Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Сёння няма тых пытанняў, што не мелі б палітычны характар

Жорсткія патрабаванні, крытычныя заўвагі і падыходы, якія павінны выконвацца пры вырашэнні найважнейшых дзяржаўных пытанняў, былі агучаныя на сустрэчы з палітычным штабам краіны. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, на якой актуалізаваў задачы і расставіў акцэнты.


Найперш кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чым выклікана неабходнасць правядзення мерапрыемства. Ён звярнуў увагу, што ўстанавілася добрая практыка абмеркавання злабадзённых пытанняў з урадам на ўзроўні Прэзідэнта. «Хацелася б, каб падобная практыка назаўжды засталася і ў нашай рабоце. Бо шмат мы гаворым пра тое, што Адміністрацыя Прэзідэнта — гэта апошні этап, апошні рубеж, апошні бар’ер. Гэта сапраўды так, перад прыняццем рашэння ў Прэзідэнта», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён заўважыў, што сустрэчы ў такім складзе праходзяць вельмі рэдка, не сістэматычна. Таму, зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка, трэба ўвесці такую практыку па прыкладзе работы з урадам — па неабходнасці.

Каму яшчэ рыхтавацца да сур’ёзнай размовы

Прэзідэнт анансаваў нараду на сваім узроўні з кіраўніцтвам і работнікамі Нацыянальнага банка. «Затым нам трэба арганізаваць і правесці з’езд вучоных. За навуку трэба брацца вельмі сур’ёзна. Гэта сфера ў Адміністрацыі Прэзідэнта практычна выключана, і я не бачу Адміністрацыі ў рабоце па арганізацыі працэсу навуковай дзейнасці, асабліва атрымання выніку. Таму ў сувязі са зменамі, якія адбыліся і адбудуцца ў кіраўніцтве Акадэміі навук... Гэта таксама

тэма, якая датычыцца не толькі мяне, але і вас перш за ўсё. Мы пагаворым пра будучыню нашай навукі на з’ездзе вучоных», — папярэдзіў Прэзідэнт. І яшчэ адно мерапрыемства, правядзенне якога анансаваў Аляксандр Лукашэнка, — нарада па развіцці Віцебскай вобласці. «Трэба паглядзець, што мы там стварылі добрага і які вынік ад той рэформы, якая была прапанаваная яшчэ ў часы Мікалая Мікалаевіча Шарснёва (маецца на ўвазе стварэнне інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы. — „Зв.“). Ну і іншыя пытанні, якія міма Адміністрацыі не пройдуць», — патлумачыў ён.

«Ваша работа — гэта «гарачая патэльня»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дамоўленасць праводзіць нарады з Адміністрацыяй Прэзідэнта былі дасягнутыя ўжо даўно. Але, адзначыў ён, не заўсёды атрымлівалася ўвасобіць гэту дамоўленасць у жыццё. «Выбарчая кампанія завяршылася. Абяцанні дадзены, стратэгія палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця краіны вызначана на наступныя пяць гадоў. Па асобных кірунках на Усебеларускім народным сходзе мы яшчэ раз закранём гэту праблему. Вельмі сур’ёзна трэба рыхтаваць УНС. І абмяркуем найбліжэйшыя нашы планы, планы на сярэднетэрміновую перспектыву, прынамсі на пяцігодку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў Адміністрацыю палітычным штабам Прэзідэнта, кантрольным органам і бар’ерам для іншых структур перад кіраўніком дзяржавы. Разам з тым Адміністрацыя Прэзідэнта надзеленая шэрагам функцый, якія ўскладаюць немалую адказнасць за вынік, да якога імкнецца ўся краіна. «Праз вашу экспертызу праходзяць практычна ўсе ключавыя прызначэнні і рашэнні, якія прымаюцца на ўзроўні Прэзідэнта. Я не перабольшваю, калі кажу, што праца ў Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніка Адміністрацыі, кіраўніцтва — гэта «гарачая патэльня», — сказаў ён. Мэтай нарады беларускі лідар назваў вызначэнне «вузкіх месцаў», карэкціроўку падыходаў да вырашэння задач, якія стаяць перад краінай. Аляксандр Лукашэнка пералічыў асноўныя з іх.

Першае — кадры. Памылкі тут недапушчальныя

Кіраўнік дзяржавы назваў гэты кірунак першым, галоўным у рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта, ды і ўсёй краіны. «Фарміруем кожны год, абнаўляем кадравыя рэзервы, а кандыдатаў на пасаду, як толькі адкрываецца вакансія, шукаем доўга і знаходзім не адразу. І нават у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. Дапускаюцца факты ўнясення Прэзідэнту недастаткова прапрацаваных кадравых прапаноў, — пазначыў праблему Аляксандр Лукашэнка. — Адміністрацыя Прэзідэнта павінна прынцыпова і жорстка падыходзіць да адбору прапанаваных кандыдатаў. Кадравыя памылкі недапушчальныя. Вы сваімі „шчупальцамі“ павінны бачыць кадры ў цэлым, пачынаючы ад калгасаў, саўгасаў і заканчваючы самымі высокімі ўзроўнямі. Але абмяркоўваць прапановы для ўнясення Прэзідэнту вы павінны калектыўна. Не капрыз кіраўнікоў адміністрацыі ці дваіх — траіх чалавек. А вы калектыўна павінны праштудзіраваць тую ці іншую кандыдатуру».

Прэзідэнт папярэдзіў, што адказнасць за кадравыя прызначэнні будзе павышацца.

Другое — ідэалогія. Трэба размаўляць з людзьмі і пазбягаць фармалізму

«Калісьці ўсе хаваліся ад гэтага тэрміна. Але мною было ўведзена паняцце „ідэалогія“. Як бачыце, сёння ўсе загаварылі аб ідэалогіі, нават амерыканцы. Ад гэтага сыходзіць не трэба: ніхто нічога лепш не прыдумаў, як пазначыць працэс усялякіх пераўтварэнняў, мэт і гэтак далей у галаве чалавека, пакладзеных на паперу. Але „зямных“. Не так, як гэта было ў савецкія часы, — усе імкнуліся пабудаваць камунізм, але ніхто не ведаў, што гэта такое», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ідэалогія, акцэнтаваў ён, павінна ісці «ад зямлі». Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што важна не толькі прадставіць народу ідэалогію, але і выпрацаваць нацыянальную ідэю, якая магла б захапіць душы і сэрцы, розум людзей. «Можа, яна і ёсць. Некаторыя кажуць: патрыятызм, яшчэ штосьці. Але я не адчуваю, што ёсць такая ідэя. І калі мы яе выпрацуем, — а гэта павінна быць для нас вельмі важнай мэтай, якая захопіць усё, што ад сэрца да розуму чалавека, — гэта вяршыня», — адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, вынікі дзейнасці ідэалагічнай вертыкалі неаднойчы падвяргаліся крытыцы. Прымаліся розныя рашэнні. Але, па словах Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай сферы застаецца вельмі шмат фармалізму. У прыклад ён прывёў дні інфармавання, якія часта праводзяцца па прынцыпе: «прыйдзем у працоўны калектыў, чым больш людзей збяром у зале — тым лепей». «А вынік? Я папярэджваў, што ідэалагічныя работнікі — гэта рэдкасць. Гэта найвялікшая рэдкасць — чалавек, які прыйдзе ў любую залу, і захопіць увагу гэтай залы, і скажа не толькі тое, што хоча чуць чалавек, але і тое, што нават непрыемна, але чалавек гэта зразумее, чалавек гэта ўспрыме», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што многія службовыя асобы хварэюць на тое, каб сабраць як мага больш людзей, нешта ім сказаць. Але ў слухачоў сказанае не знаходзіць ніякага водгуку. «Усе вы таленавітыя людзі ў чымсьці. Вы павінны вызначыцца: калі вы ідзяце да людзей — колькі перад вамі павінна быць чалавек. Калі вы валодаеце талентам і псіхалогіяй нешта данесці дзесяці людзям, дык лепш дзесяці скажыце. Гэта потым разыдзецца ў працоўным калектыве. Але не старайцеся ў кучу сабраць і паказаць вялікую працу, — параіў кіраўнік дзяржавы. — Адзін з такіх прыкладаў, які я часта назіраю за чыноўнікамі. Не трэба да гэтага імкнуцца, гэта будзе на шкоду».

Прэзідэнт адзначыў, што трэба выбудоўваць ідэалагічную работу і, самае галоўнае, размаўляць з людзьмі. «Вы прафесіяналы, вы спецыялісты. І вы лепш за ўсё адчуваеце, дзе вы штосьці можаце. Самакрытычна трэба да гэтага падыходзіць», — параіў беларускі лідар. Паводле яго слоў, выбудоўваючы ідэалагічную работу ў краіне, не трэба імкнуцца праводзіць больш нарад, пасяджэнняў і форумаў. Хаця б таму, што гэта дорага. «Прымаючы тое ці іншае рашэнне, вы думайце, у што гэта абыдзецца», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што выклік людзей з рэгіёнаў на нарады і мерапрыемствы ў Мінск абыходзіцца нятанна, бо кожны едзе на службовым аўтамабілі і часцей за ўсё гэта дзяржаўныя выдаткі. У працяг тэмы з камандзіроўкамі Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта праблема ёсць і сярод вышэйшых службовых асоб. «Я падпісаў (камандзіроўку) міністру, дапусцім. А за міністрам цэлы ж хвост едзе. Таму жалезна вазьміце на жорсткі кантроль і папярэдзьце Прэм’ер-міністра, які ўносіць прапановы, і іншых. Гэта велізарныя грошы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — У нас і за Прэзідэнтам цэлая кавалькада. Давайце з нябёсаў будзем апускацца на зямлю. Таму прыводзьце ўсё ў парадак, не гледзячы ні на асобы, ні на рангі».

Працягваючы размову пра ідэалагічную работу, Прэзідэнт нагадаў пра Дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». «Я думаю, што Адміністрацыя Прэзідэнта вельмі сур’ёзна падышла да распрацоўкі гэтага дакумента. І гэтая дырэктыва павінна была вывесці ідэалагічную работу на якасна новы ўзровень», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пакуль гэтага не заўважыў. «У мяне вопыту хапае. Я працаваў ідэалагічным работнікам, ведаю, што такое кадры і гэтак далей. Таму я магу адразу ацаніць сітуацыю і вашы дзеянні. Не спрабуйце фармальна падыходзіць да тых ці іншых пытанняў. Прынцыповым чынам прапрацоўвайце іх», — даў рэкамендацыі кіраўнік дзяржавы.

Па словах беларускага лідара, сёння трэба ўмацоўваць кадравы склад ідэалагічнай вертыкалі, перафарматаваць інфармацыйна-тлумачальную работу з насельніцтвам, вызваліць ідэолагаў ад неўласцівых функцый. Ён зрабіў акцэнт на тым, што праз тэлебачанне, інтэрнэт, ды і наўпрост вочы ў вочы з людзьмі трэба размаўляць адкрыта. Яны чалавечае стаўленне ацэняць, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Трэцяе — нарматыўныя дакументы. Пакінуць толькі тое, што трэба

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што актуальнымі застаюцца пытанні празмернасці заканадаўчага масіву, дубліравання нормаў. «Трэба арганізаваць, трэба паглядзець усё, што мы нарабілі за апошнія 10, 20, а можа, і 30 гадоў і адсекчы тое, што нам сёння не трэба. Пакінуць толькі тое, што трэба, — нагадаў аб сваім даручэнні Прэзідэнт. — Варта звярнуць увагу на якасць экспертнай прапрацоўкі прававых ініцыятыў. Нам патрэбныя больш дакладныя прагнозы прававога ўздзеяння ўнесеных урадам і дапрацаваных вамі праектаў заканадаўчых актаў на сярэднетэрміновую перспектыву».

255939-09.jpg

Чацвёртае — кантроль за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта. Сістэма — патрэбна, адпіскі — не

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта актуальна і для пісьмовых, і для вусных даручэнняў. Увогуле, гэту функцыю Адміністрацыі Прэзідэнта ён назваў найважнейшай. «Калі гэтага кантролю не будзе, калі вы не даможацеся рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта, Прэзідэнту ў краіне рабіць няма чаго. Аўтарытэт яго будзе падаць. І ўрэшце можам давесці да таго, што народ зразумее: „Навошта гэты Прэзідэнт нам патрэбны наогул?“. А ў наш час ён патрэбны (буду я ці нехта іншы). Чалавек адказны, які ідзе наперадзе, на чале, — ён патрэбны. Але калі ён прымае рашэнні, жалезабетонна гэтыя рашэнні павінны быць выкананы. Вось гэта вы можаце зрабіць. Любы з вас, нават без вялікага дзяржаўнага апарату. Што тычыцца права, ідэалагічнай работы ці эканамічнай работы — вы можаце гэта зрабіць. Калі будзе наладжаны сістэмны кантроль», — заявіў беларускі лідар. Але, папярэдзіў Прэзідэнт, шмат пытанняў ён памятае і трымае на сваім кантролі: «І, Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта — Дзмітрый Крутой. — „Зв.“), калі толькі я ўбачу, што з боку Адміністрацыі гэта не атрымала кантролю і развіцця, гэта не ўкаранёна ў жыццё — наракайце самі на сябе. Адпіскі не прымаюцца», — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка настойвае на тым, што трэба адыходзіць ад бюракратызму і залішняй папяровай работы. «Кантроль за выкананнем даручэнняў і пісьмовых, і вусных павінен быць сістэматызаваны. У вас павінна быць пэўная сістэма. Сістэма папераджальнага кантролю за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Яна быццам бы выбудавана. Але патрэбны вынік. Не адпіскі. Пытанні да забеспячэння якасці і своечасовасці выканання даручэнняў перыядычна ўзнікаюць, калі мякка казаць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пятае — звароты грамадзян. Большасць павінна вырашацца на месцах

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у ідэале іх быць не павінна. Як мінімум не ўсе звароты павінны даходзіць да ўзроўню Адміністрацыі Прэзідэнта. Яны павінны вырашацца на месцах, настойвае кіраўнік дзяржавы. «Але калі дайшлі, то ў працэсе разбору варта асаблівую ўвагу ўдзяліць аналізу кампетэнтнасці тых інстанцый, дзе людзі так і не атрымалі дапамогу ў вырашэнні свайго пытання. Вось я часта бачу, высокія службовыя асобы, бываючы на месцах, у тэлевізар заяўляюць: „Вы ведаеце, гэта не нашы пытанні. Гэта трэба было вырашыць на месцы камусьці“. Дык навошта ты туды паехаў, калі ты такую заяву робіш? А калі ты прыехаў і вырашаеш гэта пытанне, значыць, гэта і тваё пытанне, ты прыняў такое рашэнне. Але для сябе ты правільна падумай, а хто ж не вырашыў гэта пытанне, хто не адрамантаваў гэты плот і не пафарбаваў яго. Я да прыкладу кажу, пытанні розныя бываюць», — заўважыў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ўлада павінна бачыць і ведаць, што людзі гавораць пра яе ўнутры краіны і за мяжой, з якіх нагод робяць заўвагі. Па ключавых нагодах Адміністрацыя Прэзідэнта павінна інфармаваць кіраўніка дзяржавы. «Збірайце гэту інфармацыю, выводзьце на ўзровень Прэзідэнта для таго, каб я пазнаёміўся і, прыняўшы гэту інфармацыю, прымаў рашэнні», — арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

Шостае — роля інспектараў — памочнікаў Прэзідэнта. Ведаць кожны куток рэгіёна і патрабаваць

Беларускі лідар нагадаў, што іх функцыянал прадугледжвае абсалютнае пагружэнне ў жыццё рэгіёна. А задача Адміністрацыі зрабіць так, каб памочнікі Прэзідэнта, яны ж інспектары па абласцях і Мінску, працавалі так, як трэба. Кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць функцыянальныя абавязкі памочнікаў і ўзмацніць на іх нагрузку. Ён заўважыў, што нярэдкія выпадкі, калі чалавек быццам бы працуе, а на самай справе адседжваецца, чакае прызначэння на новую пасаду. Прэзідэнт заявіў, што гэта ганьба і такога быць не павінна.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адну кадравую праблему — службовыя асобы з цэнтральных органаў улады не асабліва імкнуцца паспрабаваць праявіць сябе на месцах, у рэгіёнах, дзе трэба вырашаць рэальныя, зямныя задачы, а не толькі тэарэтызаваць. Кіраўнік дзяржавы ўспомніў савецкія часы, калі для інструктара ЦК Кампартыі было ўзнагародай прызначэнне на пасаду старшыні выканкама. «Колькі ў нас з цэнтра паехалі і паказалі свой спрыт?» — рытарычна спытаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт прывёў у прыклад Кітай, дзе перанялі гэты савецкі вопыт. «І дысцыпліна — дай бог», — заўважыў беларускі лідар.

«Вы павінны быць пагружаныя ў жыццё рэгіёна. Вы павінны ведаць кожны куток рэгіёна і патрабаваць, патрабаваць, патрабаваць, — нагадаў Прэзідэнт памочнікам іх асноўныя абавязкі. — Я павінен не проста ведаць, што, дзе, калі і чаму адбываецца, а бачыць усё вашымі вачыма — што там на месцы, як жывуць нашы людзі на месцах».

Гэта павінна быць добра відаць на правядзенні Года добраўпарадкавання. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адна з ключавых задач яго памочнікаў у рэгіёнах — зрабіць так, каб кожны жыхар Беларусі на месцах гэта адчуў, адчуў нейкія змены. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб нормах па ўтрыманні тэрыторый, прылеглых да жылых дамоў. Ён запатрабаваў больш актыўна працаваць з людзьмі, даводзіць да іх, што парадак каля дамоў, у першую чаргу, — адказнасць гаспадароў, а не ўлады. Тым, каму патрэбна дапамога, трэба дапамагчы. «А калі хтосьці п’е і бадзяецца, не можа вакол прыбраць, дык прымусьце любым чынам, разам з міліцыяй, але так, каб ён прывёў у парадак свой участак і добраўпарадкаваў яго», — запатрабаваў Прэзідэнт.

Не гуляць на чыімсьці полі

Абагульняючы, Аляксандр Лукашэнка паўтарыў тэзіс, што Адміністрацыя Прэзідэнта — гэта палітычны штаб. «Сёння няма тых пытанняў, якія не мелі б палітычны характар. Апошняя інстанцыя перад прыняццем канчатковага рашэння, вы не павінны ні ў якім разе ўваходзіць у становішча гуляць на чыімсьці полі. Вы павінны быць абсалютна незалежнымі, наколькі гэта магчыма, і аб’ектыўнымі. Задача — фарміраваць незалежнае ад астатніх інстытутаў улады меркаванне па ўсіх кірунках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. Вы фарміруеце маё меркаванне. Чым больш пунктаў гледжання, тым хутчэй мы знойдзем аптымальнае рашэнне любых пытанняў. Прынцып: я начальнік — ты дурань, вам абсалютна не падыходзіць. Вы павінны калектыўна абмяркоўваць і прымаць рашэнні. А ў мяне на стале павінен быць аналітычны даклад з выразным вызначэннем „галоўнага ўдару“ і дзеянняў», — арыентуе Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Дырэктыву № 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны» ніхто не адмяняў. Павышэнне якасці кіравання ў цэлым, забеспячэнне выканальніцкай дысцыпліны — ключавыя мэты. Акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў і на выканальніцкай дысцыпліне, нагадаўшы, што без яе не будзе ніякага выніку ў рабоце.

Скаргаў у адміністрацыю прэзідэнта становіцца менш

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой далажыў, што са студзеня 2023 года функцыянуе адзіная Рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб — усё зведзена ў адным інфармацыйным прадукце. За два з паловай года паступіла 450 тысяч зваротаў ва ўсе органы і арганізацыі. Гэта прыкладна па 200 тысяч зваротаў у год. Паводле яго слоў, сёння сістэма дапрацоўваецца, асабліва механізм справаздачных даных і аналізу гэтых зваротаў. «Па прыкладзе Кітая, можа быць, у бліжэйшы час будзем укараняць алгарытмы і элементы штучнага інтэлекту», — сказаў Дзмітрый Крутой. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што ў цэлым адзначаецца зніжэнне колькасці скаргаў, якія паступаюць у Адміністрацыю Прэзідэнта. «Гэта для нас ключавы паказчык. У ідэале сапраўды такіх скаргаў не павінна быць у Адміністрацыі, аднак цяпер іх 18–20 тысяч у год, гэта значыць, прыкладна 10 % ад агульнага ліку зваротаў ва ўсе дзяржаўныя органы. Традыцыйныя лідары па сферах у нас не мяняюцца шмат гадоў. Нумар адзін з вялікім адрывам — жыллёва-камунальная гаспадарка — 20 % ад усіх скаргаў на імя Прэзідэнта. Другое і трэцяе месцы — па 5 % — гэта медыцына і зямельныя спрэчкі», — паведаміў Дзмітрый Крутой. Ён адзначыў, што ў сферы ЖКГ неабходна пераламаць гэту тэндэнцыю, у тым ліку з дапамогай асабістага ўдзелу грамадзян у вырашэнні падобных праблем, напрыклад навядзення парадку на сваёй тэрыторыі. Варта ўлічваць, што большасць зваротаў, асабліва ў інтэрнэце, паступае ад адкрытых правакатараў і «канапавых экспертаў».

Усё павінна кантралявацца

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што большасць пытанняў на месцах, якія ператвараюцца ў звароты ў Адміністрацыю Прэзідэнта, павінны вырашацца мясцовымі органамі ўлады, губернатарамі і быць у полі зроку памочнікаў Прэзідэнта — інспектараў. Ён прывёў прыклад з уласнага досведу. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў савецкія часы, калі прыязджала службовая асоба кшталту памочніка Прэзідэнта, усе на вушах стаялі, раён быў на асаблівым становішчы. Але і быў вынік. Таму сёння кіраўнік дзяржавы і патрабуе ад сваіх памочнікаў у рэгіёгах дзейнічаць больш прынцыпова і даваць вынік. «Там ёсць губернатар, так. Але ты сваімі метадамі павінен прайсціся так, каб губернатар успацеў пасля вашага наведвання», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

255939-11.jpg

Беларускі лідар настройвае і памочнікаў, іншых службовых асоб і асабліва Адміністрацыю Прэзідэнта на аператыўныя, а галоўнае — самастойныя дзеянні. «У нас што ні праблема — хутчэй да Прэзідэнта. Што вы да мяне бегаеце? Вы ведаеце маю пазіцыю. Не трэба крыўдзіць людзей, хто б яны ні былі, калі яны законна працуюць, — сказаў ён. — Калі мы бачым, што нешта не так — трэба закон паправіць. Калі парушаюць — няхай адказваюць, таму ўсё павінна кантралявацца».

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што яго памочнікі — інспектары па рэгіёнах павінны дакладна ведаць, што адбываецца ў абласцях, ведаць, што хвалюе людзей, навучыцца з гэтым працаваць, займацца эфектыўнай контрпрапагандай. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў нядаўнія «скаргі» ў інтэрнэце на адсутнасць бульбы ў крамах.

Пакуль у сетцы кіпелі абмеркаванні, у той жа час вялікія аб’ёмы гэтай бульбы ляжалі на складах некаторых буйных гандлёвых сетак.

Прэзідэнт падкрэсліў, што кантроль і адказнасць за тое, каб усё было справядліва на месцах — гэта ў тым ліку і абавязак памочнікаў-інспектараў. Яны павінны бачыць сітуацыю і, калі трэба, прымаць меры.

У прыклад ён прывёў сітуацыю з будучым ураджаем садовых культур, які сёлета з-за замаразкаў будзе дрэнным. Па словах кіраўніка дзяржавы, ведаючы сітуацыю, трэба загадзя падумаць над тым, як нарыхтаваць неабходныя аб’ёмы прадукцыі. «Для гэтага мы і ёсць — выпрацаваць сістэму, завезці гэтыя яблыкі, якіх будзе нястача ў гэтым годзе. А яна будзе. Я вось нядаўна па сваім садзе пахадзіў (у мяне там для эксперыменту ёсць) — бачу, што 10–15 % жывыя засталіся завязі, а астатняе трапіла пад мароз. Але нават калі мы гэта збяром і пакладзём, як трэба, на захоўванне, мы не будзем мець праблем», — дадаў ён.

Дзмітрый Крутой адзначыў, што напярэдадні Прэзідэнт падпісаў указ аб асаблівасцях пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, які датычыцца фарміравання стабфондаў. «Я рашэнняў шмат падпісаў, але вы пракантралюйце. Каб было рэалізавана. Толькі мне скажыце, што хтосьці не выканаў. Трэба ўжо выганяць на вуліцу такіх кіраўнікоў», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў краіне пабудавалі шмат добрых сховішчаў, але некаторыя з іх пустуюць або іх утрымліваюць у неналежным выглядзе. Такое Прэзідэнт назваў злачынствам. І гэта — найперш справа памочніка — інспектара па вобласці. «Ён там вочы і вушы Прэзідэнта», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Даслоўна

Дзмітрый Крутой: «Галоўны крытэрый для Прэзідэнта — неабыякавае стаўленне да справы»

У размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што сутнасць нарады ў кіраўніка дзяржавы заключалася не ў справаздачах і аналізе дзейнасці адміністрацыі, а найперш, ва ўстаноўках Прэзідэнта. Дзмітрый Крутой адзначыў, што, нягледзячы на станоўчыя моманты, кіраўнік дзяржавы ўвесь час знаходзіць аспекты, у якіх патрабуе ад людзей значна большай аддачы. «Мы практычна штодня кантактуем з кіраўніком дзяржавы і праз дакументы, і па тэлефоне. У 90 % выпадкаў Прэзідэнт патрабуе больш якаснай і больш сур’ёзнай работы і стаўлення да справы. І сёння Прэзідэнт сказаў, што для яго галоўны крытэрый — гэта неабыякавае стаўленне да даручанай справы», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Крутой копия.jpg

Дзмітрый Крутой расказаў, што сёння ў Адміністрацыі Прэзідэнта працуе 114 чалавек — роўна столькі ж, колькі было ў момант стварэння Адміністрацыі 30 гадоў таму. Але, падкрэсліў ён, пры дынаміцы работы, колькасці матэрыялаў, пытанняў, якія абмяркоўваюцца, хуткасць павялічылася ў разы. Гэта патрабуе ад супрацоўнікаў пабольш самааддачы і вялікіх намаганняў.

Дзмітрый Крутой асобна звярнуў увагу на такую важную частку работы Адміністрацыі Прэзідэнта, як звароты грамадзян. «На сёння мы дамагліся пакуль таго, што колькасць скаргаў не расце. Апошнія некалькі гадоў яна проста стабільная — прыкладна 18 тысяч. Каля 10 % ад агульнай колькасці зваротаў нашых людзей па краіне паступае непасрэдна на імя кіраўніка дзяржавы, непасрэдна ў Адміністрацыю. Мы, натуральна, стараемся сістэматызаваць увесь гэты паток. Укараняем элементы інфарматызацыі і лічбавізацыі, каб вылучаць тыповыя просьбы, якія паўтараюцца шмат разоў, для паскарэння іх разгляду. Прэзідэнт запатрабаваў, каб мы з усяго ліку зваротаў стараліся вылучаць пытанні „на злобу дня“, якія маюць сістэмны характар, тое, што сапраўды турбуе людзей не толькі ў канкрэтным населеным пункце, а з’яўляецца праблемай у цэлым або для рэгіёна, або для краіны», — расказаў Дзмітрый Крутой. Паводле яго слоў, Прэзідэнт гатовы пры наяўнасці такіх тэм «знізу» праводзіць больш тэматычных нарад, у тым ліку і выязных, калі нейкая праблема сапраўды турбуе людзей.

На нарадзе актыўна абмяркоўвалася праблематыка Года добраўпарадкавання. Дзмітрый Крутой расказаў, што Прэзідэнт пакуль не вельмі задаволены, у тым ліку і інфармацыйным суправаджэннем у плане прывядзення ў парадак знакавых месцаў і аб’ектаў. «Штомесяц кожны рэгіён такія добраўпарадкаваныя тэрыторыі павінен паказваць нашым людзям. Журналісты, адпаведна, гэта асветляць, — звярнуў увагу ён. — Прэзідэнт вельмі карэктна, але настойліва гаворыць аб адказнасці за недахопы, звязаныя з добраўпарадкаваннем. Прычым гэта адказнасць узаемная — і ўлады, і грамадзян». Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што з улад усіх узроўняў Прэзідэнт пытаецца вельмі жорстка. А што датычыцца грамадзян, то па ўзрослым патоку зваротаў за апошні перыяд стала бачна, што многія жывуць з псіхалогіяй утрыманцаў. Гэта добра відаць на прыкладзе добраўпарадкавання прысядзібных участкаў. Па словах кіраўніка Адміністрацыі, многія фактычна патрабуюць прыводзіць у парадак іх тэрыторыю, а не займаюцца гэтым самастойна. «Фінансавыя магчымасці мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія з’яўляюцца першасным звяном у зносінах з грамадзянамі, абмежаваныя. Разам з тым Прэзідэнт даручыў у якасці эксперыменту ў некаторых абласцях прадугледзець сродкі для гэтых нізавых структур, каб мясцовыя праблемы маглі вырашыць на мясцовым ўзроўні. Пакуль гэта пілотная гісторыя. На ўсю краіну мы яе не распаўсюджвалі, каб зразумець аб’ём рэсурсаў і паток узаемных зваротаў, каб не пладзіць дзесьці штучна тэму сацыяльнага ўтрыманства», — заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Журналісты звярнулі ўвагу, што шмат скаргаў і нават зваротаў публікуецца ў сацыяльных сетках. Дзмітрый Крутой адзначыў, што гэта ўжо ўспрымаецца як данасць. Пры гэтым, адзначыў ён, гучаць меркаванні аб тым, што не трэба рэагаваць на кожны зварот у TіkTok, бо там нямала правакатараў, якія жадаюць вывесці на эмоцыі або зрабіць сабе рэйтынгі. «Але ў Прэзідэнта простая пазіцыя: мы павінны бачыць абсалютна ўсё інфаполе. Для нас няма важных і няважных інфанагод, таму мы апрацоўваем усе звароты, якія паступаюць. І ўжо з вопытам тых людзей, супрацоўнікаў, якія імі займаюцца, мы бачым, што сапраўды мае пад сабой нейкую сур’ёзную аснову, а што проста ідзе як хайповая, фонавая гісторыя, — заявіў кіраўнік Адміністрацыі. — Наяўнасць сацсетак, TіkTok і іншых сучасных формаў камунікацыі ўскладняе работу ў гэтым сегменце, таму што ў велізарным мностве не хочацца ўпусціць нешта важнае. Аднак мы апрацоўваем абсалютна ўсё. І гэтым здзіўляем, дарэчы, нашых суседзяў, якія кажуць: „Гэта толькі ў Беларусі магчыма, што вы прама ўсё чытаеце, усё глядзіце і на ўсё стараецеся рэагаваць“. Такія патрабаванні нашага лідара».

Вольга Чупрыс: «Дзяржава з’яўляецца эфектыўнай тады, калі мы эфектыўна працуем»

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс расказала, што на нарадзе ішла размова аб выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы па рэвізіі заканадаўства. Прэзідэнта ў першую чаргу цікавіла лічба — наколькі стала менш прававых актаў. «22 тысячы, вельмі вялікая лічба. Але гэта далёка не мяжа. Работа яшчэ працягваецца, апрацавана каля 30 % усіх матэрыялаў. Адпаведна, да канца года мы яшчэ навярстаем вельмі многае. Адміністрацыя Прэзідэнта кантралюе гэты працэс. Працуем вельмі шчыльна з апаратам Савета міністраў, Міністэрствам юстыцыі і іншымі міністэрствамі», — адзначыла Вольга Чупрыс. Яна прывяла яшчэ адну цікавую лічбу, якая паказвае, як з дапамогай тэхнічных рашэнняў, карэкціровак можна паменшыць колькасць нарматыўных актаў. «Савет Міністраў скараціў колькасць пастаноў за пяць месяцаў гэтага года на 25 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У папярэднія перыяды неяк было модна ўносіць некалькі змяненняў у адну пастанову ў адзін дзень: ад кожнага органа-ініцыятара паступалі свае прапановы і яны не акумуляваліся. Гэта было вельмі нязручна. Пасля рэвізіі, калі мы выявілі гэта, Савет Міністраў пайшоў па зусім іншым, аптымальным шляху», — расказала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Паводле яе слоў, гэты прыклад сведчыць, што можна жыць і працаваць эфэктыўна. «Сёння Прэзідэнт скончыў нашу сустрэчу словамі, што дзяржава эфектыўная не маштабамі і не памерамі. Дзяржава з’яўляецца эфектыўнай тады, калі мы эфектыўна працуем. Гэта адлюстравалася і ў рабоце па рэвізіі заканадаўства», — адзначыла Вольга Чупрыс.

Чуприс копия.jpg

На нарадзе ў Прэзідэнта таксама абмяркоўваліся некаторыя тэхнічныя рашэнні, якія прымаюцца для зручнасці карыстання сістэмай нарматыўна-прававых актаў, работы з ёй, падрыхтоўкі праектаў. «З 1 ліпеня пачне працаваць новая аўтаматызаваная сістэма падрыхтоўкі праектаў актаў, у якой ужо ёсць элементы штучнага інтэлекту. Праграма будзе дапамагаць фарміраваць тэкст нарматыўна-прававога акта. Гэта, вядома, толькі пачатак, але мы ўжо бачым і далейшы шлях», — адзначыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Вольга Чупрыс, падкрэсліла што на нарадзе Прэзідэнт падняў важнае пытанне адносна сваіх дырэктыў. На сёння іх дзейнічае 11, па нумарацыі — 12 (Дырэктыва № 5 ужо не актуальная). «Прэзідэнт сказаў, што трэба на іх паглядзець. Вядома, не проста ўзяць і адмяніць іх ці перачытаць і пакінуць у той жа колькасці, толькі унёсшы нейкія змены. Сказаў, трэба папрацаваць з імі разумна, — адзначыла яна. — Калі яны нам не патрэбныя, то трэба іх, можа быць, і адмяніць. Калі ж яны нам патрэбныя, але мы бачым сумежнасць, то, адпаведна, зрабіць адну, але сучасную, каб усім было зразумела, куды рухацца і як працаваць». Як прыклад — Дырэктыва № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» і Дырэктыва № 8 «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны». Гэтыя дакументы блізкія па духу і па напрамках. «Цалкам магчыма, калі мы прааналізуем гэтыя дзве дырэктывы, зразумеем, што гэта павінна быць адна дырэктыва, якая будзе ісці ад жыцця, ад патрэбы людзей і адкажа на пытанне, як мы будзем развіваць будаўнічую галіну, а разам з ёй і жыллёва-камунальную гаспадарку», — патлумачыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Вольга Чупрыс звярнула ўвагу на яшчэ адно важнае пытанне — Закон «Аб нарматыўных прававых актах». Гэта базавы дакумент для ўсіх дзяржаўных органаў, якія працуюць з прававымі актамі. У яго плануецца ўнесці змены, якія будуць прадугледжваць інвентарызацыю заканадаўства з пэўнай перыядычнасцю. Плануецца, што да канца года абноўлены закон будзе прыняты.

У Адміністрацыі Прэзідэнта вялікая колькасць працы звязана з двума кірункамі, якія знаходзяцца пад пільным кантролем кіраўніка дзяржавы. Гэта работа камісіі па пытаннях грамадзянства і памілавання. Вольга Чупрыс прывяла некаторыя лічбы па гэтым кірунку, якія, па яе словах, адлюстроўваюць складанасць і важнасць гэтай работы. У тым ліку і аб’ём работы самога Прэзідэнта, паколькі ўсё, што робіцца ў гэтых камісіях, кладзецца на стол кіраўніку дзяржавы. Каб ацаніць аб’ём гэтай работы, можна прааналізаваць толькі адну лічбу. «Работа камісіі па пытаннях памілавання за апошнія пару гадоў павялічылася ў сем разоў. Штогод цяпер разглядаецца каля паўтысячы матэрыялаў. Гэта ўсё апрацоўваецца, ідзе на даклад да кіраўніка дзяржавы. Маштабы вельмі сур’ёзныя», — заявіла Вольга Чупрыс. Яна адзначыла, што колькасць задаволеных хадайніцтваў аб памілаванні за апошнія два гады значна ўзрасла. «Калі да 2023 года Прэзідэнт прымаў такія рашэнні па не больш чым 10-10,5 % ад агульных хадайніцтваў, то за мінулы год лічба дасягнула 65 %, а ў гэтым годзе (за пяць месяцаў) 50 % хадайніцтваў задавальняецца кіраўніком дзяржавы. Гэта значыць, практычна кожны другі з тых, хто звярнуўся да Прэзідэнта ў пытаннях памілавання, памілаваны кіраўніком дзяржавы», — звярнула ўвагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Што датычыцца работы камісіі па пытаннях грамадзянства, то з 2021 года (калі на Вялікай размове ў кіраўніка дзяржавы было даручана выпрацаваць сістэму прадастаўлення грамадзянства перасяленцам з Украіны) у беларускае грамадзянства было прынята амаль 9 тысяч украінцаў. У цэлым жа за пяцігодку на падставе рашэнняў Прэзідэнта беларускае грамадзянства атрымалі 19 тысяч замежнікаў. Са слоў Вольгі Чупрыс, гэта колькасць у 4,5 раза большая, чым колькасць тых, хто выйшаў з грамадзянства Рэспублікі Беларусь. «Гэта сведчыць, што наша краіна ўяўляе цікавасць для замежнікаў. Грамадзянамі нашай краіны за гэты перыяд сталі былыя грамадзяне 51 дзяржавы свету. І Лацінская Амерыка, і, безумоўна, Еўропа, і Азія — прадстаўлены, лічыце, увесь свет, гэта значыць, наша краіна — гэта сапраўды месца, дзе хочацца жыць», — адзначыла яна.

Сяргей Налівайка: «Не тваіх пытанняў і не тваіх тэм няма»

На нарадзе вялікая ўвага ўдзялялася ролі памочнікаў Прэзідэнта — інспектараў у рэгіёнах. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка падзяліўся з журналістамі ўласным досведам. Як вядома, ён доўгі час узначальваў міністэрства па падатках і зборах, і ў некаторых пытаннях, напрыклад сельскай гаспадарцы, было разабрацца складана, аднак прыходзіцца хутка вучыцца і арыентавацца.

Наливайко копия.jpg

Асаблівасцю работы памочнікам Прэзідэнта Сяргей Налівайка назваў неабходнасць унікаць у зусім розныя сферы. «Не тваіх пытанняў і не тваіх тэм няма, — падкрэсліў ён. — Другі аспект — пастаянна сябе стараешся настройваць на тое, каб глядзець на рэчы вачыма Прэзідэнта. Ведаючы яго патрабавальнасць, прынцыповасць, дакладнасць і прадметнасць, гэта не заўсёды атрымліваецца, але прымушае расці, падцягвацца.

Журналісты спыталі, як інспектару па вобласці не паўтараць функцыі мясцовых органаў улады. Сяргей Налівайка заўважыў, што як такога дублявання няма, таму што ва ўсіх бакоў ёсць дакладнае разуменне: усе працуюць з адной мэтай. Ён падкрэсліў, што мясцовая ўлада канструктыўна ўзаемадзейнічае з памочнікамі Прэзідэнта. «Іншая справа, што калі бачыш на месцы пэўныя недакладнасці ці нюансы, якія можна выправіць, вядома, адразу выпраўляеш. Тым не менш аналізуеш, чаму яны не былі выпраўленыя да гэтага. Калі бачныя нейкія сістэмныя пытанні, то іх падымаеш на больш высокі ўзровень», — сказаў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю