Top.Mail.Ru

Падрабязнасці сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Ігарам Дадонам

«Вы заслужылі гэта месца пад сонцам, і трэба там жыць і рабіць шчаслівым свой народ»


Яшчэ адным госцем у кабінеце беларускага лідара ў аўторак стаў экс-прэзідэнт Малдовы, старшыня Партыі сацыялістаў гэтай краіны Ігар Дадон. Абазначыўшы, што тэм для размовы нямала, асаблівую ўвагу Прэзідэнт надаў пытанню тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Малдова.

«Гэта такі ціхі і спакойны куток для жыцця людзей»

«Ёсць аб чым паразмаўляць, — звярнуў увагу на пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы. — Вельмі важна, што гэта сёння, паколькі акурат у нас гадзінамі-днямі — саміт ЕАЭС. Гэта эканамічнае ядро нашай Садружнасці. І вельмі важна пачуць твае словы, тваё меркаванне, якое я, вядома, давяду да кіраўнікоў дзяржаў, з якімі буду сустракацца».

Аднак гэта будзе на іншай пляцоўцы. А пакуль тут, у Мінску, у Палацы Незалежнасці, беларускі лідар адзначыў, што па-сяброўску хоча пачуць ад Ігара Дадона адказ на пытанне аб суверэнітэце і незалежнасці Малдовы.


«Мы вельмі часта ў апошні час чуем з розных крыніц аб тым, што Малдова гатова стаць ледзь не часткай іншай дзяржавы, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, шчыра скажу, я, як увогуле чалавек закаханы ў вашу краіну (ты гэта добра ведаеш), з жахам гэта чую, успрымаю. Не хачу казаць банальныя рэчы аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць дорага заўсёды каштуюць (і гэта галоўнае для любой краіны, гэта ты лепш за мяне ведаеш), але я бы вельмі прасіў і цябе, і тваіх прыхільнікаў, каб ні ў якім разе не дапусцілі знішчэння такой квітнеючай, цудоўнай, няхай невялікай па памерах краіны як Малдова».

Па словах кіраўніка дзяржавы, такой прыгажосці, якая характэрная для Малдовы, наўрад ці знойдзеш у свеце. «Гэта такі ціхі і спакойны быў куток (думаю, і ёсць) для жыцця людзей, — удакладніў ён. — Мы заўсёды вам зайздросцілі».

Прэзідэнт успомніў, як падчас свайго візіту ў гэту краіну ў 2018 годзе разам з Ігарам Дадонам недалёка ад сталіцы сеялі кукурузу. «Перад вачамі карцінка — я адтуль глядзеў на Кішынёў, — удакладніў беларускі лідар. — Ён быў увесь у садзе. Усё расквітнела — увесь белы горад. І працалюбівы ж народ малдаване, яны горы могуць звярнуць. Як камусьці аддаць (Малдову. — „Зв“.) або ўключыць у склад нейкай іншай дзяржавы?»


Аляксандр Лукашэнка перакананы, што для Ігара Дадона, як для чалавека-патрыёта, і яго прыхільнікаў галоўнае — зберагчы Малдову. «Для малдаван, — удакладніў беларускі лідар. — Мы ж гэта разумеем: нідзе мы нікому не патрэбны. Вопыт нам паказаў ужо. Не хачу называць краіны, ты іх добра ведаеш. Ён паказаў, як з намі абыходзяцца. Таму атрымаецца дзесьці светлая будучыня — добра. А калі не атрымаецца — рэзаць гэту пупавіну, рваць адносіны з тымі, з кім вы заўсёды знаходзілі агульную мову (нельга. — „Зв“.). Вось гэта для мяне галоўнае».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Малдова і малдаване — гэта любоў беларусаў. Па яго словах, яшчэ з часоў Савецкага Саюза мы з вялікай павагай адносіліся да малдаўскага народа і гэтай краіны. «І мы не хочам гэта страціць, — заўважыў ён. — І вы, спадзяюся, таксама».

«Малдаўскі народ — гэта вялікі народ»

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, трэба аднаўляць работу Міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама рухацца наперад, шукаць новыя пункты судакранання, каб малдаване жылі як горды і незалежны народ.

«Не бывае народаў малых або вялікіх, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Народы ўсе аднолькавыя. Яны вялікія. Асабліва для тых палітыкаў, якія жывуць з тым ці іншым народам у той ці іншай краіне. Таму малдаўскі народ — гаротны народ, які ў сваёй гісторыі шмат чаго нацярпеўся. Гэта вялікі народ. Нельга яго прыніжаць, нельга яго кудысьці засоўваць, нават у вельмі перспектыўную і развітую краіну. Вы заслужылі гэта месца пад сонцам, і трэба там жыць і рабіць шчаслівым свой народ».

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Ігар Дадон яшчэ нямала добрага зробіць у Малдове і не толькі для сваёй краіны.

«Палітыка, якую праводзіць Беларусь, з’яўляецца прыкладам для Малдовы»

Старшыня Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова назваў Прэзідэнта Беларусі дарагім сябрам і таварышам малдаўскага народа. Ігар Дадон удакладніў, што падчас размовы Аляксандра Лукашэнкі з ім адчуваў дваякае пачуццё: з аднаго боку, гонар і павагу, а з другога, прыкрасць.


«Гонар і павагу да вас, бо вы такія добрыя, прыгожыя словы гаворыце пра маю радзіму, — удакладніў экс-прэзідэнт Малдовы. — А прыкрасць у тым, што вы разумееце тое, што не разумее цяперашні прэзідэнт Рэспублікі Малдова».

Ігар Дадон заўважыў, што для яго, як карэннага малдаваніна і грамадзяніна сваёй краіны, які не мае іншага грамадзянства, акрамя малдаўскага, на душы становіцца балюча, калі Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт іншай краіны, з’яўляецца большым патрыётам Малдовы, чым цяперашні прэзідэнт гэтай дзяржавы. 

«Мы цяпер не кажам аб палітычных баталіях, — заўважыў Ігар Дадон, маючы на ўвазе перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове Маі Санду. — Але мы ўсе кляліся на Канстытуцыі абараняць Малдову, абараняць нашу краіну. І безумоўна, калі цяперашні прэзідэнт пасля таго, як усвядоміла, што ніякай еўрапейскай інтэграцыі не будзе, што гэты шлях банкруцтва (і гэта паказваюць цяперашнія рэаліі ў Малдове), пачала прасоўваць ідэю ліквідацыі малдаўскай дзяржавы — для нас гэта вялікая праблема».

Старшыня Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова выказаў удзячнасць беларускаму лідару за падтрымку курсу на захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Малдовы. 

«Вы, напэўна, ведаеце, што ў Малдове вы з’яўляецеся палітыкам, якога падтрымлівае большасць грамадзян Малдовы, — удакладніў Ігар Дадон. — Са знешніх сяброў вы на першым месцы. І гэта невыпадкова». Па яго словах, тая сацыяльна-эканамічная палітыка, якую праводзіць Беларусь, у тым ліку ва ўмовах вельмі няпростага рэгіянальнага і геапалітычнага канфлікту, з’яўляецца прыкладам для Малдовы.

Даслоўна

«Мы захаваем нашу краіну» 

Адказваючы на пытанні журналістаў, старшыня Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова Ігар ДАДОН звярнуў увагу на тое, што збалансаваная пазіцыя Беларусі і яе лідара па многіх пытаннях, якая зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў, імпануе малдаўскаму народу. 

«Трапяткія словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што трэба захаваць дзяржаўнасць Малдовы, вядома, вельмі важныя, — лічыць Ігар Дадон. — Пераважная большасць грамадзян Малдовы супраць ліквідацыі дзяржаўнасці рэспублікі. Правальная палітыка еўраінтэграцыі, якую праводзіць Мая Санду (дзеючы прэзідэнт Малдовы. — „Зв“.), ні да чаго добрага не прыводзіць. З улікам таго, што яна больш не можа балатавацца на пасаду прэзідэнта, яна гатова пад сябе ўзарваць сітуацыю ў Малдове».

Старшыня Партыі сацыялістаў Малдовы перакананы, што нічога не атрымаецца. «Мы захаваем нашу краіну, — падкрэсліў ён. — Мы захаваем нашу дзяржаўнасць. Тое, што нашы бацькі і дзяды перадалі нам Малдову — незалежную, суверэнную — мы павінны перадаць нашым дзецям, унукам. Упэўнены, што мы з гэтым справімся».

Ігар Дадон лічыць важным аднавіць двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Малдовай. Як мінімум — да папярэдняга ўзроўню. Па яго словах, у апошнія гады тавараабарот паміж краінамі скараціўся ўдвая: з узроўню каля 260 мільёнаў долараў у 2017–2019 гадах да 120–115 мільёнаў долараў у цяперашні час.

Лідар партыі з жалем канстатаваў, што ўпершыню за 35 гадоў незалежнасці цяперашні малдаўскі парламент, які кантралюецца Маяй Санду, не пагадзіўся на існаванне групы дружбы паміж парламентамі Беларусі і Малдовы. «Ні разу за ўсе гады незалежнасці Беларусі і Малдовы не было такой сітуацыі, каб не было міжпарламенцкай групы дружбы, — акцэнтаваў увагу ён. — Мы, як асноўная апазіцыйная парламенцкая партыя, з гэтым не згодныя. Тое, чаго няма на афіцыйным узроўні, будзем дапрацоўваць на ўзроўні нашых міжпартыйных адносін».

Ігар Дадон праінфармаваў, што з візітам у нашай краіне знаходзіцца па запрашэнні партыі «Беларусь Русь», якая днямі ў Брэсце арганізоўвае канферэнцыю па тэматыцы шматпалярнасці і разнастайнасці.

«Усім беларускім сябрам, братам, вялікі дзякуй за падтрымку, — сказаў экс-прэзідэнт Малдовы. — Прыязджайце ў Малдову. Пакуль няпроста, але мы з усім справімся. Як мы сябравалі, як мы сеялі кукурузу з вашым Прэзідэнтам, пасля рабілі мамалыгу... Я думаю, што мы вернем гэтыя часы ў бліжэйшы час».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю