Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў
Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў
На парадку дня — важныя эканамічныя пытанні, якія датычацца развіцця цэментнай галіны, падтрымкі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і далейшага лёсу Аршанскага мясакансервавага камбіната. У сувязі з гэтым у Палацы Незалежнасці разгледзелі шэраг праектаў прававых актаў. Сярод іх — праект Указа аб рэструктурызацыі запазычанасці арганізацый цэментнай галіны, пастанова Савета Міністраў аб выдзяленні ў 2026 годзе ААТ «Светлагорскі ЦКК» сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця і праект распараджэння аб далучэнні да агракамбіната «Дзяржынскі» Аршанскага мясакансервавага камбіната. Размова ішла аб пазыках, эфектыўнасці і рэальнай аддачы для эканомікі.

У нарадзе прынялі ўдзел Прэм’ер-міністр і яго намеснікі, кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага банка, шэраг міністраў, губернатараў і кіраўнікоў прадпрыемстваў.
«Лінію вызначае Прэзідэнт, і трэба гэтай лініі прытрымлівацца»
Пачынаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на парадку дня — тры сур’ёзныя пытанні, якія маюць важнае значэнне для нашай эканомікі.
Па-першае, урадам прапанаваны праект указа аб рэструктурызацыі запазычанасці арганізацый цэментнай галіны. «Адразу хачу агаварыцца, чаму я ўношу гэта пытанне на разгляд сёння, — патлумачыў ён. — Шчыра кажучы, мяне насцярожвае плынь вось гэтых зваротаў па льготы і „каўрыжкі“. Асабліва з прызначэннем новага Прэм’ер-міністра. Не хацелася б, Аляксандр Генрыхавіч, думаць аб тым, што вы такім чынам адкрываеце нейкую новую палітыку, — звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка ўрада. — Узяў прадпрыемства дырэктар канкрэтны — ідзі і працуй. Упірайся. А вы пачынаеце выкшталцона мне юрыдычнай мовай распісваць, як гэта зрабіць і як увайсці ў становішча. Я баюся, што ўрад можа ўзяць такі курс, калі не ўзяў. Можа, камусьці і трэба дапамагчы, але калі гэта трэба дзяржаве».
Па гэтай прычыне, як патлумачыў Прэзідэнт, пры разглядзе таго ці іншага пытання ён часта патрабуе заключэнне і Камітэта дзяржкантролю, і старшыні Нацыянальнага банка. «Каб у нас лінія была адна, бо Прэм’ер новы, але Прэзідэнт у нас той жа, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Лінію вызначае Прэзідэнт, і трэба гэтай лініі прытрымлівацца. А скрозь — рэструктурызацыя запазычанасцяў цэментнай галіны».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што разумее, што стаіць за гэтай прапановай. Нагадаў беларускі лідар і тое, на што заўсёды арыентаваў папярэдняга Прэм’ер-міністра, на што арыентуе і цяперашняга кіраўніка ўрада. «Трэба прымушаць працаваць кіраўніка, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Прыйшоў — працуй. Мы туды паслалі людзей: ідзіце, упірайцеся і працуйце, давайце вынік у тых умовах, якія сёння складваюцца. Што значыць, што мы павінны камусьці дапамагаць, а камусьці не? Усе ў роўных умовах павінны працаваць».
«Гэта ўвогуле недапушчальна!»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2012 — 2013 гадах была праведзена маштабная мадэрнізацыя цэментных вытворчасцяў, на што было затрачана каля мільярда долараў. «Мы нямала ўклалі, — удакладніў ён. — І што, гэта цэментнікі за свае грошы рабілі?»
Нагадаў кіраўнік дзяржавы і тое, што шэсць гадоў таму ўжо прымалася рашэнне аб рэструктурызацыі запазычанасці гэтых арганізацый — яе пагашэнне было расцягнута да 2049 года. «Прайшло шэсць гадоў, і мы зноў вярнуліся да гэтага пытання, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вось чаму мяне насцярожваюць такія прапановы. Вы прапануеце перавесці валютную запазычанасць у беларускія рублі і паскорыць тэмпы пагашэння (з 2029 на 2026 год). Можа, вы і маеце рацыю, але, я яшчэ раз падкрэсліваю, мяне насцярожвае тое, што сёння кіраўнікі гэтых цэментных заводаў спакойна сядзяць за агульным сталом з Прэзідэнтам і адчуваюць, што яны маюць рацыю».
Па словах кіраўніка дзяржавы, праведзеная мадэрнізацыя дала станоўчы эфект. У прыватнасці, адсутнічаюць пратэрмінаваныя пазыкі. «Гэта добра, — адзначыў беларускі лідар. — Але было б вельмі добра, калі б усё было нармальна ў іх. Мільярды долараў уклалі — ідзіце працуйце».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што кошт цэменту, які вывозіцца на экспарт, да 40 % ніжэйшы, чым унутры краіны. «Гэта значыць, вы сваім людзям прадаеце напалову цэмент даражэй фактычна, чым за межамі краіны, — канстатаваў ён. — У выніку пасрэднікі займаюцца рээкспартам, а нашы спажыўцы вымушаны купляць імпартную нізкаякасную прадукцыю. І мы гэта сёння будзем льгатаваць... Чаму мы не спытаем строга за гэта?»
Па словах кіраўніка дзяржавы, кантралёрамі адзначаюцца факты карупцыі пры пастаўках дзяржаўным прадпрыемствам сыравіны і абсталявання. «Гэта ўвогуле недапушчальна!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ад профільнага віцэ-прэм’ера, Аляксандра Церахава, хоча пачуць канкрэтныя адказы на наступныя пытанні. «Што ўрад ужо зрабіў для развіцця цэментнай галіны? — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Ці змогуць прадпрыемствы забяспечыць стабільную і прыбытковую работу, калі будзе прынята станоўчае рашэнне па чарговай рэструктурызацыі пазык? Ці будуць самі заводы далей мадэрнізаваць вытворчасці ў патрэбных аб’ёмах? Чаму не можам задаволіць унутраны рынак цэментнай прадукцыяй? Куча пытанняў, якія павінны былі быць вырашаны».
«Трэба прынцыпова паглядзець і даць адпаведную ацэнку»
Другое пытанне, якое разгледзелі ў Палацы Незалежнасці, звязана з пастановай Савета Міністраў аб выдзяленні ў 2026 годзе Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннага камбінату сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.
«Зноў грошы, — канстатаваў беларускі лідар. — Прапанова ўрада такая: вярнуць усе сродкі, якія пералічваюцца сёлета таварыствам у фонд нацыянальнага развіцця, назад для пагашэння крэдыту. Груба кажучы: яны павінны заплаціць падатак, мы яго не бяром, яны будуць за кошт гэтага падатку, які павінна плаціць прадпрыемства, пагашаць свае абавязацельствы».
Пры гэтым, як дадаў Прэзідэнт, урад і Камітэт дзяржкантролю сыходзяцца ў меркаванні, што гэта сума разлічана не з рэальнага, а з так званага «папяровага» прыбытку, атрыманага ад станоўчых курсавых розніц. «Гэта значыць, фактычна грошай няма жывых», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Намесніка Прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча Прэзідэнт папрасіў далажыць, чаму прадпрыемства не можа самастойна разлічвацца па сваіх абавязацельствах. «Там што, няма кіраўніка? — пацікавіўся беларускі лідар. — Ёсць. Чым ён там займаецца? Трэба прынцыпова паглядзець і даць адпаведную ацэнку з адпаведнымі высновамі. І яшчэ. Для чаго такая складаная схема, якую вы прапануеце? Як дакладвае Камітэт дзяржкантролю, ва ўрада дастаткова паўнамоцтваў для прыняцця рашэння. Навошта вы да мяне прыйшлі?»
«Падставіць плячо, можа быць, і справядліва, калі гэта патрэбна»
Трэцяе пытанне, якое разгледзелі падчас нарады, звязана з праектам распараджэння аб далучэнні да агракамбіната «Дзяржынскі» Аршанскага мясакансервавага камбіната. Прычым з яго сыравіннай зонай.
Прэзідэнт заўважыў, што папярэднія спробы аздараўлення гэтага стратнага камбіната пры ўдзеле прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама, Аршанскага райвыканкама, абласных аб’яднанняў, якія займаюцца развіццём прадпрыемстваў АПК, выніку не прынеслі. «Знайшлі новую формулу, — канстатаваў ён. — Гэта не вы знайшлі. Гэта я дамовіўся з кіраўніком „Дзяржынскага“, што ён возьме зону, гэта будзе камбінат яго».
Аршанскі мясакансервавы камбінат быў пабудаваны за кошт дзяржавы. «Па апошнім слове тэхнікі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка, які наведаў гэты камбінат. — Добрае прадпрыемства: ад забою да вытворчасці дзіцячага харчавання, якое сёння сертыфікавана на Кітай і не толькі на Кітай. Дзе б я ні быў, усе просяць: „Дайце дзіцячага харчавання“. Гэта значыць, цудоўная перапрацоўка. Што для гэтага трэба? Для гэтага трэба сыравінная зона — мяса. Мы яму (новаму кіраўніцтву прадпрыемства. — „Зв.“) гэта прадаставілі. Трэба дзякуй сказаць, перахрысціцца і наперад. Аднаго чалавека трэба знайсці на прадпрыемства — і ён арганізуе работу».

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што кіраўнік ужо прызначаны, знойдзены рэзервы росту эфектыўнасці Аршанскага мясакамбіната, выпрацаваны падыходы да яго далейшага развіцця. «Я хацеў бы ад новага губернатара Віцебскай вобласці пачуць, як ён ацэньвае антыкрызісны план і яго эфектыўнасць, — агучыў пытанне Прэзідэнт. — І самае галоўнае, гэта нагрузка або падарунак? Бачу, вельмі лёгка губернатар падышоў да дадзенага пытання».
Агракамбінату «Дзяржынскі» прапануецца прадаставіць фінансавыя паслабленні, у тым ліку рэструктурызацыю аршанскіх пазык, каб новы ўласнік і сам мог развівацца, і крызісны камбінат аздараўліваць. Плюс дадатковая нагрузка ў выглядзе развіцця сыравіннай зоны.
«Вядома, падставіць плячо, можа быць, і справядліва, калі гэта патрэбна, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Але, па-мойму, для гэтага агракамбіната мы ўжо робім усё, што ён просіць».
Як эфектыўна ўкласці фінансавыя сродкі, Прэзідэнт расказаў на канкрэтным прыкладзе. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў пад Мінскам закласці сад. «Добры сад індустрыяльнага кшталту, мы ўмеем гэта рабіць», — канстатаваў беларускі лідар.
І такіх участкаў каля сталіцы, дзе можна было б вырошчваць яблыкі або іншую садавіну, агародніну, па словах кіраўніка дзяржавы, нямала. «І мы б Мінск поўнасцю забяспечылі б плодаагародніннай прадукцыяй, яблыкамі б забяспечылі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта не я павінен думаць і глядзець, а хаця б міністр сельскай гаспадаркі. Гэтага няма. Так, збожжавыя мы пасеялі. А тут трэба сад высадзіць».
Рэзюмуючы, Прэзідэнт адзначыў, што ўсе пытанні, вынесеныя на разгляд, датычацца грошай, дапамогі з дзяржаўнага бюджэту. «Гэта няправільны падыход, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму мяне гэта больш за ўсё насцярожвае. Пры гэтым яшчэ раз хачу падкрэсліць: можа, вы і маеце рацыю, але тэндэнцыя дрэнная».
Па словах кіраўніка дзяржавы, падобнага роду рэструктурызацыі, курсавыя розніцы выліваюцца ў недаплаты падаткаў у бюджэт. «Гэта спыняць імгненна і неадкладна», — паставіў задачу Камітэту дзяржкантролю Прэзідэнт.
Даслоўна
«Гэта справядліва. Тое, што заўсёды патрабуе Прэзідэнт»
Як адзначыў па выніках нарады ў размове з журналістамі Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН, урад падумае аб прыняцці сістэмнага рашэння па плацяжах у фонд нацыянальнага развіцця. Гэта пытанне абмяркоўвалася ў канктэксце разгляду пастановы Савета Міністраў аб выдзяленні ў 2026 годзе ААТ «Светлагорскі ЦКК» сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.
«Мы ўжо ва ўрадзе думалі аб гэтым — крыху больш маштабна паглядзець на згаданую праблематыку, — удакладніў ён. — Бо гэта праблема датычыцца не толькі аднаго гэтага прадпрыемства і ўзнікае з зайздроснай рэгулярнасцю. Можа, трэба падумаць аб прыняцці сістэмнага рашэння па плацяжах у фонд нацыянальнага развіцця, каб мы не так часта хадзілі да кіраўніка дзяржавы».

Гаворачы аб праекце распараджэння аб далучэнні да агракамбіната «Дзяржынскі» Аршанскага мясакансервавага камбіната з яго сыравіннай зонай, Аляксандр Турчын адзначыў, што гэты дакумент распрацаваны фактычна ў развіццё нарады ў Прэзідэнта па Віцебскай вобласці.
«Гэта адзін з дакументаў, які накіраваны на рэалізацыю даручэнняў Прэзідэнта, — канкрэтызаваў Прэм’ер-міністр. — Маштабы гэтага праекта пашырыліся літаральна на нарадзе ў Прэзідэнта. Лічу, што вынікі ў Віцебскай вобласці ўжо ёсць. І калі мы рэалізуем усе намечаныя планы, думаю, на працягу некалькіх гадоў Віцебская вобласць зменіцца як візуальна, так і, самае галоўнае, у эканамічным плане».
Гаворачы аб дадатковых актывах агракамбіната «Дзяржынскі», кіраўнік урада заўважыў, што эфект маштабу ніхто не адмяняў. «Маштабаванне бізнесу — гэта нармальны эвалюцыйны працэс, — канстатаваў ён. — У гэтым ёсць эканамічная логіка. Калі ў аднаго прадпрыемства не хапае вытворчых магутнасцяў, а ў кагосьці — іх лішак, то навошта ўкладваць інвестыцыі, будаваць нешта новае, калі можна прымусіць эфектыўна працаваць дзеючыя прадпрыемствы?»
Па словах Аляксандра Турчына, Беларусь — кампактная дзяржава, і тут не павінна быць нейкіх асаблівых адносін паміж рэгіёнамі. «Мы працуем у адной краіне, — канстатаваў ён. — Не па-гаспадарску, калі сучаснае прадпрыемства загружана напалову. Для чаго мы ўкладвалі грошы? Каб яно працавала на 50 % магутнасці? Адпаведна, няма генерацыі выручкі, прыбытку, не можам абслугоўваць свае абавязацельствы і цэлы шэраг наступстваў, якія вынікаюць адсюль. Таму гэта правільнае рашэнне».
Што датычыцца аказання дзяржаўнай падтрымкі ў той ці іншай форме, Аляксандр Турчын адзначыў, што гэта магчыма, але толькі калі на прадпрыемстве да гэтага зрабілі ўсё, што ў іх сілах. «Тады гэта справядліва, — лічыць Прэм’ер-міністр. — Тое, што заўсёды патрабуе Прэзідэнт».
«Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць далейшай работы»
Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Віктара КАРАНКЕВІЧА, прапанова ўрада аб выдзяленні ў 2026 годзе Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннаму камбінату сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця была ўнесена з мэтай даць прадпрыемству магчымасць выкарыстання рэсурсаў фонду нацразвіцця для пагашэння крэдытаў. «Пасля нарады ўрад аператыўна дапрацуе гэты дакумент, і, спадзяюся, у бліжэйшы час ён будзе прыняты», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што асноўная задача — павысіць эфектыўнасць далейшай работы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната за кошт зніжэння затрат і пашырэння рынкаў збыту прадукцыі за межамі Беларусі. Пры гэтым, як ён удакладніў, патрэбы краіны ў гэтым прадукце будуць задаволены ў поўным аб’ёме.
«Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат працуе ў штатным рэжыме, забяспечваючы выпуск прадукцыі, зыходзячы з праектнай магутнасці, — звярнуў увагу віцэ-прэм’ер. — Цяпер перад кіраўніцтвам стаіць задача выканаць паказчыкі на 2026 год, вызначаныя ўрадам і названыя ў бізнес-плане прадпрыемства. Таму мы будзем глядзець, як гэтыя паказчыкі выконваюцца. Цяпер камбінат працуе стабільна. Кіраўніку пастаўлена задача забяспечыць павышэнне эфектыўнасці работы прадпрыемства за кошт розных мерапрыемстваў, якія павінны адшуквацца непасрэдна кіраўніцтвам і калектывам».
Намеснік кіраўніка ўрада праінфармаваў, што ў актыўнай фазе знаходзіцца інвестыцыйны праект, звязаны з будаўніцтвам цэха па вытворчасці ўпаковачнай паперы. «Стаіць задача — забяспечыць будаўнічую гатоўнасць у гэтым годзе, а ў наступным — запусціць вытворчасць і выпуск гэтай прадукцыі, — канкрэтызаваў ён. — Будзе вырашана і задача пашырэння наменклатуры прадукцыі, што выпускаецца Светлагорскім ЦКК».
«Задача максімум — безумоўна, зніжэнне цаны»
Намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр ЦЕРАХАЎ падкрэсліў, што ўкладзеныя раней рэсурсы дазволілі захаваць цэментную галіну. «Цэмент — гэта аснова ўсяго будаўнічага комплексу, — канстатаваў ён. — Таму ў 2012-2013 гадах гэта было выратаванне галіны. І тыя ўкладанні, безумоўна, сябе апраўдалі».
Па словах віцэ-прэм’ера, унутраны рынак Беларусі поўнасцю закрыты сваім цэментам. На знешнія рынкі штогод пастаўляецца больш як 2 мільёны тон цэменту. Як запэўніў Аляксандр Церахаў, пастаўкі на ўнутраны рынак будуць нарошчвацца, для чаго ёсць усе перадумовы.
На дадзеным этапе, як праінфармаваў намеснік кіраўніка ўрада, прадпрыемствы цэментнай галіны маюць запазычанасць перад Міністэрствам фінансаў. Гэта звязана з тым, што ў 2012-2013 гадах мадэрнізацыя прадпрыемстваў праводзілася з улікам крэдытавання, у тым ліку ў замежнай валюце. З таго часу з’явілася прыкметная курсавая розніца, таму і валютныя абавязацельствы ўзяло на сябе Міністэрства фінансаў, якія на бягучы момант выкананы.
Аляксандр Церахаў заўважыў, што гэтыя абавязацельствы прапануецца перавесці ў беларускія рублі і зафіксаваць пэўны курс. Акрамя таго, змяняецца тэрмін выканання абавязацельстваў: калі ў валюце яны павінны былі выконвацца ў 2029 годзе, то тэрміны выканання ў беларускіх рублях перамяшчаюцца на 2026 год.
Па словах віцэ-прэм’ера, прадпрыемствы цэментнай галіны зноў патрабуюць мадэрнізацыі. «Тыя тэхналогіі, якія былі прыменены больш як 12 гадоў таму, ужо крыху ўстарэлі, — удакладніў ён. — Мы бачым, што мадэрнізацыю можна правесці за кошт унутраных рэсурсаў цэментных кампаній. Але для любога камерцыйнага праекта патрэбен бізнес-план. Бізнес-план паказвае ўстойлівасць фінансавай мадэлі і магчымасць прыцягнення крэдытных рэсурсаў».
Аляксандр Церахаў удакладніў, што мерапрыемствы па мадэрнізацыі цэментнай галіны павінны як мінімум стабілізаваць цану на беларускім рынку. «Задача максімум — безумоўна, яе зніжэнне», — падкрэсліў ён.

«Наша задача — павялічыць аб’ём і загрузіць завод на 100 %»
Як патлумачыў генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімір ЛУК’ЯНАЎ, праект распараджэння аб далучэнні да агракамбіната «Дзяржынскі» Аршанскага мясакансервавага камбіната не прадугледжвае спісання ранейшых пазык. «Мы мяняем правапераемніка, — удакладніў ён. — Сёння агракамбінат „Дзяржынскі“ з’яўляецца правапераемнікам тых пазык, якія былі раней. Адзінае, мы папрасілі ў распараджэнні павялічыць тэрмін (растэрміноўкі па плацяжах. — „Зв.“). З 2022 года мы далучылі як мінімум 10 прадпрыемстваў, і сфарміраваліся пэўныя абавязацельствы ў немалой суме. Каб забяспечыць гэтыя абавязацельствы, папрасілі Прэзідэнта на год-два павялічыць гэтыя растэрміноўкі. Як яны былі, так яны і застаюцца. І мы іх вернем дзяржаве».
У склад Аршанскага мясакансервавага камбіната, па словах Уладзіміра Лук’янава, уваходзіць шэсць прадпрыемстваў. «Гэта цэлая інтэграцыйная структура, у якую ўваходзіць і сельгаспрадпрыемства, і элеватар, і мясаперапрацоўка, і птушкафабрыка, і свінакомплекс, што цяпер будзе ўваходзіць у склад агракамбіната „Дзяржынскі“, — удакладніў гендырэктар. — Прэзідэнтам пастаўлены мэты і задачы, якія мы павінны выканаць. Было даручэнне — узяць гэта на кантроль».
Кіраўнік прадпрыемства назваў агракамбінат «Дзяржынскі» адной з самых магутных дзяржаўных кампаній у краіне. «Асноўная задача — забяспечыць прадпрыемства (Аршанскі мясакансервавы камбінат. — „Зв.“) загрузкай і атрымаць той фінансавы вынік, які мы павінны атрымаць, забяспечыць людзей працай», — адзначыў Уладзімір Лук’янаў.Асноўны від дзейнасці аршанскага прадпрыемства — вытворчасць кансервавых вырабаў — будзе захаваны. «Некаторыя пытанні мадэрнізуем, дадаткова павялічым аб’ём прадукцыі, што выпускаецца, — як па дзіцячым харчаванні, так і па вытворчасці тушонкі, — удакладніў гендырэктар агракамбіната „Дзяржынскі“. — Гэта будзе адзін з самых буйных у краіне заводаў па вытворчасці кансерваў. Літаральна сёння-заўтра запускаецца новы цэх. Дадаткова ёсць даручэнне разгледзець пытанне (і мы яго ўжо прапрацоўваем) па вытворчасці кармоў для жывёл. У цэлым, наша задача — павялічыць аб’ём і загрузіць завод на 100 %».
Прадугледжаны рэбрэндынг прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната — ад тары да назвы. «Нават па дзіцячым харчаванні давядзецца праводзіць рэбрэндынг, бо ёсць сеткавыя запыты на пэўную прадукцыю, — патлумачыў Уладзімір Лук’янаў. — Але сам брэнд АМКК мы захоўваем, бо ў гэтай прадукцыі ёсць свой спажывец, і аўдыторыя немалая».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА