Top.Mail.Ru

Пекінскі ўніверсітэт і БДУ рыхтуюць будучыню кітайска-беларускіх адносін. Аб гэтым гаварылі ў Прэзідэнта

«Гэта супрацоўніцтва будзе прыкладам для іншых ВНУ».


У Палацы Незалежнасці зноў замежныя госці — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з рэктарам Пекінскага ўніверсітэта Гун Цыхуанам. Пекінскі ўніверсітэт — найбуйнешая і найважнейшая вышэйшая навучальная ўстанова Кітая. 

«Наколькі я інфармаваны, праблем з нашымі студэнтамі вы не маеце», — заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў беларускіх ВНУ навучаецца 11,5 тысяч студэнтаў з КНР, і 1,5 тысячы беларусаў вучыцца ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. «Гэта будучыня нашых адносін», — адзначыў Прэзідэнт.

  • Пекінскі ўніверсітэт ключавы партнёр Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта сярод кітайскіх ВНУ. «Паміж вашым Пекінскім універсітэтам і нашай вядучай ВНУ склаліся добрыя адносіны. І я вельмі спадзяюся, што яно так і будзе. Мы разлічвалі, што гэта супрацоўніцтва будзе прыкладам для іншых ВНУ», -падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка вылучыў беспрэцэдэнтныя крокі ў супрацоўніцтве Пекінскага ўніверсітэта і БДУ — стварэнне асобнай праграмы для навучання асабліва паспяховых беларускіх студэнтаў па спецыяльнасці «біятэхналогіі». Гэта праграма, якая прадугледжвае паглыбленае вывучэнне дысцыплін, звязаных з біятэхналогіямі. 

«Мы супрацоўнічаем з Кітайскай Народнай Рэспублікай толькі пры маёй памяці ўжо 30 гадоў. І я памятаю вялікую зацікаўленасць кітайскага кіраўніцтва па падобных праграмах вывучаць фізіку, матэматыку, хімію, іншыя навукі. Гэта добры прыклад для вывучэння гэтых навук. І думаю, што мы на гэтым у бліжэйшы час засяродзімся. Але мы разлічваем на больш глыбокае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай» — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў гэтай сферы ў Беларусі і Кітая вялікае поле дзейнасці. «Словам, дзверы для вас адкрыты ў любую ўстанову, у любую кампанію, на любое дзяржаўнае прадпрыемства. Таямніц і сакрэтаў у нас ад Кітая няма», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Гун Цыхуан прызнаўся, што гэта яго першы візіт у Мінск. Ён узгадаў нядаўную сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Кітаі. «Ваша кіраўніцтва і Сі Цзіньпіна вядзе нас да паглыбленага супрацоўніцтва, усепагоднага і стратэгічнага партнёрства. І мы, Пекінскі універсітэт прымаем актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Я вельмі рады, што з маім удзелам запусцілі навучанне па спецыяльнасці «біятэхналогіі», — падкрэсліў рэктар. 

Даслоўна 

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам рэктар кітайскі госць расказаў журналістам, што Пекінскі ўніверсітэт і БДУ створаць сумесны беларуска-кітайскі цэнтр фундаментальных навуковых даследаванняў. Гун Цыхуан высока ацаніў сустрэчу з беларускім лідарам, адзначыўшы, што ўдалося абмеркаваць шырокае кола пытанняў. Сярод іх акадэмічныя абмены, супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. «Мы таксама прагаварылі магчымасць работы па розных напрамках. Плануем таксама з рэктарам БДУ Андрэем Каралём сёння падпісаць пагадненне аб адкрыцці Сумеснай магістратуры ў галіне біялагічных навук», — адзначыў Гун Цыхуан. Ён падкрэсліў, што біятэхналогіі — гэта перадавы кірунак, якому яго ВНУ надае вялікую ўвагу. Нашы краіны актыўна супрацоўнічаюць у гэтай сферы. «Кітай як вялікая дзяржава, якая апошнія 40 гадоў праводзіць палітыку адкрытасці, абавязаная дзяліцца з Беларуссю і іншымі краінамі сваімі дасягненнямі і напрацоўкамі», — дадаў рэктар Пекінскага ўніверсітэта.

Валерыя СЦЯЦКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю