Top.Mail.Ru

У Свята працы Прэзідэнт азнаёміўся з перспектыўнымі мадэлямі айчыннага трактарабудавання

«Касмічны карабель» на беларускім полі 


На полі філіяла «Астрашыцкі Гарадок» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» ў Свята працы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з эксперыментальным узорам энерганасычанага трактара BELARUS-5425 і прычапнымі агрэгатамі да яго. На сёння гэта самы магутны ў СНД трактар класічнай кампаноўкі, абсталяваны сістэмай аўтаматычнага кіравання. 

Пад капотам трактара — дызельны рухавік Weichai магутнасцю 542 конскіх сіл. Пры поўным баку ёмістасцю 900 літраў трактар можа бесперапынна працаваць на працягу 10 гадзін. Усё гэта забяспечвае высокую прадукцыйнасць сельгасмашыны, дазваляючы выкарыстоўваць яе на самых цяжкіх работах у сельскай гаспадарцы.

«Тактыка працы ў полі павінна быць своеасаблівая»

«Ну што за цуда-трактар ты абяцаў?» — з такімі словамі па прыездзе на поле ў Мінскім раёне беларускі лідар звярнуўся да Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што ў гэтым годзе плануецца цалкам завяршыць выпрабаванні новай машыны і з 2027 года выйсці на серыйную вытворчасць.

Аляксандр Лукашэнка адразу пацікавіўся ў спецыялістаў, як сябе ў рабоце паказвае новы трактар. У цяперашні час гэтая мадэль пакуль яшчэ толькі праходзіць выпрабаванні па ўсіх напрамках і відах работ, а пасля выяўлення магчымых недахопаў і правядзення пры неабходнасці дапрацовак будзе запушчана ў серыю. 


Прынцыповае пытанне ад Прэзідэнта: колькі трэба такіх BELARUS-5425 — самых магутных трактароў — для беларускіх аграрыяў. Бо не на кожным полі патрэбна падобная тэхніка. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што будзе дастаткова 300 адзінак.

«Я чаму задаю гэтае пытанне — таму што назіраю за тым, як мы працуем на зямлі, — гэта ўжо прафесійная звычка. Дрэнна, асабліва ворыва. Яны так узворваюць, што як быццам вайна. Хрэніну (міністру абароны Віктар Хрэнін. — „Зв.“ ) не трэба ніякія акопы капаць... А потым жа, колькі трэба грошай, каб глебу выраўнаваць і пасеяць, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Я назіраю, калі на шматку зямлі, дзе там 4-5 гектараў поле, працуе магутная тэхніка. Ён жа плуг зачэпіць, як развернецца — акопы, вось я чаго баюся. Яны гэтую тэхніку возьмуць, але тактыка працы ў полі павінна быць своеасаблівая». 

«Гэта наша культура земляробства, — звярнуўся Прэзідэнт да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава. — Я правільна гавару, бо я гэта бачыў. Я ўчора сказаў, што ў гэтым годзе ёсць нейкія зрухі. Але гэта павінна быць зроблена імгненна. І калі ён з такім трактарам і такой глебаапрацоўчай тэхнікай, з гэтым абаротным плугам пройдзе, то ён не палову гектара — гектар пакіне незаараным».



«Тэхніка абавязкова павінна быць якасная»

Кіраўніку дзяржавы расказалі пра камплектуючыя новага трактара. Не лічачы рухавіка і паловы гідраўлікі — беларускія камплектуючыя. Прэзідэнт даручыў зрабіць беларускую гідраўліку. «Целяпаемся, вялікія дзеячы, не можам гідраўліку зрабіць, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — 10 гадоў гаворым пра гэтую гідраўліку! І рухавік — вось ён ёсць, рухавік, трэба вырабляць яго. Разам з кітайцамі (нічога страшнага), асобна рабіць. Мы гэты трактар зробім».

Прэзідэнт жорстка папярэдзіў прамыслоўцаў наконт якасці. «Крый божа ў вас будзе няякасная тэхніка. Ды і ўся тэхніка... Тэхніка павінна быць якасная! Надасце гэтаму асаблівую ўвагу! — даручыў беларускі лідар. — Мне хочацца, каб МТЗ куплялі не пад націскам урада ці Прэзідэнта, а куплялі праз добрую якасць. І апусціцца мы не можам тут, таму што гэта наш брэнд. Я прыхільнік, каб куплялі беларускае».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным павялічыць гарантыйныя тэрміны работы для тэхнікі. «Гарантыя — мінімум 5 гадоў. А потым і шэсць, і сем. Будзем паволі падымаць, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Але дакладна павінна быць размежаванне. Калі фільтр своечасова не замянілі (у эксплуатуючай арганізацыі. — „Зв.“), яшчэ штосьці — будзьце ласкавы, плаціце. Але калі яны не вінаватыя, калі рухавік заклініла або трансмісія паляцела — мяняйце за кошт завода. Гэта значыць, справядліва павінна быць. Павінна быць выразная празрыстая схема».

Яшчэ адзін важны акцэнт ад Прэзідэнта — якасць узворвання. Не важна, новая мадэль трактара ці не, якасць у гэтым пытанні павінна быць ідэальнай. «Узворванне — гэта аснова. Гэта сабекошт прадукцыі», — звярнуў увагу беларускі лідар.


«Калі якасць будзе — цаны яму не будзе»

Вяртаючыся да тэмы трактарабудавання, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем аб трактары BELARUS-5425 непасрэдна ў вадзіцеля-выпрабавальніка, які выпрабоўвае доследны ўзор: «Колькі ты ўжо на ім працуеш? І што можаш сказаць у першым набліжэнні?» 

Як адзначыў Дзмітрый Васілец, на гэты момант ужо напрацаваў 42 мотагадзіны. «Вядома, нешта трэба яшчэ даналадзіць, а так трактар нядрэнны, магутны, добры. Усё аблегчанае, панэль інфарматыўная, замест рычагоў ужо стаяць клавішы — лягчэй у кіраванні. Каробка — поўны аўтамат. Нашмат лягчэй працаваць», — ахарактарызаваў машыну кіроўца-выпрабавальнік.

«Гэта вялікая справа», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся расходам паліва, магутнасцю рухавіка, а таксама дзе яшчэ ён можа выкарыстоўвацца. Як паведамілі Прэзідэнту, такі магутны рухавік можа выкарыстоўвацца яшчэ і ў камбайнах Гомсельмаш. «Касмічны карабель, — ацаніў кіраўнік дзяржавы новы трактар. — Ну, сядай, заводзь, едзь. Паслухаем, як ён у цябе грыміць». 




На сённяшні дзень прадстаўлены кіраўніку дзяржавы трактар — самы магутны ў класічнай кампаноўцы. Па сваім тэхнічным узроўні ён адпавядае ўсім тэндэнцыям сучаснага трактарабудавання і закліканы скласці канкурэнцыю аналагічным замежным мадэлям. Ён у тым ліку абсталяваны прыладай пераключэння перадач без разрыву патоку магутнасці, высокапрадукцыйнай гідрасістэмай і сістэмай аўтаматычнага кіравання. Паліўны бак на 900 літраў забяспечвае бесперапыннасць працы на працягу 10 гадзін. Трактар таксама абсталяваны пярэдняй і задняй навяснымі прыладамі грузападымальнасцю 5,5 тоны і 12 тон.

Трактар створаны на аснове айчынных камплектуючых. Доля камплектуючых вырабаў уласнай вытворчасці МТЗ складае 76,9 %, вытворчасці іншых прадпрыемстваў рэспублікі — 15,8 %, вытворчасці прадпрыемстваў СНД — 1,8 %, камплектуючыя вырабы пастаўкі з далёкага замежжа — 5,5 %. Сумесна з Мінскім маторным заводам вядуцца работы па ўжыванні айчыннага рухавіка.

«Будзем лічыць, што вы зрабілі „касмічны карабель“. Глядзіце, мужыкі, не зганьцеся з якасцю», — папярэдзіў Прэзідэнт чыноўнікаў наконт новага трактара.

Увазе кіраўніка дзяржавы таксама прадставілі прычапныя агрэгаты айчыннай вытворчасці да дадзенага трактара, у тым ліку 14-карпусны плуг, пнеўматычную збожжавую сеялку і спецыяльны паўпрычэп. «Гэты прычэп дазволіў у два разы павялічыць унясенне арганічных угнаенняў і іх вывазку», — адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Прэзідэнту таксама далажылі, што гэта адзін з найлепшых прычэпаў у краіне. «Калі якасць будзе — цаны яму не будзе», — заўважыў беларускі лідар.

«Нам яшчэ не хапае культуры працы — і ў земляробстве, і ў жывёлагадоўлі»

«Такі трактар нам неабходны. Для таго каб працавала шыроказахопная тэхніка, каб мы маглі ў аптымальныя тэрміны апрацоўваць (палі. — «Зв.»), — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў. Якраз на землях гэтага прадпрыемства выпрабоўваўся трактар.

Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу закрануў тэму выкарыстання арганікі. «Я гляджу таксама за тэхналогіяй. Ты ў мяне як доследная гаспадарка тут, — звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка арганізацыі. — Добра, што вы арганіку звозіце дзесьці ці пры дарозе зімой, ці ж на горцы. І ўносіце, вось я гляджу, там, дзе раней ніколі не ўносілі, на тых палях. На гэтых грудках — пясок. Гляджу — арганіку туды. Вось там трэба і выпрабоўваць торф, гной, можа быць, нават (саляныя) адвалы... » 

Прэзідэнту падрабязна паведамілі пра перавагі выкарыстання торфу. «Над урадлівасцю глебы трэба працаваць, — арыентаваў аграрыяў беларускі лідар. — Торф — гэта адназначна будзе добра. Але мяне хвалююць адвалы, адходы ў Салігорску. Калі вось гэта змяшаць — ужо будзе лепш, чым пясок. Да пяску гэта дадаць, потым арганікі туды кінуць».

  • «Нам яшчэ не хапае культуры працы і ў земляробстве, і ў жывёлагадоўлі», — звярнуў увагу Прэзідэнт, акцэнтаваўшы ўвагу ў гэтым кантэксце на чысціню арганікі, якая залежыць і ад жывёлаводаў, якія ў арганіку «то шпагат кінуць штучны, то яшчэ штосьці»... «Арганіка павінна быць чыстай — там ні камянёў, ні жалеза быць не павінна. Калі гэта так, гэта вялікая справа. Без арганікі нікуды не дзенемся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы заклікаў хлебаробаў уносіць арганіку максімальна з восені. «Увесну ўносіць — не заўсёды ж улезеш усюды на полі. А ўвосень суха. Калісьці з такой тэхнікай мы да гэтага прыйдзем. З восені ў асноўным трэба ўносіць арганіку... Трэба паціху да гэтага прыстасоўвацца», — арыентаваў беларускі лідар.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў: «Калі ўпусцім сельскую гаспадарку, потым не дагонім. Мала таго, што канкурэнцыя, ёсць і іншыя пытанні. Шляхі і метады нам вядомыя. Толькі не трэба адступаць — трэба рабіць, рабіць, рабіць... Будзем спадзявацца, што гэта будзе якасны агрэгат». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю