Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Мы гатовыя аднавіць усё тое, што было страчана за гэтыя гады»

Рабочую суботу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвяціў сустрэчы з малдаўскім палітыкам і экс-прэзідэнтам Ігарам Дадонам, які цяпер займае пасаду старшыні Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова (ПСРМ).


«Жывы!»- вітаў кіраўнік дзяржавы ў сваім працоўным кабінеце Ігара Дадона. «Не дачакаюцца! — адказаў малдаўскі госць. — Аляксандр Рыгоравіч, вельмі рады!»

Беларускі лідар запэўніў, што наша краіна заўсёды гатовая да супрацоўніцтва з Малдовай. Ён пацікавіўся,як жывуць нашы браты-малдаване.

«Вельмі б хацелася, каб там быў парадак, каб вы перажылі гэтыя складаныя часы. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вы ад нас адарваныя вайной, на жаль. Лагістыка ўскладнілася. Але свет цесны. Няма безнадзейных сітуацый. Таму, калі ў кіраўніцтва Малдовы, у народа Малдовы будзе жаданне вярнуцца да нашага супрацоўніцтва і прымножыць яго, Ігар Мікалаевіч, ведайце, што вы для нас там не чужы чалавек. Мы гатовыя праз вас, калі вы пагодзіцеся, аказваць садзейнічанне, аднавіць усё тое, што было згублена за гэтыя гады».
Алякандр Лукашэнка адзначыў, што аднавіць адносіны нескладана: «шлях прабіты, пракладзены. Трэба Малдове. Вы ведаеце нас добра. Мы заўсёды былі абавязковыя ў адносінах з вамі і гатовыя ў гэтых адносінах дзейнічаць». Прэзідэнт падзякаваў Ігару Дадону за тое, што той, нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці, прыехаў у Беларусь, і пацікавіўся інфармацыяй з першых вуснаў аб тым, што цяпер адбываецца ў Малдове.
«Маё стаўленне да Малдовы ведаеш. Гэта квітнеючы сад, у якім жыве выдатны народ, працавіты вельмі народ, вельмі падобны на беларусаў. На жаль, так склалася, што мне вельмі складана пабываць у Малдове ў сілу той палітыкі, якую там вы праводзіце цяпер», — адзначыў беларускі лідар. Ігар Дадон на гэта ўдакладніў, што такую палітыку праводзяць цяперашнія ўлады Малдовы. 
«Зразумела. Таму я сапраўды, калі даведаўся, што ты будзеш у нас, шмат думаў пра Малдову, успамінаў нашы сустрэчы. Успамінаў, як мы там спрабавалі пасеяць добрае насенне. Кажуць, нядрэнна ўзышло (падчас візіту ў Малдову ў 2018 годзе Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон на трактарах засеялі поле кукурузы. — Зв.)»,- працягнуў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся, што яго прывялі ў жах размовы ў Малдове з нагоды нібыта страты незалежнасці Малдовы і ўключэнні ў склад суседняй дзяржавы. «Катастрофа, — сказаў Прэзідэнт. — Але я гэтаму не веру. Таму што малдаване, жыхары Малдовы, асабліва Кішынёва, людзі недурныя. Няма такога народа, які б самастойна пазбавіў сябе незалежнасці сам па сабе. Я гэта чую, але ў гэта не веру».

Аляксандр Лукашэнка параіў не рвацца ні ў якія саюзы, маючы на ўвазе Еўрапейскі саюз: «Ніхто вас нідзе не чакае. Вы бачылі, як любілі еўрапейцы, да прыкладу, Украіну. Як толькі Украіна транзітам праз ЕС хацела паставіць збожжа ў мінулым годзе, яе пачалі блакаваць, не далі правезці. Нават у Афрыку Украіна не магла паставіць гэта збожжа. Па той інфармацыі, якую мы атрымліваем. Вы што, думаеце, малдаван там чакаюць і асаблівае будзе стаўленне? Гэтаксама будзе з вашай аграрнай прадукцыяй, віном і гэтак далей і да таго падобнае. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Ігар Дадон, будучы Прэзідэнтам, праходзіў гэта ўсё. 

«Я памятаю, калі табе даводзілася прасякаць акно зноў сюды на ўсход — у Беларусь, Расію — для таго, каб жыў народ Малдовы. Таму мая вам парада: цаніце сваю зямлю, няма больш прыгожага кутка ў свеце, чым Малдова. Мне так здаецца з савецкіх часоў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў савецкія часы шмат разоў бываў у Кішынёве і не толькі. «Вельмі прыгожы, вельмі добры, вельмі прыстойны народ. І мне б вельмі хацелася, каб менш было там праблем. Калі ад нас нешта залежыць, і ў гэтай сітуацыі, і ў будучыні, — скажы, мы будзем побач з нашымі сябрамі», — запэўніў беларускі лідар.

Мы хочам вярнуць наш стратэгічны дыялог

Ігар Дадон прызнаўся, што рады знаходзіцца ў Беларусі і мець магчымасць сустрэцца з беларускім лідарам. «Хачу адразу вас запэўніць, што малдаўскія грамадзяне — не ўлада цяперашняя, а малдаўскія грамадзяне ў большасці сваёй — лічаць беларусаў сваімі братамі. Па ўсіх апытаннях Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — у першых радках па падтрымцы лідараў іншых краін унутры Рэспублікі Малдова», — сказаў ён. Малдаўскі палітык выказаў шкадаванне з нагоды таго, што ў апошнія 3-4 гады двухбаковы парадак дня паміж Малдовай і Беларуссю фактычна адсутнічае, што негатыўна паўплывала на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Значна ўскладніла лагістыку і сітуацыя ва Украіне. 
Але, па словах Ігара Дадона, вызначаюцца і некаторыя зрухі. «Мы хочам вярнуць наш стратэгічны дыялог, якім ён быў, калі мы займаліся нашымі двухбаковымі адносінамі», — заявіў ён. 

Даслоўна

У размове з журналістамі Ігар Дадон заўважыў, што на жаль, апошнія чатыры гады былі аднымі з самых няпростых перыядаў у двухбаковых адносінах Беларусі і Малдовы. «Не па віне беларускага боку. Па віне цяперашніх малдаўскіх уладаў, якія прынялі рашэнне не весці ніякіх размоў, перагавораў з Расіяй і Беларуссю» — удакладніў палітык, падкрэсліўшы, што лічыць такое рашэнне няправільным. Па словах Ігара  Дадона, большасць грамадзян Малдовы выступаюць за захаванне і развіццё адносін з такой традыцыйна дружалюбнай краінай, як Беларусь. 
Свой візіт у Мінск Ігар Дадон лічыць вельмі важным для будучага двухбаковых адносін Малдовы і Беларусі. «А сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам важная з пункту гледжання аднаўлення нашага стратэгічнага дыялогу», — дадаў ён. Ігар Дадон разлічвае, што ў хуткім часе ўдасца павярнуць назад негатыўныя тэндэнцыі (асабліва ва ўзаемным гандлі) і зноў наладзіць узаемаадносіны, у тым ліку эканамічныя, і аднавіць хоць бы ранейшы ўзровень тавараабароту.

Валерыя Сцяцко.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю