Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу аднавіць узровень тавараабароту з Архангельскай вобласцю. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 24 жніўня на сустрэчы з губернатарам расийскага рэгіёна Аляксандрам Цыбульскім, паведамляе БелТА.
«Што датычыцца супрацоўніцтва, трэба сумленна прызнаць, што мы з вамі ў гандлі панізілі планку значна. Але ўсё ў нашых сілах. Мы мелі прыкладна ў тры разы вышэйшы тавараабарот, чым цяпер. Трэба яго аднаўляць, шукаць адпаведныя шляхі. І нам у тым ліку. Не чакаць за дзвярыма або за плотам, што хтосьці прыедзе і прапануе варыянты», — сказаў беларускі лідар.

«Супрацоўніцтва з Беларуссю застаецца адным з прыярытэтных, стратэгічных, важных кірункаў развіцця міжнародных сувязяў. Мы паступальна развіваем узаемадзеянне па ўсіх ключавых кірунках. Беларусь стабільна застаецца ў пяцёрцы асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў вобласці. Цалкам з вамі пагаджуся — патэнцыял, які ёсць у развіцці ўзаемнага гандлю, не выкарыстаны на 100%», — адзначыў губернатар расійскай вобласці.
Супрацоўніцтва ў тым ліку развіваецца на ўзроўні муніцыпалітэтаў і раёнаў Беларусі.
Плануецца падпісаць пагадненне з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. У гэтым плане намячаецца перспектыўны кірунак супрацоўніцтва — у Архангельскай вобласці запатрабаваны беларускія кампетэнцыі па перапрацоўцы торфу. «З’яўляецца вялікі попыт на торф у свеце. Тут вельмі важна, каб мы не проста экспартавалі сыравіну, а пастараліся зрабіць гэта прадуктам перапрацоўкі, каб большую частку дабаўленай вартасці пакідаць на нашых з вамі прадпрыемствах», — заявіў Аляксандр Цыбульскі.

У Архангельскай вобласці ёсць добры попыт на беларускія прадукты харчавання. Нядаўна ў Архангельску адкрылася ўжо дзясятая па ліку крама «Беларуская вёска». Аналагічныя крамы прапануецца адкрываць і ў іншых гарадах рэгіёна. «Адкрылі ў добрым месцы, у цэнтры горада. Першы тыдзень гандлю паказвае, што попыт і цікавасць да прадукцыі Беларусі ў жыхароў горада велізарныя. Фактычна скупілі ўвесь склад — усё, што было прывезена», — расказаў губернатар.