Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, перадае БелТА.
Дыпломы доктара навук кіраўнік дзяржавы ўручыў 11 вучоным.
Сярод іх доктар фізіка-матэматычных навук, дацэнт, прафесар кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій БДУ Аляксандр Палякоў. Навуковая ступень доктара прысуджана яму за развіццё тэорыі працэсу рэцыркуляцыі аптычных сігналаў у замкнёных валаконна-аптычных сістэмах са спектральным падзелам інфармацыйных каналаў. Атрыманыя вынікі з’яўляюцца асновай для стварэння вымяральнікаў розных фізічных велічынь. Могуць выкарыстоўвацца ў спецыялізаваных аптычных працэсарах, лазернай касмічнай сувязі і ў падземных валаконных сістэмах аховы перыметра для кантролю падыходаў да забароненых зон рэжымных і стратэгічных аб’ектаў.
Вучоная ступень доктара хімічных навук прысуджана дацэнту, загадчыку кафедры экалагічнай хіміі і біяхіміі Інстытута імя А. Д. Сахарава Белдзяржуніверсітэта Сіямаку Насеру Шахабу за распрацоўку фізіка-хімічных асноў стварэння плёначных палярызатараў на аснове афарбаваных палімераў і палімерных кампазітаў для вадкакрысталічных індыкатараў і прылад оптаэлектронікі. Вынікі выкарыстаны ў вытворчасці паляроідаў пры вырабе дазіметраў, вытворчасці прыбораў праверкі сапраўднасці дакументаў, дэфектаскопаў.
Дацэнт, начальнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Іван Палявода ўдастоены вучонай ступені доктара тэхнічных навук за распрацоўку комплекснай ацэнкі вогнеўстойлівасці сучасных будаўнічых канструкцый з высокатрывалага, мадыфікаванага і цэнтрыфугаванага бетонаў, танкасценных і папярэдне напружаных канструкцый. Устаноўлены заканамернасці іх паводзін і механізмы разбурэння пры пажары, распрацаваны метады вызначэння межаў вогнеўстойлівасці і эфектыўныя рашэнні вогнеаховы. Гэта дазваляе пры праектаванні мадэляваць жыццёвы цыкл будынкаў у асаблівых разліковых сітуацыях пажару і гарантаваць пажарную бяспеку будынкаў і збудаванняў.
Вучоная ступень доктара сельскагаспадарчых навук прысуджана дацэнту, загадчыку лабараторыі селекцыі лёну-даўгунца Інстытута лёну Віктару Богдану за новыя навуковыя і практычныя вынікі ў селекцыі лёну-даўгунцу, якія ўключаюць стварэнне генетычнага фонду лёну-даўгунцу (628 узораў з 33 краін свету) і вылучэнне генаў гаспадарча карысных прыкмет.
Яшчэ адзін доктар сельскагаспадарчых навук — дацэнт, дырэктар Інстытута аховы раслін НАН Беларусі Аляксандр Запрудскі. Ён удастоены гэтай вучонай ступені за распрацоўку і ўкараненне навукова абгрунтаванага комплексу асноўных агратэхнічных і аграхімічных прыёмаў тэхналогіі вырошчвання кармавых бабоў на зерне.
Вучоная ступень доктара гістарычных навук прысуджана дацэнту, рэктару Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыне Кітурко за вывучэнне дзейнасці дзяржаўнай мытнай службы ў 1764-1795 гадах. Атрыманыя вынікі выкарыстоўваюцца пры выкладанні ў ВНУ, а таксама пры стварэнні музейных экспазіцый і навукова папулярных выданняў па айчыннай гісторыі.
Дацэнту, прафесару кафедры акушэрства і гінекалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Ірыне Верас прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук за распрацоўку і ўкараненне ў практычную ахову здароўя новага комплексу праграм дыягностыкі, прагназавання і лячэння пасляродавага эндаметрыту. Прымяненне гэтага комплексу дае магчымасць выявіць дадзеную паталогію на ранніх стадыях і своечасова прызначыць тэрапію — даказана яго эфектыўнасць у зніжэнні мацярынскага захворвання ў 2,4 раза і паляпшэнні рэпрадуктыўнага здароўя жанчын.
Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана дацэнту, прафесару кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Таццяне Емяльянцавай за распрацоўку і ўкараненне метадаў дыягностыкі, рэабілітацыі і абілітацыі, медыка-сацыяльнай экспертызы дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДВГ), а таксама з іншымі растройствамі нейрапсіхічнага развіцця, у тым ліку растройствы аўтыстычнага спектру. Ажыццяўленне распрацаванай праграмы рэабілітацыі і абілітацыі дае магчымасць скараціць да 5 гадоў тэрмін аднаўлення жыццядзейнасці дзяцей з СДВГ.
Яшчэ адзін доктар медыцынскіх навук — дацэнт, намеснік дэкана лячэбнага факультэта БДМУ Аляксей Кадушкін. Вучоная ступень прысуджана яму за распрацоўку метаду прагназавання эфектыўнасці прымянення глюкакартыкоідаў у пацыентаў з абвастрэннем хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх. Метад дазваляе ажыццяўляць персаніфікаванае лячэнне пацыентаў, якія пакутуюць гэтым захворваннем.
Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук таксама прысуджана дацэнту, начальніку кафедры ваенна-палявой хірургіі ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ Дзмітрыю Клюйко за распрацоўку, навуковае абгрунтаванне і ўкараненне ў клінічную практыку новага персаніфікаванага падыходу да аказання медыцынскай дапамогі пацыентам са знітавальнага хваробай органаў брушнай поласці. Гэта дазволіла дабіцца адсутнасці смяротных зыходаў і скараціць колькасць пасляаперацыйных ускладненняў у 3,4 разы.
Доктарам медыцынскіх навук таксама стаў рэктар Віцебскага медуніверсітэта Аляксей Чуканаў за распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку міжраённых рэсурсных цэнтраў прэнатальнай дыягностыкі Рэспублікі Беларусь высокаэфектыўных метадаў дародавай дыягностыкі парокаў развіцця ў плода, якія садзейнічаюць зніжэнню прэнатальных страт і інвалідызацыі дзяцей.
Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў доктару біялагічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, акадэміку-сакратару Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі Алегу Баранаву (спецыяльнасць «біялогія»); прафесару, загадчыку кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміру Дулаву (мастацтва); прафесару, загадчыку кафедры комплекснага вывучэння развіцця КНР Белдзяржуніверсітэта Руслану Есіну (паліталогія); доктару тэхнічных навук, прафесару, намесніку старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Дзянісу Капскаму (транспарт); доктару медыцынскіх навук, прафесару, прафесару 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ Іне Казыра (медыцына); доктару палітычных навук, прафесару, дырэктару Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Леаніду Мальцаву (паліталогія); доктару медыцынскіх навук, прафесару, загадчыку Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу РНПУ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя А. А. Аляксандрава Ганне Парцянка (медыцынская біялогія).
У тэму
«У краіне створаны ўсе ўмовы для навуковай дзейнасці»
У размове з журналістамі прафесар кафедры псіхіятрыі і наркалогіі, медыцынскай псіхалогіі БДМУ, доктар медыцынскіх навук Таццяна Емяльянцава празналася, што атрымаць дыплом доктара навук з рук Прэзідэнта — гэта вялікі гонар і яшчэ большая адказнасць. «У дзяржаве створаны ўсе ўмовы для навуковай дзейнасці, атрымання аб’ектыўнай інфармацыі і яе сістэматызацыі, для таго, каб атрымаць рашэнні і працаваць на карысць любімай краіны. Навука заўсёды ўпрыгожвае. І вельмі прыемна, калі твае гіпотэзы атрымліваюць навуковыя пацверджанні. Гэта і ёсць прафесіяналізм, які не дае спыняцца на дасягнутым», — адзначыла яна. Даведаліся ў герояў дня, якія яшчэ гіпотэзы і вынікі іх навуковай працы, упрыгожваюць краіну.
Ступень доктара хімічных навук прысуджана Сіямаку Шахабу за распрацоўку фізіка-хімічных асноў стварэння плёначных палярызатараў на аснове афарбаваных палімераў і палімерных кампазітаў для вадкакрысталічных індыкатараў і прылад оптаэлектронікі. Ён растлумачыў, што аптычныя палярызатары шырока выкарыстоўваюцца ў оптаэлектроніцы, для стварэння гадзіннікаў, электронных табло. Сёння гэта вельмі актуальна. Сіямак Шахаб расказаў, што ён родам з Ірана. «Я заўсёды стараўся стварыць тэхнічны, тэхналагічны мост паміж нашымі краінамі, каб мы маглі больш цесна працаваць і прасоўваць свае навуковыя даследаванні, — адзначыў вучоны. Разам з тым, Сіямак Шахаб адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе належныя ўмовы для камфортнай і плённай навуковай дзейнасці. «Самае галоўнае — бачыць гэтыя магчымасці і выкарыстоўваць іх тады, калі трэба», — падкрэсліў ён.
Прафесар кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій БДУ Аляксандр Палякоў якраз і займаецца прыкладной навукай. Яго сфера навуковых інтарэсаў звязана з валаконнай оптыкай. На аснове вынікаў даследаванняў у яго дысертацыйнай рабоце быў сфармуляваны новы метад вымярэнняў, прапанаваны фундаментальныя асновы пабудовы розных высокадакладных валакно-аптычных сістэм. Іх асаблівасць у тым, што яны даволі ўніверсальныя і, вымяраючы толькі канструкцыю адчувальнага элемента, можна вымяраць розныя фізічныя велічыні. Такія прылады могуць выкарыстоўвацца для вымярэння тэмпературы, высакавольтнага напружання, канцэнтрацыі кіслароду.
«Прыкладной» навукай можна смела лічыць і медыцынскія даследаванні, бо ад іх залежыць самае каштоўнае для дзяржавы — жыццё людзей. Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана рэктару Віцебскага дзяржаўнага Ордэна дружбы народаў медыцынскаму ўніверсітэту Аляксею Чуканаву. Сфера яго навуковых інтарэсаў — высокаэфектыўныя метады дародавай дыягностыкі парокаў развіцця ў плоду, якія садзейнічаюць зніжэнню перынатальных страт і інвалідызацыі дзяцей. Гэтыя метады ўжо ўкаранілі ў клінічную практыку міжраённых рэсурсных цэнтраў прэнатальнай дыягностыкі Аляксей Чуканаў звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага падрыхтоўцы кадраў у галіне медыцыны, на што ў тым ліку накіравана дзейнасць і Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. «Чалавек, прыходзячы да ўрача, павінен быць упэўнены ў тым, што атрымае якасную медыцынскую дапамогу. Зносіны ўрача з пацыентам — гэта таксама надзвычай важна і гэтаму аспекту ў падрыхтоўцы і выхаванні граматных прафесіяналаў мы надаём вялікую ўвагу», — расказаў рэктар.
Ірына Верас, прафесар кафедры акушэрства і гінекалогіі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ атрымала ступень доктара медыцынскіх навук за распрацоўку і ўкараненне ў практыку новага комплексу праграм дыягностыкі, прагназавання і лячэння пасляродавага эндаметрыту. «Ужо са студэнцкіх гадоў я займалася пошукамі новых метадаў лячэння, дыягностыкі запаленчых захворванняў у жанчын. Мая праца прысвечана здароўю маці, лячэнню запаленчага працэсу ў матцы, які звязаны з цяжкімі родамі. Мы робім усё, каб захаваць дзетародны орган здаровым пасля родаў, каб жанчына магла мець дзяцей у далейшым. Мы распрацавалі і ўкаранілі метады дыягностыкі, лячэння. Гэта дазваляе таксама знізіць колькасць пасляродавых ускладненняў. Праца заняла доўгі час — больш за 10 гадоў. Мы працягваем даследаванні. Новыя вынікі будуць укаранёныя ў практыку. Упэўнена, гэта спрыяльна адаб’ецца на дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, — падзялілася яна. Галоўным вынікам сваёй працы доктар назвала шчаслівых маці і іх здаровых дзяцей.
Напрыканцы сустрэчы Прэзідэнт пажадаў вучоным не проста працаваць над сваім даследаваннямі, але і рыхтаваць маладое пакаленне, перадаваць свае веды вучням, каб усё было не дарма. Ірына Кітурка не толькі вывучае дзейнасць мытнай службы 1764-1785 гадоў, за што атрымала навуковую ступень доктара гістарычных навук, але і кіруе Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэтам імя Янкі Купалы.
Таму пра прыцягненне моладзі ў навукі рэктар ведае як ніхто іншы. «Самае галоўнае — зацікавіць студэнтаў. Я абсалютна ўпэўнена, што тут галоўную ролю адыгрывае асобасны фактар. У час вучобы важна, якую пазіцыю займае навуковы кіраўнік. Калі ён сам любіць навуку, жыве ёю, ён зможа зацікавіць іншых», — падзялілася сакрэтам Ірына Кітурка.