Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў Міністэрства энергетыкі з 25-годдзем з дня яго ўтварэння. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Гэты дзень стаў важнай вяхой у развіцці беларускай дзяржаўнасці. Вам была даверана работа па арганізацыі надзейнага забеспячэння краіны энергіяй, якая з’яўляецца адным са складнікаў нацыянальнай бяспекі», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за чвэрць стагоддзя айчынная энергетыка кардынальна змянілася: абноўлены генеравальныя магутнасці і сеткавая інфраструктура, развіваюцца газавая і паліўная галіны. «Гістарычным рашэннем стала будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, што спрыяла ўмацаванню суверэнітэту дзяржавы», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што за ўсімі дасягненнямі — прафесіяналізм і адказнасць супрацоўнікаў міністэрства, якія не толькі паспяхова вырашаюць задачы сённяшняга дня, але і распрацоўваюць энергетычную стратэгію Рэспублікі на дзесяцігоддзі наперад.
«Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам, чыя праца заклала трывалую аснову энергасістэмы незалежнай Беларусі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і новых здзяйсненняў у імя будучыні роднай краіны.