеркаваць любую праблему, праўдзіва выказаць у вочы адзін аднаму тое, што мы лічым патрэбным. Я вельмі цаню мае адносіны з Прэзідэнтам Пуціным — сяброўскія, братэрскія». 

Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, што падчас тэлефоннай размовы Дональд Трамп хваліў сваіх людзей, якія раней прыязджалі ў Мінск на перагаворы з беларускім лідарам. «Я сказаў: у цябе добрыя людзі, — удакладніў Прэзідэнт. — Ён мне расказаў пра адваката свайго, што яны даўно знаёмыя, дзе ён яму дапамагаў і як дапамагаў. Такі каштоўны чалавек, я яго называю «кожную раніцу п’еш каву з Трампам і баішся яму праўду сказаць». Дзякуючы, яму (адвакату амерыканскага Прэзідэнта. — «Зв.»), відавочна, адбылася гэта тэлефонная размова, бо ён выклаў яму ўсю праўду. Ён прыстойны чалавек, вельмі адданы, напэўна, прэзідэнту».

«Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, узрывалі (і яны гэта прызнаюць), не варта»

Беларускі лідар расказаў, што закраналася падчас размовы з Прэзідэнтам ЗША і тэма магчымага памілавання і вызвалення асуджаных. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў свайго калегу, што ў Беларусі створана спецыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты ад асуджаных, але канкрэтныя рашэнні застаюцца асабіста за кіраўніком дзяржавы. Такая работа, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, вядзецца на пастаяннай аснове.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў, што яму не ўсё роўна, што скажа беларускае грамадства аб яго дзеяннях у дачыненні да зняволеных. «Вызвалілі гэтых 16 чалавек, не ўсе ж адназначна гэта ўспрынялі, хаця паўнатой інфармацыі не валодаюць, — заўважыў ён. — Час пакажа. Можа, пасля гэтага лятаць свабодна будзем куды. Санкцыі і гэтак далей... Я людзей ні на каго не абменьваў. Гэта была прапанова амерыканцаў. Гэта амерыканская палітыка — здзелка. Хочаце — давайце так».

Аляксандр Лукашэнка расказаў падрабязнасці ранейшай размовы з амерыканцамі, якія датычацца вызвалення асуджаных: «Хочаце паўтары або дзве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Але разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, узрывалі (і яны гэта прызнаюць), не варта. Мы іх выпусцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае».

Размова на гэту тэму з Дональдам Трампам, па словах кіраўніка дзяржавы, ішла не больш за паўхвіліны.

«Трамп не такі, якім мы яго бачым»

«У размове з Пуціным я потым сказаў: «Трамп не такі, якім мы яго бачым», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ён абсалютна разумее праблему, разумны абсалютна чалавек. Вырве хтосьці на карысць сабе, пакажуць, што ён запальчывы. Нічога падобнага. Гэта адчуваецца. Гэта чалавек, які разумее. Яму б паболей такіх людзей. Думаю, карысць ад гэтага будзе, тым больш, ён настроены на мір». 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што таксама ў размове павіншаваў амерыканскага лідара з яго роляй ва ўрэгуляванні канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам. «Гэта вялікая справа -- супрацьстаяць гэтаму ніхто не зможа», — канстатаваў беларускі лідар.

GOR_1299_result.jpg

«Збеглыя не маюць ніякага дачынення да перагавораў з амерыканцамі»

Журналісты задалі Прэзідэнту пытанне, якое, напэўна, хвалюе многіх, — якое дачыненне «збеглыя» маюць да перагавораў беларускага і амерыканскага бакоў? 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што «збеглых» раздражняе сам факт гэтых перагавораў. І звярнуў увагу на тое, што нават апазіцыі трэба быць аб’ектыўнай і дзейнічаць у інтарэсах людзей: «Калі санкцыі, дык вас і Зянон Пазняк крытыкуе — санкцыі ж, кажа, гэта не супраць «рэжыму», гэта супраць народа, іх трэба здымаць. Разумная пазіцыя. Гэта зразумела нашым людзям у тым ліку. «Не, санкцыі, душыць, душыць і душыць!» Гэта такая вось гадасць з іх прэ».

Прэзідэнт заявіў, што «збеглыя» да перагавораў з амерыканскім бокам не маюць ніякага дачынення. «Наадварот — яны пра гэта кажуць — каб былі гэтыя «палітвязні». Калі палітвязні — ёсць прычына на   «дыктатара» ціснуць. Няма „палітвязняў“ — пра што казаць? Тады і яны не патрэбныя будуць там. Гэта іх пазіцыя, гэта іх палітыка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я гэта спецыяльна для нашых кажу, хто сёння адбывае пакаранне, каб яны разумелі, што яны патрэбныя ў турме, але не на волі. У калоніі — так. Гэта падстава для асуджэння маёй палітыкі і „рэжыму“, як яны кажуць. Вось іх палітычнае аблічча».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што аналагічная сітуацыя і па спісах 1300 зняволеных, пра якія згадваў Дональд Трамп. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, збеглая апазіцыя перадала ў Амерыку спісы, патрабуюць ад Дзярждэпа ціснуць на Беларусь па гэтых пытаннях. «Мы гэта ўсё ведаем, — сказаў Прэзідэнт. — Яны не рады, што мы дамаўляемся, і ў сябе абмяркоўваюць: «Як без нас, а мы дзе, нас не відаць, давайце неяк мы да гэтага прымажамся...»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прапановы збеглых сесці за стол перагавораў: «Я з кім павінен садзіцца за стол? З тымі, хто хацеў разваліць краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну, а якая карысць ад іх? Яны што, нам нечым дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памочнікі. А па гразі хадзіць — можна граззю запэцкацца. Навошта гэта мне? Гэта мне не трэба».   

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў амерыканцаў, што ніякіх перагавораў не будзе, калі прадстаўнікі ЗША будуць падыгрываць збеглым. Кажуць: «Не, мы з вамі вядзём перагаворы», — перадаў ён рэакцыю амерыканскага боку.

«Цяпер мы чакаем канкрэтных крокаў»

Журналісты пацікавіліся, ці можна казаць аб пэўнай нармалізацыі адносін Беларусі і ЗША на сучасным этапе. 

«Размова — гэта вынік чагосьці. Гэта не проста ні з пушчы ні з поля ўзяў і патэлефанаваў», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе, што нармалізацыя беларуска-амерыканскіх адносін пачалася значна раней, да размовы двух лідараў. Па яго словах, гэта вынік пэўных крокаў і канкрэтных перагавораў з амерыканскім бокам. Да гэтага было каля пяці сустрэч, апошняя — са спецпасланнікам Прэзідэнта ЗША Кітам Келагам, інфармацыя аб якой была ў адкрытым доступе. Пры гэтым, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, зрабіць публічнай апошнюю сустрэчу прапанавалі амерыканцы.

«Мы не супраць, мы не настойвалі на тым, каб гэта было публічна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для мяне гэта не мела ніякага значэння, і я разумеў, што ў выніку нейкіх нашых размоў мы там санкцыі не адменім, да канкрэтыкі пэўнай не прыйдзем».

Па выніках сустрэчы былі прыняты рашэнні аб памілаванні шэрагу асуджаных, аб чым прасіў амерыканскі бок. «Мы ім сказалі: «Хлопцы, мы зрабілі шмат розных крокаў вам насустрач і іншае, — прывёў дэталі перагавораў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер мы чакаем канкрэтных крокаў ад вас. Я нават ніколі не казаў пра санкцыі, клянуся вам. Нашы сказалі, Рыбакоў (Валянцін Рыбакоў, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. — „Зв.“), яму сказаў: „Вы ведаеце, што трэба Беларусі“. Я забараніў прасіць. Ну, калі здымуць санкцыі з „Белавія“ і вы пачнеце спакойна лётаць па свеце, напэўна, гэта важна. Але не думаю, што вы пакутуеце з-за таго, што ў нас санкцыі на „Белавія“. У Кітай ляцім, туды ва ўсе краіны ляцім, па Расіі ляцім. Самалёты ўсе лётаюць. Ну так, напэўна, трэба здымаць, бо гэта смешна — увядзенне гэтых санкцый».

Гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, адносіцца і да калійных угнаенняў. «Усё прадаём, нават прырост, — сказаў ён. — Так, крыху больш страчваем на гэтай лагістыцы, але атрымалі за гэты час свае парты. Я ніколі не думаў, што порт — гэта вялікі дэфіцыт для краіны. Страшны дэфіцыт і вялікая выгада». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на негатыўны ўплыў санкцый, беларусы прыстасаваліся да новых умоў, наша прадукцыя шмат дзе запатрабавана. «Для нашай краіны з невялікай эканомікай шмат не трэба, — сказаў Прэзідэнт. — Вядома, не было б санкцый — жылі б лепш. Што тут гаварыць... Нічога ў іх добрага няма». 

Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што паціху, крок за крокам Беларусь будзе выбудоўваць адносіны з амерыканцамі. «Гэта буйная краіна, вельмі важная краіна, — канстатаваў ён. — Вы бачыце, што нават Расія, Кітай імкнуцца з імі дамовіцца. Хоць Кітай можа вельмі проста абысціся без Амерыкі, у іх рычагоў дастаткова. Але хочуць дамовіцца. Нам тым больш Бог наказаў. І мы ў гэтых адносінах будзем супрацоўнічаць».

Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў: не варта сварыцца і з найбліжэйшымі суседзямі — прыбалтамі, палякамі, з якімі, па яго словах, трэба наладжваць адносіны. «Яны ўжо валам ідуць у Беларусь і праз Беларусь і нешта прапаноўваюць, — сказаў беларускі лідар. — Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не ўяўляе пагрозы ні для якой краіны. «Ваяваць мы будзем толькі ў адным выпадку: калі нехта атакуе нас, — падкрэсліў ён. — Вось тады мы будзем ваяваць усімі магчымымі і немагчымымі метадамі».

«Еўрапейцам важна, якой будзе Украіна, але ўсё ў руках Трампа»

У пачатку тыдня ў Вашынгтоне прайшла сустрэча Дональда Трампа з еўрапейскімі лідарамі. Рэакцыю яна выклікала неадназначную. Журналісты папрасілі нашага Прэзідэнта даць ацэнку гэтай сустрэчы. І пацікавіліся яго меркаваннем, чаго насамрэч хочуць еўрапейцы. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён верыць у тое, што Дональд Трамп шчыра хоча спыніць гэту вайну. А тое, як ён паставіўся да кіраўнікоў еўрапейскіх краін, — яны гэта заслужылі. Беларускі лідар нагадаў, што менавіта гэтыя еўрапейцы выступалі катэгарычна супраць Дональда Трампа падчас прэзідэнцкай кампаніі. Вядома, складана добра ставіцца да людзей, якія вялі несправядлівую барацьбу, хацелі пасадзіць у турму, замахваліся на жыццё. «У палітыцы так: што прыйшоў ва ўладу — трэба ўсё забыць», — адзначыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што калі Дональд Трамп сур’ёзна вырашыў дасягнуць дамоўленасцяў па мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне, то еўрапейцы не змогуць гэтаму супрацьстаяць. «Ім трэба да гэтага неяк падключыцца і адыграць нейкую сваю ролю. Вядома, яны — еўрапейцы. Безумоўна, для іх важна, якой будзе Украіна і які будзе мір ва Украіне, калі аб’ектыўна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што падключыцца да перагаворнага працэсу еўрапейцам будзе вельмі цяжка пасля невыканання Мінскіх пагадненняў. 

«Усё залежыць ад Трампа, усё ў руках Дональда Трампа. Калі ён пагодзіцца на тое, што павінен быць мір, справядлівы мір, зробіць усё, каб Пуцін з Зяленскім сустрэліся, пагаварылі і дамовіліся (а гэта таксама шмат у чым залежыць ад Трампа), — еўрапейцы будуць вымушаны або праглынуць пілюлю ці дзесьці прыстроіцца ў хвост», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

«Без Кітая, без іх гарантый бяспекі, у любым пункце свету мір забяспечыць вельмі складана»

Прадстаўнікі медыя пацікавіліся, ці можа Беларусь выступіць у якасці гаранту бяспекі для Украіны.

R_GOR_3750_result.jpg

«Калі размова ідзе аб гарантыях бяспекі, гавораць аб пастаянных членах Савета бяспекі (ААН. — „Зв.“), — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гавораць пра ЗША, КНР, іншыя магутныя краіны, еўрапейскія краіны, якія не з’яўляюцца членамі Савета бяспекі, — прадаставіць такія гарантыі. У тым ліку і пра Беларусь. Але калі я гэта пачуў, я падумаў: ну, а нам гэта трэба ці не, каб мы камусьці гарантавалі нейкую бяспеку?»

Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што калі ў гэтым плане сапраўды будзе просьба падключыцца, то Беларусь можа пайсці на гэты крок. «Што мы, агрэсары? Падключымся. Але не рвёмся туды», — сказаў беларускі лідар.

  • Па словах кіраўніка дзяржавы, еўрапейцы пачалі дэзавуіраваць гэту інфармацыю, хочуць самі выступіць такімі гарантамі бяспекі разам з амерыканцамі. Абмяркоўваецца ў тым ліку магчымасць увесці ва Украіну свае войскі або стварыць магутную ўкраінскую армію. «Расіяне, вядома, цяпер катэгарычна супраць таго, каб там былі замежныя войскі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта расіянам не патрэбна». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба быць рэалістамі. Па яго словах, нават калі цяпер удасца дамовіцца аб скарачэнні арміі ва Украіне або абмежаваннях на аб’ёмы ўзбраенняў, то гэта не значыць, што ў будучыні сітуацыя не памяняецца. І ў гэтым плане красамоўны прыклад адносна Германіі, які прывёў кіраўнік дзяржавы, дзе пра ўсе дамоўленасці наконт колькасці арміі і іншага ўжо даўно забыліся.

«Так, будзем настойваць з расіянамі, каб гэтага не было, каб яны (Украіна. — „Зв.“) не былі агрэсіўнай краінай, каб гэта не было плацдармам для нападзення ў будучыні на нас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, удакладніўшы, што абстаноўка можа скласціся інакш.

Прэзідэнт нагадаў, што Зяленскі заяўляў, што яны не хочуць, каб Кітай быў у ліку такіх гарантаў бяспекі, бо гэта краіна нібыта не прадухіліла вайну. «Гасподзь з вамі! Кітай павінен быў умяшацца ў вайну і прадухіліць яе... — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ты павінен быў рабіць усё, каб у цябе не было вайны. А калі Кітай не будзе гарантам бяспекі (ён — член Савета бяспекі), вы ведаеце, без Кітая, без іх гарантый бяспекі, у любым пункце свету мір забяспечыць вельмі складана. Таму, перш чым ляпаць языком, Зяленскаму трэба трошкі думаць».

«Трэба мець сваё меркаванне»

За тры тыдні да сустрэчы на Алясцы беларускі Прэзідэнт у інтэрв’ю амерыканскаму часопісу адзначыў, што Расія гатовая да перагавораў. Усё атрымалася, як казаў Аляксандр Лукашэнка, і ўвесь свет гэта ўбачыў. Ды і наогул кіраўнік дзяржавы часта дакладны ў сваіх прагнозах. Журналісты папрасілі адкрыць сакрэт, дзякуючы чаму яму гэта ўдаецца: палітычнаму досведу, інтуіцыі, непублічнай інфармацыі? 

Прэзідэнт расказаў, што ўважліва слухае розныя меркаванні, аналізуе, параўноўвае. «Гэта паглыбленасць у пытанне. Калі ты ў гэта паглыблены, можаш разважаць на гэту тэму і мець сваё меркаванне. Але гэта тваё меркаванне. Без ілжывай сціпласці, гэта і ў нейкай ступені вопыт», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як у пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі ў размове з Уладзімірам Зяленскім раіў яму, як дзейнічаць, раіў спыніць канфлікт, прапанаваў сесці за стол перагавораў. «Калі б тады паслухалі тое, што я казаў (і гатовы быў адыграць нейкую ролю), сёння гэтага не было б, і па абласцях Запарожскай, Херсонскай і Луганскай, і Данецкай нават — па адным Крыме была б размова. Не паслухаў, — нагадаў ён. — І потым, я ж ведаю пазіцыю Прэзідэнта Расіі, калі б ён быў ястрабам „біць, біць“ — то іншая справа. Але ён прапаноўваў і прапануе (мірнае ўрэгуляванне. — "Зв."). Трэба за гэта ўчапіцца». 

Аляксандр Лукашэнка гэтак жа расказаў, што параіў Дональду Трампу нагадаць еўрапейцам аб парушэнні Мінскіх пагадненняў — аргументавана і па фактах. Зноў жа, беларускі лідар вельмі паглыблены ў гэта пытанне.

«Трамп заслужыў Нобелеўскую прэмію міру»

Журналісты папрасілі беларускага лідара ацаніць шанцы Дональда Трампа на Нобелеўскую прэмію міру, да якой ён так імкнецца. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Нобелеўская прэмія дыскрэдытаваная цалкам і стала чыста палітычнай гульнёй. Але ў Амерыцы гэта ўспрымаецца інакш і Дональд Трамп гэта ўспрымае інакш, для яго гэта важна. 

«Так, ён у гэтым плане славалюбівы, амбіцыйны чалавек, але што ў гэтым дрэннага? Чалавек хоча Нобелеўскую прэмію (калі гэта так) — ну і на здароўе, хай атрымлівае! Што для нас у гэтым дрэннага? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Калі трэба падтрымаць (Трампу трэба), то, напэўна, ён гэтага заслугоўвае». 

  • Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што Дональд Трамп атрымае Нобелеўскую прэмію міру. «Барак Абама да яго... Толькі стаў прэзідэнтам, нічога не зрабіў — атрымаў Нобелеўскую прэмію. Ён нават развязаў некалькі войнаў. А гэты ж змагаецца за мір. Ды Гасподзь з ім, няхай бы ён атрымаў гэту Нобелеўскую прэмію. Я асабіста за. Думаю, такой пазіцыі прытрымліваюцца многія, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае, што яго будуць паважаць людзі — у Расіі, ва Украіне, у нас. Патэлефанавалі адзін аднаму — нашы людзі з натхненнем гэта ўспрынялі. „Удзячныя Дональду Трампу“ — вось гэта важна, а не тое, што Нобелеўскі камітэт прысудзіць яму прэмію». 

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што амерыканскі лідар гэта заслужыў. «Пры ўсіх яго недахопах, ён змагаецца за мір больш, чым хто-небудзь», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такія палітыкі, як Дональд Трамп і Сі Цзіньпінь, могуць паўплываць на ход падзей у свеце, дамагчыся міру, таму што гэта дзве магутныя краіны, якія могуць паўплываць у любым пункце свету на развіццё падзей.

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю