«Нам трэба як прыклад ставіць наша супрацоўніцтва з Піцерам і Ленінградскай вобласцю»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў у Палацы Незалежнасці губернатара Санкт-Пецярбурга Аляксандра Бяглова, які гэтымі днямі наведвае нашу краіну з рабочым візітам. Падчас перагавораў бакі намецілі канкрэтныя крокі развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.

«Прыемна пачынаць з прыемнага»
Сустрэча расійскага губернатара з беларускім лідарам пачалася на вельмі прыемнай ноце — уручэнні Аляксандру Бяглову ордэна Пашаны. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі падпісаў напярэдадні. Аляксандр Бяглоў удастоены ўзнагароды за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных і культурных сувязяў, умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
«Прыемна пачынаць з прыемнага», — звярнуўся беларускі лідар да Аляксандра Бяглова, уручыўшы яму заслужаную ўзнагароду. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму госцю за плённае супрацоўніцтва і перадаў самыя цёплыя пажаданні і віншаванні ленінградцам.
«Я сёння падумаў, калі б у нас супрацоўніцтва было з іншымі гарадамі, рэгіёнамі Расіі, як з Піцерам і Ленінградскай вобласцю, у нас бы наогул праблем не было, — звярнуўся да губернатара Прэзідэнт. — І ў Расіі не было б». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам і Ленінградскай вобласцю трэба ставіць у прыклад.
Беларускі лідар прапанаваў таксама адрадзіць савецкую практыку, калі Беларусь была адказная за забеспячэнне неабходнымі таварамі шэрагу буйных гарадоў і рэгіёнаў Расіі.

«Час вяртацца да савецкай практыкі, калі Беларусь адказвала за Калінінград, Піцер, Маскоўскую вобласць, часткова Маскву (яна велізарная, асабліва цяпер, думаю, што мы наўрад ці справімся з такім гіганцкім аб’ёмам). Але супрацоўнічаць нам перш за ўсё трэба з гэтымі рэгіёнамі. Адказнасць была ў тым, што ўсё, чаго не было ў Ленінградзе і вобласці, асабліва ў Калінінградзе, мы абавязаны былі вырабіць і паставіць», — звярнуўся Прэзідэнт да пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова, які таксама прысутнічаў на сустрэчы.
«Гэта паказальна для нашых украінскіх сяброў і таварышаў»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў аснове такога цеснага ўзаемадзеяння — у тым ліку і гістарычныя сувязі. І адны, і другія перажылі вельмі трагічныя падзеі, значна пацярпелі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. А пасля яе заканчэння многія з Ленінграда прыязджалі ў Беларусь, заставаліся тут жыць. Асабліва гэта датычыцца прадстаўнікоў навуковай супольнасці, якія пасля дапамагалі ў стварэнні і станаўленні нацыянальных навуковых школ. «Людзі ў нас адукаваныя, разумныя. Я заўсёды Прэзідэнту Расіі гавару: калі беларусы на кагосьці вельмі-вельмі падобныя, — гэта ленінградцы. Гэта наогул адны і тыя ж людзі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся наконт праграмы візіту Аляксандра Бяглова ў Беларусь, адзін з пунктаў якой — наведванне Брэсцкай крэпасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівую значнасць як самога месца, так і яго наведвання. «Схіліць калена, як у нас кажуць, ушанаваць памяць герояў Брэсцкай крэпасці — гэта вельмі важна. Гэта паказальна, Барыс Вячаслававіч (Грызлоў. — „Зв.“), для нашых украінскіх сяброў і таварышаў. Рана ці позна людзі зразумеюць, што могуць страціць і што страчваюць ва Украіне, — перакананы беларускі лідар. — Вось гэты прыклад — Брэсцкай крэпасці — там змагаліся ўсе. Больш за ўсё там было рускіх людзей, беларусаў, украінцы там былі і нават з Цэнтральнай Азіі людзі ваявалі. Такі элемент вашай паездкі вельмі важны для сучаснасці і будучыні».
«Усё, што мы паабяцалі, зробім»
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што губернатару Санкт-Пецярбурга выдатна вядомыя магчымасці беларускага боку. «Будзьце ўпэўненыя: усё, што мы паабяцалі, зробім. І ў сферы машынабудавання, і рамонту ліфтаў, харчавання. Усё, што трэба Ленінграду і мы можам, мы павінны гэта рабіць. І я вельмі рады, што Прэзідэнт Расіі ўспрымае такую формулу, што мы зноў павінны супрацоўнічаць у гэтым плане, — падкрэсліў беларускі лідар. — Быў Вараб’ёў нядаўна (сустрэча з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым прайшла ў чэрвені 2026 года. — „Зв.“). Я бачу, у яго настрой вельмі добры на наша супрацоўніцтва. Але я ж не забываю пра тое, што ў нас ёсць суседзі — Бранск, Смаленск, Пскоў. Ад Бога яны. Калі мы чымсьці можам, дапаможам. Мы будзем дапамагаць».
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім даручэнні паставіць на кантроль пытанні, калі гэтым расійскім рэгіёнам будзе неабходная тая ці іншая дапамога. «З палівам, іншымі пытаннямі, бяспекай. Калі патрэбна наша дапамога, мы адкрыта пра гэта гаворым, мы будзем дапамагаць. Там не чужыя людзі», — заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі нагадаў, як на нядаўняй сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці жартам сказаў: «Яшчэ трэба разабрацца, чыя Бранская вобласць». «Тут пачалі падкручваць, што я ледзь не Бранскую вобласць патрабую ад Барыса Вячаслававіча (Грызлова. — „Зв.“) аддаць. Ды не. Ведаеце, у мяне гэтага няма абсалютна, — адзначыў Прэзідэнт. — Невядома яшчэ, што найбліжэйшым часам, праз некалькі гадоў будзе з гэтымі рознымі граніцамі. Можа, наогул людзі іх прызнаваць не будуць. Людзі будуць свабодна перамяшчацца ў свеце. Дай бог, каб так было. Гасподзь дапаможа».

«Таму ў мяне няма такой вось зацыкленасці на тым, што чыясьці там зямля. Там, дзе людзі жывуць, хай жывуць. Не трэба перашкаджаць. Жыццё наша выведзе туды, куды трэба, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Таму я разумею, што ў Бранску, у Смаленску, у Пскове (яны і вам не чужыя людзі, вашы таксама суседзі) — гэта нашы людзі. Мы для іх заўсёды адкрытыя, ну проста дзверы насцеж! І мы павінны абавязкова падтрымліваць і дапамагаць ім».
«Вы больш адкрыта гаварыце, што мы дзесьці там недапрацоўваем. Мы на гэта адрэагуем вельмі хутка»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі склалася практыка прызначэння службовых асоб, адказных за развіццё супрацоўніцтва з тым ці іншым рэгіёнам або дзяржавай. І за расійскі напрамак у гэтым сэнсе адказвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які таксама прысутнічаў на сустрэчы і салідарны з меркаваннем, што супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга можна лічыць узорным і ставіць у прыклад.

«Нам трэба як прыклад ставіць наша супрацоўніцтва з Піцерам і Ленінградскай вобласцю. Гэта наогул павінен быць узор нашага супрацоўніцтва. Дзякуй богу, што пры вас, вашым кіраўніцтве горадам гэта ўдалося зрабіць, — звярнуўся Прэзідэнт да Аляксандра Бяглова. — Мы ў гэтым кірунку рухаемся наперад. Толькі вы больш адкрыта гаварыце, калі саромеецеся мне сказаць, — яму скажыце ці ўраду, што мы дзесьці там недапрацоўваем. Мы на гэта адрэагуем вельмі хутка. Для нас гэта вельмі важна».
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў расійскага губернатара з узнагародай. «Гэта ўзнагарода заслужаная. Паверце, у нас узнагароду вельмі складана атрымаць. Вельмі складана. І я разы два тут звяртаўся да гэтага ўзнагароджання — ці тым ордэнам мы ўзнагароджваем, — заявіў беларускі лідар. — Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. — «Зв.»), мы з ім абмяркоўвалі, кажа: «Так, Бяглоў заслугоўвае ўзнагароды, я згодны».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што без згоды Прэзідэнта Расіі ў дадзеным выпадку ніяк не ўзнагародзіць. «Таксама дрэнна. Напэўна, беларусам і расіянам трэба ўжо ад гэтага адыходзіць. Чаго мы тут адзін у аднаго пытаем, каго ўзнагароджваць... Заслугоўвае — трэба ўзнагароджваць. А то яшчэ хтосьці заблакіруе ўзнагароджанне пасла Расіі ў Беларусі, во будзе потым...» — заўважыў беларускі лідар.
«Я намёк зразумеў», — адрэагаваў Барыс Грызлоў.
«Пакуль мы ва ўладзе, трэба вырашаць гэта пытанне, паколькі яно ўжо паступіла», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пажадаў поспехаў губернатару Санкт-Пецярбурга і запэўніў, што беларускі бок будзе ўсяляк яму дапамагаць. «Гэтак жа, як і вы нам дапамагаеце», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Вы — сімвал у нашым горадзе»
У сваю чаргу губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. «Перш за ўсё, я хацеў перадаць Вам словы падзякі і найлепшыя пажаданні ад жыхароў нашага горада-героя Ленінграда. Вы ведаеце, ленінградцы вас вельмі любяць, — канстатаваў губернатар. — Вы — сімвал у нашым горадзе. Сімвал мужнасці, стойкасці, сімвал той у добрым сэнсе савецкай эпохі, якая сапраўды рабіла Савецкі Саюз магутным. А вы сёння робіце магутнай, моцнай Рэспубліку Беларусь».
Губернатар адзначыў, што па выніках дзевяці месяцаў 2026 года рост ВУП у Беларусі склаў 2 %, а ў сельскай гаспадарцы прырост склаў больш за 4 %: «Гэта вялікая праца. Гэта значыць, беларусы працуюць добра, самааддана. Пад Вашым кіраўніцтвам такія поспехі».
Лічбы і факты
У студзені—жніўні 2026 года тавараабарот паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам дасягнуў 1811,3 мільёна долараў (110,3 % да паказчыка студзеня—жніўня 2025 года), экспарт — 1223,5 мільёна долараў (114,4 %), імпарт — 587,8 мільёна долараў (102,5 %), сальда дадатнае — 635,7 мільёна долараў.
З Беларусі экспартаваліся нафтапрадукты, сыры і тварог, ялавічына свежая або ахалоджаная, масла, мяса і харчовыя субпрадукты свойскай птушкі, цукар, тара пластмасавая, пахта, ёгурт, кефір, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.
Сярод асноўных імпартных пазіцый — рухавікі і генератары электрычныя, рыба марожаная, кава, бананы, поліацэталі і поліэфіры, смолы эпаксідныя, вата, харчовыя прадукты, дрот алюмініевы, чай, сродкі для галення, дэзадаранты.
У Санкт-Пецярбургу з ліпеня 2019 года на пляцоўцы ТАА «МЛМ Неўскі ліфт» працуе зборачная вытворчасць ліфтаў ААТ «Магілёўліфтмаш». У рэгіёне маюцца прамыя суб’екты тавараправоднай сеткі беларускіх вытворцаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
«Трэба займацца пытаннямі кааперацыі ў прамысловасці»
У размове з журналістамі губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў расказаў, як удаецца забяспечваць рост аб’ёмаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам. Гадавы тавараабарот складае каля 3 мільярдаў долараў і працягвае расці. «Сакрэт вельмі просты. Аляксандр Рыгоравіч гаварыў, што трэба адыходзіць ад формулы „пакупнік — прадавец“. Трэба проста займацца пытаннямі кааперацыі ў прамысловасці, што мы за апошнія тры гады паспяхова зрабілі. Для нас гэта вельмі важна», — адзначыў ён.

Беларусь і Санкт-Пецярбург паспяхова супрацоўнічаюць у пытаннях паставак транспарту і камунальнай тэхнікі. «Беларускія вытворцы вельмі хутка адказваюць на нашы пажаданні і заказы», — заўважыў губернатар.
І гэта, працягнуў ён, датычыцца не толькі аўтобусаў, тралейбусаў або электробусаў. У Беларусі таксама зрабілі для горада неабходную пажарную тэхніку.
Акрамя таго, з Санкт-Пецярбургам актыўна развіваецца супрацоўніцтва і ў галіне паставак прадуктаў харчавання. Днямі ў Санкт-Пецярбургу адкрылася флагманская крама праекта «Беларуская вёска». Аляксандр Бяглоў падзяліўся, што яму вельмі падабаюцца афармленне і цёплая атмасфера ў гэтых аб’ектах гандлю: «Заходзіш не як у нейкую краму, а заходзіш як дадому. Жыхары нашага горада вельмі любяць прадукцыю, якая пастаўляецца з Беларусі. Яна, як кажуць, па старых ДАСТах зробленая, вельмі смачная і карысная».
«У нас няма ніякіх пытанняў. Мы працуем дружна. Таму ў нас усё атрымліваецца», — падкрэсліў Аляксандр Бяглоў.
Асабліва ад імя жыхароў горада губернатар падзякаваў беларускаму боку за канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», які быў паказаны ў Санкт-Пецярбургу ў верасні гэтага года. Мерапрыемства было прымеркавана да 85-й гадавіны пачатку блакады Ленінграда. «Лепшага падарунка нельга было прыдумаць. Да слёз. Уся зала плакала. Гэта быў вялікі канцэрт», — сказаў Аляксандр Бяглоў.