Top.Mail.Ru

Прэзідэнт — Наследнаму прынцу Абу-Дабі: Узровень нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва падцягнецца да ўзроўню палітычнага супрацоўніцтва

На палях Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка праводзіць дзвюхбаковыя сустрэчы.


На сустрэчы з Наследным прынцам Абу-Дабі, Старшынёй Выканаўчага савета шэйхам Халідам бэн Мухамадам бэн Заід аль-Нахайянам Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў высокага госця адносна насычаны дзень у нашай краіне. «І вельмі важны (я б хацеў, каб гэта быў важны дзень у гісторыі вашай дзяржавы), — удакладніў беларускі лідар. — Мы з вамі падпішам пагадненне аб нашым будучым супрацоўніцтве. Я вельмі спадзяюся, што ўзровень нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва падцягнецца да ўзроўню палітычнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Эміратамі».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што крыўдзіцца няма на што. «Мы нядрэнна супрацоўнічаем, — канстатаваў ён. — Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца аб’екты, інвестыцыйнае супрацоўніцтва паміж намі. Вы ведаеце, што мы разам з эмірацкай кампаніяй будуем «Паўночны бераг».

Па словах Прэзідэнта, напярэдадні Наследны прынц Абу-Дабі ўпершыню прысутнічаў на Еўразійскім эканамічным форуме, які праходзіў у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. «Магутны будынак, цэлы комплекс, пабудаваны з вашай дапамогай, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы вам за гэта вельмі ўдзячныя».

Яшчэ адна будоўля, якая ажыццяўляецца ў беларускай сталіцы з удзелам эмірацкай кампаніі (як удакладніў кіраўнік дзяржавы, на сотні мільёнаў долараў) — будаўніцтва гасцінічнага комплекса ў цэнтры сталіцы, у раёне вуліцы Янкі Купалы. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што аб’ект, які вельмі ўражвае, у бліжэйшы час будзе завершаны, што яшчэ раз засведчыць супрацоўніцтва, сяброўства паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. 

«Ведаю, што Эміраты (у гэтых адносінах вы, вядома, малайцы) дапамагаеце вельмі многім дзяржавам, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — У вас створаны спецыяльны фонд дапамогі. За час яго існавання да гэтага года вы аказалі дапамогу ста дзяржавам на 98 мільярдаў долараў. Гэта аб’ёмы, якія ўражваюць. Вы таксама супрацоўнічаеце з Сусветным банкам па аказанні дапамогі, таксама інвесціравалі праз іх фонды тры мільярды долараў. Хацеў бы папрасіць вас, каб вы не забыліся аб нашых кампаніях. І калі ў рамках гэтага фонду (вы гэта практыкуеце) мы зможам пастаўляць сваю прадукцыю (якасную прадукцыю), пачынаючы ад прадуктаў харчавання да машынабудаўнічай прадукцыі, калі вы нас будзеце прыцягваць да гэтай праграмы, мы вам будзем удзячны».

У завяршэнні сустрэчы беларускі лідар перадаў самыя добрыя пажаданні свайму даўняму сябру — Прэзідэнту ААЭ. «І скажыце яму, што мы яго ў любы час чакаем у Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

256117-05.jpg

У сваю чаргу, Наследны прынц Абу-Дабі адзначыў, што сустракацца з беларускім лідарам для яго — вялікі гонар. Ëн перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя цёплыя пажаданні ад Прэзідэнта Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

«Адносіны паміж Беларуссю і Эміратамі вельмі моцна развіваюцца, — падкрэсліў Халід бэн Мухамад бэн Заід аль-Нахайян. — Вы ведаеце, што за апошні год тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 800 %. Мы шануем уклад Беларусі і ў форум, які вы праводзіце, у цэлым у наша двухбаковае супрацоўніцтва».

Наследны прынц праінфармаваў, што інвестыцыі ААЭ ў Беларусь ужо прывысілі 4 мільярды долараў. «Намеры ўсяго кіраўніцтва Эміратаў — сто працэнтаў інвесціраваць у Беларусь, — падкрэсліў ён. — Сумесна мы рэалізуем шмат інфраструктурных праектаў ў Беларусі і, вядома, самы вялікі і адметны з іх — „Паўночны Бераг“. Мы супрацоўнічаем у сферы харчовай бяспекі, ухіляем бар’еры для гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй паміж нашымі краінамі. Што датычыцца тэхналогій, наша супрацоўніцтва працягвае ўмацоўвацца, асабліва ў сферы штучнага інтэлекту, разумнай лагістыкі і лічбавай адукацыі».

Валерыя СЦЯЦКО, Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю