«Мы павінны структурна, арганізацыйна і тэхналагічна паглядзець, як будзем жыць»
У пятніцу працягнулася рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на поўнач краіны. Кіраўнік дзяржавы другі дзень запар працаваў у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. У цэнтры ўвагі беларускага лідара гэтым разам было развіццё паўночных раёнаў краіны за кошт больш поўнага раскрыцця турыстычнага патэнцыялу, рэалізацыі запатрабаваных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі і лясной галіны.
Яшчэ адна важная тэма — пашырэнне сеткі атрадаў народнага апалчэння і ўдасканалення іх падрыхтоўкі. Аляксандр Лукашэнка пабываў на вучэбна-трэніровачных занятках аднаго з такіх атрадаў, які створаны ў асноўным з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор» і аднайменнага турыстычнага комплексу.

«Галоўнае — гэта нават не стральба»
Народнае апалчэнне павінна грунтавацца ў пэўных вёсках у сельскім Савеце, адзначыў Прэзідэнт. «У вас адно падраздзяленне, добрае падраздзяленне. Але гэтага мала. І трэба нам пашырацца. Трэба дзесьці яшчэ ствараць такія базавыя атрады. Яны павінны быць звязаныя паміж сабой», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручыў кіраўніку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігару Шуневічу прыцягваць у народнае апалчэнне людзей, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй.
Прэзідэнт адзначыў, што народнае апалчэнне трэба, каб людзі ў выпадку ваеннага часу маглі абараніць сябе, сваю сям’ю, свой населены пункт.
«Чаму я імкнуўся стварыць народнае апалчэнне? Я не хачу, каб тут кожны другі загінуў, як гэта было калісьці ў гады Вялікай Айчыннай вайны — палову насельніцтва выразалі, а мы нічым не адказалі. А гэтыя хлопцы заўсёды адкажуць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ж мужыкі. Нават калі нам прыйдзецца загінуць, то з сабой туды мы забяром дваіх-траіх, калі ў яго (байца народнага апалчэння. — „Зв.“) будзе кулямёт, аўтамат, пісталет, гранаты і гэтак далей. Мы — мужыкі, мы павінны валодаць стралковай зброяй і павінны абараніць саміх сябе і сваю сям’ю. Натуральна, сваю вёску».
«Гэта ў самым нізе — народнае апалчэнне. Далей тэрытарыяльная абарона — абарона інфраструктурных аб’ектаў. Народнае апалчэнне, тэрытарыяльная абарона і наверсе армія. Натуральна, уся гэта структура пад камандаваннем Прэзідэнта», — заявіў беларускі лідар.
Ствараючы гэту структуру, кіраўнік дзяржавы меў на ўвазе, што ў кожным сельсавеце павінен быць атрад народнага апалчэння. «Гэта ядро. У выпадку ваенных дзеянняў гэта ядро можа пашырацца. База, на якой ствараецца народнае апалчэнне, — гэта сельскі Савет. Узбраенне для вас падрыхтавана. Гэта справа ваенных. Аўтамат, гранаты, кулямёт вы будзеце мець. А тут яшчэ БПЛА (выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы дадзенага атрада. — „Зв.“). Гэта добра, што вы асвоілі беспілотнікі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму што вы, як пагранічнікі — на краі. У вас тут краіна НАТА побач. Не дай бог, вядома, нам ваяваць з імі. Але тым не менш мы павінны быць гатовыя».
Прэзідэнт расказаў, што ў бліжэйшы час ён на адным з участкаў азнаёміцца з дзеяннямі тэрытарыяльнай абароны. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням наяўнасці і захаванасці зброі, якая маецца ў запасе на выпадак вайны і прызначана ў тым ліку для народнага апалчэння.
«Я хачу, каб у нас у цэлым грамадства магло абараніць сваю краіну, — сказаў беларускі лідар. — Цяпер страсянём гэта ўсё, мы яшчэ раз пераправерым іх баявую зброю».
Прэзідэнт пагутарыў з байцамі атрада і даў некалькі парад па падрыхтоўцы: «Галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізічная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца «адхінацца ад кулі».
Атрад народнага апалчэння, за трэніроўкай якога назіраў Прэзідэнт, створаны на базе паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор». У ім — работнікі гэтай гаспадаркі і аднайменнага турыстычнага комплексу.
«Не дай бог прыйдзе вораг — гэтыя людзі павінны ўмець абараніць сябе, сваю сям’ю»
Яшчэ адным важным момантам гэтага дня стала размова з журналістамі. Кіраўнік дзяржавы як заўсёды адкрыта, сумленна і па сутнасці адказаў на пытанні, якія датычыліся самых розных кірункаў дзейнасці. Сярод іх было пытанне і аб народным апалчэнні.
«У бліжэйшы час мы ўсю гэту сістэму страсянём па краіне — гэту вертыкаль — з мэтай праверкі. Паглядзім, як народнае апалчэнне дзейнічае, як тэрытарыяльная абарона. Тэрытарыяльная абарона будзе абараняць у межах раёнаў буйныя аб’екты жыццезабеспячэння. Ну і таксама будуць, вядома, перасякацца гэтыя функцыі (з народным апалчэннем. — „Зв.“), — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Народнае апалчэнне — гэта была мая ініцыятыва. У кожным сельскім Савеце да 20 вёсак, дзе жывуць людзі, — павінен быць апорны атрад. Не дай бог прыйдзе вораг — гэтыя людзі павінны ўмець абараніць сябе, сваю сям’ю».
Аляксандр Лукашэнка назваў гэта ўсё найважнейшым пытаннем у сувязі з нагнятаннем абстаноўкі вакол. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні з кім ваяваць і хоча жыць дружна з усімі, уключаючы суседзяў. Але праводзіць падрыхтоўку па ўсіх ваенных стандартах з улікам сучасных рэалій. «Калі яны з мячом да нас, вы разумееце... Гэта такі элемент (народнае апалчэнне. — „Зв.“) вельмі важны. І я папрашу вас данесці гэта вельмі сур’ёзна да нашага грамадства», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы наведаў вучэбна-трэніровачныя заняткі аднаго з такіх атрадаў, які створаны ў асноўным з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор» і аднайменнага турыстычнага комплексу. Абмундзіраваннем і экіпіроўкай гэтыя людзі забяспечаны за кошт уладальніка комплексу — бізнесмена Мікалая Вараб’я. «Усё, чым яны экіпіраваныя, — кулямёты, аўтаматы і іншае, — гэта ён усё купіў за свае грошы. Гэта дзяржаўная структура (атрад апалчэння. — „Зв.“) створана на аснове, як модна гаварыць, дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта добры вопыт. Для мяне важна гэта ўбачыць і тыражаваць на ўсю краіну», — заявіў Прэзідэнт.
Гаворачы аб развіцці народнага апалчэння, ён прывёў у якасці прыкладу гарадскі пасёлак Асвея. Там у дадзенай мясцовасці павінна быць ядро гэтага апалчэння, а далей у сельсаветах свае падатрады. «Для гэтага ва Узброеных Сілах створаны пэўны запас неабходнай зброі. Перш за ўсё ім патрэбны будзе баявы аўтамат, гранаты, пісталет, нажы, рыдлёўкі — усё, што неабходна для сапраўднага салдата. Гэта — самы ніз нашай абароны. Далей — тэрытарыяльная абарона і ўжо армія», — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём у рэгіёне турыстычнага патэнцыялу
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання турыстычнага комплексу «Чырвоны Бор» у Верхнядзвінскім раёне азнаёміўся з развіццём у рэгіёне турыстычнага патэнцыялу.
Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з уладальнікам комплексу бізнесменам Мікалаем Вараб’ём, які таксама рэалізуе ў раёне праекты ў галіне АПК. Бакі гаварылі аб развіцці сельскай гаспадаркі і адпаведных праектаў, што асабліва важна для эканамічнага росту ў паўночных раёнах краіны. У цэнтры ўвагі была і сфера турызму — тое, як можна маштабаваць паспяховы вопыт у іншых рэгіёнах Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў мясцовую прадукцыю, уключаючы мёд з экалагічна чыстага пчальніка. Мёд астраўны, ляснога разнатраўя, грэчкавы. «Самы лепшы чысты мёд. Вось гэта сапраўдны мёд!» — даў станоўчую ацэнку Прэзідэнт, пакаштаваўшы прадукцыю.

Кіраўніка дзяржавы зацікавіў не толькі смак мёду, але і падыходы ў пчалярстве, пра якія з душой расказаў пчаляр Сяргей Шыманскі, які працуе ў «Чырвоным Бары» з 2015 года. Як вядома, на малой радзіме Прэзідэнта таксама ёсць пчальнік.
А яшчэ Сяргей Шыманскі любіць музыку і грае на баяне. Спецыяльна для Прэзідэнта ён выканаў пару кампазіцый. «Ты сам вучыўся?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.
«Можна сказаць, самавучка. У другім класе аддалі на баян, потым армія. І потым, калі зразумеў, што яго можна дзесьці прымяніць... У школе дзяцей трэба было на турзлёт прыводзіць. А калі маленькая школка, чымсьці трэба было казырнуць. Выкарыстоўвалі ўсе варыянты», — адказаў Сяргей Шыманскі.
«Усё знаёма. Малайчына», — пахваліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт распарадзіўся, каб пчаляру ў якасці падарунка перадалі яго баян: «Я табе падару свой баян. Пяцірадны, прыгожы, большы. Ручной работы. Я ўжо не граю практычна. Таму будзеш іграць на маім баяне. Але з цябе навука па пчалярстве».

«Мы зараз намацваем пункты развіцця сельскай гаспадаркі на будучыню»
Яшчэ адно пытанне, якое прагучала ад журналістаў да Прэзідэнта, — сельская гаспадарка. У кіраўніка дзяржавы спыталі, якія першачарговыя задачы стаяць перад сектарам АПК.
«Мы цяпер не намацваем тое, як будзе функцыянаваць сельская гаспадарка. Мы зараз намацваем пункты развіцця сельскай гаспадаркі на будучыню. Тое, пра што мы думалі 10-15 гадоў таму, мы ўжо зрабілі. Дзесяць мільярдаў сваіх мы атрымалі (гаворка ідзе аб выручцы ў 10 мільярдаў долараў ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны ў 2025 годзе. — „Зв.“). А далей? Як 20 мільярдаў ад экспарту атрымаць? Не толькі з-за росту цэн, але і за кошт інтэнсіфікацыі развіцця сельскай гаспадаркі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што па ўраджайнасці беларускія аграрыі набліжаюцца да рэкорднага мінулага года, калі было сабрана больш за 11 мільёнаў тон збожжа з улікам рапсу і кукурузы. «Збожжа мы ўжо маем больш за тону на кожнага чалавека. Гэта выдатна, гэта сусветная норма, але не гэта галоўнае. Галоўнае, як далей будзем жыць. Мы хочам, каб сярэдняе пакаленне і, галоўнае, дзеці атрымалі гэты зарад, у якім напрамку рухацца, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Будзе лепш, калі нам перашкаджаць не будуць. А як да гэтага „лепш“ ісці, мы цяпер шукаем шляхі. І мы іх па многіх кірунках знайшлі».
Што датычыцца першачарговых задач на будучыню, то ён назваў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў замест дробных ферм і высокі ўзровень культуры земляробства. Пры гэтым неабходна вызначыцца, што будзе ў будучыні з калектыўнымі гаспадаркамі: «Аб’ядноўваем, раз’ядноўваем іх, перадаём у прыватную ўласнасць...».
Гаворачы аб прыватных прадпрыемствах, Аляксандр Лукашэнка згадаў «Чырвоны Бор Агра», якое ён наведаў 15 кастрычніка падчас рабочай паездкі ў Верхнядзвінскі раён. Нядаўна там было завершана будаўніцтва комплексу па ўтрыманні і адкорме буйной рагатай жывёлы абердзін-ангускай пароды на 3,2 тысячы галоў, арыентаванай на вытворчасць ялавічыны з поўным цыклам. Ёсць таксама планы па будаўніцтве двух малочнатаварных комплексаў. Але, нягледзячы на маштабы, у згаданым прадпрыемстве працуе не так шмат людзей за кошт укаранення аўтаматызацыі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што падобны вопыт можна разглядаць як прыклад для тыражавання.

«Вось гэта будучыня. Мы павінны структурна, арганізацыйна і тэхналагічна паглядзець, як будзем жыць. Вядома тое, што мы ў яго (уладальніка „Чырвоны Бор Агра“ — бізнесмена Мікалая Вараб’я. — „Зв.“) бачылі — гэта для багатых. Усе так не зробяць, як ён. Але да гэтага трэба імкнуцца, — перакананы беларускі лідар. — Вось прыклад для тыражавання. Вось паказалі, як вырошчваецца мармуровая ялавічына. А попыт на прадукты харчавання будзе толькі ўзрастаць».
«Гэтыя кавалачкі, якія нашы продкі стваралі, трэба захаваць»
Кіраўнік дзяржавы таксама назваў ключавыя кірункі развіцця паўночнага краю Беларусі. Першы з іх — турыстычны. Пры гэтым, як адзначыў Прэзідэнт, гаворка неабавязкова ідзе аб стварэнні вялікіх турыстычных комплексаў — пачаць можна і з менш маштабных праектаў.
«Паціху рухацца: адну, дзве, тры хаткі, пасёлачак невялікі. Людзі прыедуць, людзі хочуць пабываць на прыродзе. А ў Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах жа няма ніякай прамысловай вытворчасці, ніякага бруду. Тое, што вы тут ходзіце, дыхаеце, вы атрымліваеце лекі (гаворка аб чысціні паветра ў гэтай мясцовасці. — „Зв.“), і я таксама — бясплатна. Таму трэба турыстычны кірунак развіваць», — упэўнены ён.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў развіваць турыстычны кірунак і ў іншых рэгіёнах, асабліва з запаведнымі месцамі. «Бярэзінскі запаведнік, запаведнік у Ляскавічах, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры. Дзяржаўныя запаведнікі — там трэба ствараць магутныя базы, каб людзям было дзе працаваць і каб туды папросту можна было паехаць адпачыць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Наступны кірунак — аграрны. З улікам асаблівасцяў рэгіёна ён здаўна мае сваю спецыфіку. Так, у старажытнасці пануючай сістэмай вядзення сельскай гаспадаркі тут з’яўлялася падсечнае. Людзі высякалі дрэвы, спальвалі іх і выкарыстоўвалі попел як угнаенне.
Што датычыцца палёў, то на поўначы яны характарызуюцца нізкай контурнасцю, таму патрабуюць асаблівага падыходу, на што звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
«Контурнасць зусім невялікая, асабліва ў Верхнядзвінскім, Мёрскім, Браслаўскім і Расонскім раёнах. Гэта маленькія кавалачкі, але гэта глеба, гэта зямля. Яны павінны даваць вынік, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гэтыя кавалачкі, якія нашы продкі стваралі, трэба захаваць. Гэта спецыфіка — гэта не буйное поле, дапусцім, як у Брэсцкай, Мінскай або Гомельскай абласцях. Гэта тры-чатыры гектары, і іх трэба апрацаваць. Гэта спецыяльная тэхніка. Людзі ў нас разумныя, яны хутка гэта асвояць. Таму, акрамя турыстычнага кірунку, трэба займацца сельскай гаспадаркай».
«Паглядзеў на карце, колькі гектараў, паставіў малочнатаварны комплекс або па адкорме буйной жывёлы. Не трэба захапляцца тут, на поўначы Віцебскай вобласці, птушкай, таму што для птушкі зерне трэба. А збожжа тут цяжка атрымаць, траву прасцей для кароў, быкоў — для адкорму, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ну і трохі збожжа, таму што камбікорм таксама патрэбны. Гэта севазвароты трэба мяняць, што было сказана па Віцебскай вобласці неаднойчы».

Ён звярнуў увагу на бізнесмена Мікалая Вараб’я, які развівае абодва гэтыя кірункі. Гаворка ідзе аб турыстычным комплексе «Чырвоны Бор» і сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Чырвоны Бор Агра».
«Гэта будзе ўжо патрабаванне да іх. Развіваеш кірунак турыстычны, сюды тысячы людзей прыязджаюць адпачываць. Накармі іх гэтай прадукцыяй — малако, мяса і іншае. У яго (Мікалая Вараб’я. — „Зв.“) маленькі цэх, міні-заводзік, дзе ён вырабляе прадукцыю і корміць гэтых людзей. Вядома, дзесьці яшчэ і закупляе, але пытанне ў тым, каб не закупляў. Усё павінна ад зямлі ісці сюды. Вось такім чынам поўнач краіны, поўнач Віцебскай вобласці павінны развівацца», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Яшчэ адзін кірунак — лесаперапрацоўка. Для Віцебскай вобласці гэта пытанне актуальнае з улікам таго, што больш за трэць тэрыторыі рэгіёна займае лес. Пры гэтым ляснымі рэсурсамі трэба прадумана распараджацца.
«Лес, як і збожжавыя культуры, вырошчваецца толькі 60-80 гадоў. Саспелы лес прыбіраецца, сушыцца і з яго робяць усё неабходнае. Таму трэці кірунак — гэта лесаперапрацоўка. Тут трэба будаваць, калі трэба, буйныя камбінаты. Мы цяпер з аманцамі хочам пабудаваць цэлюлозна-папяровы камбінат. Аманцы гатовыя — у іх жа лесу няма, у іх суседзяў — таксама», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, падкрэсліў беларускі лідар, лясныя рэсурсы варта выкарыстоўваць і ў іншых кірунках — напрыклад, будаўніцтве. Прэзідэнт прапанаваў будаваць невялікія вытворчасці накшталт піларам. Гэта актуальна для такіх населеных пунктаў, як гарадскі пасёлак Асвея ў Верхнядзвінскім раёне, дзе жыве каля тысячы чалавек. Падобныя вытворчасці забяспечаць іх працай і годнай заработнай платай.
«Трэба развіваць па ўсіх кірунках лесаперапрацоўку. Не толькі садзіць і пілаваць лес — аднаўляць і перапрацоўваць у мэблю. Глыбокая перапрацоўка, каб мець грошы. Трэба ад зямлі і лесу атрымаць тое, што трэба беларускаму народу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Тэма развіцця поўначы Віцебскай вобласці стала цэнтральнай падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Верхнядзвінскі раён 15 кастрычніка. Прэзідэнт запатрабаваў стратэгічна вызначыць, як развіваць гэтыя тэрыторыі. «Мы намацвалі напрамкі развіцця. Думаю, і я, і многія, хто быў са мной і гэтым павінен займацца, вельмі многае зразумелі», — выказаў упэўненасць ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на развіццё Расонскага раёна, не выключыўшы, што да яго развіцця могуць падключыць прыватнага інвестара. Падобная практыка ўжываецца ў Верхнядзвінскім раёне, дзе працуе бізнесмен Мікалай Варабей.
«Я планую таксама знайсці прыватніка. Калі не — значыць, дзяржава зоймецца. Расонскі раён яшчэ больш складаны ў развіцці, чым Верхнядзвінскі, але мы яго кінуць не можам. Калі па-сапраўднаму ўкласціся, знайсці людзей, якія з душой падыдуць, як тут, у Асвеі, то Расонскі раён атрымае сур’ёзнае развіццё. Я не выключаю, што гэта будуць прадпрымальнікі не толькі беларускія, але і расійскія. Калі яны гатовыя інвеставаць, будзем інвеставаць», — канстатаваў беларускі лідар.

«Хто будзе ва Украіне Прэзідэнтам, вырашыць украінскі народ»
Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік дзяржавы выказаўся з нагоды заявы Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб неабходнасці змяніць Уладзіміра Зяленскага. Прэзідэнта спыталі, ці рэальна дасягненне міру ва Украіне пры цяперашнім яе прэзідэнце ў кантэксце нядаўніх заяў Дональда Трампа.
«Хочаце ад мяне як ад палітыка атрымаць адказ або па сутнасці? Калі па сутнасці — гэта маё крэда — гэта не Трампа пытанне, — заявіў беларускі лідар. — Хто будзе ва Украіне Прэзідэнтам, вырашыць украінскі народ».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Уладзімір Зяленскі ў свой час абяцаў прабыць на пасадзе кіраўніка дзяржавы адзін тэрмін і ўсё. «Трэба выконваць абяцанні, — звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі. — На выбары трэба ісці. У гэтым Трамп мае рацыю: абяцаў — трэба выконваць абяцанні. Але толькі дыктаваць не трэба. Трампу не варта дыктаваць, што рабіць Украіне».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час падтрымліваў прыход да ўлады Дональда Трампа, і лічыць, што на пасадзе Прэзідэнта ЗША ён можа яшчэ нямала зрабіць, бо наперадзе палова тэрміну яго паўнамоцтваў. Тым не менш не трэба было «так камандаваць», як у дадзеным выпадку.
Аляксандр Лукашэнка бачыць прычыны, па якіх Дональд Трамп дазваляе сабе такога роду выказванні ў адносінах да Уладзіміра Зяленскага. «Ён чаму дыктуе? Таму што Зяленскі трапіў у залежнасць ад ЗША і ад таго ж Трампа. Калі ласка, ён можа не дыктаваць, але спачатку разведданымі не будзе Украіна забяспечаная, а потым і зброяй — тым, што вельмі трэба. А можа, і акрамя зброі яшчэ чымсьці», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
З гэтага, па словах Прэзідэнта, напрошваецца відавочная выснова: нельга трапляць у залежнасць, асабліва ад буйных дзяржаў. «Сябруй з імі, рабі ўсё неабходнае, каб яны падтрымлівалі з табой сяброўства. Мы з Расіяй сябруем, робім усё, каб Расія бачыла ў нас каштоўнасць. У адваротным выпадку навошта з беларусамі і Беларуссю сябраваць? Яна павінна бачыць каштоўнасць. Гэтаксама і Украіна. Нос па ветры трэба ў гэтым плане трымаць і не трапляць у залежнасць ад гэтых дзяржаў», — лічыць беларускі лідар.
У працяг тэмы кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на дзеянні ЗША ў Іране. «Узялі разбамбілі краіну, у пэўных гарадах, забілі кіраўніцтва краіны, і яны пра гэта кажуць і выхваляюцца гэтым. Гэта што такое? — крытычна заўважыў беларускі лідар. — Так, яны (Злучаныя Штаты Амерыкі. — „Зв.“) цяпер магутныя, разумеюць, што няма той сілы, якая магла б іх спыніць. Памыляюцца».
«Усе багалюбы, багамольцы... А Ён бачыць і па галаве ўрэжа вельмі моцна, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, намякаючы на вышэйшыя сілы. — Таму трэба быць акуратней тут. Мы дакладна не ведаем, але шмат у прыродзе сіл, якія могуць паставіць моцных гэтага свету на месца. Гэта трэба памятаць».

«З гуманітарных, чалавечых меркаванняў там патрэбны мір»
Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым дасягненне міру ва Украіне ў хуткім часе. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завяршэнне канфлікту неабходна і ў гэтым зацікаўлены як Украіна, так і Расія, паколькі вайна прыводзіць да негатыўных наступстваў для абедзвюх краін.
«І гэты мір будзе. Калі не ў гэтым годзе, то ў наступным. Я абсалютна перакананы, — заявіў Прэзідэнт. — Так, Расія больш магутная, мацнейшая, яна яшчэ можа доўга ваяваць. Але ўсё роўна знясіленне вельмі моцнае, уплыў на эканоміку велізарны, вы гэта таксама бачыце. Каму гэта прыемна і трэба? Расіяне гэта разумеюць, яны гатовыя да міру».
Украінцам, калі яны не пойдуць на мірнае ўрэгуляванне ў гэтым годзе, у наступным будзе яшчэ складаней, а потым і немагчыма будзе, дадаў Прэзідэнт. Па яго словах, амерыканцы намякаюць расіянам: мы цяпер гатовыя зняць санкцыі, яшчэ нейкія варыянты, але калі не пайсці на дамоўленасці з Украінай, то ў будучым годзе будзе яшчэ горш. І санкцыі захаваюцца, нават калі Расія захопіць усю тэрыторыю Украіны.
«Калі шчыра, не факт, што з намі і з расіянамі побач будзе хтосьці стаяць (у выпадку непажаданага варыянту развіцця падзей. — „Зв.“), — акцэнтаваў беларускі лідар. — Розныя фактары ў гэтым плане пераважаць і над Расіяй, і над Украінай. Але адназначна гэтыя фактары падштурхоўваюць да міру і Украіну, і Расію ў сілу немагчымасці далей весці такія ваенныя дзеянні».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на трагічныя наступствы гэтай вайны, дзе людзі гінуць, атрымліваюць цяжкія калецтвы, застаюцца інвалідамі. «З гэтых гуманітарных, чалавечых меркаванняў там патрэбны мір. І ён будзе дасягнуты. Хацелася, каб ужо ў будучым годзе гэта вайна скончылася. А калі ў гэтым, то наогул любата. Мы — за гэта і ў гэтых адносінах будзем рабіць усё, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Любыя войны мірам заканчваюцца. Таму лепш раней, чым пазней».
***
У другой палове дня Прэзідэнт накіраваўся на паўднёвы ўсход Віцебскай вобласці. Як і анансаваў журналістам: «Вось цяпер у верталёт, праз Расоны туды палячу, на ўсход Віцебскай вобласці, пагляджу, як яны працуюць у сельскай гаспадарцы».
Паводле БелТА і прэс-службы Прэзідэнта
Даслоўна
«Чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім»
Камандзір атрада народнага апалчэння Максім Андрыеўскі ў мінулым прафесійны ваенны, мае за плячыма досвед службы ў спецпадраздзяленні. Ён расказаў журналістам, што трэніроўкі атрада праводзяцца штотыдзень, а ў летні час арганізуюць паўнавартасныя зборы працягласцю ў тры тыдні. Асаблівая ўвага надаецца спецыяльнай, фізічнай падрыхтоўцы, рукапашнаму бою, фарміраванню навыкаў абыходжання са зброяй.
У складзе атрада мясцовыя жыхары, прадстаўнікі самых розных прафесій, якія выдатна ведаюць мясцовасць. Гэта не прафесійныя ваеннаслужачыя, але дзякуючы падрыхтоўцы ў патрэбны момант яны не разгубяцца і змогуць стаць на абарону Радзімы.
Камандзір атрада прывёў вельмі важныя словы Прэзідэнта: «Чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім». Максім Андрыеўскі асабліва падкрэсліў, што падрыхтоўка такіх атрадаў робіцца выключна для абароны сваёй краіны.«Кожны мужчына павінен умець пастаяць за сваю сям’ю, за сваіх дзяцей, жонак, маці, а таксама за сваю вёску і за сваю тэрыторыю. Вось дзеля гэтага мы стараемся рыхтаваць нашых хлопцаў, каб яны, калі Радзіма загадае, маглі прыйсці і стаць на абарону межаў сваёй краіны», — выказаў упэўненасць Максім Андрыеўскі.
«Усё тое, што даручыў Прэзідэнт, будзе выканана»
У размове з журналістамі ўладальнік комплексу «Чырвоны Бор», бізнесмен Мікалай Варабей расказаў аб асноўных кірунках для далейшага развіцця паўночных раёнаў краіны.
Са слоў бізнесмена, сфера АПК — гэта новы для яго кірунак: «Але мы настроеныя рашуча. Пачалі будаўніцтва малочнатаварнага комплексу. Будаўніцтва яшчэ аднаго пачнём вясной. Далей — планы па племянной жывёлагадоўлі. Будзем інвеставаць у развіццё гэтага рэгіёна».
Кіраўнік комплексу таксама расказаў аб планах па стварэнні новых рабочых месцаў, павышэнні ўзроўню заработнай платы для работнікаў, развіцці інфраструктуры: «Мы пабудавалі дарогі, месцы адпачынку, кафэ ў вёсках. Гэта таксама паўсядзённае жыццё людзей. Яно складаецца з гэтага. Таму людзі змогуць дзесьці адпачыць, дзесьці папрацаваць. І самае важнае — дзеці павінны вучыцца ў школе».
Мікалай Варабей выказаў упэўненасць, што яго каманда не падвядзе людзей і, у першую чаргу, Прэзідэнта, які ўскладае на яго вялікія надзеі. Бізнесмен падкрэсліў, што развіццём рэгіёна займаецца з вялікім задавальненнем. «Нешта зрабіць для людзей рэальна прыносіць задавальненне, — заявіў ён. — Таму ўсё тое, што даручыў Прэзідэнт, будзе выканана. І ўсё, што мы павінны будзем дзяржаве за гэтыя сельгасугоддзі, прадпрыемствы, мы ўсё аплацім. Гэта не будзе нейкая перадача. Я не хацеў бы ў дзяржавы нешта браць. Як бізнесмен лічу, што дзяржаве трэба даваць, і кожны бізнесмен павінен быць карысны дзяржаве і грамадству. Калі толькі браць у дзяржавы — гэта не маё, і я гэтага не хацеў бы».
Бізнесмен яшчэ раз падкрэсліў, што яму добра вядомыя тыя месцы, якімі яму даручыў заняцца кіраўнік дзяржавы. «І калі Прэзідэнт з картай выйшаў, я ўжо ў прынцыпе пра гэта думаў. Таму тое, што ён намаляваў і паказаў, я быў гатовы».
Па словах Мікалая Вараб’я, сакрэт поспеху крыецца не толькі ў фінансах, але і ў граматным падыходзе да работы з калектывам. Тут вельмі важна і нармальнае чалавечае стаўленне. «Людзі павінны разумець, што мы пра іх клапоцімся, мы таксама робім для іх камфортную працу. Механізатары маюць камфортную тэхніку, камфортныя ўмовы для працы. І да людзей трэба па-чалавечы ставіцца, тады яны аддадуць з лішкам», — выказаў упэўненасць ён.
Закранаючы тэму народнага апалчэння, Мікалай Варабей падкрэсліў, што ідэя яго фарміравання з’явілася спантанна. «Мы не нейкая прыватная армія. Усе нашы людзі, супрацоўнікі павінны ўмець абараняць сваю Радзіму, сям’ю, вёску, дзяцей. І мы ўсё робім, каб гэта было. Мы іх экіпіравалі, апранулі, абулі, і яны з задавальненнем займаюцца. Я, шчыра кажучы, першы час думаў, што ім будзе цяжка, будуць марш-кідкі, нейкія трэніроўкі. Жартаваў, што пазвальняюцца ўсе, што мы тут армію зладзілі. А людзі, наадварот, запісваюцца і запісваюцца (у народнае апалчэнне. — „Зв.“). Усе хочуць у гэтым удзельнічаць і неяк быць карысным Радзіме, грамадству, сям’і, свайму рэгіёну. Яны гэта робяць з вялікім задавальненнем. І гэта было бачна сёння», — рэзюмаваў Мікалай Варабей.