У кабінеце беларускага лідара абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Акрамя таго, Дзмітрый Мазепін з’яўляецца прэзідэнтам Федэрацыі водных відаў спорту Расіі. Дарэчы, ён ураджэнец Мінска.
Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, чалавек, які дасягнуў значных поспехаў, не павінен забываць і пра месца, дзе нарадзіўся.
«Нарэшце, ты з’явіўся на Радзіме», — звяртаючыся да госця Палаца Незалежнасці, на пачатку сустрэчы заўважыў Прэзідэнт.

«Дзякуй, што запрасілі», — адказаў Дзмітрый Мазепін.
«Мяне Аляксандр Генрыхавіч (Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. — „Зв“.) увесь час пераконвае ў тым, што пара, кажа, нашага вядомага спартсмена (задзейнічаць. — „Зв“.), — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я здзівіўся, калі мне вядомы член урада Расіі сказаў, што вы, аказваецца, сур’ёзна займаліся плаваннем з ім. Вы адзін з кіраўнікоў, вядомых людзей у свеце па водных відах спорту. Думаю, нам трэба гэта выкарыстоўваць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, кожнаму чалавеку, асабліва забяспечанаму, вельмі важна не забываць, адкуль ён родам. «Багаты чалавек павінен працаваць на сваю Радзіму, — лічыць беларускі лідар. — Таму мы б хацелі (гэта прапанова нашага Прэм’ер-міністра) падумаць б перспектывах нашага супрацоўніцтва».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Дзмітрыя Мазепіна, ці па-ранейшаму яго мама жыве ў Мінску. «Або ты яе перавёз у Маскву?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
«Яна тут жыве. Я ў яе быў цяпер», — сказаў расійскі прадпрымальнік.
«Яна не павінна нікуды з’ехаць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Я ведаю, людзі ва ўзросце ніколі Мінск не пакінуць, і Беларусь у тым ліку. Гэта ціхае, спакойнае месца для жыцця».
Даслоўна
«Мы разам ідзём для таго, каб выступаць на міжнароднай арэне без усялякіх абмежаванняў»
Як адзначыў у размове з журналістамі расійскі прадпрымальнік Дзмітрый МАЗЕПІН, у Беларусі ён знаходзіцца найперш як кіраўнік Федэрацыі водных відаў спорту Расіі, віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі.
«Мы праводзім вялікую сумесную работу па тым, каб нашы ўсе спартсмены вярнуліся на міжнародную арэну са сцягам і гімнам, — расказаў ён. — Тое, што датычыцца водных відаў спорту як Расіі, так і Беларусі, нам удалося пераканаць Міжнародную федэрацыю, каб дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў (да міжнародных спаборніцтваў. — „Зв“.), якія прадстаўляюць водныя віды спорту. Таму я рады быў далажыць Аляксандру Рыгоравічу аб тым, што мы разам ідзём для таго, каб выступаць на міжнароднай арэне без усялякіх абмежаванняў».
Дзмітрый Мазепін праінфармаваў, што ў бліжэйшай перспектыве беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія прадстаўляюць водныя віды спорту, чакаюць няпростыя спаборніцтвы Чэмпіянату Еўропы ў Парыжы. «Няпростыя з пункту гледжання таго, што спорт адкрыты, Міжнародная федэрацыя нас аднавіла ва ўсіх правах, але наколькі ўлады і палітычнае кіраўніцтва Францыі дадуць нам візы і будуць нам рады, гэта застаецца пытаннем», — удакладніў ён.
Па словах кіраўніка Федэрацыі водных відаў спорту Расіі, наступнае буйное міжнароднае спаборніцтва — Чэмпіянат свету па водных відах спорту — пройдзе ў Будапешце. «Упэўнены, што ў наступным годзе мы ў стане прыехаць у Будапешт з усім — са сцягам, гімнам — і выступаць, — заўважыў Дзмітрый Мазепін. — І калі нехта з расійскіх або беларускіх спартсменаў заваюе залаты медаль, у нас ёсць шанец пачуць або расійскі, або беларускі гімн».
Акрамя таго, расійскі прадпрымальнік адзначыў, што не толькі спартыўная тэматыка абмяркоўвалася з беларускім лідарам. «Закранаючы пытанні спорту, нельга не дакрануцца да пытанняў бізнэсу, — канстатаваў ён. — Я застаюся акцыянерам кампаніі „Уралкалій“. Інтарэсы „Уралкалія“ і „Беларуськалія“, а таксама тое, што адбываецца на рынку, — гэта важныя пытанні. І пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, вядома, стаялі на парадку дня ў Прэзідэнта. Атрымана добрая ацэнка, як мы апошнія гады працуем. Таму я рады, што мы можам абмяркоўваць не толькі спартыўныя, але і бізнэс-пытанні».
Паралельна, як праінфармаваў Дзмітрый Мазепін, у размове з кіраўніком беларускай дзяржавы ўзнікала пытанне культурнага абмену. «Я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу такі праект для таго, каб мы яшчэ раз успомнілі, што вайна ў 1945 годзе была закончана ў Берліне, але пачалася яна ў Брэсцкай крэпасці, — канкрэтызаваў ён, гаворачы аб узаемадзеянні ў культурнай сферы. — Вы ведаеце, што Уладзімір Машкоў паставіў фільм «У спісах не значыўся» пра лейтэнанта, які 200 дзён сам абараняў Брэсцкую крэпасць. Тэатр Алега Табакова пад кіраўніцтвам Уладзіміра Машкова паставіў спектакль «У спісах не значыўся».
Па прапанове расійскага прадпрымальніка, у наступным годзе, перад датай 22 чэрвеня, адпаведны спектакль з удзелам маскоўскіх артыстаў будзе паказаны як у Брэсце, так і ў Мінску.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА